Алесь Бяляцкі
Але́сь Ві́ктаравіч Бяля́цкі (нар. 25 верасьня 1962) — беларускі грамадзкі дзяяч і праваабаронца. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году.
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў мястэчку Вяртсіля, Сартавальскі раён Карэліі (РСФСР) у беларускай сям’і. Хутка сям’я вярнулася ў Беларусь, на сталае жыхарства ў горад Шацілавічы Гомельскай вобласьці. Скончыў сярэднюю школу № 5 г. Шацілавічы, Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт і асьпірантуру Інстытуту літаратуры АН Беларусі[4].
У 1986 г. А. Бяляцкі быў адным са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», потым — старшынём гэтай арганізацыі[4]. У 1988 г. выступіў адным з заснавальнікаў таварыства «Мартыралёг Беларусі», быў сябрам Арганізацыйнага камітэту Беларускага народнага фронту. У 1990 г. выступіў адным з арганізатараў Беларускай Каталіцкай Грамады.
У 1992—1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету. З 1989 па 1998 працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча. З 1996 кіруе праваабарончым цэнтрам «Вясна».
У 2007 годзе быў абраны віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (The International Federation for Human Rights, FIDH)[5], у 2013 годзе пераабраны на трэці тэрмін.
4 жніўня 2011 году Алесь Бяляцкі быў арыштаваны па абвінавачваньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў (утойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры, артыкул 243, частка 2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). 24 кастрычніка 2011 быў прысуджаны да 4,5 гадоў ў выпраўленчай калёніі ўзмоцненага рэжыму[6] з канфіскацыяй маёмасьці[7] за «ўтойваньне прыбыткаў у буйным памеры». Праваабаронца сваёй віны не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд — палітычна матываваным.
Бяляцкі быў вызвалены па амністыі 21 чэрвеня 2014[8].
У рамках пагрому грамадзкіх арганізацыяў(be) Бяляцкі быў затрыманы 14 ліпеня 2021 году[9]. 15 ліпеня арыштаваны па крымінальнае справе актывіст сумеснаю заяваю дзевяці арганізацыяў, сярод якіх Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хэльсінскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтар, быў прызнаны палітычным вязьнем[9][10].
3 сакавіка 2023 году ў судзе Ленінскага раёну Менску судзьдзя Марына Запасьнік выракла Алеся Бяляцкага да 10 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму на запыт пракурора Аляксандра Караля. Яго абвінавацілі ў «кантрабандзе наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай» зь Летувы згодна з часткай 4 артыкула 228 Крымінальнага кодэксу Беларусі, а таксама ў «фінансаваньні пратэстаў» у 2020 годзе згодна з часткай 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу. У прыватнасьці ў віну паставілі аплату працы адвакатаў, рахункаў за харчаваньне ў ізалятарах і штрафаў «з траўня 2020 году па 14 ліпеня 2021 году». Абвінавачаньне цьвердзіла, што «з 4 красавіка 2016 году да 14 ліпеня 2021 году» пры перамяшчэньні празь беларуска-летувіскую мяжу не задэкляравалі «201 тыс. эўраў і 54 тыс. даляраў ЗША». Алесь Бяляцкі не прызнаў віны, як і трое іншых абвінавачаных[11]. Разам з Алесем Бяляцкім выракі атрымалі:
- ягоны намесьнік Валянцін Стэфановіч, які быў намесьнікам старшыні Міжнароднага саюзу за правы чалавека (Францыя), — да 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
- каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч — да 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
- праваабаронца «Вясны» Зьміцер Салаўёў — да 8 гадоў калёніі завочна[12].
Узнагароды
рэдагавацьУ сакавіку 2006 году Вацлаў Гавэл уручыў А. Бяляцкаму прэмію Homo Homini за праваабарончую дзейнасьць. У тым жа годзе А. Бяляцкі быў вылучаны на Нобэлеўскую прэмію міра[13].
У 2012 годзе быў намінаваны на Нобэлеўскую прэмію міра, але прэмія была прысуджаная Эўразьвязу.
2 лютага 2013 году ізноў быў вылучаны на Нобэлеўскую прэмію міра, нарвэскім парлямэнтаром Янам Санэрам[14].
Ганаровы грамадзянін гораду Генуя (правінцыя Лігурыя, Італія), ганаровы грамадзянін Парыжу з 2012 году[15].
Восеньню 2020 году «Вясна» ды Алесь Бяляцкі сталі лаўрэатамі прэміі «За правільны лад жыцьця»(uk)[16].
У 2022 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру[17].
Бібліяграфія
рэдагаваць- «Літаратура і нацыя». — Мн., 1991.
- «Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера». — Мн., 2006.
- «Асьвечаныя беларушчынай». — Мн., 2013. Кніга была занесена ў сьпіс рэчаў, якім забаронены ўвоз у Беларусь.
- «Іртутнае срэбра жыцьця». — Мн., 2014. Кніга прысьвечана падзеям 2010—2011 гадоў у Беларусі, і адлюстроўвае два гады жыцьця аўтара. Напісана падчас зьняволеньня, складаецца зь лістоў з успамінамі і развагамі.
- «Халоднае крыло радзімы». — Вільня, 2014.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #134194349 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ а б в г Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ https://actionnetwork.org/petitions/i-support-pen-belarus/
- ^ а б http://www.svaboda.org/content/article/1987336.html
- ^ http://www.svaboda.org/content/article/1979020.html
- ^ FIDH: Алесь Беляцкий наконец на свободе! (рас.) Free Ales. FIDH (22 чэрвеня 2014). Праверана 23 чэрвеня 2014 г.
- ^ Алес Беляцкий на свободе! (рас.) Free Ales. FIDH (21 чэрвеня 2014). Праверана 23 чэрвеня 2014 г.
- ^ Палітвязень Алесь Бяляцкі раптоўна вызвалены Грамадзтва. Наша Ніва (22 чэрвеня 2014). Праверана 23 чэрвеня 2014 г.
- ^ а б Беларусь: Руководителей Правозащитного центра "Весна" держат в СИЗО. Потребуйте от властей освободить их! (рас.). Міжнародная амністыя (2021-07-22). Праверана 2021-07-28 г.
- ^ Затрыманых праваабаронцаў і актывістаў прызналі палівязнямі. Эўрапейскае радыё для Беларусі (2021-07-15). Праверана 2021-07-28 г. Архіўная копія ад 2021-07-15 г.
- ^ Нобэлеўскаму ляўрэату Алесю Бяляцкаму прызначылі 10 гадоў зьняволеньня // Партал «Новы час», 3 сакавіка 2023 г. Праверана 4 сакавіка 2023 г.
- ^ БелТА. Абвінавачаныя па справе «Вясны» прысуджаныя да пазбаўленьня волі на тэрміны ад 7 да 10 гадоў // Газэта «Зьвязда», 3 сакавіка 2023 г. Праверана 4 сакавіка 2023 г.
- ^ http://afn.by/news/i/74799
- ^ Беляцкого вновь выдвинули на Нобелевскую премию мира
- ^ http://spring96.org/be/news/58412 Алесь Бяляцкі — ганаровы грамадзянін Парыжу
- ^ 2020 Announcement – Press Release rightlivelihoodaward.org. The Right Livelihood Foundation (2020-10-01). Праверана 2020-10-01 г.
- ^ Алесь Беляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Валер Каліноўскі. Справа Бяляцкага, Радыё Свабода, 2012.
- Біяграфія Алеся Бяляцкага