Магілёўскі замак
Помнік абарончай архітэктуры | |
Магілёўскі замак
| |
Магілёўскі замак. В. Вашчанка, 1702 г.
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Магілёў |
Каардынаты | 53°53′38.15″ пн. ш. 30°19′39.79″ у. д. / 53.8939306° пн. ш. 30.3277194° у. д.Каардынаты: 53°53′38.15″ пн. ш. 30°19′39.79″ у. д. / 53.8939306° пн. ш. 30.3277194° у. д. |
Дата заснаваньня | 1526 г. |
Статус | Ахоўная зона |
Магілёўскі замак | |
Магілёўскі замак на Вікісховішчы |
Магілёўскі замак — помнік архітэктуры XVI—XVII стагодзьдзяў у Магілёве. Знаходзіўся на высокім узгорку пры ўтоку ракі Дубравенкі ў Дняпро, на месцы бескурганнага могільніка XII—XIII стагодзьдзяў. Твор архітэктуры рэнэсансу. Да нашага часу захаваліся падмуркі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПаводле Баркулабаўскага летапісу, замак у Магілёве збудавалі ў 1526 годзе: «Лета 1526 большой замок зароблен и принято много горы Могилы, на которой теперь замок Могилев стоит». Гэта пацьвярджаюць археалягічныя зьвесткі. У XVI ст. замак меў драўляныя ўмацаваньні зрубнай канструкцыі, цэйхгаўз для зброі і вайсковага рыштунку. Уначы яго ахоўвала варта. У ваенны час замак абаранялі жыхары Магілёва і воласьці[1].
13 снежня 1595 году замак спалілі ў час выступленьня С. Налівайкі, аднак хутка аднавілі, пра што сьведчыць інвэнтар Магілёва за 1604 год. У 1633 годзе замак згарэў. У 1638 годзе яго аднавілі, меў выгляд астрога з 2 брамамі.
У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў з 6 лютага да 1 траўня 1655 году замак вытрымаў аблогу казацкіх войскаў, ад падкопаў замкавы вал моцна пацярпеў. У 1655—1660 гадох замак аднавілі і рэканструявалі: з трох бакоў збудавалі бастыёны, на дзядзінцы — разнастайныя гаспадарчыя пабудовы. У 1664 і 1708 гадох пацярпеў ад пажараў[2].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Магілёў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, замак інтэнсіўна разбураўся. У пачатку XIX ст. ліквідавалі бастыённыя ўмацаваньні. Неўзабаве на месцы замка разьбілі Сад Дэмбавецкага.
Найноўшы час
рэдагавацьУ 1982 годзе археалягічныя дасьледаваньні замка праводзіў М. Ткачоў, у 1990 годзе — З. Яцкевіч, у 1992—1996 гадох — І. Марзалюк[3].
У 2007 годзе ў ходзе няўзгодненага з археолягамі будаваньня «храма-помніка» ў імя «Святых царственных мучеников и новомучеников и исповедников XX века» будаўнікі зьнішчылі культурны слой замка[4].
Архітэктура
рэдагавацьДзядзінец замка меў форму, блізкую да чатырохкутніка (плошча больш за 1 га). З захаду пляцоўка дзядзінца ўзвышалася над далінай Дубравенкі на 20 м, з поўдня — над далінай Дняпра на 25 м, з усходу — на 14 м, з поўначы ўмацоўваўся ровам[5]. Умацаваны пэрымэтрам пяскова-гліняным абарончым валам (вышынёю 5 м, шырынёю ў аснове каля 16 м), на якім паводле інвэнтару 1604 году стаялі 7 вежаў (зь іх 2 вежы-брамы з пад’ёмнымі мастамі), злучаных сьценамі-гароднямі, накрытымі гонтавымі стрэшкамі. Вежы (тры 5-ярусныя, чатыры 4-ярусныя; ніжнія ярусы 4-гранныя, верхнія — 8-гранныя) былі накрытыя 4-схільнымі дахамі з драніц. Сьцены гародняў і вежаў мелі таўшчыню ў 1—2—3 бервяны, з боку поля іх рабілі больш магутнымі і звычайна абмазвалі глінай. На адной зь вежаў быў бронзавы звон. З замка вялі патаемныя хады да Дняпра і Дубравенкі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Марзалюк І., Ткачоў М. Магілёўскі замак // БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 466.
- ^ Ткачоў М. Магілёўскі замак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 251.
- ^ Марзалюк І., Ткачоў М. Магілёўскі замак // БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 467.
- ^ Заведзена справа супраць будаўнікоў храма на Магілёўскім замчышчы // Наша Ніва, 14 ліпеня 2007.
- ^ Ткачоў М. Магілёўскі замак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 250.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Ткачев М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачев. — Мн.: Беларусь, 2002. — 200 с.: ил. ISBN 985-07-0418-7.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 513В000003 |
- Алег Дзьячкоў, Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або “Магіла Льва”, Наша слова, 29 чэрвеня 2021 г.