Баптызм

дэнамінацыя ў пратэстанцтве
Сцэна хрышчэньня з сабору парыскай Божай Маці
Біблія Лютэра з друкарні Ганса Люфта
Дарэфармацыйныя рухі

Бапты́зм (паводле грэц. Βάπτισμα — хрост) — хрысьціянская дэнамінацыя ў пратэстанцтве, засяроджаная на індывідуалізьме ў дачыненьні да Бога і надзвычайнай ролі Сьвятога Пісьма. Збавеньне паводле баптыстаў недасягальнае ўласнымі ўчынкамі, адно толькі ласкай Божай праз асабістую веру ў збаўчую ахвяру Ісуса Хрыста дзеля выкупленьня грахоў чалавецтва. Баптысты зьдзяйсьняюць хрост выключна над тымі, хто сьвядома выражае пакаяньне за грахі і вызнае веру ў Хрыста. Акцэнтуючы аўтаномію асобных збораў, ёсьць таксама прыхільнікамі аддзяленьня царквы ад дзяржавы.

Дом малітвы эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў у Малечы (Берасьцейская вобласьць)

Большасьць баптыстаў прадстаўляе эвангельскае хрысьціянства, хоць існуюць нешматлікія баптысцкія дэнамінацыі, якія належаць да лібэральнага напрамку пратэстанцтва. Баптысцкія цэрквы могуць адрозьнівацца ў стаўленьні да пэўных пытаньняў: прадвызначэньне альбо свабода волі, канчатковасьць альбо мажлівасьць страты збавеньня, стаўленьне да тэорыі эвалюцыі.

У практыцы царкоўнага жыцьця баптысты прытрымліваюцца прынцыпу ўсеагульнага сьвятарства, а таксама самастойнасьці і незалежнасьці кожнай асобнай царкоўнай грамады (кангрэгацыяналізм). Прэсьбітэр (пастар) грамады ня мае абсалютнай улады, найбольш істотныя пытаньні вырашаюць на царкоўных радах, агульных сходах вернікаў. Набажэнствы складаюцца з казаняў, сьпеваў у суправаджэньні інструмэнтальнай музыкі, імправізаваных малітваў (уласнымі словамі), чытаньня духоўных паэмаў і вершаў[1].

Мінуўшчына

рэдагаваць

Карані баптызму палягаюць у руху абуджэньня ў хрысьціянскай царкве, які меў за мэту вяртаньне да правілаў Сьвятога Пісьма. Першыя анабаптысты адмаўлялі хрост дзяцей, пакуль тыя самі ня змогуць абраць сабе хросных бацькоў. Хрост праз пагружэньне ў ваду практыкаваўся «Асобнымі баптыстамі» ў Ангельшчыне, якія сваёй назвай мелі сьведчыць, што збаўленыя будуць толькі некаторыя (асобныя) людзі. Нягледзячы на адносную свабоду вызнаньня, іхнія зборы разьвіваліся параўнальна марудна. Толькі мэтадысцкае абуджэньне дадало дынамікі разьвіцьцю баптысцкіх грамадаў як у Старым, так і ў Новым сьвеце[2].

Першыя баптысты былі ангельцамі-кангрэгацыяналістамі, якія праз рэлігійны перасьлед эмігравалі з Ангельшчыны ў Нідэрлянды. Першая грамада была заснаваная ў 1609 року ў Амстэрдаме групай ангельскіх пурытанаў на чале з Джонам Сьмітам, якая пад уплывам мэнанітаў (умераных анабаптыстаў) прыняла дактрыну, якая адрынала хрост немаўлятаў. Аднак неўзабаве збор быў вымушаны спыніць існаваньне з прычыны перасьледу. У 1612 року, калі ў Ангельшчыне паўстала хваля рэлігійных перасьледаў, частка амстэрдамскіх баптыстаў вярнулася на бацькаўшчыну — але ўжо без заснавальніка баптызму — і заснавала ў Лёндане першую баптысцкую грамаду. Менавіта ў Ангельшчыне цалкам сфармаваліся веравучэньне і дагматы, і тут ангельцы пачалі называць сябе баптыстамі.

Зарадзіўшыся ў Эўропе, найбольшага разьвітку баптысцкі рух дасягнуў у Паўночнай Амэрыцы. Аснову першых баптысцкіх суполак склалі выгнаньнікі з пурытанскіх калёніяў, перасьледаваныя за выказваньне поглядаў пра неабходнасьць аддзяленьня царквы ад дзяржавы і адмову ад хросту дзяцей. У 1638 року група такіх вернікаў на чале зь перасяленцам Роджэрам Ўільямзам заснавала новую калёнію Род-Айлэнд, дзе афіцыйна была абвешчаная свабода веравызнаньня, а ў местах Провідэнс і Ньюпарт заснаваныя першыя баптысцкія цэрквы[3] Пасьля здабыцьця рэлігійнай свабоды баптысты разгарнулі актыўную місіянэрскую дзейнасьць, якая ахоплівала, акрамя белых каляністаў, індзейцаў і чарнаскурае насельніцтва краіны. Сярод апошніх дадзенае спавяданьне атрымала шырокі распаўсюд, у выніку чаго да цяперашняга часу ў ЗША існуе некалькі афраамэрыканскіх баптысцкіх аб’яднаньняў[4].

У кантынэнтальнай Эўропе баптызм практычна ня меў распаўсюду да першай паловы XIX стагодзьдзя. Дзякуючы высілкам брытанскіх і амэрыканскіх місіянэраў у 20—30-я рокі XIX стагодзьдзя баптысцкія грамады былі заснаваныя ў Францыі і Нямеччыне. Надалей, дзякуючы актыўнай місіянэрскай палітыцы нямецкіх баптыстаў, у прыватнасьці пастара Ёгана Герхарда Онкена, Нямеччына стала цэнтрам распаўсюду баптысцкага вучэньня ў краінах Скандынавіі й іншых дзяржавах Эўропы[3].

У 1905 на 1-м Сусьветным сходзе баптыстаў у Лёндане быў заснаваны Сусьветны баптысцкі альянс, які па стане на 2007 налічваў больш за 170 тысячаў збораў і 36 мільёнаў сябраў. Варта зазначыць, што ў зьвяз не ўваходзіць вялікая колькасьць фундамэнталісцкіх цэркваў, ня згодных з умеранай тэалёгіяй і экумэнізмам Альянсу. Таксама ў большасьці баптысцкіх цэркваў сябрамі суполкі можна стаць толькі па дасягненьні паўналецьця. Такім чынам, дзеці з баптысцкіх сем’яў ня ўлічаныя ў статыстыцы.

Слова «баптыст» паходзіць ад грэцкага слова «баптыза» і азначае сабой хрост (літаральна — «пагружэньне»). Баптысты практыкуюць хрост дарослых праз поўнае пагружэньне ў ваду. Ідэя зараджэньня хрысьціянаў-баптыстаў зьвязаная з эвангельскім вучэньнем пра хрост.

Сымбаль веры

рэдагаваць
 
Баптысцкі дом малітвы ў Дундазе (Латвія)
  • Аўтарытэт Пісаньня — Сьвятое Пісаньне ёсьць адзінай бясспрэчнай крыніцай ведаў пра Бога і Ягоных пастановах, датычных чалавека.
  • Трыадзінства Бога — Бог ёсьць Творцам і Панам Стварэньня, які аб’явіўся ў трох дасканалых асобах: як Айцец, Сын і Дух Сьвяты. Адно Яму належыць чэсьць і ўзьнясеньне хвалы. Таму баптысты не шануюць Дзеву Марыю, хоць і лічаць яе надзвычайнай асобай, абранай Богам дзеля нараджэньня Ісуса, і таму годнай павагі і перайманьня ў ейным даверы Ісусу Хрысту.
  • Збаўленьне ласкаю празь веру — грэшны па прыродзе чалавек ня ў стане зрабіць нічога, што дазволіць яму займець прызнаньне Бога, аднак ведаючы, што добры Бог зьлітаваўся зь людзей і прабачыў ім іхняе грахоўнае адступства і амаральнасьць, даў магчымасьць пачатку новага жыцьця з забытым мінулым. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што Ісус Хрыстос, Адзінародны Сын Божы, памершы на крыжы, панёс пакараньне, якое вісела на кожным з нас паводле Боскага парадку рэчаў — і такім чынам дараваў нам жыцьцё вечнае, як і перамененае жыцьцё на зямлі.
  • Хрышчэньне на вызнаньне веры — згодна з Боскай рэкамэндацыяй і парадкам, які ўстанавіў Ісус Хрыстос, баптысты прымаюць хрост толькі на асабістым вызнаньні веры ў збаўленьне, якое атрымалі з рук Хрыста. Хрост ёсьць вонкавым, публічным сьведчаньнем таго, што прымае чалавек. Гэта не сакрамант у значэньні тварэньня новай духоўнай рэальнасьці, але неабходнае наступства скарэньня перад Богам і прызнаньня Яго сваім Госпадам і Збаўцам, а таксама сымбаль далучэньня да Царквы.
  • Вячэра Гасподняя — абрад, устаноўлены Ісусам Хрыстом у памяць Ягоных мукаў і сьмерці. Падчас Вячэры ахрышчаныя вернікі ўжываюць хлеб і віно, якія ёсьць сымбалямі Цела і Крыві Гасподняй. Празь Вячэру яе ўдзельнікі сьцьвярджаюць сьмерць Хрыста й ягоны паўторны прыход.
  • Новае жыцьцё праз Духа Сьвятога — Біблія дае абяцаньне, што з моманту шчырага паяднаньня з Богам пачынаецца новае жыцьцё (што яна называе новым нараджэньнем), у якім Бог не пакідае людзей сам-насам у канфрантацыі з жыцьцём, але сам Дух Сьвяты навучае іх, падтрымлівае, прыстасоўвае і робіць так, каб усе былі ў стане жыць паводле Боскіх стандартаў, не вяртаючыся болей да былога жыцьця, якога Бог не ўхваляе і таму вызваляе ад яго сваіх вернікаў.
  • Моц і дары Духа Сьвятога — паколькі Дух Сьвяты ў дні Пяцідзясятніцы надзяліў Царкву Боскай моцаю і духоўнымі дарамі, неабходнымі для выкананьня прызначанай ёй задачы, таксама і цяпер надзяляе сваю Царкву разнастайнымі духоўнымі дарамі.
  • Збавеньне не праз Царкву, а праз Хрыста — ані Царква хрысьціянаў-баптыстаў, ані хто іншы ня ёсьць адзіным выключным пасярэднікам збавеньня, паколькі ім ёсьць толькі Ісус Хрыстос — адзіны Пасярэднік паміж чалавекам і Богам.
  • Свабода сумленьня для кожнага чалавека — вера — гэта справа сьвядомага выбару, таму нікога нельга прымушаць да рэлігійнага вызначэньня.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Я. Винс. Наши баптистские принципы.
  2. ^ Por. K. Bednarczyk, Baptyści, w: W. Hryniewicz, J.S. Gajka, S.J. Kozy (red.), Ku chrześcijaństwu jutra. Wprowadzenie do ekumenizmu, Lublin 1996, s. 188—192
  3. ^ а б Robert G. Torbet. «A History of the Baptists». Chicago — Los Angeles: The Judson Press, 1952.
  4. ^ Н.Ревуненкова. «Протестантизм». изд-во «Питер», 2007

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць