Алесь Гурло

беларускі паэт, празаік, перакладнік

Алесь Гурло, сапр. Аляксандр Кандратавіч Гурло (Псэўданім і крыптанімы: Л.Эхо; А. Г.; А.Г-ло; 31 студзеня 1892, Капыль, Слуцкі павет4 лютага 1938, Менск) — беларускі паэт, празаік, перакладчык, лінгвіст.

Алесь Гурло
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 19 (31) студзеня 1892 або 1892[1]
Памёр 4 лютага 1938(1938-02-04) або 1938[1]
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, перакладнік, паэт, марак, журналіст, фальклярыст
Гады творчасьці з 1909
Мова беларуская мова, расейская мова[1] і украінская мова[1]

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў Капыльскуюе 4-клясную вучэльню ў 1908 годзе. Працаваў чорнарабочым на лесапільні, зарабляў падзённай работай. У 1909 годзе ўступіў у Капыльскую арганізацыю РСДРП; удзельнічаў у выданьні рукапісных часопісаў «Заря», «Голос низа», «Вольная думка» (1910—1911, Капыль). У 1912 з дапамогай Цішкі Гартнага ўладкаваўся на работу на ліцейны завод «Вулкан» у Санкт-Пецярбургу. З 1914 годзе служыў на Балтыйскім флёце — спачатку матросам на крэйсэры «Богатырь», а ў Першую сусьветную вайну — унтэр-афіцэрам на мінаносцы «Забияка». Быў цяжка паранены. Удзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый і Грамадзянскай вайны ў Расіі. З атрадам рэвалюцыйных матросаў прымаў удзел у штурме Зімняга палаца, у падаўленьні эсэраўскага паўстаньня ў Яраслаўлі, у барацьбе з войскам Калчака. У 1919 цяжка паранены пад Казаньню; камісаваны з войска як інвалід. У 1919—20 гадах працаваў у Ніжнегародзкім порце.

У 1921 годзе вярнуўся ў Беларусь, жыў у Менску. Працаваў у Наркамаце асьветы БССР. У 1922—1923 у газэце «Савецкая Беларусь». У 1920-я годзе ў тэрміналягічнай камісыі Інбелкульту; займаўся ў асьпірантуры. У 1929—1930 гадах навуковы супрацоўнік Інстытута мовы БелАН. Браў удзел у стварэньні тэрміналягічных слоўнікаў; падрыхтаваў і выдаў слоўнік «Тэхнічная тэрміналёгія» (вып. 1. Мн., 1932), рыхтаваў слоўнік краўцоўскай мовы мястэчка Капыль і краёвы слоўнік Капыльшчыны (матэрыялы загінулі падчас 2-й сусьветнай вайны). Быў сябрам літаб'яднаньняў «Маладняк», «Полымя», «Пробліск».

Арыштаваны ДПУ БССР 25 ліпеня 1930 году па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Паводле пастановы Калегіі ДПУ БССР ад 10 красавіка 1931 году высланы ў Самару на 5 гадоў (умоўна).

Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1934 году. Памёр ад сухотаў. Пахаваны на Вайсковых могілках ў Менску. Рэабілітаваны 15.11.1957.

Творчасьць

рэдагаваць

Дэбютаваў вершам у 1907 у газэце «Наша ніва». У 1912 напісаў сямейна-бытавую драму «Любоў усё змагае». Аўтар зборнікаў паэзіі «Барвёнак» (1924), «Спатканьні» (1925), «Сузор'і» (1926), «Зорнасьць» (1927), «Межы» (1929). Перакладаў на беларускую мову творы расейскіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў А. Аўдзеенкі, Ф. Гладкова, У. Стаўскага і інш.

Бібліяграфія

рэдагаваць
  • Выбранае. тв. Мн., 1950;
  • Вершы. Мн., 1972;
  • Нашы птушкі: (вершы для дзяцей). Мн., 1974.

Літаратура

рэдагаваць
  • Гурло Алесь // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыкляпэдычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыкляпэдычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2. — Мн., 2005.
  • Агіевіч У. Алесь Гурло // Агіевіч У. Літаратура і жыццё. Мн., 1954
  • А. К. Гурло // Германовіч І. Беларускія мовазнаўцы. Мн., 1985
  • Хведаровіч М. Шлях паэта // Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы. Мн., 1977
  • Міхнюк У. Штрыхі да аўтапартрэта, напісанага Алесем Гурло ў сталінскіх засценках // ЛіМ. 1992, 10 крас.
  • Возвращенные имена.
  1. ^ а б в г Hurlo, Ales‘ // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі