Першае таварыства беларускае драмы і камэдыі

Пе́ршае тавары́ства белару́скае дра́мы й камэ́дыі існавала ў красавіку 1917 — сярэдзіне 1920 гадоў у Менску. Было створанае Фларыянам Ждановічам пры ўдзеле Ігната Буйніцкага й Усевалада Фальскага. Адкрылася 23 красавіка 1917 году спэктаклямі «Паўлінка» Янкі Купалы й «У зімовы вечар» Элізы Ажэшкі ў памяшканьні Менскага гарадзкога тэатра. Потым працавала ў клюбе «Беларуская хатка». У таварыства ўваходзілі ўдзельнікі драматычных гурткоў, хор (кіраўнік Уладзімер Тэраўскі), танцавальная група (кіраўнік Часлаў Родзевіч) і аркестар народных інструмэнтаў (кіраўнік Дз. Захар).

Значнай падзеяй была першая пастаноўка 10 ліпеня 1917 году п’есы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо». Ролі выконвалі: А. Крыніца (Лявон), Ф. Ждановіч (Сымон), В. Тарасік (Марыля), Р. Жакоўскі (Старац). Калектыў разьвіваўся на прафэсійнай аснове й у сваёй дзейнасьці абапіраўся на народныя традыцыі Першай беларускай трупы(be) Ігната Буйніцкага. Пасьля спэктакляў звычайна наладжваліся дэклямацыі, выконваліся народныя танцы й песьні.

У складаных умовах германскай і польскай акупацыі, у грамадзянскую вайну таварыства адыграла важную ролю ў культурным жыцьці Беларусі, у станаўленьні беларускага прафэсійнага тэатральнага мастацтва. Трупа выяжджала ў Барысаў, Жлобін, Заслаўе, Койданаў, Воршу, Радашкавічы. Пры ўдзеле членаў таварыства створаны Беларускі савецкі тэатар і Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва. У 1920 годзе з адкрыцьцём у Менску Беларускага дзяржаўнага тэатра (з 1944 году Беларускі тэатар імя Янкі Купалы, цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы) значная частка калектыву ўвайшла ў ягоную трупу й таварыства спыніла сваю дзейнасьць.

Літаратура

рэдагаваць