Маніфэст Часовага рабоча-сялянскага ўраду Беларусі
Маніфэ́ст Часо́вага рабо́ча-сяля́нскага ўра́ду Белару́сі (Маніхвэст Часовага Работніча-Сялянскага Савецкага Правіцяльства Беларусі) — першы канстытуцыйны акт, які абвясьціў Беларусь Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Падрыхтаваны Зьмітром Жылуновічам паміж 25 і 30 сьнежня 1918 году ў Маскве, падпісаны ў ноч з 1 на 2 студзеня 1919 году ў Смаленску старшынём Часовага ўраду З. Жылуновічам і сябрамі ўраду Аляксандрам Мясьніковым, Аляксандрам Чарвяковым, С. В. Івановым, Ісакам Рэйнгольдам.
Упершыню апублікаваны на расейскай мове 3 студзеня 1919 году. Апублікаваны на беларускай мове 19 студзеня 1919 году ў першым нумары афіцыйнага ўрадавага органа «Весткі Часовага рабоча-сялянскага ўраду Беларусі». Месцам абвяшчэньня названы Менск.
Маніфэст абвясьціў пра прыналежнасьць усёй улады ў Беларусі Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, пра ліквідацыю акупацыйных уладаў і скасаваньне іх законаў, дамоваў, пастановаў, распараджэньняў і загадаў. Рада і Ўрад БНР аб’яўляліся па-за законам. Абвясьціў устанаўленьне на Беларусі рэвалюцыйнага парадку, роўнасьць у правах працоўных усіх нацыянальнасьцяў. Маніфэст дэкляраваў пераход зямлі, лясоў, вады і зямных нетраў, чыгункі і шляхоў зносінаў, паштовай, тэлеграфнай сувязі, фабрык, заводаў і банкаў ва ўласнасьць рабочых і бяднейшага сялянства. Устанаўліваў 8-гадзінны рабочы дзень і ўводзіў у дзеяньне на тэрыторыі Беларусі дэкрэты РСФСР «па забеспячэньні рабочага клясу». Пытаньні тэрыторыі рэспублікі ў ім не закраналіся.
Літаратура
рэдагаваць- Пратакол І з’езда Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі / Інстытут гісторыі партыі і Кастрычніцкай рэвалюцыі пры ЦК КП(б)Б; падрыхтаваў да друку Ю. Майзель; пад рэдакцыяй С. Агурскага і М. Леўкова. — Менск: Партвыдавецтва, 1934. — 82, [2] с. — С. 62—71.
- Скалабан, В., Шумейка, М. «Имем вольнага беларускага народа» // Маладосць. — 1988. — № 12.