Францішак Аляхновіч
Франці́шак Ка́ралевіч Аляхно́віч (9 сакавіка 1883, Вільня — 3 сакавіка 1944, Вільня) — беларускі драматург, тэатральны дзяяч, публіцыст і празаік.
Францішак Каралевіч Аляхновіч | |
![]() Францішак Аляхновіч, 1921 год | |
![]() Герб Ляліва | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | Я.Монвід; І.Монвід; Ю.Монвід[1] |
Нарадзіўся | 9 сакавіка 1883 Вільня |
Памёр | 3 сакавіка 1944 (60 гадоў) Вільня |
Пахаваны | |
Род | Аляхновічы |
Бацькі | Караль Аляхновіч[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | драматург, тэатральны дзяяч, публіцыст, празаік |
Мова | беларуская |
Дэбют | «На Антокалі» (1905) |
Значныя творы | «У капцюрох ГПУ» |
Творы на сайце Knihi.com | |
Старонка прысьвечаная аднаму са стваральнікаў беларускага тэатра драматургу, рэжысэру, артысту, рэдактару, мастаку, публіцысту Францішку Аляхновічу |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Аляхновіч.
Яго аповесьць «У капцюрох ГПУ» зьяўляецца адным з раньніх твораў сусьветнай літаратуры, які апісвае жыцьцё ў сталінскім канцэнтрацыйным лягеры непасрэдна з погляду арыштанта.
П’есы Францішка Аляхновіча актыўна ставіліся аматарскімі і паўпрафэсійнымі калектывамі Заходняй Беларусі, Латвіі, Чэхіі і найбольш трупай Уладзіслава Галубка[2]. За плённую працу Францішка Аляхновіча на ніве тэатру яшчэ пры жыцьці яму прысвоілі званьне «бацькі навейшай беларускай драматургіі»[3].
Сям’яРэдагаваць
18 красавіка 1882 году Караль Аляхновіч, маючы 29 гадоў, ажаніўся з шляхцянкай Марыяй з Марковічаў. Злучыў іх шлюбам ксёндз Раман Казлоўскі ў касьцёле Сьвятой Тэрэзы на Вострабрамскай вуліцы[4].
Маці Марыя з Марковічаў (памылкова[4] ў некаторых выданьнях[5] — з Наркевічаў) памерла на 75 годзе жыцьця, па сьмерці мужа ажанілася на савецкім службоўцу з прозьвішчам Клім.
Бацька, Караль Іванавіч Аляхновіч, нашчадак зьбяднелага шляхетнага роду з-пад Радашкавічаў быў прафэсійным скрыпачом і працаваў у розных віленскіх тэатральных аркестрах[6].
Меў стрыечнага брата Францішка Ўмястоўскага[7].
Кумамі Францішка сталі Рафаіл Ягела і Людвіка Марковіч (удава). Асіставалі на хросце Юльян Бурбекл і Юзэфа Аляхновіч (дзеўка, як зазначана ў дакумэнце)[4].
БіяграфіяРэдагаваць
МаленстваРэдагаваць
Нарадзіўся 9 сакавіка 1883 году ў Вільні. 21 красавіка адбыўся хрост[4]. Упершыню бацька ўзяў Францішка на спэктакль, калі таму было ўсяго пяць гадоў[8]. Раньняе знаёмства з тэатральнымі падмосткамі абумовіла шчырае захапленьне юнака тэатральнай справай, што ў выніку перарасло ў сталае жаданьне Францішка стаць акторам. Зрэшты, гэтае захапленьне стала крыніцай і першых юнацкіх непрыемнасьцяў. Усё, што было па-за тэатральным мастацтвам, не цікавіла юнага Францішка і ў выніку перашкодзіла яму атрымаць сыстэмную агульную адукацыю (за хранічную непасьпяховасьць ён быў выключаны з 5 клясы Віленскай гімназіі, таксама няўдала скончыў навучаньне ў Віленскай хіміка-тэхнічнай школе)[9].
Цікавым фактам зьяўляецца тое, што юны Францішак, яшчэ будучы вучнем Віленскай гімназіі, спатыкаўся з старэйшым за яго на тры клясы Фэліксам Дзяржынскім, які пазьней працаваў рэпэтытарам у сваякоў будучага драматурга ў маёнтку Борце, недалёка ад Вільні[10].
АдукацыяРэдагаваць
Бацькі ўжо не пярэчылі Францішку паступіць у Кракаўскую драматычную школу. Да самога Кракава ён дабіраўся праз прыгранічнае мястэчка Дамброва пад выдумленым імем «Андрэй Кулеша». Прыгранічныя жыхары мястэчка мелі права чатыры разы ў год браць «пшэпуску» на выезд за граніцу. 19-гадовы Францішак у прывакзальным шынку зьвярнуўся па дапамогу да нейкага Кулешы, які выставіў будучага драматурга за свайго пляменьніка і дапамог яму атрымаць пропуск на імя 25-гадовага Андрэя Кулешы[11].
Па прыбыцьці ў Кракаў быў вымушаны перасядзець год вольным слухачом на гісторыка-літаратурным факультэце Ягелонскага ўнівэрсытэту праз адсутнасьць у школе набору на 1903/04 год[9].
Увосені 1904 году перабіраецца ў Варшаву, дзе паступае ў Драматычную школу пры Музычным таварыстве, якую сканчвае ў 1907 годзе. Пазьней толькі год папрацаваўшы акторам аднаго з польскіх вандроўных тэатраў, вяртаецца назад у Вільню і вырашае прысьвяціць сябе журналістыцы. Імаверна, з прычыны расчараваньня руціннасьцю і несамавітасьцю правінцыйнага тэатру[9]. З 1908 году ў Вільні[2]. Спачатку ён працуе рэпартэрам у віленскіх газэтах, а потым выдае гумарыстычны часопіс на польскай мове «Пэркунас».
Беларускі асяродакРэдагаваць
На гэты час прыпадае збліжэньне Францішка Аляхновіча з актывістамі асяродку «Нашай Нівы», што прадвызначыла ягоную ролю ў беларускім нацыянальным руху.
У канцы студзеня 1910 году Францішак Аляхновіч разам з Ігнатам Буйніцкім і Аляксандрам Бурбісам рэжысуе пастаноўку перакладзенай з украінскай мовы на беларускую аднаактавай п’есы М. Крапіўніцкага «Па рэвізіі», адначасова выконваючы і ролю актора[12]. Гэта быў першы беларускамоўны спэктакль у Вільні. Ён меў сэнсацыйны посьпех[9].
ЛукішкіРэдагаваць
Неўзабаве пасьля гучнай тэатральнай пастаноўкі, рэдагуючы гумарыстычны тыднёвік «Пэркунас», Францішак Аляхновіч надрукаваў залішне крамольны артыкул, па якім яго абвінавачваюць у «стремлении к ниспровержению существующего строя» ды ў «возложении хулы на бесплотные силы небесные»[13].
Атрымаўшы позву ў суд, Ф. Аляхновіч туды не зьяўляецца, а ўцякае ў Галіччыну, дзе ў Львове і Кракаве пад псэўданімам «Юры Монвід», якім будзе пазьней падпісваць свае творы, іграе ў розных польскіх тэатрах. Разьлічваючы на абвешчаную ў сувязі з 300-годзьдзем дома Раманавых амністыю, ён вяртаецца ў 1913 году на радзіму, але пазьбегнуць судовай адказнасьці не ўдаецца[14]. Яму даравалася зьневажаньне толькі «сіл зямных», а за зьнявагу «сіл нябесных» трэба было адседзець год у Лукішках[15]. У астрозе Аляхновіч пачынае пісаць свой першы сцэнічны твор — камэдыю «На Антокалі», спачатку па-польску, а пасьля турмы, у 1915 годзе, перарабляе яе і перакладае на беларускую мову[14]. Камэдыя пабачыла сьвет на старонках віленскай газэты «Гоман».
Першая сусьветная вайнаРэдагаваць
Заканчэньне тэрміну пакараньня Францішка супала з пачаткам Першай сусьветнай вайны. Аўтар працаваў маляром, пажарнікам, кантралёрам электрасетак і адказным рэдактарам за «лацінскія» нумары «Гомана».
Віленскі пэрыяд тэатральнай дзейнасьці 1916—1918 гг. быў для Ф. Аляхновіча вельмі плённым. У пачатку 1916 году ў Вільні арганізоўвае тэатральны гурток Беларуская драматычная дружына[2], сіламі якога 15 кастрычніка й 5 лістапада 1916 году ставіцца беларускі спэктаклі па матывах «Хама», з жыцьця вёскі «У зімовы вечар» і камэдыі «Міхалка» Элізы Ажэшкі[16][17][18]. 26 сьнежня 1916 году ажыцьцяўляецца пастаноўка п’есы «На Антокалі»[19][15]. З гэтага часу спэктаклі драматычнага гуртка становяцца рэгулярнымі, і аб ім пачынаюць гаварыць, як пра тэатар Францішка Аляхновіча[18].
Адкрываючы тэатральны сэзон 1917 году, Ф. Аляхновіч бярэцца за напісаньне п’есаў, якія б адпавядалі запатрабаваньням часу — уздыму нацыянальнай самасьвядомасьці. Аўтар стварае пяць п’ес: «Бутрым Няміра» (некаторыя крыніцы датуюць яе 1916 годам[15]), «Базылішка», «У лясным гушчары», «Кветка-папараць» і «Калісь». Таксама піша шматлікія празаічныя творы, сярод якіх вылучаецца аповесьць спавядальнага характару «Пісьмы да яе»[18].
Пры ўсёй ахвярнасьці сваёй справе, пісьменьнік сутыкаецца зь вялікімі матэрыяльнымі цяжкасьцямі. Ратуючыся ад голаду, аўтар перабіраецца ў Чорны Бор пад Вільняю, дзе працуе настаўнікам у беларускім дзіцячым прытулку «Золак»[15], які арганізаваў «Камітэт помачы пацярпелым ад вайны» братоў Луцкевічаў. Тут Францішак Аляхновіч стварыў дзьве дзіцячыя п’есы: казку «У лясным гушчары» і інсцэніроўку па паэмах Канстанцыі Буйло і Янкі Купалы «Папараць-кветка». Акрамя таго, ім была напісана тут п’еса «Калісь», зь якою ў творчасьць аўтар ўвайшла тэма, не зусім для яго характэрная, — тэма рэвалюцыі[18].
МенскРэдагаваць
У чэрвені 1918 году пераапрануты фурманам Францішак Аляхновіч накіроўваецца ў Менск, дзе ў гэты час актыўна працавала трупа Беларускага дзяржаўнага тэатру (будучы Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы) рэарганізаванага з закладзенага ў траўні 1917 году Першага таварыства беларускай драмы і камэдыі. Паводле словаў Максіма Гарэцкага:
Дачуўшыся аб шырокай беларускай рабоце ў Менску, Аляхновіч безь нямецкага пропуска, пехатою, бяз грошай у кішэні пусьціўся ў дарогу. Пераапрануўшыся фурманам, ён зь нейкімі засьцянковымі шляхцянкамі перабраўся празь лінію старога фронту (каля Маладэчна) і, абарваны, босы, з ранамі на нагах, пасьля васьмідзённага падарожжа прайшоў у Менск[20]
Для сваёй першай пастаноўкі ў Менску Аляхновіч абраў гістарычную драму «Бутрым Няміра», якая ўжо ішла ў Вільні і атрымала самыя лепшыя водгукі[14]. Ролю Няміры выканаў сам аўтар[15]. З гэтай нагоды беларускі літаратар Зьмітрок Бядуля пісаў:
Першы раз, можна сказаць, у Менску публіка бачыла ў беларускім тэатры праўдзівае штукарства, вытрыманае перш-наперш у самой рэчы, потым у ігры і дэкарацыі. Гэтай штукай п. Аляхновіча можна шчыра віншаваць[21].
Аўтар арганізоўвае ўласную трупу. Сёлета Францішак Аляхновіч ладзіць дзьве прэм’еры паводле сваіх новых п’есаў: камэдыі «Чорт і Баба» (1918) і трохактавай драме «Страхі жыцьця» (1918), якая сьведчыла аб звароце драматурга да новай для яго тэмы — тэмы інтэлігенцыі[14].
Савецка-польская вайнаРэдагаваць
З канцом нямецкай акупацыі і ўсталяваньнем на Беларусі савецкай улады ў Менску арганізуецца Беларускі пралетарскі тэатар (Ф. Аляхновіч — дырэктар, Ф. Ждановіч — рэжысэр), які ў хуткім часе мяняе назву на «Беларускі савецкі тэатар»[14]. Пазьней аўтар у сваёй кнізе «Беларускі тэатар» успамінаў:
Тэатральная работа пачынаецца з шырокім размахам. Спэктаклі ідуць па 3—4 у тыдзень. Праца кіпіць… Камісарыят народнай асьветы багата субсыдуе тэатар. Артысты з матэрыяльнага боку забясьпечаныя. Рэпэртуар узбагачаецца новымі творамі[14].
— Францішак Аляхновіч. «Беларускі тэатар», (1924)
Празь недахоп сцэнічных кадраў увесну 1919 году Ф. Аляхновіч выяжджае ў Вільню. Па сумяшчальніцтве выдае часопіс «Беларускае жыцьцё», супрацоўнічае з рэдакцыямі «Грамадзяніна» і «Руні»[22][23]. Аўтар знаходзіць сваю былую трупу і пачынае зь ёю ставіць спэктаклі, нават хоча арганізаваць дзяржаўны тэатар і ў Вільні, але польска-савецкая вайна перашкодзіла ажыцьцяўленьні яго намераў. У красавіку 1919 году палякі захопліваюць горад[14]. З пачаткам уварваньня Францішак Аляхновіч дапамагае Максіму Гарэцкаму, схаваўшы яго на сваёй кватэры на Маставой вуліцы[24]. Пісьменьнікі мяркуюцца наконт уцёкаў зь Вільні, але вырашаюць застацца.
Нягледзячы на перашкоды акупацыі аўтар сканчае п’есу «Дзядзька Якуб», дапрацоўвае камэдыю «Птушка шчасьця», друкуе вялікі артыкул «Тэатар на вёсцы», піша вершы і апавяданьні. Новая п’еса «Дзядзька Якуб» зьяўляецца на старонках газэты «Беларускае жыцьцё», якая зь сьнежня 1919 году будзе выдавацца ў Менску[14]. Яшчэ паводле рукапісу ставіцца камэдыя «Птушка шчасьця», канчатковы варыянт якой быў зроблены драматургам у пачатку 1920 году, як і сцэнічны абразок «Лес шуміць» (паводле апавяданьня У. Караленкі «Палеская легенда»).
МенскРэдагаваць
Травень-чэрвень 1920, Менск. Імаверна, што гэта адзін з здымкаў супрацоўнікаў і актыўных карэспандэнтаў часопіса «Рунь», пасьля выхаду апошняга (10-га) яго нумара.[25]
У другой палове лістапада 1919 году Ф. Аляхновіч і некаторыя артысты, якія працавалі ў Вільні, вяртаюцца ў акупаваны польскімі легіянэрамі Менск[26][27][23]. Ужо ў канцы гэтага месяца адбываецца сход Таварыства беларускай драмы і камэдыі, на якім была прынята пастанова аб распачынаньні працы. Такім чынам арганізаваўся Менскі гарадзкі тэатар пад кіраўніцтвам Ф. Аляхновіча. Рэжысэрам быў зноў выбраны Ф. Ждановіч. Гэты тэатар праіснаваў да жніўня 1920 году, а калі канчаткова ўсталявалася савецкая ўлада, то на яго аснове ўзьнік Беларускі дзяржаўны тэатар — БДТ-I (цяпер — Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы)[14].
У сваёй манаграфіі аб нацыянальным тэатры Аляхновіч пісаў аб падтрымцы яго трупы польскай уладай, напрыклад аб атрыманьні субсыдыяў, аднак у той жа час, акупацыйная адміністрацыя перашкаджала ставіць «Паўлінку» і «Раскіданае гняздо» Я. Купалы, «Моднага шляхцюка» К. Каганца. Пад забаронай знаходзіліся і п’есы Ф. Аляхновіча — «Калісь» і «Бутрым Няміра»[14].
У сьнежні 1919 году аўтар піша драму ў трох актах «Цені»[14]. Да менскага пэрыяду дзейнасьці адносіцца таксама зьяўленьне ў творчасьці Ф. Аляхновіча п’есы «Заручыны Паўлінкі»[23].
ВільняРэдагаваць
У ліпені 1920 году разам з адступаючымі польскімі войскам Ф. Аляхновіч вяртаецца ў Вільню. Па прыбыцьці працаваў ў розных пэрыядычных выданьнях і займаўся арганізацыяй трупы, у красавіку 1921—1923 рэдагаваў газэту «Беларускі звон»[23], у першым нумары якой і была апублікаваная яго новая п’еса «Няскончаная драма»[14].
Для свайго першага спэктаклю новая трупа Аляхновіча выбрала «Птушку шчасьця». А сьледам за «Птушкай шчасьця» Аляхновіч ставіць яшчэ адну прэм’еру — «Паўлінку» Я. Купалы, якая ішла з аўтарскім дадаткам, трэцім актам пад назвай «Заручыны Паўлінкі», які ўяўляў нібыта разьвязку сюжэта купалавай п’есы[14]. Некаторыя дасьледнікі адзначаюць, што гэтая спроба аказалася ня вельмі карэктнай з этычнага боку і не зусім удалай паводле мастацкіх вынікаў[23].
Улетку 1921 году разьязному тэатру Аляхновіча польскія ўлады дазволілі выступаць у правінцыі[14], што дагэтуль рашуча забаранялася[23]. Трупа накіравалася ў Ліду. Праз год артысты зноў аб’ехалі шэраг беларускіх мястэчак: Ашмяны, Радашкавічы, Вялейку і інш[14]. Адзін за адным аўтар заканчвае яшчэ два драматычныя творы: «Шчасьлівы муж» (1921) і «Пан міністар» (1922).
За 1923 год Аляхновіч не напісаў аніводнай п’есы, але актыўна працаваў у друку і тэатры. Для польскіх газэт «Kurjer Wileński» і «Przegląd Wileński» перакладаў творы беларускіх аўтараў, рэзка выступаў у друку супраць уціску нацыянальных меншасьцяў, за што адсядзеў некалькі дзён у Лукішках. У 1924 годзе Таварыствам драматычнай майстроўні была пастаўлена аляхновічаўская драма «Манька», якая атрымала новую назву — «Дрыгва».
Пераезд у БССР і арыштРэдагаваць
Посьпехі савецкай Беларусі ў галіне культурнага адраджэньня нацыі вельмі зацікавілі Ф. Аляхновіча. У 1922 годзе ён беспасьпяхова спрабаваў сустрэцца зь беларускай культурна-выдавецкай місіяй на чале зь Цішкам Гартным у Бэрліне, пазьней стаў настойліва шукаць кантактаў зь Менскам. Пра гэта ў сваіх успамінах ён пазьней напіша:
|
Скончыліся гэтыя захады запрашэньнем на Акадэмічную канфэрэнцыю па рэформе беларускага правапісу[28]. Нарэшце ў сярэдзіне лістапада 1926 году Ф. Аляхновіч выехаў у сталіцу Беларусі.
Узровень разьвіцьця навукі і адукацыі на Беларусі зрабіў вельмі моцнае ўражаньне на пісьменьніка. Узровень Беларускага дзяржаўнага тэатру (БДТ-I), які працаваў у Менску, і БДТ-ІІ, які толькі што адкрыўся ў Віцебску, проста ашаламіў[28].
Ф. Аляхновіча прызначаюць на пасаду літаратурнага кіраўніка Другога дзяржаўнага тэатра ў Віцебску. Пасада не была штатная, меліся плаціць толькі за п’есы. Захаваўся ліст М. Гарэцкага да дасьледніка беларускай літаратуры Л. Клейнбарта, у якім паведамляецца аб новай п’есе Аляхновіча «На крэсах», якую драматург здаў Другому дзяржаўнаму тэатру. П’еса не захавалася[29].
23 сьнежня 1926 году пісьменьнік атрымлівае статус грамадзяніна БССР, а ўжо 1 студзеня 1927 году[28] апынаецца ў ізалятары менскай турмы. Яму інкрымінуюць шпіянаж на карысьць буржуазнай Польшчы. У сьледчай справе Ф. Аляхновіча захаваўся напісаны да Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта зварот, пад якім падпісаліся Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Зьмітрок Бядуля, Алесь Гурло і інш. Аднак пісьменьнік атрымаў 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах (першы год адпрацаваў на востраве Мяч насупраць карэльскага мястэчка Колежма)[14]. Удзельнічаў у самадзейным тэатры, арганізаваным вязьнямі Салавецкага лягеру.
У пачатку восені 1933 году дзякуючы намаганьням ваяводзкага лекара Адольфа Наркевіча[30] быў абменены ля межавай станцыі Коласава[31] на арыштаванага ў Польшчы беларускага палітыка і філёляга Браніслава Тарашкевіча — лідэра Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Сустрэўшыся на памежным мастку, яны прыўзьнялі капелюшы[32]. Знаходжаньне ў савецкім лягеры моцна адбілася на пісьменьніку: ён часта пакутаваў ад начных кашмараў, што выяўлялася ў енках і стогне ў часе сну[33].
Другая сусьветная вайнаРэдагаваць
Вярнуўшыся ў Вільню, Францішак Аляхновіч ізноў стварае тэатральную трупу, але і яна праіснавала нядоўга. Асноўны час ён прысьвячае напісаньню свайго самага вядомага твору — успамінаў пра знаходжаньне ў савецкім лягеры «У капцюрох ГПУ».
Твор упершыню надрукаваны ў польскай віленскай газэце «Słowo»; расейскі пераклад успамінаў апублікавала парыская газэта «Возрождение». У 1935 годзе ў Вільні ўспаміны выйшлі асобнай кнігай на польскай мове пад назвай «Siedem lat w szponach G.P.U.» У 1937 годзе ў Варшаве выдадзены яшчэ адзін польскі варыянт кнігі пад назвай «Prawda o Sowietach». Твор перакладаўся на італьянскую мову («La verita sulla Russia Bolscevica») і на партугальскую ў Бразыліі («Sete annos nas garras sovieticas»). Украінскі пераклад друкавала газэта «Діло», рэдакцыя якой затым выпусьціла ўспаміны асобнай кнігай «7 літ на Соловках». Толькі ў канцы 1937 году аўтар здолеў выдаць кнігу на беларускай мове[1]. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Францішка Аляхновіча прадугледжвалася «спальваць»[34].
Пасьля «Капцюроў ГПУ» пісьменьніка хвалююць ужо новыя тэмы і вобразы. Ён зноў робіць намаганьні арганізаваць беларускі тэатар, але пачынаецца вайна і перакрэсьлівае ўсе яго намеры. Акупацыя бальшавікамі Летувы прымусіла Аляхновіча хавацца ад рэпрэсіяў і знаходзіцца на нелегальным становішчы[28]. Пазьней пра прыход савецкіх войскаў у Вільню аўтар напіша:
|
Безвынікова спрабаваў эміграваць у Нямеччыну. Пасьля цераз Кальварыю перабіраецца ў Коўню, адкуль едзе цягніком у Вільню да сваёй другой жонкі. Тут хаваецца на сямі кватэрах знаёмых: па кожнай у адпаведны дзень тыдню[33]. Далей пераязджае ў Алькенікі, дзе працуе вартаўніком да пачатку Вялікай айчыннай вайны. Успаміны з гэтага пэрыяду яго жыцьця выйдуць 24 кастрычніка 1943 году ў № 40-м беластоцкае газэты «Новая Дарога» і ў № 6 (42)-м часопіса «Новы Шлях» зь некаторымі папраўкамі і скарачэньнямі аўтара. З пачатку 1944 у тым самым часопісе друкаваліся яго ўспаміны пра перадваенныя туляньні пад назваю «Страшны год». Аб публікацыі аўтабіяграфіі да Францішка Аляхновіча зьвяртаўся асабіста Кастусь Езавітаў[5]. У перадваенную пару ажаніўся трэцяга разу[33].
З пачаткам вайны становіцца рэдактарам нацысцкай газэты «Беларускі голас». У 1942 годзе ў Менску адбылася прэм’ера яго дапрацаванае п’есы «На Антокалі». У 1943 годзе зьявілася шасьціактавая п’еса з пралёгам «Круці не круці — трэба памярці», напісаная вершаванай прозай з малюнкамі Пётры Сергіевіча, дзе перапляталіся фальклёрна-фантастычныя матывы з рэалістычнымі. Сёлета ж ён перапісвае сваю дзіцячую п’есу «У лясным гушчары».
Увечары 3 сакавіка 1944 году Францішак Аляхновіч быў застрэлены на сваёй кватэры. Пра яго сьмерць віленская мэмуарыстка Галіна Войцік піша:
У пачатку сакавіка 1944 году трагічнае здарэньне ўскалыхнула беларусаў Вільні — забойства Францішка Аляхновіча. 3 сакавіка, увечары, нехта пазваніў у дзьверы кватэры Аляхновіча, ён пайшоў адчыніць, праз хвіліну жонка пачула два стрэлы, а калі прыбегла, дык ужо нікога не было, а Аляхновіч ляжаў мёртвы. Ходзіць шмат меркаваньняў, хто гэта зрабіў: адныя гавораць — Армія Краёва, другія — савецкія партызаны, трэція — самі немцы. Аднак хто зрабіў гэты тэрарыстычны акт, так і застаецца невядома[36].
Францішак Аляхновіч быў зь вялікаю ўрачыстасьцю пахаваны на кальвінісцкім могільніку ў цэнтры Вільні. У 1989 годзе адбылося яго сымбалічнае перазахаваньне на могілках Росы, бо Кальвінскія могілкі былі зьнесеныя за савецкім часам[30].
Творы Францішка Аляхновіча ізноў пачалі друкаваць і ставіць на беларускай сцэне ў 1990-х гадах[1].
Унёсак у беларускую драматургіюРэдагаваць
Дзякуючы творчасьці Ф. Аляхновіча здабыткам беларускай літаратуры стаў вобраз рэфлексаванага інтэлігента альбо інтэлігента-ідэоляга (Сымон у «Страхах жыцьця», Сьцяпан у «Ценях», Костусь у «Няскончанай драме»), які рэзка кантраставаў з вобразамі інтэлігентаў у папярэднікаў драматурга, што выяўляліся выхадцамі зь сяла і, нягледзячы на рознае паходжаньне і выхаваньне, былі прасякнуты яго трывогамі і клопатамі. Літаратурны вобраз-тып Ф. Аляхновіча — гэта чалавек з тонкай псыхалягічнай арганізацыяй, схільны да філязофстваньня, які адчувае сябе лішнім у жыцьці, але тым ня менш здольны аналізаваць свае пачуцьці ў моманты найвышэйшага душэўнага напружаньня[37].
У філязофска-эстэтычнай канцэпцыі Ф. Аляхновіча моцна адчуваецца ўплыў эўрапейскай «новай драмы». У. Ковель адзначае, што параўнальна аналіз п’ес польскага драматурга Станіслава Пшыбышэўскага(pl) і Ф. Аляхновіча дае ўсе падставы сьцьвярджаць, што менавіта гэты пісьменьнік найбольш паўплываў на творчасьць аўтара[37].
Аўтар выкарыстоўвае стылявы эфэкт «падводнай плыні», калі героі выказваюцца аб сваім набалелым звычайна-будзённай мовай, за нэўтральна-слоўнай абалонкай якой угадваюцца заглушаныя інтэнсіўныя эмоцыі. Таксама драматург выкарыстоўвае прыём інтэлектуальнага асэнсаваньня падзей самімі пэрсанажамі і незавершаную канцоўку, што дапускае новы працяг вырашэньня пастаўленых праблем. Складаная праблематыка п’есаў Ф. Аляхновіча з прыярытэтам суадносін паміж душэўнымі патэнцыямі чалавека і зьдзяйсьненьнем ім свайго прызначэньня згодна з этычнымі законамі і патрабаваньнямі была наватарскай для беларускай літаратуры пачатку XX стагодзьдзя і працягвала традыцыі «новай драмы» заходнеэўрапейскай літаратуры[37].
Асабістае жыцьцёРэдагаваць
Упершыню ажаніўся па вяртаньні ў Вільню ў 1909 годзе. Па трохразовых заручынах (3, 7, 10 траўня), 17 траўня 1909 году ў бэрнардынскім касьцёле Сьвятых Францыска і Бэрнарда, маючы 26 гадоў, месьціч Францішак Аляхновіч пабраўся шлюбам зь сялянкай Стэфаніяй Навумовіч 18 гадоў. Веры годнымі сьведкамі сталі Адольф Наркевіч і Іван Кеўліч[4].
Другі шлюб адбыўся ў 1918 годзе з дачкой падляскага банкіра Станіславай Окалавай-Зубкоўскай[7]. Сын Францішка Аляхновіча Юры ўспамінаў пра гэты шлюб бацькі:[7]
З таго, што памятаю, знаёмства было даволі арыгінальным. Маці ішла па вуліцы, і раптам нехта яе спыніў, кажучы “Згубіла пані ружы”. Бацька падараваў ёй ружы, і так пачалося іх знаёмства. Маці нарадзілася у 1889 г. ў Абелях на Літве, хоць сям’я паходзіла з Падляшша. Шлюб бралі ў кальвінскім касцёле, хаця абодва былі каталіцкага веравызнання. Але бацька быў раней жанаты, таму не мог браць другі раз шлюб у рыма-каталіцкім касцёле. Шлюбаваў іх пастар Астахевіч (калі добра памятаю ягонае прозвішча). З таго шлюбу нарадзілася дачка Ганна, але праз паўгады памерла (у 1919) і была пахаваная на бернардынскіх могілках у Вільні. Пасля вайны тая магіла яшчэ была. Я наступны па чарзе нарадзіўся — 21 сакавіка 1921 года ў Пецяргофе.
У 1923 годзе жонка і сын вяртаюцца з СССР ў Вільню і селяцца ў раёне Антокаль, у доме Замбрыцкіх[7]. Там нараджаецца другі сын — Казімер[7].
Трэці раз ажаніўся ўвесну 1943 году. Імя апошняй жокні драматурга невядомае. Паходзіла яна з Падляшша, з ваколіцаў Ломжы (Мазуры). Дзеля гэтага шлюбу Францішак Аляхновіч дамогся грамадзянскага разводу з другой жонкай. Апошняя жонка перажыла яго і правяла ў апошні шлях[7].
ТворыРэдагаваць
Францішак Аляхновіч зьяўляецца аўтарам 17 п’есаў за выняткам аднаактавага дадатку «Заручыны Паўлінкі»
ДраматургіяРэдагаваць
- «На Антокалі» (1905, пераробленая ў 1942[28])
- «На вёсцы» (напісана 1916[38], асобнае выданьне — 1919[39])
- «Бутрым Няміра» (1916)
- «Манька» (1917, другая рэдакцыя ў 1924[14] пад назваю «Дрыгва», асобнае выданьне — 1925[39])
- «Базылішк» (1917)
- «У лясным гушчары» (пастаўленая 1917, асобнае выданьне — 1932[39], пераробленая ў 1943[28])
- «Папараць-кветка» (1917)
- «Калісь» (напісана 1917[18], асобнае выданьне — 1919[39])
- «Дзядзька Якуб» (1918)
- «Чорт і Баба» (1918)
- «Заручыны Паўлінкі» (пастаўленая 1918, асобнае выданьне — 1921[39][40])
- «Страхі жыцьця» (пастаўленая ў 1918, асобнае выданьне — 1919)
- «Цені» (пастаўленая ў 1919, асобнае выданьне — 1920[39])
- «Лес шуміць» (1920)
- «Птушка шчасьця» (пастаўленая ў 1920)
- «Няскончаная драма» (1920, асобнае выданьне — 1922[39])
- «Шчасьлівы муж» (асобнае выданьне — 1922)
- «Пан міністар» (1923, асобнае выданьне — 1924[39])
- «Круці не круці — трэба памярці» (1943)
ПрозаРэдагаваць
- «Пісьмы да яе» (газэта «Гоман», 1918[39])
- «У капцюрох ГПУ» (1937)
- «Страшны год» (1944, кніга ўспамінаў)
ІншаеРэдагаваць
- «Тэатар на вёсцы» (1920)
- «Беларускі тэатар» (1924)
БібліяграфіяРэдагаваць
- Ф. А. У Наполеонскую гадаўшчыну. // Беларускі звон : тыднёвая часопісь. — 1921, 8 траўня. — № 6. — С. 1.
- Ф. Аляхновіч. «Яшчэ аб беларускім тэатры» / Я. Лагіновіч // Вольны Сьцяг : газэта. — Вільня: друкарня Левін і Сын, 26 жніўня 1923. — № 1. — С. 2.
- Ф. Аляхновіч. «Беларускі тэатр». — выданьне Беларускага грамадзянскага сабраньня. — Вільня: Друакарня «Lux», 1924. — 112 с.
- Францішак Аляхновіч. «Пан міністар : камэдыя ў 3 актах.». — выданьне газэты «Голас беларуса». — Вільня: Друакарня С. Бэкэра, 1924. — 54 с.
- С. Тэатр і мастацтва. «Пан Міністар», новая п'еса п. Аляхновіча. / Я. Лагіновіч // Вольны Сьцяг : газэта. — Вільня: друкарня Левін і Сын, 28 верасьня 1923. — № 13. — С. 4.
- Францішак Аляхновіч. У капцюрох ГПУ. Менск, 1994.
КрыніцыРэдагаваць
- ^ а б в АЛЯХНОВІЧ Францішак // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ^ а б в Сабалеўскі, А.В. Аляхновіч Францішак Каралевіч // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: 2002 Т. 1. — С. 35. — 568 с.
- ^ Дварчанін І. Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры. — Вільня: 1927. — С. 462.
- ^ а б в г д Юркевіч, Зьм. Народжаны ля Вострай Брамы (бел.) // Культура. — 17.08.2019 - 24.08.2019. — № 33 (1420).
- ^ а б Аляхновіч Ф. Бо лёс быў наш — мук доўгі, вечны шлях… // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладаньне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 5. — 238 с. — 9000 ас. — ISBN 5-340-01311-1
- ^ Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 535. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
- ^ а б в г д е Юркевіч, Зьм. Народжаны ля Вострай Брамы (бел.) // Культура. — 24.08.2019 - 31.08.2019. — № 34 (1421).
- ^ Марціновіч А. Хто ж ён, Францішак Аляхновіч // Сувязь: Літ.-крытыч. арт.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 4. — 253 с. — ISBN 5-340-01389-8
- ^ а б в г Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 536. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
- ^ Руслан Горбачев (26 траўня 2011) Бегство от смерти Франтишка Алехновича(рас.). Салідарнасьць. Праверана 31 траўня 2023 г.
- ^ Аляхновіч Ф. Замест аўтабіяграфіі — крыху ўспамінаў // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладаньне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 18—19. — 238 с. — 9000 ас. — ISBN 5-340-01311-1
- ^ Уладзімір Ковель. Камедыі з мяшчанскага жыцця. Станаўленне Францішка Аляхновіча як драматурга // Роднае Слова. — Мн.: 1998. — № 9. — С. 31. — ISSN 0234-1360.
- ^ Аляхновіч Ф. Замест аўтабіяграфіі — крыху ўспамінаў // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладаньне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 22. — 238 с. — 9000 ас. — ISBN 5-340-01311-1
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Францішак Аляхновіч. belsoch.org. Праверана 31 траўня 2023 г.
- ^ а б в г д Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 537. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
- ^ —т. «Хам». (Думкі і ўражэньня с спэктаклю). // Гоман : газэта. — 1916, 20 кастрычніка. — № 72. — С. 3.
- ^ A. «U Zimowy wieczar». // Homan : hazeta. — 1916, 10 listapada. — № 78. — С. 3.
- ^ а б в г д Уладзімір Ковель. Камедыі з мяшчанскага жыцця. Станаўленне Францішка Аляхновіча як драматурга // Роднае Слова. — Мн.: 1998. — № 9. — С. 36. — ISSN 0234-1360.
- ^ «Na Antokali». (Da pierszaj pastanouki 26-XII-1916) // Homan : hayeta. — 1916, 29 śnieżnia. — № 92. — С. 2, 3.
- ^ Марціновіч А. Хто ж ён, Францішак Аляхновіч // Сувязь: Літ.-крытыч. арт.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 8. — 253 с. — ISBN 5-340-01389-8
- ^ Зьмітрок Бядуля Беларускі Народны Тэатр // Беларускі шлях. — Менск: 1918, 17 ліпеня. — № 91. — С. 2.
- ^ Kronika. Biełaruski teatr. (бел.) // Hramadzianin : газэта. — 1919, 11 sakawika. — № 16. — С. 4.
- ^ а б в г д е Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 538. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
- ^ Гарэцкі, М.. Смаленск — Менск — Вільня // Гарэцкі, М. Творы. — Мінск: Маст. літ., 1990. — С. 292.
- ^ Вячаслаў Ракіцкі. Пачатак нашага тэатразнаўства // Спадчына. — Мн.: 1991. — № 1. — С. 33.
- ^ Беларускі тэатр. // Беларусь : газэта. — 1919, 18 лістапада. — № 25 (52). — С. 4.
- ^ N. Беларускі тэатр. // Беларускае жыцьцё : ілюстраваная часопісь. — 1920, 19 студня. — № 1 (23). — С. 5.
- ^ а б в г д е Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 539. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
- ^ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. У 4 т. Т. 1. 1901—1920 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т. літ. імя. Я. Купалы. — 2-е выд. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — С. 353. — 583 с.
- ^ а б Аляхнавічаняты. Наша Ніва (1 сакавіка 2008). Праверана 18 сьнежня 2018 г.
- ^ Галоўка, С. Абмен палітвязняў на станцыі Коласава. Перапляценні лёсаў Браніслава Тарашкевіча і Францішка Аляхновіча // Роднае слова. — Мн.: 2001. — № 11. — С. 105—109.
- ^ Аляхновіч Ф. Бо лёс быў наш — мук доўгі, вечны шлях… // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладаньне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 9. — 238 с. — 9000 ас. — ISBN 5-340-01311-1
- ^ а б в Юр. Монвід (Францішак Аляхновіч) Страшны год (успаміны нядаўніх дзён) // ARCHE Пачатак. — 1999. — № 2.
- ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
- ^ Аляхновіч Ф. Бо лёс быў наш — мук доўгі, вечны шлях… // У капцюрох ГПУ: аповесць / Укладаньне: А. У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл.А. А. Дышлевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 10. — 238 с. — 9000 ас. — ISBN 5-340-01311-1
- ^ Францішак Аляхновіч http://svabodaby.net. Тут і цяпер (3 сакавіка 2010). Праверана 18 сьнежня 2018 г. Архіўная копія ад 2 траўня 2013 г.
- ^ а б в Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. У 4 т. Т. 1. 1901—1920 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т. літ. імя. Я. Купалы. — 2-е выд. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — С. 341—343. — 583 с.
- ^ Марціновіч А. Хто ж ён, Францішак Аляхновіч // Сувязь: Літ.-крытыч. арт.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 7. — 253 с. — ISBN 5-340-01389-8
- ^ а б в г д е ё ж з Аляхновіч Францішак // Беларускія пісьменнікі: 1917—1990 / Аляксей Гардзіцкі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — ISBN 5-340-00709-X
- ^ Заручыны Паўлінкі: п’еса ў 1 акце з песнямі і скокамі(недаступная спасылка)
ЛітаратураРэдагаваць
|
|
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
- Альгерд Бахарэвіч. Сьпірахеты шчасьця. Радыё Свабода.
- Францішак Аляхновіч. «У капцюрох ГПУ(недаступная спасылка)», спампаваць кнігу на twirpx.com.
- Францішак Аляхновіч. Страшны год
- Францішак Аляхновіч. Пан міністар на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
- Францішак Аляхновіч на сайце «Родныя вобразы»(недаступная спасылка)
- Васіль Дранько-Майсюк. (24 сакавіка 2023) Францішак Аляхновіч: дзяцінства і юнацтва. Серыя першая.
- Васіль Дранько-Майсюк. (16 красавіка 2023) Францішак Аляхновіч: першыя крокі на беларускай прафесійнай сцэн.
- Васіль Дранько-Майсюк. (28 красавіка 2023) Францішак Аляхновіч — яркі, артыстычны, сьмелы, творча-нечаканы. Частка першая. Літаратурныя ночы з Васілём. Радыё Ўнет.
- Васіль Дранько-Майсюк. (6 траўня 2023) Францішак Аляхновіч 2-ая сэрыя: працяг змаганьня за нацыянальны тэатар. Літаратурныя ночы з Васілём. Радыё Ўнет.
- Васіль Дранько-Майсюк. (19 траўня 2023) Францішак Аляхновіч 3-ая сэрыя: падарожжа ў пекла. Літаратурныя ночы з Васілём. Радыё Ўнет.
- Васіль Дранько-Майсюк. (26 траўня 2023) Францішак Аляхновіч 4-ая сэрыя: трагічнае вяртаньне на волю. Літаратурныя ночы з Васілём. Радыё Ўнет.