«Przegląd Wileński» (па-беларуску: «Віленскі агляд») — часопіс выдаваўся з 12 студзеня 1912 году да 6 кастрычніка 1938 году ў Вільні на польскай мове зь перапынкам з 11 верасьня 1915 г. да 1 лістапада 1921 году. Была пэрыядычным штотыднёвым або двутыднёвым выданьнем краёўцаў-дэмакратаў.

Przegląd Wileński
Тэматыка літаратура, культура
Пэрыядычнасьць штотыднёвая, двутыднёвая
Адрас
Галоўны рэдактар Людвік Абрамовіч (па-польску: Ludwik Abramowicz)
Дата заснаваньня 12 студзеня 1912
Дата закрыцьця 29 жніўня (11 верасьня) 1915 і 1938
Мова польская
Аб’ём 16 старонак
«Przegląd Wileński» №17, 1929 г.

У 1911—1915 гг

рэдагаваць

Тэматыка публікацыяў была разнастайная: дачыненьні паміж польскай, летувіскай і беларускай супольнасьцямі, габрэйскае пытаньне, сацыяльна-эканамічныя працэсы ў жыцьці краю, дзейнасьць польскіх дэпутатаў у Дзяржаўнай Думе Расеі, польскае палітычнае і культурнае жыцьцё. Ідэалёгія выданьня грунтавалася на памкненьні абараніць інтарэсы ўсяго грамадзтва й краёвасьці як прызнаньні літоўска-беларускіх зямель за асобны край са сваімі адметнымі інтарэсамі. У 1913—1914 гг. газэта пачала падтрымліваць ідэю незалежнасьці Польшчы. На пачатку Першай сусьветнай вайны «Przegląd Wileński» падзяляў незалежніцкія пазыцыі Юзэфа Пілсудзкага.

Рэдакцыяй кіравалі: Людвік Абрамовіч, Вітольд Абрамовіч, Ян Баеўскі, Зоф’я Астахевіч, Станіслава Студніцкая.

У 1921—1938 гг.

рэдагаваць

Зь 1 лістапада 1921 г., калі Вільня была сталіцай «Сярэдняй Літвы», Абрамовіч аднавіў выданьне польскамоўнай газэты «Przegląd Wileński», стаў яе рэдактарам і стала працягваў даваенныя традыцыі краёўцаў-дэмакратаў, не зважаючы ўвагу на дамінаваньне на Віленшчыне этнічных нацыяналізмаў у культурных і палітычных працэсах. Ён зьбіраўся яднаць вакол рэдакцыі людзей, якія ставілі агульныя інтарэсы «краю» вышэй за нацыянальны эгаізм. Нявызначанасьць лёсу Віленшчыны дазваляла спадзявацца на аднаўленьне ідэяў «краёўцаў» аб талерантнасьці й роўнасьці, у чым Людвік Абрамовіч ускладаў надзеі на Юзэфа Пілсудзкага, які напачатку аб’яўляў прынцыпы фэдэралізму пры ўладкаваньні Другой Рэчы Паспалітай. Менавіта словы Юзэфа Пілсудзкага «вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі», агучаныя ў вызваленай ад бальшавікоў Горадне, сталі своеасаблівым дэвізам газэты «Przegląd Wileński». На старонках газэты Людвік Абрамовіч канстатаваў, што на зьмену расейскаму вялікадзяржаўнаму шавінізму, які панаваў у часы Расейскай імпэрыі, прыйшоў польскі нацыяналізм, а сытуацыя ў «Сярэдняй Літве», дзе быў моцным уплыў польскіх «эндэкаў», ахарактарызавалася як зьдзек з ідэалаў свабоды, роўнасьці і братэрства[1].

Пасьля прызнаньня Лігай народаў усходніх межаў Польскай Рэспублікі ў сакавіку 1923 г., Людвік Абрамовіч канстатаваў у лістападзе 1923 г., што асноўнай задачай яго газэты стала «змаганьне супраць нацыяналізму, які ператварае наш Край у пляцоўку для цэнтралістычных і ўніфікацыйных экспэрымэнтаў». Рэдакцыя газэты «Dziennik Wileński» лічыла краёвасьць выклікам польскасьці й здрадай нацыянальных інтарэсаў і пастаянна абвінавачвала Людвіка Абрамовіча і ягоную газэту ў «антыпольскасьці». На старонках газэты рэгулярна выступалі прадстаўнікі няпольскіх этнічных групаў, маючы ўнікальную мажлівасьць праз польскамоўнае пэрыядычнае выданьне знаёміць грамадзкасьць з праблемамі міжэтнічных і міжкультурных дачыненьняў у паўночна-ўсходніх ваяводзтвах дзяржавы не ў пераказе варшаўскіх выданьняў, а праз паведамленьні і публіцыстыку дзеячаў мясцовых этнапалітычных і этнакультурных рухаў (польскага, беларускага, летувіскага і габрэйскага). Закраналіся вострыя праблемы беларускай і літоўскамоўнай школы; крытыкавалася палітыка каталіцкага празелітызму і пашырэньне ўжываньня польскай мовы ў касьцёле ў беларускамоўных мясцовасьцях; асуджаліся праявы антысэмітызму ў грамадзкім і палітычным жыцьці; выказваўся пратэст супраць беспадстаўных абвінавачваньняў беларускіх дабрачынных, культурніцкіх і нават рэлігійных арганізацыяў у вядзеньні прасавецкай прапаганды; асуджаўся эканамічны ціск мясцовых уладаў супраць беларускіх і літоўскіх гаспадарчых арганізацый[1].

Беларускую праблематыку прадстаўлялі на старонках выданьня дзеячы беларускага руху (за выключэньнем камуністаў і пракамуністычных групаў) і актыўна супрацоўнічалі зь ім. Яе пастаяннымі аўтарамі былі Францішак Аляхновіч[2], Канстанцыя Скірмунт, ксёндз Канстанцін Стаповіч[3], Альбін Стаповіч[4],,Радаслаў Астроўскі, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, ксёндз Язэп Германовіч, Францішак Грышкевіч, ксёндз Адам Станкевіч[5], Станіслаў Станкевіч, Ян Пазьняк, а ў асаблівасьці — ксёндз Уладзіслаў Талочка[6][7][8] (у першай палове 1920-х гг.) і Антон Луцкевіч (у 1930-ыя гг.), у публікацыях якіх было шмат як аналізаў актуальных падзей, так і мінулых. Напрыклад, ксёндз Уладзіслаў Талочка ў сваіх артыкулах пісаў пра Ядвігіна Ш., Казімера Шафнагеля, Вацлава Ластоўскага, былы расейскі ўрад і беларускую мову, а Антон Луцкевіч — пра Эдварда Вайніловіча, Фэрдынанда Рушчыца, абмен Браніслава Тарашкевіча на Францішка Аляхновіча[9][10][11][12], Баляслаў Пачопка — успаміны пра рэдагаваньне газэты «Biełarus»[13] і г. д. У міжваенны пэрыяд (1918—1939) «краёвая ідэя» пастаянна прысутнічала ў беларускім руху Віленшчыны як альтэрнатыва даміноўным нацыянальным канцэпцыям. Нават прыхільнікі беларускай незалежнай дзяржавы мелі пэўную прывязанасьць да ідэі сувэрэнітэту «былога Вялікага Княства Літоўскага».

У 1920—1930-я гг. галоўнымі апанэнтамі адносна поглядаў, якія прапагандавала кола журналістаў і аўтараў газэты «Przegląd Wileński», сталі публіцысты віленскіх газэт «Słowo» (1922—1939) і «Kurier Wileński» (1923—1940).

У 1927 годзе газэта «Przegląd Wileński» стала ўласнасьцю суполкі акцыянэраў, у выдавецкі камітэт увайшлі Ян Крыўка, доктар Вітальд Лягейка, доктар Вітальд Славінскі, Яўсебі Лапацінскі, Канстанцыя Скірмунт і Віктар Талочка, але рэдактарам застаўся Людвік Абрамовіч[1].

У кастрычніку 1938 г. друк газэты быў спынены з-за хваробы рэдактара Людвіка Абрамовіча, што выклікала ў Вільні моцны розгалас і шкадаваньні нават з боку апанэнтаў. Людвік Абрамовіч памёр 9 сакавіка 1939 году й віленскія газэты надрукавалі пра яго нэкралёгі[14][15][16][17].

Падтытулы

рэдагаваць
  • 1911(1912) № 1 — штотыднёвік палітычны, грамадзкі й літаратурны (па-польску: tygodnik polityczny, społeczno i literacki).
  • 1915 № 74 — часопіс штодзённы, прысьвечаны рэчам нацыянальным і грамадзкім (па-польску: pismo codzienne poświęcone sprawom narodowym i społecznym).
  • 1921 № 1 — штотыднёвік палітычны, грамадзкі й літаратурны (па-польску: tygodnik społeczno-polityczny i literacki).
  • 1923 № 1 — часопіс прысьвечаны рэчам краёвым (па-польску: pismo poświęcone sprawom krajowym).

Рэдактары, выдаўцы

рэдагаваць
  1. ^ а б в Смалянчук, Аляксандар. Краёвая ідэя і беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі ў 1920—1930-я гг. // рэдактар Смалянчук, Аляксандар Homo Historicus 2012. Гадавік антрапалагічнай гісторыі. — Вільня : Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, 2012. — С. 380—405. — ISBN 978-9955-773-53-5.
  2. ^ Fr. Alechnowicz. Teatr białaruski. (Zarys historyczny).  (пол.) // Przegląd Wileński : часопіс. — 1923, 25 lutego — 15 kwietnia. — № 4—7. — С. 2—6.
  3. ^ Kaz. Swojak. Polemika. W obronie «Krynicy».  (пол.) // Przegląd Wileński : часопіс. — 14 października 1923. — № 17. — С. 7.
  4. ^ Albin Stepowicz. Muzyka białaruska.  (пол.) // Przegląd Wileński : часопіс. — 20 grudnia 1932. — № 21—22. — С. 2—10.
  5. ^ Kaz. Swojak  Polemika. W obronie «Krynicy».  (пол.) // Przegląd Wileński : часопіс. — 14 października 1923. — № 17. — С. 7.
  6. ^ Adam Sołoduch. «Krynica» (1919—1923).  (пол.) // Przegląd Wileński : часопіс. — 30 wreśnia 1923. — № 16. — С. 5—7.
  7. ^ A. S. «Krywič». № 4. Kowno, 1923. St. 64.  (пол.) // Przegląd Wileński : часопіс. — 16 grudnia 1923. — № 21. — С. 11, 12.
  8. ^ as «Krywič». № 1. Kowno, 1924. St. 120.  (пол.) // Przegląd Wileński : часопіс. — 29 czerwca 1924. — № 12. — С. 8.
  9. ^ S-wicz. O kulturze muzycznej Wilna.  (пол.) // Przegląd Wileński : газэта. — 1933. — № 9. — С. 7, 8.
  10. ^ S-wicz. Taraszkiewicz—Alechnowicz.  (пол.) // Przegląd Wileński : газэта. — 1933, 24 wreśnia. — № 15—16. — С. 8, 9.
  11. ^ S-wicz. Likwidacja Biłoruskiego Gimnazjum w Nowogrodku.  (пол.) // Przegląd Wileński : газэта. — 1934, 15 września. — № 14. — С. 4, 5.
  12. ^ S-wicz. M. Mašara. Na soniečny bierah. Vilnia, 1934 hod.  (пол.) // Przegląd Wileński : газэта. — 1934, 21 października. — № 16—17. — С. 11.
  13. ^ Poczopko, B.. «Biełarus» (Ze wspomnień redaktora).  (пол.) // Przegląd Wileński : часопіс. — 11 października 1925 (Rok VIII). — № 16. — С. 3, 4, 5.
  14. ^ Stanisław Mackiewicz. Ś. p. Ludwik Abramowicz.  (пол.) // Słowo : газэта. — 1939, 10 marca. — № 68 (5350). — С. 1.
  15. ^ Po zgonie L. Abramowicza. Depesza kondolecyjna Syndykatu Dziennikarzy.  (пол.) // Słowo : газэта. — 1939, 11 marca. — № 69 (5351). — С. 7.
  16. ^ Nekrolog.  (пол.) // Kurjer Wileński : газэта. — 1939, 11 marca. — № 70 (4746). — С. 2.
  17. ^ Zwłoki ś. p. Ludwika Abramowicza zlożono na wieczny spoczynek.  (пол.) // Kurjer Wileński : газэта. — 1939, 12 marca. — № 71 (4747). — С. 5.


Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць