Гісторыя Полацку
Полацак (часам насіў дадатковыя азначэньні — Полацак Літоўскі[1][2] або Полацак Беларускі[3]) — найстарэйшы горад крывічоў і сталіца першай дзяржавы на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Колішняя катэдра Полацкага біскупства Літоўскай мітраполіі. Даўняе магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. У наш час — турыстычны цэнтар міжнароднага значэньня, які прэтэндуе на неафіцыйны статус культурнай сталіцы краіны. Тут захаваліся царква саборная Сьвятой Соф’і ў стылі віленскага барока, комплекс Спаскага манастыра з цэрквамі Сьвятога Спаса і Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, калегіюм езуітаў, комплекс Богаяўленскага манастыра з царквой Божага Яўленьня, комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятой Ганны, жылы корпус кляштару францішканаў і дом Сінябутаў, помнікі архітэктуры XI—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша, манастыр базылянаў і францішканскі касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама цэрквы Сьвятой Параскевы Пятніцы і Сьвятых Барыса і Глеба Бельчыцкага манастыра, рэзыдэнцыя полацкіх мітрапалітаў з царквой Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа, комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Маці Божай Ружанцовай, езуіцкі касьцёл Сьвятога Стэфана (віленскае барока) і могілкавы касьцёл Магілы Гасподняй і Францішка Ксавэрыя, помнікі архітэктуры XII—XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.
Полацкае княства
рэдагавацьУпершыню Полацак ўпамінаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» пад 862 годам у зьвязку зь дзяльбою гарадоў наўгародзкім князем Рурыкам і ёсьць, такім парадкам, найстарэйшым горадам на тэрыторыі сучаснай Беларусі[4][5]. Гэта быў буйны палітычны цэнтар племені крывічоў, сталіца княства.
Ангельская беларусістка Вера Рыч выявіла ў скандынаўскіх сагах упамін пра аблогу Полацку гунамі Атылы[6]. Адбыцца гэта магло, найхутчэй, у час паходу Атылы на Ўсходнюю Рымскую імпэрыю ў 447 годзе. З запасам у сто гадоў (улічваючы археалягічныя знаходкі IV ст.), датай перашага ўпаміну Полацку можна лічыць 447 год. Зацікаўленая ў пошуках і ўдакладненьнях скандынаўскіх архіваў Беларуская дзяржава пакуль ня дзеіць, таму гэтая дата застаецца неафіцыйнай[7].
Полацкае княства бесьперапынна брала ўдзел ў міжусобным змаганьні паміж рускімі князямі, ад чаго вельмі цярпелі горад і яго жыхары. Так, у часе чарговай міжусобнай вайны, якая ў летапісах датуецца 980 годам, Полацак захапіла і спаліла войска князя Ўладзімера. Гэта пацьвярджаецца зьвесткамі археалягічных дасьледаваньняў, якія зафіксавалі сьляды пажару, датаванага канцом X стагодзьдзя.
Найвышэйшага ўздыму старажытны Полацак дасягнуў за часамі Ўсяслава Брачыславіча (княжыў у 1044—1101 гадох), вядомага як «Чарадзей». У гэты пэрыяд у горадзе збудавалі Сафійскі сабор. Па сьмерці Ўсяслава Брачыславіча княства ўвайшло ў пэрыяд фэўдальнай раздробленасьці.
Усе полацкія князі належалі да мясцовай княскай дынастыі Рагвалодавічаў (Ізяславічаў), якія называліся ў летапісах «Рагваложымі ўнукамі»[8]. Паводле літоўскага (беларускага) перакладу пачатку XVII стагодзьдзя «Хронікі» Мацея Стрыйкоўскага, «…бо Феафіл Полацак узяў <…> па Васілю Рагвалодзе [унуку Ўсяслава Брачыславіча], каторы тэж быў ліцьвін, і па Глебе, сыне яго, і застаў князем полацкім»[9][10].
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьСучасныя гісторыкі мяркуюць, што станаўленьне ў Полацкім княстве першага выхадца зь літоўскай дынастыі Таўцівіла адбылося ў 1250-я гады, імаверна, у выніку пагадненьня паміж палачанамі і князем[11]. Аднак яшчэ папярэднік Таўцівіла — полацкі князь Воін — азначаўся як брат вялікага князя літоўскага Гедзіміна[12]. Трапіўшы ў сфэру ўплыву Вялікага Княства Літоўскага, Полацак браў актыўны ўдзел у рэалізацыі ягонай замежнай палітыкі ў дачыненьні суседніх зямель: Інфлянтаў, Ноўгарада, Пскова, Смаленску. Прытым Полацак ня страціў свайго значэньня: ён стаў адным з найбольшых мескіх цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага і нават канкураваў з сталіцай — Вільняй[13]. Асноўныя правы і прывілеі жыхароў места замацаваў абласны прывілей, выдадзены вялікім князем Вітаўтам. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) Полацак значыцца сярод «літоўскіх» замкаў.
4 кастрычніка 1498 году вялікі князь Аляксандар надаў Полацку Магдэбурскае права. У 1504 годзе ўтварылася Полацкае ваяводзтва. З XVI ст. пачаў ужывацца мескі герб: «у блакітным полі на срэбнай вадзе трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі»[14].
Зь першай паловы XVI ст. Полацак стаў арэнай баявых дзеяньняў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай. Практычна ў кожную такую вайну маскоўскія захопнікі праводзілі аблогу места, 3 або 4 разы яны палілі ягоныя гандлёва-рамесныя пасады[11].
Полацак значна пацярпеў у Інфлянцкую вайну, асноўныя баявыя дзеяньні якой прыйшліся на тэрыторыю ваяводзтва. У 1563 годзе, па аблозе, якая працягвалася некалькі тыдняў, Полацак захапіла маскоўскае войска на чале з Іванам IV Тыранам. Захопнікі вывялі ў Маскву 50-тысячны палон, у тым ліку ўсю шляхту. Некалькі тысячаў палонных загінулі ў дарозе ад марозу і голаду. Апроч таго, акупанты забілі ў Полацку ўсіх каталікоў, а юдэяў патапілі пад лёдам Дзьвіны і Валовага возера[15]. Толькі праз 15 гадоў кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вызваліў места.
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Полацку і ваколіцаў ліцьвінамі (літвой): «литвин… торговый человек города Полоцка Ондрей Митев» (1609—1610 гады)[16], «…приехал <…> ис Полотцка ко Пскову <…> торговой литвин Спиридонка Кондратьев» (1623 год)[17], «…литвин торговый человек полочанин Кондрашко Яковлев сын» (1625 год)[18], «…Васька Ондреев в роспросе сказался: родом он литвин[a] Полотцкого повету» (1631 год)[21], «литвин Янька Бобровский… Полоцкого повету, шляхецкий сын»[22], «литвин Александр [Олехновский] в роспросе сказался родом белорусец, Полоцкого повету, шляхтич; отец его был шляхтич же, испомещен был под Вильной в Ошмянском повете, и отец де его то имение свое продал, а в то место имение купил в Полоцком повете»[23] (абодва 1632 год), «…на литвина, на полочанина, торгового человека, на Левку Схомроченкова» (1649 год)[24], «…а взятой мужик сказал: из Полотцка литвин, Яном зовут Ярин» (1656 год)[25], «Климановский Богдан… литва, полоцкая шляхта» (1660 год)[26]. Яшчэ ў 1506 годзе ліцьвінам запісаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце выдатны асьветнік і першадрукар Францішак Скарына: лац. Fran. de Poloczko, Litphanus[27]. У запісах мэтрыкі папскай сэмінарыі ў Празе значыцца Basilius Kamisky Polotiensis Lituanus (1597 год), а ў мэтрыцы сэмінарыі Оламаўцу — Ambrosius Druhovina Lithvanus Polocensis (1682—1683 гады)[28].
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1632—1634) 16 чэрвеня 1633 году маскоўскія войскі захапілі і спалілі Полацак[29]. У 1654 годзе, з разьвязваньнем чарговай вайны супраць Рэчы Паспалітай, Полацак зноў апынуўся пад маскоўскай акупацыяй. На гэты раз, у выніку шматтыднёвай аблогі, 16 чэрвеня 1654 году места мусіла здацца ўсходнім захопнікам. У 1667 годзе, згодна з Андрусаўскім пагадненьнем, Полацак вярнуўся да Вялікага Княства Літоўскага. Праз вайну ён апынуўся ў ліку найбольш пацярпелых літоўскіх местаў (колькасьць насельніцтва скарацілася на 93%)[29].
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у Полацку знаходзілася расейскае войска на чале зь Пятром I, які ўчыніў разьню уніяцкіх сьвятароў у мурах саборнай царквы Сьвятой Соф’і і ператварыў яе ў парахавы склад. Напярэдадні адыходу з Полацку расейцы ўзарвалі парахавыя запасы і такім чынам зьнішчылі найбольш старажытную хрысьціянскую царкву Беларусі[30][31]. У 1706 годзе ўжо швэдзкае войска заняло места, спаліла і разрабавала яго.
Усе гэтыя войны і разбурэньні прывялі да паступовага заняпаду Полацку і страты ім ранейшага значэньня.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе асноўная, правабярэжная частка Полацку апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Пскоўскай губэрні, а ў выніку другога падзелу (1793 год) — задзьвінская частка. У выдадзеных у 1780 годзе пры Імпэратарскай акадэміі навук «Тапаграфічных заўвагаў» да падарожжа маскоўскай гаспадыні Кацярыны II у «Беларускія намесьніцтвы» зазначалася, што Полацак «заставаўся Літоўскай сталіцай да пабудовы Гедзімінам места Вільні»[32].
6 верасьня 1776 году ўтварылася Полацкае намесьніцтва, таго ж году расейскія ўлады пазбавілі места Магдэбурскага права. 23 сьнежня 1796 году ўтварылася Беларуская губэрня, у складзе якой апынуўся і Полацак. 13 сакавіка 1802 году места як цэнтар павету ўвайшло ў Віцебскую губэрню.
Полацак стаў арэнаю жорсткіх баёў у вайну 1812 году. Тэрыторыя колішняга ваяводзтва апынулася на шляху адступленьня расейскай арміі на чале з Барклаем дэ Толі. У памяць пра тыя падзеі адзін з мастоў праз Палату мае назву Чырвоны.
Яшчэ 10 чэрвеня 1812 году адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Полацкай акадэміі, якая ўтварылася на базе езуіцкага калегіюму. Аднак у зьвязку з паходам Напалеона заняткі ў ёй пачаліся толькі 8 студзеня 1813 году. Гэта была першая вышэйшая навучальная ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі з усімі правамі ўнівэрсытэту. Акадэмія мела тры факультэты: тэалягічны, моваў і літаратураў, філязофіі і вольных навук. Тут пад кіраўніцтвам сарака прафэсараў займалася каля шасьцісот студэнтаў. З аўдыторыяў акадэміі пачалі свой шлях гісторык, археоляг і этнограф Канстантын Тышкевіч, астраном і філёзаф Якуб Накцыяновіч, пісьменьнік Юзэф Масальскі. У полацкай альма-матэр навучаўся мастак Валенці Ваньковіч. Яе дыплём атрымаў аўтар славутага «Шляхціча Завальні», адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі.
Дэмакратычныя навучальныя ўстановы сталі на захопленых Расеяй землях магутнай духоўнай апазыцыяй калянізатарам. Полацкую прафэсуру зьвінавацілі ў выхоўваньні антыўрадавых настрояў, і ў 1820 годзе з царскай канцылярыі выйшаў указ: «Полоцкую академию и подведомственные ей училища упразднить»[33]
У 1835 годзе на базе езуіцкай акадэміі і піярскай вучэльні адкрыўся Полацкі кадэцкі корпус (праіснаваў да 1918 году). У 1839 годзе ўлады Расейскай імпэрыі і Маскоўскі патрыярхат правялі ў месьце сабор, які ліквідаваў Грэцка-Каталіцкую Царкву. У 1860-я гады ў Полацку працавалі тытунёвая фабрыка, гарэлкавы завод. На 1885 год — 28 прадпрыемстваў (130 работнікаў). Значнае месца ў разьвіцьці Полацку займаў гандаль, пашырэньню якога спрыяла адкрыцьцё ў 1866 руху на лініі Дынабург — Полацак Рыга-Арлоўскай чыгункі. На 1860 год у месьце працавалі 122 крамы, на 1865—456. У 1872 годзе адкрылася настаўніцкая сэмінарыя.
У пачатку XX стагодзьдзя праз Полацак праклалі другую чыгуначную лінію, у месьце працавалі жаночая дзяржаўная гімназія, 6 вучэльняў рознага профілю, 5 царкоўна-прыходзкіх школаў, Талмуд-Тора. У 1903—1904 гадох тут было 288 рамесных майстэрняў (1198 работнікаў, у 1909 годзе — 2060 работнікаў).
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе, у выніку няўдачаў расейскай арміі, Полацак фактычна стаў прыфрантавым местам. 3 сакавіка 1917 году, па адмове маскоўскага гаспадара Мікалая II ад стальцу, улада ў Полацку перайшла да працоўных, якія, пры падтрымцы салдатаў, раззброілі паліцыю і жандармэрыю. Празь некалькі дзён у месьце ўтварыўся Савет рабочых дэпутатаў. Захоп улады бальшавікамі па Кастрычніцкім перавароце быў больш напружаным. Пераломным выявілася ўнутранае змаганьне ў 3-й арміі, частка якой стала на бок г.зв. Камітэту выратаваньня Рэвалюцыі. 17 лістапада яно скончылася на карысьць бальшавікоў. 18 лістапада ў Полацку прайшлі выбары ў мескую раду, у якіх перамаглі бальшавікі. Неўзабаве адбыліся арышты палітычных супраціўнікаў. У сьнежні 1917 году Расея склала замірэньне зь Нямецкаяй імпэрыяй. Аднак яно цягнулася нядоўга: ужо 18 лютага 1918 году нямецкая армія зноў пачала баявыя дзеяньні. 25 лютага Полацак занялі нямецкія войскі. Немцы намагаліся разьвіць наступ, але ў іх гэта не атрымалася. Фронт спыніўся за некалькі дзясяткаў кілямэтраў на паўночны ўсход ад места. Полацак прабыў пад нямецкай уладай да лістапада 1918 году.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Полацак абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце дзеяў рэгістрацыйны пункт тавараў Беларускай цэнтральнай гандлёвай палаты[34]. 21 лістапада, неўзабаве па нямецкай рэвалюцыі 1918 году Полацак зноў перайшоў пад савецкі кантроль. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[35], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР.
У сакавіку 1919 году пачалася польска-савецкая вайна. 22 жніўня ў Полацку абвясьцілі асаднае становішча, аднак наступ польскага войска атрымалася спыніць прыкладна за 20 км ад места. У верасьні палякі аднавілі наступ і 22 верасьня захапілі левабярэжную частку Полацку ды Полаччыны. Правабярэжная (паўночная) частка места засталася пад кантролем бальшавікоў. Такім парадкам, лінія фронту прайшла ракой Дзьвіной. Абодва бакі вялі жорсткія баі зь зьменным посьпехам, але ніводнаму зь іх не атрымалася дасягнуць пераломнай перавагі. Абедзьве часткі места бесьперапынна цярпелі ад абстрэлаў. Гэта прынесла Полацку страшэнныя разбурэньні. 14 траўня 1920 году польскае войска пакінула места. У 1920 годзе газэта Наша Ніва пісала, што ў Полацкім павеце дзее партызанскі аддзел, які змагаецца за незалежнасьць Беларусі[36]. Паводле Рыскай мірнай умовы места засталося ў складзе Савецкай Расеі.
У 1924 годзе Полацак вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам акругі (з 1938 году ў Віцебскай вобласьці). У 1926 годзе тут адкрыўся краязнаўчы музэй, у 1936 годзе — мескі тэатар. 27 верасьня 1938 году Полацак атрымаў афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У гэты час места стала прамысловым цэнтрам паўночна-заходняй часткі Беларусі. Асноўнымі галінамі прамысловасьці былі мэталюргічная, мэталаапрацоўчая, абутковая, харчовая, паліграфічная (працаналі 3 друкарні), вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў. Да пачатку 1940 году дзеялі 3 электрастанцыі. У 1940—1941 гадох працавалі 16 школаў, будаўнічы і лясны тэхнікумы, школьная і дашкольная пэдагагічныя вучэльні, 11 клюбаў, кінатэатар, 9 масавых бібліятэк.
У Другую сусьветную вайну з 16 ліпеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году Полацак знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У месьце абаранялася 174 стралковая дывізія на чале з Аляксеем Зыгіным. Наступ немцаў праводзіўся сіламі 3-й танкавай арміі, якой камандаваў Герман Гот. Нягледзячы на жорсткі супраціў, які адзначыў нават сам Герман Гот, 16 ліпеня савецкія войскі мусілі пакінуць места. У часы нямецкай акупацыі ў Полацку дзеяла савецкае падпольле. Адным зь яго ўдзельнікаў была Тацьцяна Марыненка, якую ў жніўні 1942 году арыштавалі і закатавалі нямецкія ўлады. 23 чэрвеня 1944 году пачалася наступальная апэрацыя савецкіх войскаў, вядомая пад назвай «Багратыён». Адной зь яе частак была Полацкая апэрацыя, якая пачалася 23 чэрвеня і праводзілася сіламі Першага Прыбалтыйскага фронту. За час апэрацыі Полацак быў абкружаны; 1 ліпеня пачаўся штурм і ўжо 4 ліпеня супраціў немцаў быў канчаткова зломлены. Места атрымала вялікія разбурэньні.
Па аднаўленьні савецкай акупацыі 20 верасьня 1944 году ўтварылася Полацкая вобласьць, але ўжо праз 10 гадоў 8 студзеня 1954 году, яе ліквідавалі. У наступныя дзесяцігодзьдзі Полацак імкліва разьвіваўся. У 1957 годзе тут збудавалі шклозавод, а ў 1958 годзе побач зь местам зьявіўся прамысловы гігант Наваполацак.
14 студзеня 2013 году Полацак пазбавілі афіцыйнага статусу гораду абласнога падпарадкаваньня[37].
Галерэя
рэдагавацьГрафіка часоў вайны 1812 году
рэдагаваць-
Панарама з боку Задзьвіньня
-
Ксавэрыя. Касьцёл Магілы Гасподняй
-
Спаскі манастыр
-
Прадмесьце Спас
-
Прадмесьце Спас
-
Выгляд з боку Дзьвіны
-
Ніжні Замак
Гістарычная графіка
рэдагаваць-
Спаская царква: да і па надбудове купала-цыбуліны
-
Ніжні Замак. Д. Струкаў, 1864—1867 гг.
-
Спаскі манастыр. Д. Струкаў, 1864—1867 гг.
-
Касьцёл Сьвятога Стэфана. Д. Струкаў, 1864—1867 гг.
-
Вуліца Вялікая. Д. Струкаў, 1864—1867 гг.
-
Касьцёл Сьвятога Стэфана. Н. Орда, 1875—1876 гг.
-
Касьцёл і кляштар дамініканаў. Н. Орда, 1875—1876 гг.
-
Бельчыцкі манастыр. І. Трутнеў, 1866 г.
Гістарычныя здымкі
рэдагаваць-
Вуліца Прабойная, 1889—1891 гг.
-
Кляштар бэрнардынаў на Задзьвіньні, 1889—1891 гг.
-
Замкавы праезд, 1889—1891 гг.
-
Калегіюм езуітаў, 1889—1891 гг.
-
Агульны выгляд. М. Пракудзін-Горскі, 1912 г.
-
Выгляд з паўночнага захаду. М. Пракудзін-Горскі, 1912 г.
-
Інтэр’ер касьцёла езуітаў. М. Пракудзін-Горскі, 1912 г.
-
Спаскі манастыр. М. Пракудзін-Горскі, 1912 г.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[19] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[20]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Kraszewski J. I. Litwa: starożytne dzieje, ustawy, jezyk, wiara, obyczaje, pieśni, przysłowia, podania i t. d. T. 1. — Warszawa, 1847. S. 57.
- ^ Jakubėnas R. Prasa Wielkiego Księstwa Litewskiego w II połowie XVIII wieku. — Kraków, 2005. S. 50, 53.
- ^ Grzegorzewski J. Ku Czarnomorzu. — Kraków, 1919. S. 10.
- ^ Таямніцы полацкай гісторыі / У.А. Арлоў. — Мн.: «Папуры», 2008. С. 37.
- ^ Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мн.: Маст. літ., 1990.— 366 с.: іл. ISBN 5-340-00614-Х. С. 58.
- ^ Дзярновіч А. Палтэск’я — паўночная Троя: вобраз Полацка ў скандынаўскіх крыніцах ХІ—ХІІІ стст. // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы. Вып. 6. Менск: РИВШ, 2013. С. 76—90.
- ^ Литвин И. Затерянный мир, или малоизвестные страницы белорусской истории [1].
- ^ Рагвалодавічы // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 43.
- ^ ГСБМ. Вып. 17. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 66.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 14, 37.
- ^ а б Варонін В. Полацк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 444.
- ^ Варонін В. Воінь // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 460.
- ^ Варонін В. Полацк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 444—445.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 197.
- ^ Мальцев В. П. Записки о смерти «тюремных сидельцев» в смоленских тюрьмах в 1609—1610 гг. // Исторический архив. № 5, 1960.
- ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 81.
- ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 87.
- ^ Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
- ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
- ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 110.
- ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 402.
- ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 432.
- ^ Записки Московского археологического института. Т. 14. — М., 1911. С. 411.
- ^ Дополнения к актам историческим, собранные и изданные археографической коммиссией. Т. 4. — СПб., 1851. С. 68.
- ^ Белорусы в Сибири. — Новосибирск: Изд-во Ин-та истории СО РАН, 2000. С. 48.
- ^ Statuta nec non liber promotionum philosophorum ordinis in Universitate studiorum Jagellonica ab anno 1402 ad annum 1849. — Cracoviae, 1849. P. 144.
- ^ Blažejovskyj D. Ukrainian and Armenian pontifical seminaries of Lviv (1665—1784) (Analecta OSBM. Vol. 29). — Rom, 1975. P. 51, 59.
- ^ а б Варонін В. Полацк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 445.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 262.
- ^ Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 37.
- ^ Топографические примечании на знатнейшие места путешествия Её Императорского Величества в Белорусские наместничества. — СПб., 1780. С. 48.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Наша Ніва. № 1, 1920. С. 4.
- ^ Указ Президента Республики Беларусь от 14 января 2013 г. № 27 «Об объединении районов и городов областного подчинения Республики Беларусь, имеющих общий административный центр» (рас.) (pdf). Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (14 студзеня 2013). Праверана 7 лютага 2016 г.
Літаратура
рэдагаваць- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. — Менск, 1994, 2000, 2002.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — 576 с. — ISBN 985-11-0198-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Дук Д. Полацк і палачане (IX—XVIII стагодзьдзі). — Наваполацк: ПДУ, 2010.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.