Асырыйская царква Ўсходу
Асыры́йская царква́ Ўсхо́ду (па-клясычнасырыйску: ܥܕܬܐ ܕܡܕܢܚܐ ܕܐܬܘܪܝܐ), афіцыйная назва — Сьвятая Апостальская Ўсяленская Асырыйская Царква Ўсходу[1] (па-клясычнасырыйску: ܥܕܬܐ ܩܕܝܫܬܐ ܘܫܠܝܚܝܬܐ ܩܬܘܠܝܩܝ ܕܡܕܢܚܐ ܕܐܬܘܪܝܐ ʻIttā Qaddishtā w-Shlikhāitā Qattoliqi d-Madnĕkhā d-Āturāyē) — царква асырыйскае традыцыі, гістарычным цэнтрам якое зьяўляюцца Асырыя ды паўночная Мэсапатамія. Паводле афіцыйнай пазыцыі царквы, яна зьяўляецца непасрэднаю наступніцай гістарычнае Царквы Ўсходу, то бок кананічна прызнанай гістарычнай патрыяршай катэдры Сэлеўкіі-Ктэсыфону, якая зьяўлялася незалежнаю ўжо з апостальскіх часоў. Сучасная Асырыйская Царква Ўсходу не падтрымлівае эўхарыстычных зьвязкаў ані з праваслаўнымі царквамі бізантыйскай традыцыі, ані зь іншымі ўсходнімі праваслаўнымі царквамі, ані з Каталіцкаю царквой. Нягледзячы на гэтае, у шэрагу навуковых працаў яна разглядаецца разам зь іншымі нехалькідонскімі царквамі[2].