Крыжовыя паходы

сэрыя вайсковых выправаў і войнаў Рыма-каталіцкай царквы ў Сярэднявеччы

Крыжо́выя пахо́ды — агульная назва ваенна-палітычных кампаніяў, якія праводзіліся заходнеэўрапейскімі фэадаламі ў XI—XV стагодзьдзях пад рэлігійнымі лёзунгамі з санкцыі папскага прэстолу.

Блізкі Ўсход

рэдагаваць

У вузкім сэнсе — сэрыя такіх паходаў на Блізкі Ўсход (1096—1270; прынята адрозьніваць 8 крыжовых паходаў) пачаткова з мэтай вызваленьня тэрыторыяў, на якіх узьнікла хрысьціянства, з-пад улады «няверных», а фактычна і ў інтарэсах фэадалаў Заходняй Эўропы, якія імкнуліся да набыцьця новых земляў і прыгонных, новых прадметаў раскошы, і ў інтарэсах эканамічна разьвітых гарадоў Паўночнай Італіі, якія ўступілі ў фазу перадкапіталістычнага разьвіцьця і былі зацікаўленыя ў разьвіцьці гандлёвых сувязяў з краінамі Ўсходу. Перад пачаткам першага крыжовага паходу, на саборы ў горадзе Клермон (Францыя), у 1095 годзе, яго ўдзельнікі далі воту вызваліць гроб гасподні ў Ерусаліме, у знак чаго нашылі на сваіх строях чырвоны крыж, адкуль паходзіць назва ўдзельнікаў усіх крыжовых паходаў — крыжакі. Папы дакляравалі ім адпушчэньне ўсіх грахоў, зьдзейсьненых пад час крыжовых паходаў. Найбольш важныя з паходаў на Блізкі Ўсход: першы (1096—1099), самы пасьпяховы, у ходзе якога былі адваяваныя ў мусульманаў Палестына зь Ерусалімам (ізноў страчаны хрысьціянамі ў 1187 годзе), Сырыя і частка Малой Азіі і створаныя першыя дзяржавы крыжакоў; і чацьверты (1202—1204), які скончыўся разгромам і разрабаваньнем Канстантынопалю і стварэньнем крыжацкіх дзяржаваў на тэрыторыі Бізантыйскай імпэрыі. З падзеньнем крэпасьці Ака (1291) крыжакі страцілі ўсе іх тэрытарыяльныя набыткі на Блізкім Усходзе, апроч астравоў Усходняга Міжземнамор’я, захопленых асманамі ў XVI стагодзьдзі. Нягледзячы на заваёўнічы й рабаўніцкі характар гэтых крыжовых паходаў і іх канчатковую няўдачу, яны паспрыялі паскарэньню эканамічнага й сацыяльнага разьвіцьця краінаў Заходняй Эўропы, ідэйнай і культурнай кансалідацыі эўрапейскіх народаў, мадэрнізацыі іх быту і сьветапогляду, пазнаёмілі эўрапейцаў з навуковымі і тэхнічнымі дасягненьнямі мусульманскіх краінаў.

Усходняя Эўропа

рэдагаваць

Крыжовымі паходамі абвяшчаліся і ўсе ваенныя акцыі «ў абарону каталіцкай веры» з афіцыйнай санкцыі рымскага папы. Масаваная царкоўная і сьвецкая прапаганда стваралі атмасфэру рэлігійнай, расавай і этнічнай нецярпімасьці да ўсіх некаталікоў: габрэяў і мусульманаў Гішпаніі й паўночнай Афрыкі, паганскіх заходнеславянскіх, фінскіх і балцкіх народаў, і нават праваслаўных грэкаў і ўсходніх славян і г. д., якія часта аб’ядноўваліся штучным тэрмінам сарацыны. «Ворагамі веры» адвольна абвяшчаліся і носьбіты сапраўдных ці ўяўных ерасяў (альбігойцы, гусіты і іншыя), часам палітычныя ворагі папства ці яго хаўрусьнікаў. У XII стагодзьдзі на Блізкім Усходзе і на Пірэнейскім паўвостраве сфармаваліся асобыя духоўна-рыцарскія каталіцкія ордэны, якія вялі рэй у арганізацыі крыжовых паходаў, у тым ліку Тэўтонскі ордэн (з 1198 году). Пасьля няўдачы пятага крыжовага паходу (1217—1221) Тэўтонскі ордэн перанёс сваю дзейнасьць спачатку на плато Бырса на тэрыторыі сучаснай Румыніі, дзе мусіў бараніць Вугорскае каралеўства ад полаўцаў, а затым у Прусію (1226), дзе з ініцыятывы ўдзельных польскіх князёў і першага біскупа Прусіі Хрысьціяна Дабжынскім ордэнам з 1217 году вяліся крыжовыя паходы супраць прусаў. Толькі з 1217 па 1265 год было абвешчана каля 114 крыжовых паходаў ва ўсходняй Прыбалтыцы. Але пачаліся крыжовыя паходы супраць народаў Усходняй Эўропы, якія часам абазначаюць тэрмінам «Паўночныя крыжовыя паходы», значна раней: з 1147 году нямецкія рыцары з блаславеньня папы пачалі наступ на палабскіх славян, з 1155 году швэды на фінаў, з апошняй трэці XII стагодзьдзя датчане, немцы і іншыя на эстаў і ліваў. Карныя дзеяньні супраць гэтых народаў апраўдваліся неабходнасьцю выратаваньня іх душ, магчымае нібыта толькі пры хрышчэньні па каталіцкім абрадзе. Да ўласна крыжакоў Прусіі і Інфлянтаў, прафэсіяналаў захопніцкіх войнаў, далучаліся гэтак званыя памочнікі, якія давалі воту часовага ўдзелу ў вайне зь «нявернымі», што лічылася маральным абавязкам заходнеэўрапейскага рыцара. У XIV стагодзьдзі Ўсходняя Прыбалтыка, разам з Гранадай, Кіпрам, Балканамі і іншымі месцамі, дзе рэгулярна адбываліся крыжовыя паходы, уваходзіла ў своеасаблівы «вялікі тур», прайсьці выпрабаваньне якім лічылася за гонар кожнаму высакароднаму фэадалу. Сярод найбольш славутых «памочнікаў» былі чэскія каралі Пшэмысл II Отакар (заснавальнік Кёнігсбэргу ў 1255 годзе), Ян Люксэмбург (1329), будучы імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Карл IV; вугорскі кароль Людвік I Вялікі (1345); Генры Дэрбі, будучы ангельскі кароль Генры IV Ланкастэр (1390—1392).

У 1186 годзе з пабудовы нямецкімі місіянэрам Мэйнардам у Ікескюлі (Ніжняе Падзьвіньне) першага касьцёла пачалося хрышчэньне ліваў, якое суправаджалася захопамі земляў і запрыгоньваньнем мясцовага насельніцтва, выклікаўшы сутыкненьне крыжакоў з Герцыке й Кукейнасам, васальнымі княствамі Полацкай зямлі. У 1202 годзе быў заснаваны Інфляцкі Ордэн (Мечаносцаў), які пасьля катастрафічнага разгрому яго жмудзінамі і земгаламі ў Саўлескай бітве 1236 году зьліўся з Тэўтонскім Ордэнам. Раней, у 1235 годзе, да таго далучылася і большая частка братоў Дабжынскага ордэна; тая частка апошняга, якая захавала самастойнасьць, была разьбітая Данілам Галіцкім у Драгічынскай бітве 1238 году. Іншыя буйныя бітвы з крыжакамі адбыліся на Чудзкім возеры (1242), ля возера Дурбэ (1260), на рацэ Страве (1346). У ходзе пруска-тэўтонскіх войнаў 1230—1283 гадоў Ордэн цалкам захапіў землі прусаў, заходніх балтаў (надруваў, скалваў) і часткова яцьвягаў, вёў бесьперапынныя войны на шырокім фронце ад Чудзкага возера да ракі Нарэў супраць ВКЛ і ўсходнеславянскіх дзяржаваў — Полацка, Пскова, Вялікага Ноўгарада й Галіцка-Валынскага княства. Стратэгічныя пляны прыбалтыйскіх крыжакоў прадугледжвалі захоп тэрыторыяў сучасных Польшчы, Летувы, Беларусі, Украіны, Малдовы, паўночна-заходняй Расеі. З канца XIII стагодзьдзя]па 1410 год яны зьдзейсьнілі больш за 140 нападаў на ВКЛ, у адказ вялікалітоўскія атрады зрабілі больш за 60 рэйдаў на крыжацкую тэрыторыю. З канца XIV стагодзьдзя асноўным аб’ектам крыжацкай агрэсіі стала Жамойць (Жмудзь), якая аддзяляла Прусію ад Лівонію. Нягледзячы на часовыя ўступкі гэтай стратэгічнай тэрыторыі Ордэну (глядзіце Салінскі дагавор 1398 году, Рацёнскі дагавор 1404 году) ВКЛ удалося захаваць Жмудзь за сабой.

Літва, а затым і Польшча неаднакратна (1356, 1415, 1454 і інш.) прапаноўвалі перанесьці дзейнасьць крыжакоў у Паўночнае Прычарнамор’е з мэтай абароны хрысьціянскага сьвету ад татараў і туркаў, але гэтыя прапановы нязьменна адхіляліся. З хрышчэньнем літоўцаў (1387) і жмудзі (1413) губляліся фармальныя падставы для вядзеньня крыжовых паходаў у Прыбалтыцы. Афіцыйна яны былі спыненыя 9 верасьня 1403 году, калі папа Баніфацый IX забараніў Ордэну нападаць на ВКЛ і Польшчу, але іх фактычным працягам былі, у прыватнасьці, Вялікая вайна 1409—1411 гадоў і Трынаццацігадовая вайна 1454—1466 гадоў. Вырашальнай у спыненьні крыжовых паходаў у Прыбалтыцы была Грунвальдзкая бітва 1410 году. Апошнюю рысу пад імі падвяла сэкулярызацыя Тэўтонскага Ордэна ў 1525 годзе, калі ён быў ператвораны ў васальнае Польшчы Прускае герцагства.

У выніку крыжовых паходаў нямецкімі рыцарамі былі заняволеныя лівы, эсты, куршы, латгалы, часткова земгалы і селы, зьнішчаныя ці асіміляваныя прусы, яцьвягі, палабскія славяне. Аднак яны аб’ектыўна спрыялі кансалідацыі рознаэтнічнага й рознавернага насельніцтва Літвы ў адзіную дзяржаву — ВКЛ, уключэньню апошняга ў арбіту заходнеэўрапейскай цывілізацыі, у запазычаньню некаторых нормаў і формаў грамадзкага жыцьця, павышэньню ўзроўню матэрыяльнай культуры. З мэтай супольнай абароны ад крыжакоў Польшчай і ВКЛ была заключаная Крэўская унія 1385 году, якая мела вырашальнае значэньне для гістарычнага лёсу народаў гэтых дзяржаваў.

Літаратура

рэдагаваць
  • Алесь Белы // . — Мн.: .
  • Pakarklis P. Kryziuociu valstybes santvarkos bruozai. Kaunas, 1948.
  • Lietuviu karas su kryziuociais. Vilnius, 1964.
  • Urban W. The Baltic Crusade. Chicago, 1975.
  • Шаскольский И. П. Борьба Руси против крестоносной агрессии на берегах Балтики в XII—XIII вв. Л., 1978.
  • Christiansen E. The Northern Crusades: The Baltic and the Catholic Frontier. 1100—1525. London, 1980.
  • Белы А. Пад крыжом Св. Георгія // Падарожнік. № 2, 1996.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Крыжовыя паходысховішча мультымэдыйных матэрыялаў