Полацкі езуіцкі калегіюм

езуіцкая навучальная ўстанова ў Полацку (Рэч Паспалітая)
(Перанакіравана з «Полацкая езуіцкая акадэмія»)

Каардынаты: 55°29′10.66″ пн. ш. 28°45′52.60″ у. д. / 55.4862944° пн. ш. 28.7646111° у. д. / 55.4862944; 28.7646111 Полацкі езуіцкі калегіюм — навучальная ўстанова езуітаў у Полацку, якая існавала ў 1580—1812 гадох. У 1812—1820 гадох — Полацкая езуіцкая акадэмія.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Касьцёл і акадэмія езуітаў. Абмеры, 1828

Езуіцкі калегіюм быў заснаваны ў 1580 (у 1581 Пятром Скаргам)[1]) г. як сярэдняя навучальная ўстанова езуітаў.

У гэтым жа годзе на высьпе Дзьвіны быў пабудаваны будынак калегіюму. У 1-й палове XVII стагодзьдзя пасьля пажару быў пабудаваны драўляны касьцёл Сьвятога Стэфана і будынкі калегіюма і вучэльні на новым месцы паміж Верхнім замкам і пасадам. У 1750 годзе быў пабудаваны мураваны 3-павярховы будынак[1].

Калегіюм паступова разьвіваўся да 1772 г., калі пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай усходняя частка Беларусі была далучаная да Расейскай імпэрыі. У ліку далучаных да Расеі гарадоў быў і Полацак. Праз год пасьля гэтай падзеі, гэта значыць у 1773 г., дзейнасьць ордэну езуітаў была забароненая рашэньнем папы рымскага. Аднак Кацярына II дадзенае рашэньне не падтрымала і на тэрыторыі імпэрыі езуіты працягнулі сваю дзейнасьць. Полацак фактычна стаў іхнай сталіцай. Больш за тое, з 1777 г. пры Полацкім калегіюме быў адкрыты адзіны ў тагачаснай Эўропе езуіцкі навіцыят (установа для падрыхтоўкі манахаў).

Пры калегіюме ствараўся і найбуйнейшы кнігазбор гораду. Бібліятэка Полацкага езуіцкага калегіюму стала адным з цэнтраў інтэлектуальнага жыцьця Беларусі, была прадметам пастаяннага клопату полацкіх езуітаў. Пры калегіюме дзейнічала друкарня.

Ператварэньне ў акадэмію

рэдагаваць

У 1812 г. калегіюм пераўтвараецца ў езуіцкую акадэмію навук і прыраўноўваецца да ўнівэрсытэту. 12 студзеня расейскі імпэратар Аляксандар I у выніку намаганьняў сьвецкіх колаў Беларусі выдаў указ пра адкрыцьцё ў Полацку вышэйшай навучальнай установы. 10 чэрвеня адбылося адкрыцьцё Полацкай акадэміі. Са сьценаў акадэміі пачалі свой шлях гісторык і архэоляг Канстанцін Тышкевіч, астраном і філёзаф Юзаф Накцыяновіч, пісьменьнікі Юзаф Масальскі і Ян Баршчэўскі, жывапісец Валянцін Ваньковіч. Навучальныя ўстановы на захопленых Расеяй землях рабіліся асяродкамі апазыцыі калянізатарам. Расейскія ўлады адчулі небясьпеку і ў сакавіку 1820 году зачынілі акадэмію. Некалькі тысячаў тамоў акадэмічнай бібліятэкі вывезьлі ў Расею[2].

Пасьля закрыцьця

рэдагаваць

У былым калегіюме з 1835 г. разьмясьціўся Полацкі кадэцкі корпус. Да заходняга крыла галоўнага будынка далучаецца новая частка, узьведзены дом дырэктара і 6 службовых будынкаў.

Разбурэньне

рэдагаваць

У 1944 г. пасьля выгнаньня немцаў з Полацку, які часова зьўляўся абласным цэнтрам, у будынку былога калегіюма разьмясьціўся шэраг адміністрацыйных устаноў і шпіталь. Тут жа ў аварыйных умовах пражывала звыш ста сем’яў палачанаў. У другой палове 1950-ых гг. адбылася спроба аднавіць будынак і прыстасаваць яго пад Сувораўскую вучэльню, але безвынікова. Стан помніку, пакінутага без нагляду, працягваў пагаршацца. У Полацак зачасьцілі рэспубліканскія і абласныя камісіі зь Менску і Віцебску. Апошняя зь іх, узначаленая тагачасным намесьнікам старшыні Савету Міністраў БССР В. Г. Каменскімі і старшынём Дзяржбуда БССР архітэктарам У. А. Каралём прыняла рашэньне аб «немэтазгоднасьці і немагчымасьці» аднаўленьня комплексу. Будынкі былі зьняты з уліку помнікаў гісторыі і культуры. На іх зьнішчэньне «целевым назначением» зь бюджэта вобласьці было вылучана 30 тысячаў рублёў. У студзені 1964 г. касьцёл сьвятога Стэфана і частка калегіюма былі ўзарваны. Пасьля разбурэньня атрымалася каля 50 тысячаў кубічных мэтраў «добраякаснай цэглы і шчэбня, якія прадпрыемствамі і насельніцтвам на працягу году былі выкарыстаны на добраўпарадкаваньне гораду». «За добра выкананыя працы па абрушэньні будынку кадэцкага корпусу ў горадзе Полацку» ўдзельнікам акцыі была аб’яўлена падзяка, двое зь іх узнагароджаны ганаровымі граматамі гарвыканкама. Сапраўдныя дакумэнты па рэалізацыі гэтага акта вандалізма, доўгі час надзейна схаваныя ад цікаўных у Полацкім архіве, нарэшце апублікаваны ў першым нумары гісторыка-літаратурнага часопіса «Полацкі летапісец».

На месцы зруйнаваных будынкаў у 1976—1979 гг. узьведзены «прэстыжны» дзевяціпавярховы жылы дом для правінцыйнай эліты. Ад калегіюма, схаванага за гэтай плоскай каробкай «з вушамі», захаваліся ў катастрафічным стане толькі паўднёвая частка галоўнага корпуса і заходняе крыло.

Частковае аднаўленьне будынкаў

рэдагаваць
 
Будынак былога калегіюму

У 2005 годзе комплекс будынкаў былога калегіюма быў рэканструяваны і перададзены Полацкаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту. Сучасны Полацкі ўнівэрсытэт імкнецца да пераемнасьці з традыцыямі калегіюма і акадэміі езуітаў.[3]

Адукацыя

рэдагаваць

Калегіюм ствараўся як сярэдняя навучальная ўстанова клясычнага, пераважна філялягічнага тыпу. Ён быў створаны па ініцыятыве вядомага езуіта-прапаведніка Пятра Скаргі, які меў на мэце выхаваньне навучэнцаў у духу адданасьці каталіцызму і справе ордэна езуітаў. У пяці класах калегіюма выкладалася лацінская і грэцкая мовы, рыторыка і паэтыка, антычная літаратура і Сьвятое Пісаньне. У пэрыяд Рэчы Паспалітай выкладаньне вялося на польскай мове, пасьля яе падзелу — уведзена расейская мова. У адпаведнасьці з гнуткай ідэалягічнай стратэгіяй езуітаў, яны імкнуліся спалучаць схалястычную багаслоўскую адукацыю з гуманістычнай сьвецкай культурай.

У 1620-х гг. лекцыі па рыторыцы, паэтыцы і антычнай міталёгіі ў калегіюме чытаў паэт і мысьляр М. К. Сарбеўскі. У 1797 г. у калегіюме навучалася 336 студэнтаў і 31 малады манах, якія рыхтаваліся стаць прафэсарамі. Выкладаньнем займаліся 24 прафэсары.

У 1811 г. бібліятэка налічвала больш 40 тысячаў тамоў і зьяўлялася найбагацейшым кнігазборам у Беларусі. Аснову кніжнага фонду складалі выданьні XVI—XVIII стагодзьдзяў на польскай, лацінскай, францускай і нямецкай мовах, а таксама літаратура, выдадзеная ў Беларусі, у тым ліку ва ўласнай друкарні акадэміі. Сярод іх падручнікі па ўсеагульнай геаграфіі і гісторыі Рыма, слоўнікі, творы пісьменьнікаў Я. Каханоўскага, П. Скаргі, М. Карыцкага, Н. Мусьніцкага, А. Нарушэвіча і іншых. У бібліятэцы зьберагаліся таксама і старажытныя рукапісы, каралеўскія граматы і іншыя дакумэнты, дысэртацыі, энцыкляпэдычныя выданьні і дапаможнікі па асобных дысцыплінах.

Выпускнікі

рэдагаваць

Выкладчыкі

рэдагаваць
  1. ^ а б Беларусь: Энцыкляпэдычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5000 ас. — ISBN 985-11-0026-9
  2. ^ Арлоў У. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862―1918): Падзеі. Даты. Ілюстрацыі. / У. Арлоў, Г. Сагановіч. ― Вільня: „Наша Будучыня“, 1999. ― с. 1172-173
  3. ^ https://web.archive.org/web/20140203110128/http://www.psu.by/index.php/universitet.html

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — ISBN 985-11-0188-5
  • Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995.— 799 с. ISBN 985-11-0026-9.
  • Шайкоў В. Полацкая езуіцкая акадэмія (1812–1820 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. № 4, 1995. С. 73—82.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць