Біблія Лютэра
Бі́блія Лю́тэра (па-нямецку: Lutherbibel) — пераклад Бібліі на нямецкую мову, выкананы Марцінам Лютэрам з паплечнікамі (напрыклад Філіпам Мэлянхтонам). Выданьне Новага Запавету адбылося ў 1522 року, уся Біблія надрукаваная ў 1534 року.
Біблія Лютэра | |
---|---|
Поўная назва: | Biblia / das ist / die gantze Heilige Schrifft Deudsch |
Скарачэньне: | LUT |
Мова: | раньняя новая верхненямецкая мова |
НЗ выдадзены: | 1522 |
Поўная Біблія апублікаваная: | 1534 |
Апакрыфічныя кнігі: | |
Аўтар(ы): | |
Перакладзеная з: | Масарэцкі тэкст (СЗ), Textus receptus (НЗ) |
Канон: | пратэстанцкі з даданьнем другакананічных кніг |
Вэб-старонка: | lutherbibel.net |
Рд. 1:1–3
Am anfang schuff Gott Himel vnd Erden. Vnd die Erde war wüst und leer / und es war finster auff der Tieffe / Vnd der Geist Gottes schwebet auff dem Wasser. Und Gott sprach / Es werde Liecht / Und es ward Liecht. | |
Ян. 3:16
Also hat Gott die Welt geliebet / das er seinen eingeboren Son gab / Auff das alle die an jn gleuben / nicht verloren werden / sondern das ewige Leben haben. | |
Пераклад Лютэра адыграў ключавую ролю ў нямецкай Рэфармацыі і стаў асновай нямецкай літаратурнай мовы.
Мінуўшчына
рэдагавацьПераклады Сьвятога Пісьма на нямецкую мову існавалі да Лютэра, аднак былі недасканалымі, а Новы Запавет выдаваўся асобнымі кнігамі, таму сабраць поўны тэкст Бібліі было няпроста.
Новы Запавет Лютэр пераклаў у пэрыяд зь сьнежня 1521 па сакавік 1522 року ў Вартбурскім замку. Выкарыстоўваўся грэцкі Textus Receptus у выданьні Эразма Ратэрдамскага 1516 року. Ад выкарыстаньня афіцыйна прынятага ў каталіцкай царкве лацінскага перакладу — Вульгаты — Лютэр адмовіўся сьвядома. Па вяртаньні ў Вітэнбэрг тэкст рэдагаваўся з дапамогай Філіпа Мэлянхтона, пасьля чаго ў верасьні 1522 року быў выдадзены ў друкарні Мэльхіёра Лётата, атрымаўшы неафіцыйную назву «Верасьнёўскай Біблі» альбо «Верасьнёўскага запавету» (ням. Septembertestament).
Пераклад Старога Запавету зьдзяйсьняўся ўжо калектывам, куды ўваходзілі, акрамя Лютэра і Мэлянхтона, Ян Бугенгаген, Каспар Круцыгер, Юстус Ёнас, Матэўс Аўрагальлюс і Георг Рэрэр. У 1523 было выдадзенае Пяцікніжжа, заснаванае на масарэцкім арыгінале 1494 року перавыданьня; у 1524 року надрукаваныя Псальмы. Тэкст поўнай Бібліі ўпершыню выйшаў у друкарні Ганса Люфта ў 1534 року, але Лютэр працягваў яго дапрацоўваць. Пры ягоным жыцьці выйшлі пяць перавыданьняў Бібліі, апошняе, вядомае ў біблеістыцы пад назваю Biblia Deudsch, у 1545 року.
Паводле некаторых зьвестак, у Вітэнбэргу Ганс Люфт за 1534—1574 рокі выдаў і прадаў сто тысячаў асобнікаў Бібліі Лютэра, а наклад рэпрынтных выданьняў немагчыма зьлічыць.
Зьмест
рэдагавацьАсноваю тэксту Старога Запавету служыў тэкст, апублікаваны ў Брэшыі Гершонам бэн Мойзэжам Санціна ў 1494 року, а Новага Запавету — Textus receptus Эразма Ратэрдамскага 1516 року. Пры перакладзе таксама выкарыстоўваліся тэксты Сэптуагінты, Вульгаты і пазьнейшых перакладаў Бібліі[1].
Паводле багаслоўскіх поглядаў Лютэра ў перакладзе прадстаўлены новы падыход да разуменьня біблійнага канону. Так, другакананічныя кнігі зьмешчаныя між Старым і Новым Запаветамі пад агульнай назвай «Апокрыфы: Гэтыя кнігі ня лічацца роўнымі Пісаньням, аднак карысныя і прыдатныя для чытаньня». Чатыры кнігі Новага Запавету, у кананічнасьці і боганатхнёнасьці якіх Лютэр сумняваўся — Ліст да габрэяў, Ліст Якуба, Ліст Юды і Адкрыцьцё — зьмешчаныя ў канцы кнігі. У прыжыцьцёвых выданьнях адсутнічала «Янава ўстаўка(pl)», якую Эразм лічыў сумнеўнай — упершыню яна зьявілася ў рэдакцыі 1574 року.
Большасьць памылак перакладу знаходзіцца ў кнігах Ёва і прароцкіх, што тлумачыццца слабым разьвіцьцём тагачаснай біблістыкі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Schaff, Philip Luther’s Translation of the Bible // History of the Christian Church. — New York: Charles Scribner’s Sons, 1910.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьНямецкая Вікікрыніца зьмяшчае арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы гэтага артыкула: |