Перадумовы абвяшчэньня БССР

рэдагаваць

Перадумовамі стварэньня і абвяшчэньня Беларускай ССР (ці ССРБ) быў уздым нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі, у прыватнасьці, абвяшчэньне 25 сакавіка 1918 году Беларускай Народнай Рэспублікі, што падштурхнула расейскі бальшавіцкі ўрад у Маскве да фармальнага прызнаньня права беларускага народу на самавызначэньне і нацыянальную дзяржаўнасьць. Пасьля ліквідацыі БНР расейскай Чырвонай арміяй у сьнежні 1918 г. Цэнтральны камітэт Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) (РКП(б)) прыняў пастанову пра ўтварэньне беларускай савецкай рэспублікі.[1]

8 сьнежня 1918 году савецкія ўлады праклямавалі ў Маскве стварэньне «Літоўскай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі». У яе межах апынуліся амаль усе беларускія землі. Аднак, хуткія зьмены ў палітычным становішчы прымусілі бальшавікоў перагледзіць беларускае пытаньне.[2] 23 сьнежня 1918 году ЦВК РКП(б) пацьвердзіў пастанову ўраду Расейскай СФСР «Аб прызнаньні Сацыялістычнай Фэдэрацыйнай Рэспублікі незалежнасьці Эстляндыі, Літвы і Латвіі».[3]

Непасрэдны ўплыў на стварэньне беларускай рэспублікі аказалі беларускія сэкцыі РКП(б). Пераважная іх большасьць лічыла, што Беларусь павінна стаць Савецкай Сацыялістычнай рэспублікай і быць у цеснай фэдэратыўнай сувязі з РСФСР. Аднак, некаторыя супрацоўнікі Паўночна-Заходняга камітэту РКП(б) выказваліся за наданьне ёй толькі аўтаноміі ў складзе РСФСР.[4] Кіраўнік Паўночна-Заходняга камітэту РКП(б) — Аляксандар Мясьнікян.

Практычную работу па падрыхтоўцы да абвяшчэньня БССР вялі Народны камісарыят па справах нацыянальнасьцяў (Наркамнац) РСФСР на чале зь Ёсіфам Сталіным і Паўночна-Заходні абласны камітэт РКП (б) з удзелам створанага пры Наркамнацы Беларускага нацыянальнага камісарыяту (Белнацкам).[4]

23 сьнежня 1918 г. у Маскве праходзіла паседжаньне камісіі Ўсерасейскага цэнтральнага выканаўчага камітэту (УЦВК), на якой адбылося юрыдычнае афармленьне Заходняй вобласьці як адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі РСФСР. Вярнуўшыся пасьля гэтага ў Менск, старшыня Выканаўчага камітэту Заходняй вобласьці Аляксандар Мясьнікян не паведаміў іншым чальцам аб расфармаваньні вобласьці, а наадварот, з энтузіязмам распавёў аб плянах пашырэньня за кошт земляў Гарадзенскай, Віленскай і Ковенскай губэрняў.[5][6] У канцы сьнежня 1918 г. ЦК РКП(б) прыняў рашэньне аб утварэньні Беларускай ССР.[7]. 25 сьнежня 1918 г. у Наркамнацы РСФСР адбылася нарада І. Сталіна з адказнымі работнікамі Белнацкаму, чальцамі Цэнтральнага бюро (ЦБ) беларускіх сэкцыяў РКП(б) і Камітэту Маскоўскай беларускай сэкцыі РКП(б). У ёй абмяркоўвалася пытаньне аб практычным зьдзяйсьненьні рашэньня ЦК РКП(б). На нарадзе абмяркоўвалася пытаньне аб будучым Часовым рабоча-сялянскім урадзе БССР.[8]

Пасьля гэтага, адбылася тэлефонная нарада І. Сталіна з А. Мясьнікянам, дзе І. Сталін паведаміў, што ЦК РКП(б) вырашыў «па многіх меркаваньнях... пагадзіцца зь беларускімі таварышамі на стварэньне Беларускага савецкага ўрада». Гэтае рашэньне стала поўнай нечаканасьцю для Выканаўчага камітэту Заходняй вобласьці РСФСР.[5] На гэтай жа нарадзе І. Сталін і А. Мясьнікян дамовіліся сустрэцца праз два дні ў Маскве, каб абмеркаваць шэраг пытаньняў наконт будучай рэспублікі.

27 сьнежня ў Наркамнацы РСФСР з удзелам кіроўных партыйных і савецкіх работнікаў Паўночна-Заходняй вобласьці, Белнацкаму, ЦБ беларускіх сэкцый, Камітэту Маскоўскай беларускай сэкцыі РКП(б), абмеркавалі пытаньні пра тэрыторыю рэспублікі, структуру і склад яе ўраду, падрыхтоўку праекту Маніфэста пра абвяшчэньне БССР.

29 сьнежня прадстаўнікі беларускіх сэкцыяў пры ЦК РКП(б) Зьміцер Жылуновіч, Аляксандар Чарвякоў і іншыя выехалі з Масквы ў Смаленск для ўдзелу ў VI Паўночна-Заходняй абласной канфэрэнцыі.[9]

Канфэрэнцыя пачала сваю работу 30 сьнежня. На яе прыехалі 206 дэлегатаў, якія прэзэнтавалі камуністаў Менскай, Магілёўскай, Віцебскай, часткі Чарнігаўскай (Старадубскі, Мглінскі, Пагонскі і Ноўгарад-Северскі паветы) і Віленскай губэрняў.[9]

З дакладам выступіў Аляксандар Мясьнікян. Ён, на падставе рашэньняў ЦК РКП(б) абгрунтаваў неабходнасьць абвясьціць у гэтых умовах ССРБ.[10] Гэтае выступленьне тым больш цікавае, што ў ім азначаюцца прычыны, паводле якіх расейскія камуністы згадзіліся на ўтварэньне беларускай рэспублікі:

«Украінская, Летувіская, Латвійская, Эстляндзкая ССР сталі моцным аплотам Савецкай Расеі...» Заходняя камуна «таксама павінна абвясьціць сабе самастойнай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай, замкнуць ланцуг усіх Савецкіх Рэспублік, якія самавызначыліся, на заходняй граніцы стаць верным абаронцам Савецкай дзяржавы ад заняпадаў імпэрыялістычных захопнікаў»

На гэтай жа канфэрэнцыі была прынята пастанова, у якой гаварылася, што:

«VI абласная канфэрэнцыя бальшавікоў лічыць неабходным абвясьціць самастойную Сацыялістычную Рэспубліку Беларусь з тэрыторыяй Менскай, Гарадзенскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губэрняў».[10]

А. Мясьнікян выказаў прапанову аб пераймаваньні VI Паўночна-Заходняй канфэрэнцыі ў І Зьезд Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, якая была прынята дэлегатамі.[10] КПБ(б) абвяшчалася састаўной і неад’емнай часткай РКП(б).

На І Зьезьдзе КП(б)Б была створана камісія, якая даручыла падрыхтаваць прапанову аб тэрытарыяльна-адміністарцыйным падзеле БССР. Паводле даклада камісіі было вырашана падзяліць тэрыторыю Беларусі на 7 раёнаў — Менскі, Смаленскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Баранавіцкі і 54 падраёны.

Зьезд выбраў кіроўны орган КП(б)Б — Цэнтральнае бюро. 31 сьнежня адбылося яго першае паседжаньне. Быў абраны прэзыдыюм ЦК КП(б)Б у складзе Аляксандра Мясьнікяна, М. Калмановіча й Вільгельма Кнорыньша. Старшынём прэзыдыюму — Мясьнікян, сакратаром — Кнорыньш.

31 сьнежня 1918 г. ЦБ КП(б)Б абмеркавала пытаньне пра тэрыторыю БССР, склад Часовага рабоча-сялянскага ўраду БССР, і абнародваньне Маніфэсту пра абвяшчэньне БССР. Было вырашана, што ў склад ураду ўвойдуць прадстаўнікі Белнацкаму і ЦБ беларускіх сэкцыяў РКП(б), Паўночна-Заходняга абласнога камітэту РКП(б) і Выканаўчага камітэту Заходняй вобласьці РСФСР.[11]

Абвяшчэньне БССР. «Маніхвэст»

рэдагаваць
 
«Маніхвэст» аб абвяшчэньні БССР

1 студзеня 1919 г. Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародваў «Маніхвэст». Гэта дата і ёсьць днём нараджэньня БССР.[12] Аўтарства «Маніхвэсту» належыць лідэру групы беларускіх сэкцый Зьмітру Жылуновічу.

Найбольш характэрнымі рысамі, прадэкляраванымі ў «Маніхвэсьце» былі, (1) сьцьвярджэньне прынцыпаў сацыялістычнага будаўніцтва ў інтарэсах большасьці насельніцтва, г.зн. працоўных; (2) зьвязаная з тым яскарва выражаная нацыянальная накіраванасьць; (3) прынцып пралетарскага інтэрнацыяналізму.

Прынцып сацыялістычнага будаўніцтва знайшоў месца ў пункце 7, аб зямлі: «7. Уся зямля памешчыкаў і буйных землеўладальнікаў, манастыроў, цэркваў, касцёлаў і духавенства, з усім жывым і мёртвым інвентарам, а таксама лясы, воды і нетры робяцца ўласнасцю працоўнага народа Беларусі».[13]

Праз тэкст «Маніхвэсту» праходзіць тэма пралетарскага інтэрнацыяналізму. Сувэрэннасьць Савецкай Беларусі, абвешчаная ў «Маніхвэсце», не азначала аслабленьня сувязяў і адмены падпарадкаваньня РСФСР. «Маніхвэст» замацаваў двойсьцьвенны характар узаемабаковых стасункаў паміж БССР і РСФСР.[14]

Пасьля стварэньня БССР працягвалі існаваць асноўныя прынцыпы, усталяваныя на Другім, Трэцьцім і Пятым Зьездах Саветаў РСФСР. Беларуская Савецкая рэспубліка ў якасьці афіцыйных прызнавала кіроўныя органы ўлады РСФСР.[15]

Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь (ССРБ) не была прызнана аніводнай дзяржавай у сьвеце, акрамя іншых савецкіх рэспублік і РСФСР.

Першы ўрад БССР

рэдагаваць
 
«Менск, 1919 год.» Мастак Дударэнка. Агульнага фатаздымка з чальцамі ўраду так і не было зроблена — з-за варажды паміж групамі расейскіх і беларускіх камуністаў.[16]

Ува Часовы рабоча-сялянскі ўрад увайшлі 19 чалавек — 11 расейскіх і 8 беларускіх камуністаў.[17] Сьпіс быў апублікаваны ў газэце «Дзяньніца» (1919 г., № 47). Урад склаўся зь дзьвух суполак — з чальцоў ЦБ беларускіх сэкцый РКП(б), якія былі выдзелены падчас канфэрэнцыі ў Маскве 21-23 сьнежня 1918 г. і партыйных работнікаў Выканаўчага камітэту Заходняй вобласьці РСФСР.[18]

Разьвіцьцё БССР

рэдагаваць

8 студзеня 1919 году адбылося першае паседжаньне Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўраду БССР. Яго першыя ўстановы замацоўвалі ўладу БССР на тэрыторыі рэспублікі і на тых землях, на якіх усталявалася савецкая ўлада.

«З прычыны таго, што вышэйшая ўлада на Беларусі перайшла да Часовага ўраду і Аблвыканкамзах ліквідаваны, усім Савецкім органам і ўстановам… прадпісваецца з гэтага часу мець зносіны толькі з Часовым урадам і яго камісарыятамі (па адпаведных справах), што знаходзяцца ў Менску»[19]

Для апэратыўнай работы ўрада быў створаны Прэзыдыюм у складзе З.Жылуновіча, А. Мясьнікова, М. Калмановіча.[19]

Часовы рэвалюцыйны ўрад вырашыў склікаць у пачатку лютага 1919 г. І Усебеларускі зьезд Саветаў, які павінен быў вырашыць пытаньне аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі.[20]

12 студзеня 1919 году быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны Савет рэспублікі на чале са старшынём ЦБ КП(б)Б А. Мясьнікянам. Ён пачаў падрыхтоўку вайсковых кадраў і апалчэньня для вайны з Польшчай[21].

16 студзеня 1919 году ЦК РКП(б) з удзелам Леніна прыняў рашэньне аб выдзяленьні з БССР Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губэрняў і іх далучэньні да РСФСР. Астатнія дзьве губэрні — Менская і Гарадзенская — павінны былі ўзьяднацца зь Літвою і стварыць новае адміністацыйнае ўтварэньне — ССР ЛітБел[22]. Рашэньне аб адзяленьні ад БССР трох губэрняў было прынятае адначасова з рашэньнем аб неабходнасьці стварэньня ЛітБелу[23].

У той жа час, адбываліся перавыбару ў Саветы рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў Беларусі, з мэтай выдаленьня зь іх антысавецкіх элемэнтаў. У Саветы былі абраны адданыя ўладзе рабочыя, сяляне-беднякі і сераднякі — усі, партыйныя і беспартыйныя бальшавікі.[24]

І Усебеларускі зьезд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў

рэдагаваць
 
Першы Ўсебеларускі Зьезд Саветаў. Карціна А. Шыбнёва
 
Выява першай Канстытуцыі БССР

Зьезд адбыўся ў Менску 2—3 лютага 1919 году. Па даручэньні ЦК партыі і ВЦВК у яго рабоце ўдзельнічалі старшыня ВЦВК Якаў Сьвярдлоў і прадстаўнікі працоўных Літвы — старшыня ўраду Літоўскай ССР В. Міцкявічус-Капсукас.

На зьезьдзе прысутнічалі 230 дэлегатаў з правам голасу. Зь іх 213 былі бальшавікамі і чальцамі партыі, 17 — спачуваючымі.[25]

На зьезьдзе былі прынятыя рэглямэнтаваныя адносіны с Расейскай Фэдэрацыяй. Дэлегаты зьезда выказаліся ў Дэклярацыі аб устанаўленьні ффдэратыўнай сувязі паміж Беларускай ССР і РСФСР.

«У кулуарах зьезда актыўна абмяркоўваецца пытаньне пра ўтварэньне рэспублікі. Але тэндэнцыя адна — застацца з РСФСР.» [25]

І Зьезд прыняў Канстытуцыю БССР[26][27]. У Канстытуцыі заканадаўча замацавалася дыктатура пралетарыяту, у задачах гаворылася аб пераходзе ад капіталізму да сацыялізму, ліквідацыю падзела грамадзтва на клясы. Заканадаўча замацоўвалася адмена прыватнай уласнасьці на зямлю, лясы і нетры, на сродкі вытворчасьці і пераўтварэньне іх у дзяржаўную ўласнасьць.[28]

Найвышэйшая ўлада ў рэспубліцы належыла зьезду Саветаў. У пэрыяд паміж зьездамі яе зьдзяйсьняў ЦВК, адказны перад Усебеларускім зьездам Саветаў.

Першы Ўсебеларускі зьезд Саветаў зацьвердзіў герб і сьцяг БССР[29].

2 лютага 1919 году ЦБ КП(б)Б з удзелам старшыні Ўсерасейскага ЦВК Якава Сьвярдлова, старшыні Літоўскай Савецкай рэспублікі Вікенція Міцкевіча-Капсукаса, прадстаўнікоў партыйных і савецкіх органаў Літвы і Беларусі абмеркавалі пытаньне пра зьліцьцё Літвы і Беларусі ў Літоўска-Беларускую ССР. Гэтая прапанова была ўхваленая Я. Сьвярдловым і дэлегатамі зьезду.[29] Шэраг беларускіх дзеячоў (пяць чалавек), якія выступілі супраць аб’яднаньня і адрываньня тэрыторыі, былі арышатаваныя — у тым ліку тры былыя сябры Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі — беларусы Язэп Дыла, Усевалад Фальскі і Фабіян Шантыр.[30]

Літоўска-Беларуская ССР

рэдагаваць
  1. ^ ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 400
  2. ^ Яўген Мірановіч. Найноўшая гісторыя Беларусі. — Спб. : Неўскі прасьцяг, 2003. С. 40
  3. ^ Резник, А. Н. Образование Белорусской ССР. — Минск : Энциклопедикс, 2009. С. 50
  4. ^ а б Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). Мн., «Навука і тэхніка», 1973. С. 131
  5. ^ а б Гісторыя Беларусі : У 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг. / А. Вабішэвіч [і інш.]; рэдкал. М. Касьцюк (гал. рэд.) і інш. — Мінск : Экаперспектыва, 2007. С. 106
  6. ^ Круталевіч В. Абвяшчэнне рэспублікі // Полымя, 1968 № 9. С. 173
  7. ^ Гісторыя Беларусі : У 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг. / А. Вабішэвіч [і інш.]; рэдкал. М. Касьцюк (гал. рэд.) і інш. — Мінск : Экаперспектыва, 2007. С. 131
  8. ^ Гісторыя Беларусі : У 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг. / А. Вабішэвіч [і інш.]; рэдкал. М. Касьцюк (гал. рэд.) і інш. — Мінск : Экаперспектыва, 2007. С. 132
  9. ^ а б Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). — Мн.: «Навука і тэхніка», 1973. С. 132
  10. ^ а б в Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). — Мн.: «Навука і тэхніка», 1973. С. 133
  11. ^ Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). — Мн., «Навука і тэхніка», 1973. С. 135
  12. ^ 1.Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). Мн., «Навука і тэхніка», 1973. С. 136
  13. ^ 1.Резник, А. Н. Образование Белорусской ССР. — Минск : Энциклопедикс, 2009. С. 58—59
  14. ^ 1.Резник, А. Н. Образование Белорусской ССР. — Минск : Энциклопедикс, 2009. С. 59
  15. ^ Резник, А. Н. Образование Белорусской ССР. — Минск : Энциклопедикс, 2009. С. 60
  16. ^ Газэта «Белорусские новости»
  17. ^ Яўген Мірановіч. Найноўшая гісторыя Беларусі. — Спб. : Неўскі прасьцяг, 2003. С. 41
  18. ^ Резник, А. Н. Образование Белорусской ССР. — Минск : Энциклопедикс, 2009. С. 54
  19. ^ а б 1.Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). Мн., «Навука і тэхніка», 1973. С. 139
  20. ^ 1.Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). Мн., «Навука і тэхніка», 1973. С. 140
  21. ^ 1.Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). Мн., «Навука і тэхніка», 1973. С. 141
  22. ^ 1.Юры Туронак. Мадэрная гісторыя Беларусі. «Інстытут беларусістыкі». — Вільня, 2008. С. 73
  23. ^ Малыхіна, Л. Ю. Гістарыяграфія Літоўска-Беларускай ССР. — Мн., 2003. С. 12
  24. ^ Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). Мн., «Навука і тэхніка», 1973. С. 141
  25. ^ а б Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). Мн., «Навука і тэхніка», 1973. С. 143
  26. ^ Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). Мн., «Навука і тэхніка», 1973. С. 146
  27. ^ Яўген Мірановіч. Найноўшая гісторыя Беларусі. — Спб. : Неўскі прасцяг, 2003. С. 41
  28. ^ Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). Мн., «Навука і тэхніка», 1973. С. 146—147
  29. ^ а б Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). Мн., «Навука і тэхніка», 1973. С. 147
  30. ^ Юры Туронак. Мадэрная гісторыя Беларусі. «Інстытут беларусістыкі». — Вільня, 2008. С. 73

Літаратура

рэдагаваць
  • Резник, А. Н. Образование Белорусской ССР. — Минск : Энциклопедикс, 2009. — 183 с.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
  • Яўген Мірановіч. Найноўшая гісторыя Беларусі. — Спб. : Неўскі прасьцяг, 2003. — 243 с.
  • Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). — Мн.: «Навука і тэхніка», 1973. — 696 с. З іл. І карт (АН БССР. Ін-т гісторыі)
  • Гісторыя Беларусі : У 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг. / А. Вабішэвіч [і інш.]; рэдкал. М. Касьцюк (гал. рэд.) і інш. — Мінск : Экаперспектыва, 2007. — 613 с.: іл. ISBN 985-469-149-7.
  • Круталевіч В. Абвяшчэнне рэспублікі // Полымя, 1968 № 9.
  • Малыхіна, Л. Ю. Гістарыяграфія Літоўска-Беларускай ССР. — Мн., 2003
  • Юры Туронак. Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: «Інстытут беларусістыкі», 2008
  • Маргунский С. П. Создание и упрочение белорусской государственности. 1917—1922 гг. — Минск, 1958.
  • Ладысееў У. Ф., Брыгадзін П. І. На пераломе эпох: Станаўленне беларускай дзяржаўнасці.
  • Маргунский С. П. Государственное строительство Белорусской ССР на первом этапе её развития.
  • Шкляр Е. Н. Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР с иностранными интервентами
  • Vitkauskas P. Lietuvos Tarybu Respublikos Sukurimas 1918—1919 metais. — Vilnius. 1978.