Магілёўскі Мікольскі манастыр
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Магілёўскі Мікольскі манастыр
| |
Магілёўскі Мікольскі манастыр
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Магілёў |
Каардынаты | 53°53′37″ пн. ш. 30°20′44″ у. д. / 53.89361° пн. ш. 30.34556° у. д.Каардынаты: 53°53′37″ пн. ш. 30°20′44″ у. д. / 53.89361° пн. ш. 30.34556° у. д. |
Канфэсія | праваслаўе |
Эпархія | Магілёўская эпархія |
Архітэктурны стыль | Магілёўская школа дойлідзтва |
Першае згадваньне | 1636 |
Статус | Ахоўная зона |
Магілёўскі Мікольскі манастыр | |
Магілёўскі Мікольскі манастыр на Вікісховішчы |
Магілё́ўскі Міко́льскі манасты́р — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Магілёве. Знаходзіцца на Падмікольлі, у абалоне Дняпра. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры магілёўскага барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ад рэканструкцыі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Комплекс складаецца з Мікольскай і Ануфрыеўскай цэркваў, званіцы, жылога корпуса і агароджы з уязной брамай.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУ 1636 годзе кіеўскі мітрапаліт Пётар (Магіла) атрымаў прывілей ад караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы на будаваньне ў Магілёве царквы Сьвятога Мікалая[1]. За кіраваньнем Магілёўскай япархіяй Сільвестрам (Косавам) у 1637 годзе збудавалі часовую драўляную Мікольскую царкву. Будаваньне неацепленнай мураваная царквы пачалося ў 1669 годзе, а ў 1672 годзе яе асьвяціў япіскап Феадосі I (Васілевіч)[2].
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) манастыр пацярпеў ад нападу швэдаў, а пазьней — па захопе Магілёва расейскімі войскамі — ад татарскіх і калмыцкіх палкоў маскоўскага гаспадара Пятра I: комплекс падпалілі і ён атрымаў пашкоджаньні ў час пажару. У 1719 годзе апошнія манашкі перасяліліся ў Баркулабаўскі манастыр. У гэты час пачаў дзеяць мужчынскі манастыр, які праіснаваў да 1754 году.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Магілёў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, комплекс канчаткова перайшоў у валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1793 годзе за архіяпіскапам Георгіем (Каніскім) пачалося будаваньне зімовай ацепленай царквы, якую ў 1798 годзе асьвяціў архіяпіскап Анастасі (Раманенка-Братаноўскі) пад тытулам Сьвятога Ануфрыя.
У Першую сусьветную вайну з жніўня 1915 да лістапада 1917 году ў Магілёве знаходзілася стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага Расейскай імпэрыі і маскоўскі гаспадар Мікалай II з сваёй вялікай сям’ёй у час знаходжаньня ў стаўцы наведваў Мікольскую царкву[3].
Найноўшы час
рэдагавацьЗа савецкім часам царкоўная рэчы манастыра канфіскавалі, а іканастас зьнішчылі. У 1934 годзе па сьмерці сьвятара Міхаіла Пляшчынскага Мікольскую царкву зачынілі. У 1937 годзе ў Мікольскай царкве разьмясьцілася перасыльная турма, якая працавала тут да 1941 году. З 1946 году ў Мікольскай царкве разьмяшчалася кніжная база. У 1956—1990 гадох у манастырскім комплексе праводзіліся рэстаўрацыйныя работы.
У 1991 годзе будынкі манастыра перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату, першай настаяцелькай манастыра па яго аднаўленьні стала ігуменьня Яўгенія (Валашчук). Таго ж году ў час рэканструкцыі манастыра адшукалі шматлікія чалавечыя парэшткі. Відаць, гэта былі ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў[4], бо ў канцы 1930-х гадоў на тэрыторыі Мікольскай царквы знаходзілася турма. 28 сакавіка 1991 году асьвяцілі зімовую Ануфрыеўскую царкву. 5 жніўня 1993 году ў Ануфрыеўскай царкве прайшло паседжаньне Сыноду Беларускай праваслаўнай царквы, на якім да ліку мясцовашанаваных сьвятых прылічылі Георгія (Каніскага). У 1995 годзе да Мікольскай царквы падвялі ацяпленьне. У 1996 годзе пры манастыры заснавалі сястрыцтва ў імя сьвятых мучаніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Соф'і. Таго ж году збудавалі 2-павярховы корпус для сёстраў. Улетку 2000 году, у час кананізацыі Мікалая II Расейскай праваслаўнай царквой у Магілёве адшукалі партрэт маскоўскага гаспадара, які цяпер асьвечаны як абраз і разьмяшчаецца ў левай прыбудоўцы Мікольскай царквы, названай у гонар «Святых царственных мучеников». Да абраза прымайстравалі 5-рублёвую манэту, якую Мікалай II падараваў хлопчыку Сямёну Халімаву ў час наведваньня царквы. 4 сьнежня 2010 году настаяцелькай манастыра прызначылі ігуменьню Эўфрасіньню.
У 2018 годзе ў выніку рэканструкцыі над дахам брамы паставілі вялікі купал-цыбуліну[5].
Архітэктура
рэдагавацьАгароджа з уязной брамай
рэдагавацьАгароджа з уязной брамай — мураваная глухая сьцяна, дэкараваная аркатурным пасам, атачае трапецападобную тэрыторыю, мае 2 уваходы з заходняга і паўднёвага бакоў. У заходнім — галоўная ўязная брама: масіўная сьцяна з лучковым праёмам у цэнтры, накрытая 2-схільным дахам. У паўднёва-ўсходнім баку агароджы ўзвышаецца невялікая 1-ярусная квадратная ў пляне шатровая капліца.
Ануфрыеўская царква
рэдагавацьЦарква Сьвятога Ануфрыя — крыжова-купальная базыліка, у аб’ёмнай кампазыцыі якой дамінуе сфэрычны купал на сьветлавым цыліндрычным барабане. Крылы трансэпта завяршаюцца трыкутным франтонам і дэкаруюцца пілястрамі.
Мікольская царква
рэдагавацьЦарква Сьвятога Мікалая — 3-апсыдная крыжова-купальная базыліка з 8-гранным сьветлавым барабанам і купалам-баняй над сяродкрыжжам. Да цэнтральнага нэфу з захаду далучаецца прытвор. Галоўны фасад падзяляецца карнізамі на 3 ярусы і завяршаецца 2 вежамі зь фігурным франтонам паміж імі. Першы масіўны ярус аздабляецца 3 роўнымі паўцыркульнымі нішамі на ўсю вышыню і ёсьць п’едэсталам да наступных ярусаў. Другі дэкаруецца «глухой» аркатурай, пілястры якой пакрывае ляпны расьлінны арнамэнтам, злучанымі нішамі з гіркамі. У трэцім ярусе аркатурны матыў з паўкалёнкамі выяўляецца больш дэталёва. Бакавыя фасады падзяляюцца высокімі пілястрамі. Крылы трансэпта завяршаюцца фігурнымі шчытамі. Аконныя праёмы паўцыркульныя і лучковыя.
Інтэр’ер царквы аздабляецца манумэнтальным малярствам XVII — пачатку XIX ст. Захаваўся зроблены мясцовымі майстрамі да 1672 году 4-ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота), увенчаны скульптурным укрыжаваньнем у абрамленьні пышнай разьбы.
Званіца
рэдагавацьЗваніца — квадратная ў пляне 2-ярусная пабудова, накрытая невысокім шатровым дахам. Першы ярус глухі, чацьверыковы, яго вуглы ўмацоўваюцца пілястрамі, грані дэкаруюцца аркавымі нішамі. Другі ярус — шасьцерыковы — мае аркавыя праёмы (праз адну на кожнай грані)[6].
Жылы корпус
рэдагавацьЖылы корпус (шпіталь) — 1-павярховы прастакутны ў пляне будынак. Гладкія сьцены падзяляюцца прастакутнымі аконнымі праёмамі. Тарцовы фасад, што далучаецца да паўднёвай брамы, завяршаецца шчытом фігурнага абрысу, дэкараваным 3 злучанымі аркавымі нішамі[7].
Галерэя
рэдагавацьГістарычная графіка
рэдагаваць-
М. Львоў, каля 1800 г.
-
А. Бусырскі, 1830-я гг.
-
1916 г.
Гістарычныя здымкі
рэдагаваць-
1917 г.
-
М. Вінаградаў, 12.12.1917 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
А. Вінэр, 1939 г.
-
А. Вінэр, 1939 г.
-
1941 г.
-
1941 г.
-
ліпень 1941 г.
-
ліпень 1941 г.
-
1941—1944 гг.
-
1941—1944 гг.
-
1942 г.
-
1944 г.
-
па 1944 г.
Сучасныя здымкі
рэдагаваць-
Дарога да манастыра
-
Манастыр узімку
-
Жылы корпус
-
Брама па надбудове купала-цыбуліны
-
Царква Сьвятога Мікалая
-
Іканастас Мікольскай царквы
-
Царква Сьвятога Ануфрыя
-
Званіца
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Чарняўская Т. Магілёўскі Мікольскі манастыр // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 252.
- ^ Свято-Никольский женский монастырь г. Могилёва. — Могилев: Издание Свято-Никольского женского монастыря, 2006.
- ^ Мікалай II у Магілёве, Туризм и отдых (рас.)
- ^ У Магілёўскім манастыры знайшлі рэшткі ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў, Хартыя’97, (рас.)
- ^ Минкульт требует убрать «луковицу», самовольно установленную православной общиной на 200-летнюю усадьбу, TUT.BY, 5.06.2020 Г.
- ^ Чарняўская Т. Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 282.
- ^ Чарняўская Т. Магілёўскі Мікольскі манастыр // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 253.
Літаратура
рэдагаваць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Свято-Никольский женский монастырь г. Могилёва. — Могилев: Издание Свято-Никольского женского монастыря, 2006.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 511Г000017 |