Сафійскі сабор (Полацак)

помнік архітэктуры XI—XVIII стагодзьдзяў у Полацку
Помнік сакральнай архітэктуры
Царква саборная Сьвятой Соф’і
Сафійскі сабор
Сафійскі сабор
Краіна Беларусь
Места Полацак
Каардынаты 55°29′10.00″ пн. ш. 28°45′31.40″ у. д. / 55.4861111° пн. ш. 28.7587222° у. д. / 55.4861111; 28.7587222Каардынаты: 55°29′10.00″ пн. ш. 28°45′31.40″ у. д. / 55.4861111° пн. ш. 28.7587222° у. д. / 55.4861111; 28.7587222
Канфэсія праваслаўе[d]
Эпархія Полацкая япархія[d] 
Архітэктурны стыль Полацкая школа дойлідзтва[d] і віленскае барока
Аўтар праекту Ян Гляўбіц
Дата заснаваньня XI ст.
Дата скасаваньня 1705
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Сайт sophia.polotsk.museum.by
Царква саборная Сьвятой Соф’і на мапе Беларусі
Царква саборная Сьвятой Соф’і
Царква саборная Сьвятой Соф’і
Царква саборная Сьвятой Соф’і
Commons-logo.svg Царква саборная Сьвятой Соф’і на Вікісховішчы

Сафійскі сабор — помнік архітэктуры XI—XVIII стагодзьдзяў у Полацку. Знаходзіцца на правым беразе Дзьвіны, на Верхнім Замку, пад адрасам вуліца Замкавая, 1. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, пазьней — Сьвятога Пасаду. У наш час выкарыстоўваецца як музэй і канцэртавая заля. Твор архітэктуры мясцовай школы і віленскага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Полацкі Сафійскі сабор — першы помнік мураванага хрысьціянскага царкоўнага дойлідзтва на беларускіх землях, які меў фундамэнтальнае значэньне ў разьвіцьці мясцовай архітэктуры і вызначыў кірункі яе гістарычна-мастацкага разьвіцьця[1]. Сваім прызначэньнем і велічным маштабам адлюстроўваў уздым і незалежнасьць Полацкага княства. У ім адбываліся найбольш значныя грамадзкія падзеі, тут пачала свой духоўны шлях Сьвятая Эўфрасіньня Полацкая. Стаў першым творам сакральнай архітэктуры, цалкам збудаваным у стылістыцы віленскага барока[2]. Утвараў адзіны архітэктуры ансамбль з манумэнтальнымі карпусамі Сафійскага манастыра, зьнішчанымі расейскімі ўладамі ў пачатку XX ст.

ГісторыяРэдагаваць

Полацкае княстваРэдагаваць

Будаваньне саборнай царквы Сьвятой Соф’і ў Полацку традыцыйна датуецца шырока, у межах пачатковага пэрыяду княжаньня Ўсяслава Брачыславіча — 1044—1066 гадамі[3]. Яе ўзводзілі з арыентацыяй на бізантыйскія ўзоры і на такія ж цэрквы ў Кіеве і Ноўгарадзе. Існуе гіпотэза, што саборную царкву збудавалі на месцы ранейшага капішча, прысьвечанага Перуну або Вялесу[4][5]. Асноўны дасьледнік помніка археоляг Валянцін Булкін у 1970-х гадох выявіў культурны пласт зь сьлядамі пажару, які папярэднічаў часу будаваньня мураванай царквы і мог належаць першапачатковаму драўлянаму будынку[3].

 
Меркаваны пачатковы выгляд

Будаваньне саборнай царквы ў Полацку можна тлумачыць амбіцыямі Ўсяслава Брачыславіча на гегемонію ўва ўсходнеславянскім сьвеце[6]. Зьяўленьне ўласнай Сафіі ня толькі падкрэсьлівала незалежны статус Полацку датычна Кіева, але і давала падставы да параўнаньня места з «Новым Ерусалімам», або «Другім Канстантынопалем». Такім чынам, Полацак разам з Кіевам і Ноўгарадам прэтэндаваў на мадэляваньне цэнтру хрысьціянскага сьвету. Разьмяшчэньне Сафійскага сабору на ўскраіне мыса, на ўзгорку ў дзядзінцы было адной з асноўных рысаў, апроч трыкутнай формы гарадоў у пляне і разьмяшчэньня іх на сямі ўзгорках, якая зьвязвала сталіцу ўсходнеславянскага княства з сусьветным цэнтрам усходнехрысьціянскай рэлігіі — местам Канстантынопалем, саборная царква якога знаходзілася на акропалі грэцкага места Бізантыя[7].

Полацкі Сафійскі сабор упершыню ўпамінаецца ў Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх канца XIV ст.: «Полотескъ на Двине и на Полоте, древянъ, святая София камена о седми връсехъ»[3].

Вялікае Княства ЛітоўскаеРэдагаваць

У 1494—1501 гадох саборную царкву грунтоўна перабудавалі пад абарончы храм з чатырма нарожнымі вежамі. Будынак стаў важным пунктам абароны Полацку. У ім захоўваліся скарбы места, земскія кнігі Полацкага ваяводзтва, адбываліся сходы месьцічаў. Выгляд царквы на 1579 год адлюстраваў на сваёй гравюры С. Пахалавіцкі.

Па складаньні Берасьцейскай уніі ў 1596 годзе царква стала ўніяцкай. Па пажары і частковым разбурэньні ў 1607 годзе будынак заняпаў, у 1618 годзе архіяпіскап Язафат Кунцэвіч аднавіў і значна перабудаваў яго.

У 1642 годзе царква зноў пацярпела ад пажару, аднак неўзабаве яе аднавілі. У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе Полацак акупавалі маскоўскія войскі Аляксея Міхайлавіча, які наведаў царкву. Паводле маскоўскага вопісу, «в той церкви… пять сундуков с книгами печатными и с писмеными и со всякими литовскими письмами[8] <…> пять сундуков с рускими и с литовскими и с латынскими с розными книгами»[9]. Да 1667 году будынак гвалтоўна адабралі ў Сьвятога Пасаду ў валоданьне Маскоўскай царквы. Па вызваленьні места царква вярнулася да ўніятаў.

 
Старажытны абраз з панарамай Полацку

За часамі Вялікай Паўночнай вайны 11 ліпеня 1705 году маскоўскі гаспадар Пётар I забіў у царкве 6 уніяцкіх сьвятароў і манахаў[10][11][12]. Пра гэтую падзею паведамляе ў Віцебскі летапіс: Eodem anno [1705], mense Iulli 11 die in ecclesia S. Sofiae ipse occidit 4 basilianos in Polocia («Таго ж [1705] року месяца ліпеня 11 дня ў царкве Сьвятой Соф'і сам [гаспадар Пётр I] забіў 4 базылянаў у Полацку»[13]). Па забойстве манахаў Пётар I з выкарыстаньнем расейскіх войскаў гвалтоўна зачыніў царкву і загадаў разьмясьціць у ёй парахавы склад. 1 траўня 1710 году напярэдадні адыходу зь места расейцы ўзарвалі парахавыя запасы і такім чынам практычна цалкам зьнішчылі помнік[14][15]. Захаваліся толькі руіны алтарных апсыдаў вышынёй да 9 мэтраў.

У 1738 годзе з ініцыятывы і на ўласныя сродкі архіяпіскапа Флярыяна Грабніцкага пачалося аднаўленьне зруйнаванай царквы. Да 1750 году з выкарыстаньнем захаваных фрагмэнтаў архітэктар Ян Гляўбіц[16] збудаваў базыліку ў стылі віленскага барока. У гэты ж час побач з царквой збудавалі манумэнтальны корпус манастыра базылянаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыіРэдагаваць

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Полацак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала дзейнічаць як уніяцкая. Аднак па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі будынак у Сьвятога Пасаду і перадалі яго Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве), па чым будынак занядбалі[2]. У пачатку XX ст. расейскія ўлады зруйнавалі манастырскі корпус.

У 1911—1914 гадох праводзіўся капітальны рамонт царквы.

Найноўшы часРэдагаваць

У 1924 годзе савецкія ўлады зачынілі царкву і разьмясьцілі ў ёй краязнаўчы музэй. У Другую сусьветную вайну у 1942—1944 гадох у будынку праводзіліся набажэнствы. Пэўны час помнік служыў як збожжасховішча, а потым як архіў.

У 1975 годзе пачалася рэстаўрацыя Сафійскага сабору. У 1985 годзе ў будынку ўсталявалі новы арган «Рыгер-Клос» работы чэскіх майстроў.

АрхітэктураРэдагаваць

Першая царкваРэдагаваць

 
Рэшткі старажытнай царквы

Полацкі Сафійскі сабор быў першай мураванай царквой на тэрыторыі Беларусі. Памеры будынка з поўначы на поўдзень — 26,2 м, з захаду на ўсход — 25,5 м. Галоўны купал меў у дыямэтры 5,85 мэтру. Архітэктурны разьвязак царквв пераклікаецца з аднайменнымі цэрквамі Кіева і Ноўгарада. Гэта 4-кутны ў пляне будынак зь пяцьцю нэфамі і трыма апсыдамі гранёнай формы. Тры сярэднія нэфы вылучаліся, што стварала ўражаньне выцягнутасьці і набліжала крыжова-купальны будынак да базылікальнага тыпу. Над уваходам разьмяшчаліся княскія хоры, уздоўж сьценаў цэнтральнай апсыды ішоў сынтрон. Да царквы далучаліся хрысьцільня і вежа з усходамі на княскія хоры. Паводле пісьмоваых крыніцаў можна меркаваць, што царква мела 7 купалоў: 4 купалы разьмяшчаліся сымэтрычна ад галоўнага, а хрысьцільня і вежа мелі ўласныя купалы, што стварала своеасаблівы вобраз царквы. Муроўка сьценаў у тэхніцы бізантыйскай кладкі «з схаваным радам». Аснову яе складала чаргаваньне радоў цэглы (плінфы) — адзін супадаў знадворку з роўніцай сьцяны, другі трохі заглыбляўся датычна верхняга і ніжняга. Утвораная ніша запаўнялася вапнавай рашчынай з цагляным крошывам (цамянкай). Такі спосаб кладкі надаваў будынку маляўнічы выгляд. У некаторых месцах сыстэмная кладка «з схаваным радам» чаргавалася ўстаўкамі з апрацаваных камянёў. Галоўныя адрозьненьні ад Кіева і Ноўгарада — гэта адсутнасьць галерэяў, няўнасьць троў апсыдаў замест пяці, адкрыцьцё княскіх хораў у цэнтральнае памяшканьне падвойнымі аркамі (абапіраліся на 1 прамежкавы слуп) і наяўнасьць вімы (дадатковы падзел ў апсыднай частцы падкупальнай прасторы), характэрнай для Бізантыі. Як і наўгародзкі, полацкі сабор меў толькі фрэскавы росьпіс, тады як у Кіеве спалучаліся фрэскавае і мазаічнае дэкаратыўнае аздабленьне.

Паводле меркаваньня навукоўцаў (першым гэтую вэрсію выказаў Міхась Ткачоў), у часы найбольш вострых сутыкненьняў з Маскоўскай дзяржавай царкву перабудавалі ў абарончы храм, які падобна вежы-данжону стаў апошнім пунктам абароны места. Перабудаваная Сафія з чатырма абарончымі нарожнымі вежамі, магчыма, была прататыпам абарончага храму, пачынальніцай усяе традыцыі абарончага царкоўнага дойлідзтва ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Адбудаваная царкваРэдагаваць

У выніку праведзеных ў сярэдзіне XVIII ст. аднаўленчых працаў да царквы з паўднёвага боку прыбудавалі новую апсыду, на поўдні зрабілі ўваход і збудавалі дзьве вежы. Гэта прывяло да пераарыентацыі падоўжнай восі будынка пэрпэндыкулярна да пачатковай. Будынак набыў выгляд 3-нэфавай базылікі, галоўны фасад якой упрыгожваюць дзьве сымэтрычныя вежы вышынёй 50 м.

У інтэр’еры зьявіліся калёны, ляпніна і фігурныя карнізы. Алтарную частку аддзялілі ад цэнтральнага нэфу высокай 3-яруснай перагародкай, да якой на скляпеньні прылягала барэльефная выява Тройцы Новазапаветнай. Другі і першы ярусы расьпісалі і ўпрыгожылі драўлянай скульптурай. З росьпісаў на алтарнай перагародцы захаваліся копія вядомай фрэскі Леанарда да Вінчы «Тайная вячэра» і Спас Нерукатворны.

ГалерэяРэдагаваць

Гістарычная графікаРэдагаваць

Гістарычныя здымкіРэдагаваць

Сучасныя здымкіРэдагаваць

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Габрусь Т. Полацкі Сафійскі сабор // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 453.
  2. ^ а б Габрусь Т. Полацкі Сафійскі сабор // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 454.
  3. ^ а б в Дук Д. Полоцк 1150. Истоки государственности на белорусских землях // Родина: Российский исторический журнал. — 2012. — № 9. — С. 68.
  4. ^ Лобач У. Да пытання аб сакральнай тапаграфіі старажытнага Полацка // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі: матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі (24–25 кастрычніка 2007 г.). — Полацк: НПГКМЗ, 2009.
  5. ^ Кежа Ю. Сакралізацыя княжацкай улады ва ўсходнеславянскіх грамадстве // Вестник Полоцкого государственного университета. — 2011. — №9. — С. 22.
  6. ^ Марзалюк І. Гістарычная самаідэнтычнасць насельніцтва Беларусі ў 11—17 стст. // Гістарычны альманах. — № 5. — 2001.
  7. ^ Кежа Ю. Сакралізацыя княжацкай улады ва ўсходнеславянскіх грамадстве // Вестник Полоцкого государственного университета. — 2011. — №9. — С. 19.
  8. ^ Сапунов А. П. Витебская старина. Ч. 2. — Витебск, 1885. С. 278.
  9. ^ Сапунов А. П. Витебская старина. Ч. 2. — Витебск, 1885. С. 292.
  10. ^ Duchiński F. H. Historia o pozabiianiu bazilianów w połockiey cerkwi przez cara moskiewskiego etc. w roku 1705tym, dnia 30 Junia starego. — Paryż, 1863.
  11. ^ Баўтовіч М. Полацкія мучанікі. — Полацк: Сафія. 2000.
  12. ^ Арлоў У. Якая роля ў нашай гісторыі належыць Пятру I? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 47.
  13. ^ Витебская ЛЂтопись, составленная витебскими мЂщанами Стефаномъ Гавриловичемъ АвЂркою 1578—1768
  14. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 262.
  15. ^ Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 37.
  16. ^ Чантурыя У., Чарняўская Т., Церашчатава В. Полацкі Сафійскі сабор // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 399.

ЛітаратураРэдагаваць

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць

  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  210Г000606