Проза

літаратурная форма маўленьня

Про́за (па-лацінску: prosa, ад prōsa — прамая, простая, з proversa — зьвернутая наперад[1]) — вуснае ці пісьмовае маўленьне безь дзяленьня на сувымерныя адрэзкі — вершы; у супрацьлегласьць паэзіі ейны рытм абапіраецца на прыблізную суаднесенасьць сынтаксычных канструкцыяў (пэрыядаў, сказаў, калёнаў). Часам тэрмін ужываецца ў якасьці супрацьпастаўленьня мастацкай літаратуры наогул (паэзія) літаратуры навуковай і публіцыстычнай, то бок якая не адносіцца да мастацтва[2]. Раманы, падручнікі й ґазэтныя артыкулы ёсьць яскравымі прыкладамі прозы.

У празаічных творах тэкст не разьбіваецца на рытмічныя групы, сказы ідуць адзін за адным

Пачаткова ў старажытнагрэцкай літаратуры любая мастацкая славеснасьць называлася паэзіяй. Аднак само паняцьце мастацкасьці ў грэцкай культуры было неразрыўна зьвязанае з рытмічнасьцю, і, такім парадкам, большая частка літаратурных твораў мела вершаваную форму. Пазьней рытмічна арґанізаванае маўленьне сталі называць вершам, у супрацьпастаўленьне маўленьню, не зьвязанаму з рытмам. Старажытныя рымляне, прадаўжальнікі грэцкае культуры, сталі называць яе прозай. У Квінтыліяна сустракаецца выраз «oratio prosa», у Сэнэкі — проста «prosa» для абазначэньня маўленьня свабоднага, не зьвязанага рытмічнымі паўторамі.

Нягледзячы на ўяўную відавочнасьць, дакладнага разьмежаваньня паняцьцяў проза й паэзія не існуе[3]. Існуюць творы, якія ня маюць рытму, аднак разьбітыя на радкі й адносяцца да вершаў, і наадварот, напісаныя ў рыфму й з рытмам, аднак якія адносяцца да прозы. Прозу цікавіць ня проста эмацыянальна-мысьленчы стан, як паэзію, а стан, які ўзьнік у сувязі з пэўнымі абставінамі й выводзіцца зь іх. Паэзія спэцыялізуецца на абсалютызацыі станаў душы, спыненым імгненьні, у прозе імгненьні разгортваюцца ў падзеі й выстройваюцца ў канцэптуальны парадак. Стылявыя дамінанты прозы — сюжэт, сытуацыя, прадметная й псыхалягічная дэталь, мова, у тым ліку суб’ектная арґанізацыя мовы. Функцыяй прозы ёсьць мастацкі аналіз. Слова ў прозе выступае сродкам адлюстраваньня й узнаўленьня рэальных аб’ектаў, дзеяньняў, перажываньняў герояў, мае канкрэтызаваны сэнс, плястычную дакладнасьць і даволі выразную праяву амбівалентнасьці.

Беларуская проза новага часу ўзьнікла даволі позна, толькі ў канцы XІX стагодзьдзя з апавяданьнямі Францішка Багушэвіча. Даволі доўгі час пераважала на Беларусі паэзія, аднак пасьля Другое сусьветнае вайны роля прозы ў Беларусі значна ўзрасла, дзякуючы шэрагу выбітных аўтараў, як то Іван Мележ, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч і іншых[4].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Пар. лац. versus — верш, літаральна — павернуты назад
  2. ^ Проза — литературная энциклопедия  (рас.)
  3. ^ Статья «Проза и поэзия» в энциклопедии Кругосвет  (рас.)
  4. ^ Пpoзa. Кароткі зьмест.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць