«Дзядзька Якуб» — двухактавая драма беларускага драматурга Францішка Аляхновіча, напісаная ў 1918 годзе і апублікаваная ў газэце «Беларускае жыцьцё» ў ліпені 1919 году.

Дзядзька Якуб
Жанр: драма
Аўтар: Францішак Аляхновіч
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 1918
Публікацыя: 1919

Галоўны герой п’есы — селянін Якуб. Жыцьцёвая драма героя абумоўлена непадзельным каханьнем да прыгажуні Крыстыны, якая хоць і выйшла замуж за яго, значна старэйшага па ўзросьце, але па-ранейшаму кахала маладога аднавяскоўца Андрэя.

Якуб доўгі час не губляў надзеі паразумецца з жонкаю, аднак яе сэрца заставалася глухім. Нічога не зьмянілася і пасьля нараджэньня дачкі Антосі. Урэшце, Якуб высочвае палюбоўнікаў і ў лютай злосьці забівае Андрэя нажом. Суд апраўдвае забойцу, але дамоў ён не вяртаецца і многія гады жыве самотнікам у лясных гушчарах.

Адчуваньне блізкай сьмерці вымусіла яго вярнуцца да людзей. У родную вёску ён прыходзіць тады, калі Антося і сын Андрэя Пранук, якія вырасьлі сірацінамі (ад перанесеных узрушаньняў Крыстына памерла, а жонка Андрэя звар’яцела), ладзілі вясельле. Гэтае вяртаньне амаль перакрэсьлівае вясельную ўрачыстасьць, аднак сьмерць Якуба вяртае маладым паразуменьне.

Француская беларусістка Віржынія Шыманец адзначае:

Сьвет «Дзядзькі Якуба» — яшчэ сялянскі, але Аляхновіч зьмяшчае ў гэтую прастору, у гэты эталён чысьціні, крывавую драму, пэрсанажы якой не гаспадары свайго лёсу, але толькі закладнікі Боскае волі . Гэтым разам ён далучаецца да эстэтыкі чорнага рамантызму, паводле якой жах забойцы — гэта крыніца зачараваньня й дзе забойства ды гвалт стаяць ля вытокаў ініцыяцыі. У пошуках выкупленьня й дараваньня, ён мусіць вярнуцца да крыніцаў, якія змыюць ягонае злачынства. Асуджаны на блуканьне, ён здаецца істотаю, вызваленай ад усіх сацыяльных абавязкаў, і, адначасна, ягоны шлях да ўласнага мінулага непазьбежна набліжае яго да сьмерці. Гэтая прыватная форма мэлядраматычнае прапазыцыі мае таксама асаблівасьць трактаваць пакуты ды боль як пазытыўныя духоўныя практыкі, што маюць выхаваўчую каштоўнасьць.[1].

Бібліяграфія

рэдагаваць

  1. ^ Вірджынія Шыманец. Пад выкляцьцем. Калі тэатар ставіць пытаньні палітычнай і культурнай гісторыі Беларусі // ЗАПІСЫ. — Парыж: Belarusan Institute of Arts and Sciences in the U.S., 2003. — В. 26.

Літаратура

рэдагаваць