Беларускі голас (1942)
Biełaruski hołas (1942—1944) — штотыднёвая беларуская газэта. Выдавалася лацінкаю ў Вільні. Пабачыла сьвет 122 нумары. Галоўны рэдактар Францішак Аляхновіч. Газэта друкавала прамовы кіраўнікоў нацысцкай Нямеччыны, асьвятляла становішча на франтах ІІ сусьветнай вайны, міжнародныя стасункі. У рубрыках «3 усіх куткоў Беларусі», «3ь беларускага жыцьця ў Вільні», «Беларускае жыцьцё ў Латвіі», «Беларусы на чужыне» і інш. шырока інфармавала пра беларускае нацыянальна-культурнае жыцьцё. На старонках газэты зьмешчаныя папулярныя нарысы Я. Станкевіча, В. Будзіловіча, М. Шчаглова і інш. па гісторыі і культуры Беларусі, матэрыялы пра сталінскія злачынствы (успаміны Р. Краўчанкі, артыкулы пра Катынскі расстрэл, масавыя рэпрэсіі ў Эстоніі і інш.), агляды беларускай прэсы, эканомікі, антысавецкая публіцыстыка. Сярод іншага «Biełaruski hołas» зьмяшчаў сьпісы беларусаў, забітых польскімі падпольшчыкамі на Лідчыне. З помстай з боку польскага АК-аўскага падпольля некаторыя дасьледчыкі (Янка Станкевіч, Юры Туронак) зьвязваюць забойства рэдактара газэты Францішка Аляхновіча.
У гэтым артыкуле няма спасылак на якія-небудзь крыніцы.
|