Міжпарлямэнцкі саюз

міжнародная арганізацыя дзяржаўных парлямэнтаў

Каардынаты: 46°13′38″ пн. ш. 6°7′17″ у. д. / 46.22722° пн. ш. 6.12139° у. д. / 46.22722; 6.12139

Міжпарля́мэнцкі саю́з — міжнародная арганізацыя заканадаўчых сходаў сувэрэнных дзяржаваў, заснаваная ў чэрвені 1889 году ў Парыжы (Францыя) ў якасьці Міжпарлямэнцкай нарады.

Міжпарлямэнцкі саюз
анг. Inter-Parliamentary Union

Дзяржавы-ўдзельніцы МПС (зялёным на 2017 г.)
Абрэвіятура МПС
Дэвіз Для народаўладзьдзя, для кожнага
Дата ўтварэньня 30 чэрвеня 1889 (135 гадоў таму)
Юрыдычны статус міжнародная арганізацыя
Мэта падтрыманьне міру і супрацы між народамі
Штаб-кватэра Гран-Саконэ (кантон Жэнэва)
Месцазнаходжаньне Швайцарыя
Сяброўства 178 заканадаўчых сходаў (2019 г.)
Афіцыйныя мовы ангельская, француская
Генэральны сакратар Марцін Чунгонг
Старшыня Габрыэла Куэвас-Барон
Кіроўны орган Кіраўнічая рада
Бюджэт 15,871 млн швайцарскіх франкаў (2018 г.)[1]
Колькасьць супрацоўнікаў 42 (2018 г.)
Сайт ipu.org
Колішняя назва Міжпарлямэнцкая нарада (да 1892 г.), Міжпарлямэнцкае бюро (да 1899 г.)

З 1899 году носіць сучасную назву. З 1 студзеня 2003 году сядзіба МПС месьціцца ў горадзе Гран-Саконэ (кантон Жэнэва, Швайцарыя). У Нью-Ёрку (ЗША) працуе прадстаўніцтва МПС пры ААН[2]. Са студзеня 1995 году сябрам МПС стаў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь[3].

Кіраваньне

рэдагаваць
  • Сход. Склікаецца двойчы на год. Складаецца з дэпутатаў ад заканадаўчых сходаў дзяржаваў-удзельніцаў. Прадстаўнікі кожнага заканадаўчага сходу маюць улучаць жанчынаў і мужчынаў. Дзяржавы з насельніцтвам да 100 млн жыхароў маюць да 8 прадстаўнікоў, звыш 100 млн жыхароў — да 10. Выбірае свайго старшыню. Ухваляе парады датычна задачаў дзейнасьці. Кожны заканадаўчы сход мае прынамсі па 10 галасоў. Калі насельніцтва краіны перавышае 1 млн жыхароў, дадаюць 1 голас. Калі звыш 5 млн, то — 2. Калі звыш 10 млн, то — 3. За кожныя наступныя 10 млн жыхароў да 60 млн дадаюць яшчэ па голасе. Пры насельніцтве звыш 80 млн дадаюць 9 галасоў. Звыш 100 млн — 10 галасоў. Звыш 150 млн — 11. Звыш 200 млн — 12. Звыш 300 млн — 13.
  • Кіраўнічая рада. Праводзіць 2 паседжаньні на год. Складаецца з трох прадстаўнікоў ад кожнага заканадаўчага сходу. Выбірае старшыню МПС на 3 гады. Прымае новых сябраў і прызначае месца Сходу. Вызначае лік і паўнамоцтвы пастаянных камітэтаў Сходу. Зацьвярджае штогадовы каштарыс і складкі сябраў. Прызначае 2 аўдытараў і зацьвярджае іх штогадовыя справаздачы. Прымае ахвяраваньні і выбірае сябраў Выканаўчага камітэту. Прызначае генэральнага сакратара МПС.
  • Выканаўчы камітэт. Складаецца са старшыні МПС, 15 дэпутатаў розных заканадаўчых сходаў, зь іх прынамсі 12 зь ліку сябраў Кіраўнічай рады, і старшыняў Бюро парлямэнтарак і Форуму маладых парлямэнтароў (да 45 гадоў). Сябры кожнай плоці маюць складаць прынамсі траціну выбраных. 15 выбарных месцаў разьмяркоўваліся між прадстаўнікамі 6 геапалітычных групаў: 1) Афрыканскай (52 дзяржавы на 2019 г.), 2) «12+» (47; Эўропа), 3) Азіяцка-Ціхаакіянскай (36), 4) Лацінская Амэрыка і Карыбы (24), 5) Арабскай (21; Паўночная Афрыка і Паўднёва-Заходняя Азія), 6) Эўразія (9; Садружнасьць незалежных дзяржаваў)[4]. Тэрмін 15 выбраных дэпутатаў складае 4 гады. Пагатоў прынамсі 2 дэпутаты маюць зьмяняцца штогод прадстаўнікамі іншых дзяржаваў. Прызначае месца паседжаньня Кіраўнічай рады і вызначае яе парадак дня. Назірае за дзейнасьцю Сакратарыяту па выкананьні пастановаў Сходу і Кіраўнічай рады. Зацьвярджае паўнамоцтвы генэральнага сакратара і вызначае заробкі супрацоўнікаў Сакратарыяту.
  • Сакратарыят. Выконвае пастановы Сходу і Кіраўнічай рады. Зьбірае і распаўсюджвае зьвесткі пра будову і дзейнасьць прадстаўнічых установаў. Захоўвае архіў МПС і падтрымлівае зносіны зь іншымі міжнароднымі арганізацыямі[5].

Сяброўства

рэдагаваць

На 2019 год сябрамі Міжпарлямэнцкага саюзу былі заканадаўчыя сходы 177 дзяржаваў, у тым ліку Беларусі і кожнай з 5 суседніх дзяржаваў, а таксама заканадаўчы сход Палестынскай аўтаноміі Ізраілю:

Мінуўшчына

рэдагаваць

30 чэрвеня 1889 году ў Парыжы (Францыя) адбылася Міжпарлямэнцкая нарада з удзелам прадстаўнікоў заканадаўчых сходаў ЗША, Лібэрыі і 7 дзяржаваў Эўропы — Бэльгія, Вугоршчына, Вялікабрытанія, Гішпанія, Данія, Італія і Францыя. Старшынём абралі францускага эканаміста Фрэдэрыка Пасі. У 1902 годзе ў Бэрне (Швайцарыя) заклалі Міжпарлямэнцкае бюро. Яго генэральным сакратаром стаў швайцарскі дэпутат Шарль Альбэр Гоба. У 1899 годзе ўстанову перайменавалі ў Міжпарлямэнцкі саюз (МПС)[7].

У 1904 годзе 12-я штогадовая Міжпарлямэнцкая нарада ўпершыню адбылася па-за Эўропай — у Сэнт-Люісе (штат Мізуры, ЗША). У 1911 годзе сядзібу МПС перанесьлі ў Брусэль (Бэльгія). У 1914 годзе сядзібу перанесьлі ў Осьлё (Нарвэгія). У 1921 годзе сядзібу перанесьлі ў Жэнэву (Швайцарыя). У 1947 годзе 36-ю Міжпарлямэнцкую нараду ўпершыню правялі афрыканскім горадзе Каіры (Эгіпет). У 1956 годзе 45-ю Нараду МПС упершыню правялі ў азіяцкім горадзе Бангкоку (Тайлянд). У 1959 годзе 48-я Нарада ўпершыню прайшла ў сталіцы суседняй зь Беларусьсю краіны — у Варшаве (Польская Народная Рэспубліка). У 1962 годзе Нараду МПС упершыню правялі ў паўднёваамэрыканскім горадзе Бразыліі. З 1984 году Сходы МПС сталі адбывацца двойчы на год[8]. З 1 студзеня 2003 году сядзіба МПС месьціцца ў горадзе Гран-Саконэ (кантон Жэнэва, Швайцарыя).

На кастрычнік 2013 году ўдзельнікамі Міжпарлямэнцкага саюзу былі заканадаўчыя сходы 162 дзяржаваў, у тым ліку Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь[9].

Старшыні

рэдагаваць
  1. Фрэдэрык Пасі (Францыя; 1889—1909)
  2. Агюст Бэернарт (Бэльгія; 1909—1912)
  3. Філіп Стэнхоўп (Вялікабрытанія; 1912—1922)
  4. Тэадор Адэльсвард (Швэцыя; 1922—1928)
  5. Фэрнан Буісон (Францыя; 1928—1934)
  6. Анры Картон-дэ-Віярт (Бэльгія; 1934—1947)
  7. Ўільям Бэн (Вялікабрытанія; 1947—1957)
  8. Джузэпэ Кадачы-Пізанэлі (Італія; 1957—1962)
  9. Раньеры Мазілі (Бразылія; 1962—1967)
  10. Андрэ Шандэрнагор (Францыя; 1968—1973)
  11. Гурдыял Дхілон (Індыя; 1973—1976)
  12. Томас Ўільямз (Вялікабрытанія; 1976—1979)
  13. Рафаэль Кальдэра (Вэнэсуэла; 1979—1982)
  14. Яганэс Віралайнен (Фінляндыя; 1982—1983)
  15. Із Саед (Судан; 1983—1985)
  16. Ганс Стэркен (Заходняя Нямеччына; 1985—1988)
  17. Даўда Соў (Сэнэгал; 1988—1991)
  18. Майкл Маршал (Вялікабрытанія; 1991—1994)
  19. Ахмад Сурур (Эгіпет; 1994—1997)
  20. Мігель Мартынэс (Гішпанія; 1997—1999)
  21. Наджма Гэптула (Індыя; 1999—2002)
  22. Сэргіё Вэрдуго (Чылі; 2002—2005)
  23. П'ер Казіні (Італія; 2005—2008)
  24. Тэо-Бэн Гурыраб (Намібія; 2008—2011)
  25. Абдэльвахад Радзі (Марока; 2011—2014)
  26. Сабэр Чоўдхуры (Банглядэш; 2014—2017)[10]
  27. Габрыэла Куэвас-Барон (Мэксыка; з 2017 году)

Генэральныя сакратары

рэдагаваць
  1. Альбэр Гоба (Швайцарыя; 1892—1909)
  2. Крыстыян Лянге (Нарвэгія; 1909—1933)
  3. Леаполь Буасье (Швайцарыя; 1933—1953)
  4. Андрэ Блонэ (Швайцарыя; 1953—1970)
  5. Піё-Карлё Тэрэнціё (Італія; 1970—1986)
  6. П'ер Карніён (Францыя; 1987—1998)
  7. Андэрс Юнсан (Швэцыя; 1998—2014)[11]
  8. Марцін Чунгонг (Камэрун; з 2014 году)
  1. ^ Зацьверджаны кансалідаваны каштарыс на 2018 год (анг.) // Міжпарлямэнцкі саюз, 18 кастрычніка 2018 г. Праверана 26 лютага 2019 г.
  2. ^ Кантактныя зьвесткі (анг.) // Міжпарлямэнцкі саюз, 2019 г. Праверана 26 лютага 2019 г.
  3. ^ Беларусь - Палата прадстаўнікоў (анг.) // Парлінія МПС, 2019 г. Праверана 26 лютага 2019 г.
  4. ^ Геапалітычныя групы (анг.) // Міжпарлямэнцкі саюз, 2019 г. Праверана 26 лютага 2019 г.
  5. ^ Статуты і Правілы Міжпарлямэнцкага саюзу (анг.) // Міжпарлямэнцкі саюз, кастрычнік 2018 г. Праверана 26 лютага 2019 г.
  6. ^ Сябры (анг.) // Міжпарлямэнцкі саюз, кастрычнік 2018 г. Праверана 26 лютага 2019 г.
  7. ^ Гісторыя (анг.) // Міжпарлямэнцкі саюз, 2019 г. Праверана 26 лютага 2019 г.
  8. ^ Сход МПС (анг.) // Міжпарлямэнцкі саюз, 2019 г. Праверана 26 лютага 2019 г.
  9. ^ Леанід Лахманенка. Заўтра ствараецца сёньня // Зьвязда : газэта. — 8 кастрычніка 2013. — № 189 (27554). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  10. ^ Былыя старшыні МПС (анг.) // Міжпарлямэнцкі саюз, 2019 г. Праверана 26 лютага 2019 г.
  11. ^ Былыя генэральныя сакратары (анг.) // Міжпарлямэнцкі саюз, 2019 г. Праверана 26 лютага 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць