Дзесяць прыказаньняў
Дзесяць прыказаньняў (па-габрэйску: עשרת הדברות, «асэрэт-а-дзіброт» — «дзесяць прамоваў»; па-старажытнагрэцку: δέκα λόγοι — «дзесяціслоўе») — прадпісаньні, дзесяць асноўных законаў, якія, згодна зь Пяцікніжжам, былі дадзеныя самім Богам Майсею, у прысутнасьці сыноў Ізраіля, на гары Сынай на пяцідзясяты дзень пасьля выхаду з Эгіпта.
Дзесяць прыказаньняў утрымліваюцца ў Пяцікніжжы ў двох вэрсіях, якія амаль не адрозьніваюцца адна ад адной (гл. Зых. 20:2-17; Др. Зак. 5:7-21). Згодна з габрэйскай традыцыяй, варыянт, які зьмяшчаецца ў 20-й главе кнігі Зыход, быў на першых, разьбітых скрыжалях, а варыянт Другога Закона — на другіх.
Пералікі Дзесяці прыказаньняў ў габрэйскай і хрысьціянскай традыцыі крыху адрозьніваюцца. Большасьць пратэстанцкіх цэркваў, а таксама Праваслаўная й Грэка-каталіцкая цэрквы падзяляюць другое паводле габрэйскай традыцыі прыказаньне (Зых. 20:3-6) на два й лічаць першы верш першым прыказаньнем, а астатнія вершы — другім. Рымска-каталіцкая й Лютэранская цэрквы падзяляюць на дзьве дзясятае паводле габрэйскай традыцыі прыказаньне, а першае прыказаньне ў Зых. 20:2 разглядаецца як агульны ўступ.
Пратэстанцкая й праваслаўная традыцыі
рэдагаваць- Я Госпад Бог твой, які вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому рабства, ды ня будзе ў цябе іншых багоў перад тварам маім.
- Не стварай сабе куміра й ніякае выявы таго, што на небе ўверсе, што на зямлі ўнізе, і што ў вадзе ніжэй за зямлю; не пакланяйся ім і ня служы ім, таму што я — Госпад Бог твой, Бог-апякун, які не карае дзяцей за віну бацькоў да трэцяга й чацьвёртага роду, якія ненавідзяць мяне, і даю міласьць да тысячы родаў таму, хто любіць мяне, захоўвае прыказаньні мае.
- Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, дарэмна, бо Гасподзь не пакіне без пакараньня таго, хто вымаўляе імя яго дарэмна.
- Помні дзень суботні, каб сьвята праводзіць яго, шэсьць дзён працуй і рабі ўсялякія справы твае, а дзень сёмы — субота — Госпаду Богу твайму: не рабі ў гэты дзень ніякае справы ані ты, ані сын твой, ані дачка твая, ані раб твой, ані рабыня твая, ані жывёла твая, ані прыйшоўшы, таму што ў шэсьць дзён стварыў Гасподзь неба й зямлю, мора й усё, што ў іх, а ў дзень сёмы адпачыў; таму благаславіў Гасподзь дзень суботні й асьвяціў яго.
- Паважай бацьку твайго й маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі.
- Не забівай.
- Не чужалож.
- Не крадзі.
- Не вымаўляй непраўдзівага сьведчаньня на бліжняга твайго.
- Не жадай хаты бліжняга твайго, ані жонкі яго, ані раба яго, ані рабыні яго, ані вала яго, ані асла яго, нічога, што ёсьць у бліжняга твайго.
Каталіцкая й лютэранская традыцыі
рэдагавацьЯ — Пан Бог твой, які вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
- Ня май іншых багоў, апроч Мяне.
- Ня ўжывай імя Пана Бога дарэмна.
- Памятай дзень сьвяты сьвяткаваць.
- Шануй бацьку свайго й маці сваю.
- Не забівай.
- Не чужалож.
- Не крадзі.
- Ня сьведчы фальшыва супраць бліжняга твайго.
- Не пажадай жонкі бліжняга твайго.
- Не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьДзесяць прыказаньняў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў