Гісторыя Магілёва
Магілёў (часам насіў дадатковыя азначэньні — Магілёў Літоўскі[1][2][3][4][5][6][7][8][9][10][11] або Магілёў Беларускі[12]) — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, цэнтар праваслаўнага хрысьціянства. 9 чэрвеня 1661 году атрымаў роўныя правы з сталіцай — Вільняй — за гераізм, выяўлены ў часе паўстаньня супраць маскоўскіх акупантаў. У 1930-я гады разглядалася магчымасьць пераносу ў Магілёў сталіцы Беларускай ССР. Да нашага часу тут захаваліся комплекс манастыра Сьвятога Мікалая ў стылі самабытнага магілёўскага барока, дом купца Анташкевіча, Узьвіжанская царква (пацярпела ад маскоўскай перабудовы), комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Сьвятога Станіслава і калегіюм езуітаў ў стылі барока, архірэйскі і арцыбіскупскі палацы, мэмарыяльная арка і Фарны касьцёл у стылі клясыцызму, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся мураваныя мескія брамы: Ветраная, Алейная, Каралеўская і Дубровенская, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі. Значную частку мясцовых славутасьцяў зруйнавалі за савецкім часам: цэрквы Божага Яўленьня, Прачыстай Багародзіцы і Покрыва Багародзіцы (магілёўскае барока), царкву Сьвятога Спаса[a] (віленскае барока), мескую ратушу (адноўлена ў 2008 годзе), касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і Анёлаў-Ахоўнікаў пры калегіюме езуітаў і комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Антонія (барока), лютэранскую кірху, цэрквы Сьвятой Тройцы, Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і Сьвятога Ёсіфа (клясыцызм), помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў.
Раньнія часы
рэдагавацьПаводле археалягічных раскопак, старажытнае паселішча існавала на месцы Задубравенскага пасаду яшчэ ў XII ст. Апроч таго, на гары Магіле знаходзілася даўняя фартыфікацыя[13].
У пачатку XIII ст. Магілёў, відаць, быў цэнтрам фэўдальнай сядзібы-вотчыны і выконваў функцыі фартэцыі. Паводле Магілёўскай хронікі, складзенай у XVIII—XIX стагодзьдзях, Магілёў у якасьці места заснавалі 24 сакавіка 1267 году[14].
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУ пачатку XIV ст. Магілёў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стаў цэнтрам воласьці. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра места зьмяшчаецца ў «Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», які датуецца канцом XIV ст. У гэты час Магілёў знаходзіўся ў валоданьні каралевы Ядвігі, жонкі караля і вялікага князя Ягайлы. У 1431 годзе ён перайшоў да вялікага князя Сьвідрыгайлы, а ў 1503 годзе — да вялікай княгіні Алены Іванаўны.
У XV ст. Магілёў стаў значным цэнтрам гандлю, тут працавала ўласная мытня. Пад 1447 годам упамінаецца Спаская царква. У пачатку XVI ст. места ўвайшло ў склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва.
У зьвязку з стратай Смаленску ў 1514 годзе і пераходам яго на стагодзьдзе пад уладу Маскоўскай дзяржавы, многія тамтэйшыя купцы перабраліся ў Магілёў. Праз гэта неаднаразова (у 1518, 1519 і 1535 гадох) ягоныя ваколіцы цярпелі ад рабаўніцкіх набегаў маскоўскіх захопнікаў, аднак самім местам яны авалодаць ня здолелі. У 1526 годзе скончылася будаваньне новага замка. У 1561 годзе места атрымала права на войтаўства.
28 студзеня 1577 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Магілёву поўнае Магдэбурскае права і першы герб. У вялікакняскай грамаце зазначалася[15]:
А іж бы тое места неякою памножаньня аздоб сваіх ня мела, з тае ласкі нашае гаспадарскае надаем таму месту пячаць мескую. Вежу мураваную, высока выведзеную, каторую ўрат таго места. У судоў і іншых справах і патрэбах пячатаваці і таго герба ўжываці маець вечнымі часы. | ||
На 1577 год у Магілёве быў 1261 жылы дом (на 1588 год — 1500 жылых дамоў[16]). У Інфлянцкую вайну 27 чэрвеня 1581 году маскоўскія захопнікі цалкам зьнішчылі Задубравенскі пасад, спалілі 10 будынкаў у Пакроўскім пасадзе, але штурм Старога места і замка быў безвыніковым[16]. Пад 1588 годам упершыню ўпамінаецца тутэйшы рымска-каталіцкі касьцёл. Недзе ў 1590—1592 гадох у Магілёве адкрылася агульнадукацыйная брацкая школа, у якой вывучалі старабеларускую і лацінскую мовы. У 1594—1604 гадох ішло будаваньне першага мураванага будынка — Фарнага касьцёла. 13 сьнежня 1595 году казацкія загоны С. Налівайкі спалілі каля 40% забудовы Магілёва, у тым ліку некалькі цэркваў[16], і зьнішчылі значную колькасьць месьцічаў. Захавалася паведамленьне пра тыя падзеі:
У рок 1595. Прыйшла ізноў на Магілёў навала ад Налівайкі. Невядома таксама, зь якіх прычынаў гэта сталася, ні з гультайства, ні з маскоўскага нацкоўваньня, бо ў гэты час міру з Масквою не было. Таму старэйшыя людзі часта ўспаміналі Налівайку; Мазепу і Лабаду. Відаць, нездарма не выходзіла гэта зь людзкой памяці, бо нарабіла гэтая саранча новазбудаванаму і заселенаму месту бед нязносных і крыві праліла нямала. Але пан Бог месьцічаў-пакутнікаў бласлаўляў і бласлаўляе. Гэты Налівайка Магілёў зрабаваў і цэрквы папаліў. | ||
У 1601—1633 гадох завяршылася будаваньне разьвітай абарончай сыстэмы мескіх умацаваньняў з трох лініяў абароны. Першую лінію складаў замак — «Высокае места», другая лінія ўмацаваньняў — Кругавы (альбо Бліжні) вал — ахоплівала Старое места і мела чатыры брамы, трэцяя лінія абароны — Палявы (Дальні, Кругавы) вал — у розныя часы мела розныя памеры і колькасьць брамаў. На 1604 год тэрыторыя Магілёва падзялялася на 15 сотняў. У межах Старога места (Нагорскі пасад) знаходзіліся Астроская і Нагорская сотні, за імі ва ўсходнім кірунку разьмяшчалася Ледзькаўская сотня, на правабярэжжы Дняпра (Пакроўскі пасад) — Курдзенееўская, Перахрысьценская, Слабодзкая, Грыўлянская, Выганская і Бярозаўская сотні, за Дубравенкай (Задубравенскі пасад) — Папінская, Трысьненская, Каскоўская, Дабраслаўская сотні, за Дняпром (Задняпроўскі пасад) — Траецкая і Лупалаўская сотні.
У пачатку XVII ст. Магілёў стаў адным з найбольшых местаў Вялікага Княства Літоўскага (у 1604 годзе налічваў 2211 дамоў, 18 цэхаў[17]), меў права на правядзеньне штогод двух кірмашоў. У 1616 годзе пры Магілёўскім брацтве пачала працаваць друкарня, у якой у XVII—XVIIІ стагодзьдзях надрукавалі каля 40 кнігаў. Праз 2 гады адбылося Магілёўскае паўстаньне 1618 году супраць прымусовага ўвядзеньня царкоўнай уніі. У выніку ў 1632 годзе тут заснавалі адзіную ў той час на Беларусі праваслаўную япархію, якая не далучылася да Уніі[16]. У сярэдзіне XVII ст. умацаваньні Старога места налічвалі 4 брамы — Алейную, Ветраную, Каралеўскую і Дубравенскую; у Палявым вале, які атачаў Новае места, стаяла 8 драўляных брамаў — Курдзенеўская (Гваздоўка), Лядвееўская, Шклоўская дальняя, Віленская, Уструшненская, Трысьненская, Быхаўская, Папінская.
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Магілёва і ваколіцаў ліцьвінамі (літвой): «Литовка <…> Огафьица <…> полонена в Могилеве» (1602 год)[18], на могилевца на Ондрюшку Торуту… литвин Ондрюшка Торута (1625 год)[19], «Якимов Якушко… литвин… Могилевского повета» (1635 год)[20], «Федоров Алексей… литва, гайдук, могилевец» (1635 год)[21], «литвин города Могилева Илья Тимофеяв», «литвин горада Могилева Мосей Мосеев»[22] (абодва 1642 год), «у литовского торгового человека могилевца у Ондрея Печюкова… с тем ж литвином» (1646 год)[23], «литвин города Могилева Радион Ильин»[24], «литвин города Могилева Филон Федоров»[25], «литвин города Могилева Филип Евхремов»[26] (усе 1647 год), «Никитка Семенов… в роспросе сказался родом литвин[b] Могилевского уезда села Господова» (1649 год)[29], «на иноземце города Могилева на Федьке Иевлеве… ему, литвину» (1650 год)[30], «литвин мельничной мастер Марчко Иванов сын Ломакин литовского города Могилева» (1651 год)[31], «…а Ивашко Дробный сказался литвин, могилевец, посадский человек» (1654 год)[32], «…литвину могилевцу Саве Агееву <…> литвину могилевцу Марку Леонтьеву» (1675 год)[33], «…литвину могилевцу Захарью Алтуфьеву» (1676 год)[34]. У матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1758 годам значыцца Minski de Sarius, Mohilow-Lithuan[us][35].
З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе магілёўцы здалі места маскоўскім захопнікам. Аднак 1 лютага 1661 году ў выніку народнага паўстаньня месьцічы зьнішчылі акупацыйную залогу[36]. За выяўленую ў час паўстаньня мужнасьць 9 чэрвеня 1661 году кароль і вялікі князь Ян Казімер ўраўнаваў у правах Магілёў зь Вільняй. Апроч таго, места атрымала новы герб «у блакітным полі тры срэбныя мескія вежы, у адчыненай сярэдняй браме — рыцар з узьнятым мячом, а над ім герб — Пагоня»[37]. У гэты час у Магілёве налічвалася каля 30 тысячаў дамоў, у тым ліку 10 тысячаў належалі жыдам; вуліцы былі брукаваныя дзікім камнем, існавала шмат гандлёвых радоў[38]. У 1681 годзе на Рынку ўзьвялі новую мураваную ратушу (першая была драўлянай і знаходзілася на вуліцы Ветранай). У XVIII ст. у месьце дзеяў шпіталь, які знаходзіўся каля Алейнай брамы.
У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) Магілёў сьпярша занялі расейскія, а потым швэдзкія войскі. 8 (19) ліпеня 1708 году, пабачыўшыя дагэтуль шмат пакутаў ад расейцаў, магілёўцы хлебам-сольлю сустракалі швэдаў і іх караля, урачыста ўехаўшага ў места празь Віленскую браму, а бурмістар Магілёва ўручыў манарху на чырвоным рушніку сымбалічны ключ ад места[39]. Аднак за гэта Магілёў заплаціў вельмі дорага: 8 верасьня 1708 году расейскія войскі на загад маскоўскага гаспадара Пятра I цалкам спалілі места[40]. На 1745 год у Магілёве быў 1301 будынак[16], працавалі некалькі цагельняў — «Антона Апоці», «паноў Батвіньнікаў», «Дарошкі з братам Сапрончыкаў». На тэрыторыі пасадаў знаходзіліся «ізба цэху шавецкага… цэх гарбарскі… дом цэхавы пякарскі… цэх шавецкі», непадалёку ад царквы Сьвятога Міколы — «цэх алейніцкі». Тут жылі злотнікі (ювэліры), алейнікі, дойліды, бондары, хлебнікі, багамазы (іканапісцы), шкляры, шаўцы і кавалі. На 1756 год дзеялі 9 цэркваў і 2 манастыры, 2 уніяцкія цэрквы (Дальняя Ўваскрасеньня Хрыстова і Покрыва Багародзіцы), 6 касьцёлаў і 3 кляштары (кармэлітаў, езуітаў і бэрнардынаў). На 1765 год у месьце налічвалася 1879 будынкаў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Магілёў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам аднайменнай губэрні. 22 лістапада 1773 году тут разьмясьціўся цэнтар Беларускай рымска-каталіцкай дыяцэзіі, пры якой адкрыліся сэмінарыя і акадэмія. У 1780 годзе ў месьце адбылася сустрэча паміж імпэратрыцай расейскай Кацярынай II і імпэратарам аўстрыйскім Ёзэфам, у гонар чаго заклалі саборную царкву Сьвятога Ёсіфа. У 1781 годзе расейскія ўлады даравалі Магілёву новы герб, таксама з выявай Пагоні. У канцы ХVІІІ ст. у месьце было 22 вуліцы, 32 завулкі, 2000 будынкаў; працавалі 33 прадпрыемствы, у тым ліку 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельні, 2 вадзяныя млыны, каля 240 крамаў, праводзілася 3 кірмашы на тыдзень.
Гісторык Вітаўт Кіпель зазначае, што ў пачатку XIX ст. у ЗША існаваў гурток «літоўскай шляхты» з Магілёва і зь Віцебшчыны. Гэта сьведчыць пра тое, што перасяленцы з анэксаванага Расейскай імпэрыяй ВКЛ акцэнтавалі ўвагу на тым, што яны ліцьвіны, што яны паходзяць зь Літвы, а ня Польшчы[41].
У 1809 годзе на базе расейскай народнай вучэльні (дзеяла з 1789 году) адкрылася Магілёўская гімназія. У ходзе вайны 1812 году места на пэўны час занялі францускія войскі. У 1838 годзе пачала выдавацца газэта «Могилевские губернские ведомости». У 1848—1856 гадох празь места прайшла шаша, у 1902 годзе — Пецярбурска-Адэская чыгунка. У 1867 годзе ў Магілёве заснавалі музэй, у 1888 годзе завяршылася будаваньне мескага тэатру. У 1879 годзе зьявіўся водаправод. У часе Ўсерасейскага перапісу 1897 году 12 847 магілёўцаў (або 29,79% ад усіх месьцічаў) назвалі роднай мовай беларускую, што было найвышэйшым паказьнікам сярод усіх местаў на этнічнай тэрыторыі беларусаў.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў жніўні 1915 — лютым 1918 году ў Магілёве знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага[42], тут спыняўся маскоўскі гаспадар Мікалай II. 16 студзеня 1918 году бальшавікі правялі масавыя арышты дзеячоў польскай супольнасьці ў Магілёве; аднаго зь іх, ксяндза Эўгенюша Сьвятаполк-Мірскага, пазьней забілі[43]. У лютым 1918 году места занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Магілёў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Яшчэ па Лютаўскай рэвалюцыі ў сакавіку 1917 году ўтварыўся Магілёўскі беларускі камітэт (Магілёўскі беларускі арганізацыйны камітэт, Магілёўская беларуская рада), які дзеяў да восені 1918 году. Адным з арганізатараў, а пазьней старшынём МБК быў Міхаіл Кахановіч. З ініцыятывы МБК 31 сакавіка 1918 году прайшоў агульнамескі сход (каля 400 дэлегатаў), які пастанавіў падтрымаць утварэньне БНР. У гэты час, апроч Беларускай рады, у месьце дзеяў рээвакуацыйны пункт для беларускіх уцекачоў[44]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Магілёў увайшоў у склад Беларускай ССР[45], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Магілёў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам акругі і раёну (з 1938 году цэнтар Магілёўскай вобласьці).
У Другую сусьветную вайну ў ліпені 1941 году Магілёў занялі войскі Трэцяга Райху. Акупанты стварылі Лупалаўскі лягер сьмерці, гета ў раёне Дубравенкі, перасыльны лягер для ваеннапалонных. Загінула 70 тысячаў чалавек. У Магілёве дзеяла падпольле. У ноч з 27 на 28 траўня 1943 году места бамбавала савецкая авіяцыя. У час бамбаваньня загінула ня толькі каля 4 тысячаў нямецкіх салдатаў, але і шмат цывільнага насельніцтва: магілёўцы гінулі цэлымі сем’ямі, большасьць зь іх хавалі ў братэрскіх магілах. 123 сям’і з тых хто выжыў, але найбольш пацярпеў, атрымаў кампэнсацыю ад нямецкіх уладаў у выглядзе прадуктаў, тканіны і іншых рэчаў. У час гэтага бамбаваньня было таксама зьнішчана шмат помнікаў сакральнай і грамадзянскай архітэктуры, асабліва ў гістарычным цэнтры[46]. У чэрвені 1944 году места занялі савецкія войскі 2-га Беларускага фронту ў час Магілёўскай апэрацыі.
У паваенны час Магілёў часткова адбудавалі. У 1946 годзе тут адкрыўся першы аўтобусны маршрут, у 1970 годзе адбыўся пуск тралейбуса.
У 2005 годзе гістарычны герб Магілёва атрымаў афіцыйны статус, хаця ён шырока выкарыстоўваўся ўжо з пачатку 1990-х гадоў. 25 — 31 сакавіка 2018 году ў месьце прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысьвечаных сьвяткаваньню 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, у тым ліку экскурсія мясьцінамі, зьвязанымі з БНР і канцэрт з удзелам мясцовага гурту Lis, а таксама Юрася Несьцярэнкі і Андруся Такінданга[47]. Раней жыхары Магілёва падавалі заяўку на інфармацыйны пікет у цэнтры места, аднак улады прапанавалі перанесьці яго на стадыён (вуліца Чалюскінцаў), удалечыні ад людных вуліцаў, таму арганізатары ня сталі яго праводзіць[48]. 16 жніўня 2020 году ў Магілёве прайшоў Марш за свабоду[49].
Галерэя
рэдагавацьАкварэлі канца XVIII стагодзьдзя
рэдагаваць-
Панарама з боку Дняпра. Ю. Пешка
-
Рынак з боку Старога замка. М. Львоў
-
Панарама з боку ўтокі Дубравенкі ў Дняпро. М. Львоў
-
Ратуша. М. Львоў
-
Касьцёл кармэлітаў. М. Львоў
-
Агульны выгляд з Старабыхаўскага кірунку. М. Львоў
-
Царква саборная Сьвятога Ёсіфа. М. Львоў
Гістарычная графіка
рэдагаваць-
Рынак і ратуша, XIX ст.
-
Спаская царква, 1844 г.
-
Барысаглебская царква. Д. Струкаў, 1864—67 гг.
-
Касьцёл кармэлітаў, 1871 г.
-
Ратуша, 1871 г.
-
Касьцёл бэрнардынаў. Н. Орда, 1877 г.
-
Царква саборная Сьвятога Ёсіфа, 1882 г.
-
Панарама з боку Дубравенкі, 1882 г.
Гістарычныя здымкі
рэдагаваць-
Могілкавая царква
-
Школішча. Сынагога
-
Чарнігаўская брама
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Будынак царквы ёсьць на нямецкіх здымках сьнежня 1943 году, але яго ўжо няма на здымках вясны 1944 году. Відаць, у канцы зімы — пачатку вясны 1944 году царкву зьнішчыла савецкая авіяцыя ў выніку авіяналёту
- ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[27] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[28]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Устрялов Н. История царствования Петра Великого. Т. 2. — СПб., 1858. С. 483.
- ^ Ojczyzna. Nr. 53, 1865. S. 3.
- ^ Археографический сборник документов: относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 2. — Вильна, 1867. С. XV.
- ^ Gazeta Polska. Nr. 217, 1871. S. 2;. Nr. 186, 1881. S. 3; Nr. 207, 1881. S. 3; Nr. 208, 1881. S. 3; Nr. 209, 1881. S. 3; Nr. 213, 1881. S. 3.
- ^ Polski Lud. Nr. 8, 1892. S. 5.
- ^ Житецкий П. Странствующие школьники в старинной Малороссии // Киевская старина. Т. 36, 1892. С. 196.
- ^ Gazeta Narodowa. Nr. 116, 1897. S. 1.
- ^ Pisarze dziejów polskich. T. 19. — Kraków, 1907. S. 320.
- ^ Kurjer Litewski. Nr. 90, 1908. S. 3; Nr. 163, 1909. S. 3.
- ^ Chwalewik E. Zbiory polskie. — Kraków, 1916. S. 84.
- ^ Robotnik. Nr. 147, 1919. S. 2.
- ^ Mala Encyklopedya Polska przez S. P. T. 1. — Leszno i Gniezno, 1841. S. III.
- ^ Марзалюк І., Марзалюк А. Магілёў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 243—244.
- ^ Дзьве даты 24 сакавіка // Зьвязда : газэта. — 24 сакавіка 2012. — № 57 (27172). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ Сімволіка. Гербы краю(недаступная спасылка), Магілёўская абласная бібліятэка
- ^ а б в г д Марзалюк І., Марзалюк А. Магілёў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 244.
- ^ Караткевіч В., Чарняўская Т. Магілёў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Менск: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1986—1988. С. 44—50.
- ^ Сын Отечества. Т. 11. — СПб., 1839. С. 93—94.
- ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 88.
- ^ Служилые люди Сибири конца XVI — начала XVIII века. — М.; СПб., 2020. С. 974.
- ^ Белорусы в Сибири. — Новосибирск: Изд-во Ин-та истории СО РАН, 2000. С. 60.
- ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 179.
- ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 201.
- ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 206.
- ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 207.
- ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 210.
- ^ Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
- ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
- ^ Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 3. — СПб., 1861. С. 63.
- ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 235.
- ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 248.
- ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 2. — СПб., 1894. С. 376.
- ^ Русско-белорусские связи во второй половине XVII в. (1667—1686 гг.). Сборник документов. — Мн., 1972. С. 158—160.
- ^ Русско-белорусские связи во второй половине XVII в. (1667—1686 гг.). Сборник документов. — Мн., 1972. С. 193—195.
- ^ Die Matrikel der Albertus-Universität zu Königsberg i. Pr. 1544—1829. Bd. 2: Die Immatrikulationen von 1657—1829. — Leipzig, 1911/1912. S. 470.
- ^ Беларускія летапісы і хронікі: пер. са старажытнарус., старабел., пол. / склад. У. Арлоў; рэд. В. Чамярыцкі. — Менск: Беларускі кнігазбор, 1997. С. 294.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- ^ Магілёў у падарожных нататках і ўспамінах гасцей горада. 1678—1918 / Перакладчык і ўкладальнік Алег Давід Лісоўскі. — Гомель: Барк, 2017. С. 14.
- ^ Разянкоў М. Швэды на тэрыторыі сучаснае Магілёўшчыны ў час Вялікай Паўночнай вайны // Крывія. №33, лістапад 2014. С. 9.
- ^ Арлоў У. Якая роля ў нашай гісторыі належыць Пятру I? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 47.
- ^ Кіпель В. Да гісторыі беларускай эміграцыі ў ЗША // Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. № 29, 2005. С. 32.
- ^ Обзорный очерк // Могилёв : энцикл. справочник. — Мн., 1990. — С. 21
- ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 117.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Як савецкая авіяцыя бамбіла Магілёў у 1943-м годзе: цывільнае насельніцтва гінула сем’ямі, Радыё Свабода, 21 ліпеня 2015 г.
- ^ Як Магілёў адзначыў 100 гадоў БНР, Белсат, 2 красавіка 2018 г.
- ^ У Магілёве забаранілі пікет да #БНР100, Радыё Свабода, 19 сакавіка 2018 г.
- ^ У Магілёве адбывалася найбуйнейшая акцыя пратэсту за часы прэзыдэнцтва Лукашэнкі. ФОТА, Радыё Свабода, 16 жніўня 2020 г.
Літаратура
рэдагаваць- Агееў А. Фарміраванне і дзейнасць Магілёўскага Беларускага Камітэта (1917—1918): манаграфія / А. Агееў, І. Пушкін. — Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2017. — 292 с.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2008. — 728 с. ISBN 978-985-11-0409-9.
- Пушкін І. Гістарычная і культурная спадчына горада Магілёва. — Магілёў: МДУХ, 2006. — 150 с.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885.