Беластоцкая акруга
Беласто́цкая акру́га (па-нямецку: Bezirk Bialystok) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Трэцяга райху ў 1941—1945 роках. Знаходзілася на паўднёвым усходзе Ўсходняй Прусіі і займала тэрыторыі сучасных паўночна-ўсходняй Польшчы, часткі Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцей Беларусі, а таксама часткі Летувы.
Беластоцкая акруга | |
Bezirk Bialystok | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Трэці райх |
Статус | акруга |
Уваходзіць у | Усходняя Прусія (дэ-факта) |
Адміністрацыйны цэнтар | Беласток |
крайскамісарыят | Беластоцкі Бельска-Падляскі Ваўкавыскі Гарадзенскі Граеўскі Ломжынскі Сакольскі места Беласток |
Дата ўтварэньня | ліпень 1941 |
Дата скасаваньня | студзень 1945 |
Шэф цывільнай адміністрацыі | Эрых Кох |
Намесьнік шэфа | Вальдэмар Магунія (15.08.1941—31.01.1942) Фрыдрых дэ Брыкс (1.02.1942—27.07.1944) |
Насельніцтва | 1,382 млн чал. |
Нацыянальны склад | палякі (70,9%) беларусы (14,5%) жыды (8,7%) украінцы (5,8%) немцы (0,2%) |
Плошча | 31 426 км² |
Месцазнаходжаньне Беластоцкай акругі | |
Мапа Вялікага нямецкага райху (1944), на якой Беластоцкая акруга ўваходзіць у ягоны склад
| |
Мапа Беластоцкай акругі | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Акруга ўтвораная 22 ліпеня 1941 року са зьяўленьнем нямецкай цывільнай адміністрацыі (ням. Zivilverwaltungsgebiet), якая замяніла вайсковыя акупацыйныя ўлады, што дзейнічалі на акупаванай пасьля нападу на СССР тэрыторыі. Пад нямецкай уладай знаходзілася да 1945 року, хоць фармальна так і не была ўлучаная ў склад Райху.
Плошча акругі складала 31 426 км². У яе ўваходзілі сучасныя Ваўкавыскі, Зэльвенскі, Мастоўскі, Шчучынскі, Сьвіслацкі раёны Гарадзенскай вобласьці, частка Берасьцейскай вобласьці з Пружанамі, Камянцам-Літоўскім і Ружанамі і прылеглая тэрыторыя Летувы з Друскенікамі і Марцінканцамі[1]. Колькасьць насельніцтва дасягала 1382 тыс. чалавек, зь іх 980 000 палякаў, 200 000 беларусаў, 120 000 жыдоў, 80 000 украінцаў і 2000 немцаў.
Мінуўшчына
рэдагавацьТэрыторыя Беласточчыны была акупаваная ў першы дзень нямецкага ўварваньня ў СССР. 17 ліпеня 1941 року быў выдадзены першы дэкрэт пра ўтварэньне на тэрыторыі Беластоцкай вобласьці, Берасьцейскай і часткі Баранавіцкай вобласьці цывільнае адміністрацыі.
1 жніўня была ўтвораная Беластоцкая акруга з адначасным выключэньнем яе з апэратыўнае зоны дзеяньня Вэрмахту ў СССР. Цэнтар акругі знаходзіўся ў месьце Беласток, яна распасьціралася ад паўднёва-ўсходняга выступу Ўсходняе Прусіі (без Сувальшчыны) па лініі: Марцінканцы — Масты (уздоўж Нёману, без Горадні) — Ружаны — Пружана (разам з Ваўкавыскам і Пружанай) — Мельнік (уздоўж Бугу на захад ад Берасьця-Літоўскага) — Малкіня — Астралэнка[2] (па граніцы Генэрал-губэрнатарства). Да 1 верасьня 1941 году ўся тагачасная Берасьцейская вобласьць БССР разам з Берасьцем таксама адносілася да Ўсходняй Прусіі і Беластоцкай акругі.[3] На чале адміністрацыі стаяў гаўляйтэр Усходняе Прусіі Эрых Кох.
1 лістапада 1941 тэрыторыя акругі ўзбуйненая за кошт выключанае з Остлянду Горадні з ваколіцамі. У 1942 року Горадня была перайменаваная на Гартэн (ням. Garten)[4].
Улетку 1944 року, пасьля таго, як тэрыторыя акругі ўздоўж лініі Нараў—Бобр была акупаваная Чырвонай арміяй, штаб-кватэра цывільнае адміністрацыі пераехала ў Бартэнштайн. У студзені 1945 Чырвоная армія заняла рэшту акругі — Ломжынскі і Граеўскі паветы.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
рэдагавацьБеластоцкая акруга падзялялася на 8 адміністрацыйных адзінак узроўню павету, г. зв. «крайскамісарыятаў» (ням. Kreisskomissariat): Беластоцкі (Kreisskomissariat Nikolaus), Бельска-Падляскі (Kreisskomissariat Tubenthal), Ваўкавыскі (Kreisskomissariat Pfeifer), Гарадзенскі (Kreisskomissariat Plötz), Граеўскі (Kreisskomissariat Piachor, пазьней Knispel), Ломжынскі (Kreisskomissariat Gräben), Сакольскі (Kreisskomissariat Seiler) і места Беласток[5]. Ніжэйшымі адзінкамі былі г. зв. «амцкамісарыяты» (ням. Amtskomissariat), або гміны, якіх налічвалася 114. Найніжэйшымі адміністрацыйнымі адзінкамі былі староствы.
1 жніўня 1941 року цывільным камісарам (ням. Zivilkommissar) стаў Эрых Кох. Пазьней пасада перайменаваная ў шэфа цывільнай адміністрацыі (ням. Chef-der-Zivilverwaltung). Ёд адначасна зьяўляўся гаўляйтэрам Усходняе Прусіі, райсхкамісарам акупаванай Украіны і паслом у Райхстагу. З гэтае прычыны Кох ня мог пастаянна мешкаць у Беластоку, таму прызначыў сабе пастаяннага намесьніка, шэфа Нямецкага працоўнага фронту ў Караляўцы Вальдэмара Магунію. Апошні, аднак, неўзабаве трапіў у няміласьць, і 1 лютага 1942 на ягонае месца быў прызначаны тыльзыцкі ляндрат Фрыдрых дэ Брыкс.
Беластоцкая акруга фармальна так і не была ўлучаная ў склад Усходняе Прусіі, хоць фактычна ўсё мясцовае кіраўніцтва падпарадкоўвалася загадам з Караляўцу. 16 ліпеня 1941 року Адольф Гітлер на таемнай нарадзе з удзелам Герынга, Кайтля, Лямэрса і Розэнбэрга абвясьціў пра далучэньне акругі да Райху[6]. Адзіным разьдзяляльнікам між імі была паліцыйная граніца, дзеля пераходу якое неабходна было атрымаць адпаведны дазвол. Мытны пераход, наадварот, быў цалкам скасаваны ў лістападзе 1941 року[7]. На тэрыторыі акругі дзейнічалі не акупацыйныя грошы, а нямецкія маркі[8].
Адукацыя
рэдагавацьПаводле сфармуляваных Гімлерам прынцыпаў «Колькі думак пра абыходжаньне зь іншародцамі на Ўсходзе» акупаваныя ненямецкія нацыі ня мусілі атрымоўваць адукацыю вышэйшую за чатырохклясную[9]. Шэф цывільнай адміністрацыі Беластоцкае акругі Эрых Кох пайшоў яшчэ далей, разглядаючы падпарадкаваны абшар выключна як прадмет бесцырымоннай эканамічнай эксплюатацыі і таннай рабочай сілы. З гэтае прычыны ён процідзейнічаў стварэньню на кіраваных ім тэрыторыях адукацыйных установаў. Не дазволена таксама было выдаваць прэсу на польскай мове, а газэта «Беларускі Голас» была ліквідаваная неўзабаве пасьля выхаду ў верасьні 1941 року.
У бальшыні паветаў акругі была забароненая дзейнасьць школаў, а парушэньне гэтых забаронаў пагражала суворымі рэпрэсіямі, нават да сьмяротнага пакараньня. У Беластоцкім павеце, аднак, у верасьні 1941 року з ініцыятывы настаўнікаў і насельніцтва былі адчыненыя прынамсі 18 пачатковых школаў на польскай і беларускай мовах выкладаньня, хоць дасьледнік беларуска-польскіх дачыненьняў Юры Туронак лічыць, што іхняя колькасьць насамрэч была большая[10]. Тым ня меней, усе гэтыя школы былі зачыненыя напрыканцы року загадам павятовага камісара.
Найлепшая сытуацыя склалася ў Бельска-Падляскім павеце, дзе з пачаткам 1941—1942 навучальнага рокаў пачалі працу прынамсі 122 пачатковыя (дзьвюхклясныя) школы, у тым ліку з польскай мовай навучаньня — 61, зь беларускай — 58 і 3 дзьвюхмоўныя. Юры Туронак заўважае, што дзейнічалі таксама падпольныя школы, і пэўная частка школаў магла быць незадакумэнтаваная[11]. Настаўнікі гэтых школаў за працу напачатку нават атрымоўвалі заробкі ад ураду гмінаў (амцкамісарыятаў), а пазьней, калі выплаты былі спыненая, на аплату працы складаліся бацькі навучэнцаў[12]. З прычыны гэткіх цяжкасьцей, а таксама рэпрэсіяў паліцыі пасьля першага року навучаньня колькасьць школаў у павеце скарацілася, хоць і нязначна.
У 1943 року стаўленьне мясцовае адміністрацыі да легальнага школьніцтва пачалі зьмяняцца, найперш гэта выяўлялася ў імкненьні да зьмяншэньня колькасьці школаў з польскай мовай навучаньня ці пераводзе іх на беларускую. Было дазволена адчыняць беларускамоўныя школы нават у іншых паветах. Дзеля ажыцьцяўленьня арганізацыйнага і пэдагагічнага кантролю над школьніцтвам быў створаны Галоўны школьны інспэктарат(pl) у Беластоку, кіраўніком якога стаў Аляксей Грыцук[13]. Інспэктарат, змагаючыся зь недахопам беларускамоўных выкладніцкіх кадраў, улетку 1943 року зладзіў у Беластоку трохтыднёвыя пэдагагічныя курсы. У іх узялі ўдзел каля 80 настаўнікаў. У выніку захадаў інспэктарату былі адчыненыя 18 школаў у Беластоцкім, 8 школаў у Сакольскім і Ваўкавыскім паветах, павялічаная колькасьць беларускіх школаў у Бельска-Падляскім павеце. Напрыканцы 1943—1944 рр. на тэрыторыі былога Беластоцкага ваяводзтва колькасьць беларускіх школаў складала каля 70%[14]. Тым ня меней, большасьць зь іх складалі дзьвюхклясныя школы, толькі ў Беластоку, Гайнаўцы, Белавежы, Нараўцы[15] ды Пружане[16] дзейнічалі поўныя сямігодкі. Як паведамляе кіраўнік Галоўнага школьнага інспэктарату Аляксей Грыцук, 7-клясная школа існавала таксама і ў Сьвіслачы[17].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Виктор Саяпин. (13 ліпеня 2010) Немецкая таможня в оккупированном Гродно (рас.) Архітэктура Гродна Праверана 15 траўня 2012 г.
- ^ Волаціч Мікола. Лінія Кэрзона на фоне падзеяў і тэрытарыяльных зьменаў у Усходняй Эўропе // Спадчына. — 1993. — № 6. — С. 16—33.
- ^ Владимир Золотарев, Евгений Кульков. Генеральный план «Ост» // Международная жизнь. — МИД РФ, 2011. — № 6.
- ^ Барыс Пракопчык. «Калі я на пошце служыў ямшчыком…» // Звязда. — 28 студзеня 2003. — № 20 (24704).
- ^ Sz. Datner. Niemiecki okupacyjny aparat bezpieczeństwa w Okręgu Białostockim (1941—1944) w świetle materiałów niemieckich (opracowania Waldemara Macholla) // Biuletyn Głównej Komisji Badania Zbrodni Hitlerowskich w Polsce. — Т. XV С. 7.
- ^ Cz. Madajczyk. Polityka III Rzeszy w okupowanej Polsce. — Warszawa: 1970 Т. 1. — С. 132, 138.
- ^ Cz. Madajczyk. Polityka III Rzeszy w okupowanej Polsce. — Warszawa: 1970 Т. 1. — С. 212.
- ^ Данилов И. П. Немецкий «политрук» // Записки западного белоруса. — 2-е изд., дораб. и доп. — Мн.: В. Хурсик, 2007. — С. 180. — 300 ас. — ISBN 978-985-6718-86-4
- ^ Юры Туронак. Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе (1941—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — С. 772. — ISBN 978-80-86961-13-2.
- ^ Юры Туронак. Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе (1941—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — С. 774. — ISBN 978-80-86961-13-2.
- ^ Юры Туронак. Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе (1941—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — С. 776. — ISBN 978-80-86961-13-2.
- ^ Юры Туронак. Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе (1941—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — С. 778. — ISBN 978-80-86961-13-2.
- ^ Юры Туронак. Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе (1941—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — С. 780. — ISBN 978-80-86961-13-2.
- ^ Юры Туронак. Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе (1941—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — С. 781. — ISBN 978-80-86961-13-2.
- ^ Юры Туронак. Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе (1941—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — С. 782. — ISBN 978-80-86961-13-2.
- ^ Лявон Юрэвіч. Юры Жывіца. Маё паходжаньне // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. — Нью-Ёрк: Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, 1999.
- ^ Юры Туронак. Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе (1941—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — С. 781—782. — ISBN 978-80-86961-13-2.
Літаратура
рэдагаваць- Gnatowski M. Białostockie Zgrupowanie Partyzanckie. — Białystok: 1994.
- Marcin Markiewicz. Represje hitlerowskie wobec wsi Białostockiej // Biuletyn Instytutu pamięci narodowej. — Warszawa: Dom Wydawniczy Bellona, 2003—2004. — № 12—1 (35—36). — ISSN 1641-9561.
- Юры Туронак. Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе (1941—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — ISBN 978-80-86961-13-2