Ма́рцін Чахо́віц (па-польску: Marcin Czechowic; лістапад 1532, Збоншынь, Польскае каралеўства ― лістапад 1613, Люблін, Рэч Паспалітая) ― польскі тэоляг, ідэоляг левага крыла радыкальна-рэфармацыйнага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім і Каралеўстве Польскім.

Марцін Чаховіц
Marcin Czechowic
Род дзейнасьці пратэстанцкі мысьляр
Дата нараджэньня 1532
Месца нараджэньня Збоншынь
Дата сьмерці 1613
Месца сьмерці Люблін
Месца вучобы
Занятак перакладнік, тэоляг, перакладнік Бібліі

Чаховіц рэпрэзэнтаваў радыкульную плябейскую плыню ў руху польскіх братоў. Быў адным зь піянэраў пацыфізму ў Рэчы Паспалітай. Прапагандаваў поўную забарону забойстваў (таксама жывёлаў).

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і рамесьніка[1]. Навучаўся ў збоншынскай парафіяльнай школе, каталіцкай сэмінарыі ў Познані, пасьля накіраваны ў Ляйпцыскі ўнівэрсытэт. Да 1555 служыў ксяндзом у Курніку, аднак быў вымушаны пакінуць служэньне праз сваю прыхільнасьць да пратэстанцтва[1].

У 1559 року на запрашэньне магната Мікалая Радзівіла Чорнага прыехаў у Вільню, дзе заняў пасаду настаўніка школы пры мясцовым кальвінісцкім зборы, які знаходзіўся пад патранатам Радзівіла. Тут пад уплывам ідэяў Пятра з Гонядзі пачаў схіляцца ў бок радыкальнага напрамку Рэфармацыі — антытрынітарызму.

У чэрвені 1561 на заданьне Радзівіла езьдзіў у Швайцарыю да Жана Кальвіна з мэтаю прымірыць яго з Джорджыё Б’яндратам, якога Кальвін вінаваціў у прапагандзе ідэяў Мігеля Сэрвэта, тады як сам Радзівіл яму сымпатызаваў. Прыбыўшы ў верасьні ў Цюрых, Марцін прывёз з сабой лісты і шчодрыя падарункі ад свайго патрона. За тры дні перабываньня ў месьце Чаховіц даведаўся ў вядомага пратэстанцкага школьнага настаўніка апісаньне парадкаў мясцовай школы, якія плянаваў выкарыстаць як узор для стварэньня падобнай навучальнай установы ў Вільні. Па дарозе дадому наведаў Маравію, дзе азнаёміўся з ладам жыцьця аднае з анабаптысцкіх грамадаў.

Вярнуўшыся ў Вільню, пачаў прамаўляць у кальвінісцкім зборы ў духу сацыяльнага радыкалізму. Акрамя прапаведнцкай дзейнасьці, браў удзел у сынодах літоўскіх антытрынітарыяў, дзе выступаў у абарону вучэньня анабаптыстаў, чым выклікаў нездавальненьне ўмераных антытрынітарыяў. У 1564 адбыўся ягоны трохдзённы дыспут зь Мікалаем Вяндгоўскім, на падставе якога Чаховіц падрыхтаваў трактат «Трохдзённы дыспут пра хрост дзяцей», з прычыны сьмерці князя Радзівіла апублікаваны толькі ў 1583 року[2].

З-за ціску з боку кальвіністаў і магістрату быў вымушаны пакінуць Вільню і замешкаў у Куявіі, у маёнтку Яна Немаеўскага, які, зьяўляючыся кальвіністам, пад ягоным уплывам схіліўся да антытрынітарызму. У маёнтку Немаеўскага Чаховіц заснаваў грамаду, сябры якой каля 1570 року адмовіліся ад усіх займаных дзяржаўных пасадаў і прадалі маёмасьць, раздаўшы грошы бедным. Разам зь Немаеўскім Чаховіц перабраўся ў Люблін, дзе разам зладзілі буйную грамаду польскіх братоў.

Па сьмерці Немаеўскага ў 1598 Чаховіц пад ціскам сацыніянаў сышоў з пасады міністра збору, аднак да сканчэньня жыцьця працягваў весьці зь імі палеміку, гэтаксама як і з кальвіністамі й езуітамі. Так, у 1578 і 1581 роках ён дыскутаваў у Лоску з Сымонам Будным, у 1582 прысутнічаў у Любчы на разглядзе справы Буднага, у 1603 на сынодзе ў Ракаве палемізаваў з Фаўстам Соцынам[1][3].

Памёр у беднаце і забыцьці[1]. Працяглы час імя Чаховіца ня згадвалася і ў гістарычнай літаратуры, пакуль у 1962 Джордж Ўільямз не апублікаваў пра яго ў філадэлфійскім пратэстанцкім часопісе артыкул, неўзабаве перадрукаваны ў выданьні польскай Акадэміі навук.

 
Тытульныя старонкі «Хрысьціянскіх размоваў» Чаховіца ў экспазыцыі Піньчаўскага музэю

Выступаў супраць прыгоньніцтва, адмаўляў сьвецкую ўладу і царкву, асуджал хрост немаўлятаў. Веру лічыў асабістай справай чалавека, патрабаваў рэлігійнай верацярплівасьці. Прапаведаваў пацыфізм, сацыяльную роўнасьць. Лічыў Ісуса Хрыста ня Богам, а бесправінным чалавекам, які паходзіў ад Сьвятога Духу, быў абраны Богам у якасьці Збаўцы, надзелены моцай зьдзяйсьняць цуды і пасьля сьмерці быў уваскрошаны Творцам[1].

Сачыненьні

рэдагаваць
  • Вершаваны пераказ Новага Запавету (1570)
  • «Хрысьціянскія размовы» (Кракаў, 1575)
  • Пераклад Новага Запавету (Кракаў, 1577; адрэдагаванае выданьне Ракаў, 1594).
  1. ^ а б в г д 742 // . — Мн.: С. Чаховіц.
  2. ^ Абушенко В. Л. Чаховиц(недаступная спасылка) // Религия: Энциклопедия / сост. и общ. ред. А. А. Грицанов, Г. В. Синило. — Мн.: Книжный Дом, 2007. — 960 с — (Мир энциклопедий).
  3. ^ Judah M. Rosenthal Marcin Czechowic and Jacob of Belzyce: Arian-Jewish encounters. ― 1966.

Літаратура

рэдагаваць
  • Encyklopedyczny słownik sławnych Polaków / pod red. Jerzego Borowca. — Warszawa: Adam, 1996. — 503 с. — ISBN 9788385207900
  • Grzegorz M. Chromik Feudalni panowie Czechowic. — Warszawa: Tow. Przyjacio Czechowic-Dziedzic, 1997. — 106 с. — ISBN 978-8390341262
  • Literatura polska. Przewodnik encyklopedyczny // . — Warszawa: PWN. — Т. 1, A-M. — ISBN 83-01-05368-2
  • Szczucki L. Marcin Czechowic (1532—1613). — Warszawa: 1964.
  • The New Testament of Marcin Czechowic 1577 in University of California publications in modern philology. — Berkeley, University of California, 1989.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць