Флярыян Ждановіч
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ждановіч.
Флярыя́н Па́ўлавіч Ждано́віч (1884; Менск, цяпер Беларусь — 1937, Менск) — адзін з заснавальнікаў прафэсійнага тэатру, актор, рэжысэр і грамадзкі дзяяч. Псэўданімы: Алесь Крэсік, Іван Карась. Брат Антона Ждановіча.
Флярыян Ждановіч лац. Flaryjan Ždanovič | |
Род дзейнасьці | Актор, рэжысэр |
---|---|
Дата нараджэньня | 16 (28) кастрычніка 1884 |
Месца нараджэньня | Менск, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 22 кастрычніка 1937 (52 гады) |
Месца сьмерці | Менск, Беларуская ССР, СССР |
Грамадзянства | СССР |
Занятак | перакладнік, актор, тэатральны рэжысэр |
Месца працы | |
Бацька | Павал Ігнатавіч Ждановіч |
Маці | Кацярына Антонаўна Ждановіч |
Жонка | 1) Пралеска, 2) Гелена (дзяв. Маеўская) |
Дзеці | Двое: дачка Ірына Ждановіч(be) (1906—1994) |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў Менску ў сям’і службоўца банка. Быў першынцам з 6 дзяцей. Скончыў Менскую рэальную вучэльню. У 1902 годзе скончыў Варшаўскую драматычную школу. Працаваў акторам у польскіх тэатрах Беларусі. У 1907 г. вярнуўся ў Менск, дзе выступаў у тэатральнай трупе пры польскім спартовым таварыстве «Сокал» зь вершамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Далучыўся да беларускага культурніцкага руху. 15 жніўня 1913 у Радашкавічах адбылася прэм’ера знакамітай п’есы «Паўлінка». Ставіў спэктакль Менскі драматычны гурток, якім кіраваў Флярыян Ждановіч, а сярод гледачоў быў і сам аўтар — Янка Купала. Падрыхтаваў мастацкую праграму «Беларускі кірмаш». Арганізаваў драматычны гурток, які пасьля паказу ў вёсцы Старое Сяло пад Менскам спэктакля «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага быў забаронены ўладамі. Каб пазьбегнуць арышту, выехаў у Крым, дзе выступаў на рускай сцэне.
Да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 працаваў у Менскай гарадзкой думе. У 1917 мастацкі кіраўнік Першага таварыства драмы і камэдыі ў Менску. У складаных умовах нямецкай і польскай акупацыі ствараў беларускі нацыянальны тэатар[1]. У 1919 г. паставіў у Вільні п’есу Янкі Купалы «Раскіданае гняздо»[2]. У 1920 быў мастацкім кіраўніком Першага беларускага таварыства драмы й камэдыі. 14 верасьня 1920 пад яго кіраўніцтвам у Менску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1; цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы). Адначасова ў Наркамаце асьветы БССР курыраваў беларускія тэатры, быў рэжысэрам Беларускага савецкага тэатру, ставіў спэктаклі ў БДТ-3. З 1922 у акторскім складзе БДТ-1.
Ждановіч зрабіў шмат першых пастановак клясыкі беларускае драматургіі — Купалы, Коласа, Аляхновіча, Галубка, Каганца. Ён сам перакладаў на беларускую творы польскай, расейскай і ўкраінскай клясыкі.
У 1929 г. пакінуў Беларусь. У 1930 г. пераехаў зь сям’ёй у Саратаў (Расейская СФСР), дзе ўладкаваўся рэжысэрам-пэдагогам тэатральнай вучэльні[3]. 18 ліпеня 1930 году яго арыштавалі па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» й прысудзілі да 5 гадоў ссылкі, якую ён адбываў на Беламорканале. Але й пасьля яму не далі вярнуцца ў Беларусь.
8 ліпеня 1937 году Ждановіча арыштавалі ізноў і незаконна выраклі на расстрэл[4]. Рэабілітаваны ў 1956.
Бібліяграфія
рэдагаваць- Беларускі тэатр. // Беларускі шлях : газэта. — 1918, 14 ліпеня. — № 89. — С. 2.
- Тэатр і мастацтва. // Беларусь : газэта. — 1920, 6 студзеня. — № 4 (60). — С. 4.
- С. П. Флёрыян Ждановіч. // Беларускае жыцьцё : газэта. — 1920, 11 сакавіка. — № 6 (28). — С. 6.
- С. П. Рамуальд Жукоўскі. // Беларускае жыцьцё : газэта. — 1920, 11 сакавіка. — № 6 (28). — С. 6.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Kronika. Biełaruski teatr. (бел.) // Hramadzianin : газэта. — 1919, 11 sakawika. — № 16. — С. 4.
- ^ Teatr. // Biełaruskaje žyćcio : газэта. — 1919, 5 čerwienia. — № 1. — С. 7.
- ^ Да 130-годзьдзя заснавальніка беларускага тэатра Флярыяна Ждановіча // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 23 кастрычніка 2014 г. Праверана 24 кастрычніка 2014 г.
- ^ Ждановіч Фларыян // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6. — С. 432. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Энцыкляпэдыя на slounik.org
- Біяграфічная даведка на martyraloh.org(недаступная спасылка)
- Артыкул на «Камунікаце»
- 28 кастрычніка 1523 году ў Кракаве выйшла з друку «Песьня пра зубра» Радыё «Свабода», 28 кастрычніка 2004