Фэдэрацыйная Дэмакратычная Рэспубліка Нэпа́л (Нэпа́л) — краіна ў паўночна-ўсходняй Азіі, якая мяжуе з 2 краінамі — Кітаем і Індыяй. Рэспубліка Нэпал разьмешчаная ў Азіі паміж 26° і 30° з. ш. і паміж 80° і 88° у. д.

Фэдэрацыйная Дэмакратычная Рэспубліка Нэпал
सँघिय लोकतान्त्रीक गणतन्त्र नेपाल
Saṃghiya Loktāntrīk Gaṇatantra Nepāl
Сьцяг Нэпалу Герб Нэпалу
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз:
जननि जन्मभुमिस्च स्‍वर्गादपि गरियेशि
Ja'nani Jan'mabhumis'hchaa Svar'gadapi Gariyo'shi (санскрыт)
Дзяржаўны гімн: «Sayaun Thunga Phool Ka»
Месцазнаходжаньне Нэпалу
Афіцыйная мова нэпальская
Сталіца Катманду
Найбуйнейшы горад Катманду
Форма кіраваньня Рэспубліка
Бідг’я Дэві Бгандары
Шэр Багадур Дэўба
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
93-е месца ў сьвеце
147 181 км²
2,8 %
Насельніцтва
 • агульнае (2009)
 • шчыльнасьць
40-е месца ў сьвеце
29 331 000
199,3/км²
СУП
 • агульны (2008)
 • на душу насельніцтва
81-е месца ў сьвеце
$31,634 млрд
$1144
Валюта Рупія (NPR)
Часавы пас NPT (UTC+5:45)
Незалежнасьць
— Рэспубліка

28 траўня 2008
Аўтамабільны знак NEP
Дамэн верхняга ўзроўню .np
Тэлефонны код +977
Мапа Нэпалу
Мапа Нэпалу

Нэпал заціснуты паміж дзьвюма самымі населенымі краінамі сьвету. На поўнач ад яго знаходзіцца Тыбэт — аўтаномны рэгіён КНР, а на паўднёвай мяжы, з захаду на ўсход, Нэпал мяжуе з індыйскімі штатамі Утаранчал, Утар-Прадэш, Бігар, Заходняя Бэнгалія і Сікім. З поўначы Нэпал аблямоўвае Вялікі Гімалайскі хрыбет, знакаміты сваімі некалькімі вяршынямі вышэй за 8000 м, сярод якіх Эвэрэст/Джамалюнгма (8848 м) — самая высокая гара на Зямлі.

Самая нізкая кропка Нэпалу знаходзіцца на вышыні 70 м. Больш за 40 % тэрыторыі Нэпалу разьмешчана на вышыні больш за 3000 м, таму Нэпал зьяўляецца самай высакагорнай краінай сьвету.

Рэльеф Нэпалу рэдагаваць

Шэсьць сёмых тэрыторыі краіны занятыя хрыбтамі Гімалайскай горнай сыстэмы.

Уздоўж паўднёвай мяжы працягнулася самая нешырокая (20—40 км) паласа на вышынях 200—250 м над узроўнем мора. Гэта пяшчана-гліністыя цераі — паўночная ўскраіна Інда-Ганскай нізіны, асноўная частка якой належыць Індыі. Месцамі яны забалочаныя. Улетку ў выніку мусонных ліўняў невялікія рачулкі шырока разьліваюцца і адбываюцца паводкі.

З поўначы цераі замыкаюцца спадзіста-пагорыстай градой, якая называецца Сівалік — гэта перадгор’е Гімалаяў (500—700 м над узроўнем мора), ніжняя прыступка Гімалайскай горнай сыстэмы. Тутэйшы рэльеф ня мае рэзкіх формаў — нізкагор’і спадзістыя і моцна разьдзеленыя рэкамі. Паўночныя схілы Сіваліка парэзаныя штучнымі тэрасамі, што выкарыстоўваюцца мясцовым насельніцтвам для земляробства.

На поўнач ад грады Сіваліка цягнецца вузкая дэпрэсія з пагорыстым рэльефам — так званыя Ўнутраныя цераі (па-нэпальску: Бхітры-Мадэш).

Яшчэ паўночней разьмяшчаецца сярэдняя прыступка Гімалаяў — сярэднягорны хрыбет Махабхарат, або Малыя Гімалаі, вышынёй да 3000 м і шырынёй да 16 км. Ён складзены цьвёрдымі пародамі, таму шматлікія схілы Махабхарата стромыя, вяршыні вышчэрбленыя. Яшчэ нядаўна тут абрывалася адзіная горная дарога зь Індыі ў Катманду, сталіцу Нэпалу.

Паміж Махабхаратам і Галоўным Гімалайскім хрыбтом разьмяшчаецца паніжэньне — унутраная сярэдняя вобласьць (Мідлэнд, або Пахар-Кханда). Шырыня яе прыкладна 25 км, вышыня — ад 600 да 2000 м. Тут сходзяцца рэкі, якія спускаюцца з Гімалаяў. У сярэдняй вобласьці знаходзіцца найбольш спрыяльная для сельскай гаспадаркі і самая населеная частка краіны — даліна Катманду плошчай каля 600 км².

На поўначы Пахар-Кханда прымыкае да Галоўнага Гімалайскага хрыбта, або Вялікіх Гімалаяў. Сярэдняя вышыня Вялікіх Гімалаяў — 6000 м. Па-нэпальску Гімалаі — Хімалай, што азначае «мясьціна снягоў». На тэрыторыі краіны сьнягамі пакрытыя больш за 1300 горных вяршыняў. У Нэпале знаходзяцца восем з 14 вяршыняў сьвет вышэйшых за 8000 м. Сярод іх самая высокая гара зямное кулі — Эвэрэст, або Джамалюнгма (па-нэпальску — Сагарматха) — 8848 м (на мяжы з КНР). Галоўны Гімалайскі хрыбет мае вострыя зубчастыя абрысы, а яго стромыя схілы маюць шмат глыбокіх цясьнінаў.

Ва ўсходняй частцы Нэпалу грэбень Галоўнага Гімалайскага хрыбта зьяўляецца дзяржаўнай мяжой з КНР, у заходняй жа палове мяжа з КНР праходзіць у некалькіх дзясятках кілямэтраў паўночней Галоўнага Гімалайскага хрыбта.

Прыродныя зоны рэдагаваць

Тэрыторыя Нэпалу па сваіх прыродна-геаграфічных асаблівасьцях падзяляецца на вышынныя пасы, што цягнуцца з захаду на ўсход уздоўж горнай сыстэмы Гімалаяў.

  • Паўднёвы трапічны пас да вышыні 1900 м над узроўнем мора (цераі, Сівалік і ніжняя частка схілаў Махабхарата). Сярэдняя тэмпэратура ліпеня +27…30°, студзеня +15…17°. Улетку — частыя паводкі, узімку — засухі. Цераі раней былі пакрытыя трапічнымі джунглямі, але да нашых дзён шматлікія лясы зьнішчаныя, на іх месцы — ральля і пашы. Джунглі захаваліся ў падножжаў і на схілах Сіваліка, асабліва ва ўсходняй яго частцы.
  • Субтрапічны горны пас (1200—1900 м). Пакрыты шырокалісьцевымі лясамі (дуб, каштан, клён, граб, ільм, а таксама магноліі, рададэндрон, камфаравае і лаўравае дрэвы, баньян, горны бамбук, архідэі).
  • Горны ўмераны пас (1900—2800 м). Лісьцевыя лясы.
  • Умерана халодны пас (3000—4000 м). Лісьцевыя дрэвы паступова выцясьняюцца іглічнымі (серабрыстая елка, блакітная хвоя, лістоўніца, дрэвападобны ядловец, гімалайскі кедр, вышэй — піхта).
  • Альпійскія лугі (4000—5200 м).
  • Ледзяная зона (вышэй 5200 м).

Насельніцтва рэдагаваць

У культурна-этнічным дачыненьні Нэпал уяўляе сабой сумесь каля сотні народнасьцяў і кастаў. Межы кастаў зазвычай празрыстыя, а прыналежнасьць да тых або іншых кастаў залежыць таксама ад пазыцыі назіральніка. Насельніцтва Нэпала размаўляе на сямідзесяці розных мовах і дыялектах.

Этнаграфія рэдагаваць

Народы Нэпалу належаць пераважна да сіна-тыбэцкай (тыбэта-бірманская група) і індаэўрапейскай моўных сем’яў. Нямала народнасьцяў — уцекачы, заваёўнікі або перасяленцы.

Так, народнасьць бахуны каля 1300 году ўцякла ў Нэпал з поўдня ад мусульманскага ўварваньня, а народнасьць шэрпы прыкладна 500 гадоў назад уцякла з поўначы ад манголаў. Паходжаньне некаторых этнічных груп невядомае, напрыклад нэвары або тхару.

Зьвесткі аб буйных народнасьцях Нэпала сабраныя ў наступнай табліцы:

Найбольш шматлікія этнічныя групы і касты Нэпалу
Народнасьць Адсотак насельніцтва Асноўнае месца расьсяленьня моўная група
Чхетры 12,8 % па ўсёй тэрыторыі інда-эўрапейцы, тыбэта-бірманцы
Горныя Бахуны 12,7 % па ўсёй тэрыторыі інда-эўрапейцы
Магары 7,1 % сярэдне-заходнія горы тыбэта-бірманцы
Тхару 6,8 % заходнія цераі тыбэта-бірманцы
Тамангі 5,6 % даліна Катманду і цэнтральныя горы тыбэта-бірманцы
Нэвары 5,5 % даліна Катманду тыбэта-бірманцы

Акрамя гэтага варта згадаць народнасьці гурунгі, шэрпы, лімбу і раі.

Для 49 % насельніцтва па перапісе 2001 году родная мованэпалі. Іншыя распаўсюджаныя мовы: Майтхілі (12,4 %), Бходжпуры (7,6 %), Тхару (5,9 %), Таманг (5,2 %), Нэвары (3,6 %) і Магары (3,4 %).

Рэлігія рэдагаваць

Паводле афіцыйных зьвестак, 90 % насельніцтва вызнаюць індуізм. Па незалежных ацэнках, фактычная колькасьць прыхільнікаў індуізму складае толькі 70 %, або нават менш. Падобнае разыходжаньне зьвязанае з тым, што існуе нямала народнасьцяў, якія, хоць фармальна абвяшчаюць аб сваёй прыналежнасьці да індуізму, але ў рэальнасьці практыкуюць анімізм або будызм. Нярэдка цяжка правесьці выразную мяжу, таму нельга казаць аб дакладнасьці ацэнак. Але, так ці інакш, індуізм дамінуе ў Нэпале. Нэпал — адзіная краіна ў сьвеце, дзе індуізм быў дзяржаўнай рэлігіяй да самага апошняга часу, але пасьля ўступленьня ў сілу 15 студзеня 2007 году часовай новай канстытуцыі індуізм больш не зьяўляецца дзяржаўнай рэлігіяй.

Прыкладна 11 % насельніцтва прылічаюць сябе да будыстаў, асабліва ў Каралеўстве Мустанг. Існуюць таксама меншасьці, якія вызнаюць іслам, кірант і прыналежныя да асобных анімістычных вераваньняў.

Хрысьціяне ня маюць права афіцыйна вызнаваць сваю веру. Нешматлікія хрысьціяне ўваходзяць у замкнутыя супольнасьці.

Касты рэдагаваць

Нэпальская каставая сыстэма разьвівалася раўналежна з індыйскай. Вядома, што гістарычны Буда Гаўтама Сідхарта (нарадзіўся ў 563 да н. э.) належаў да касты Кшатрыяў — касты ваяроў. Асабліва ўзрос індыйскі ўплыў у Нэпале падчас дынастыі Гупта (320—500); Нэпал тады меў статут «суседзкага каралеўства», аднак падпарадкаванага Самудрагупта.

Пазьней, з XX стагодзьдзя, шматлікія індуісты (а таксама шматлікія Брахманы) перасяляліся зь Індыі ў Нэпал, пераважна ўцякаючы ад арабскага ўварваньня і ўкараненьні іслама, асабліва з паўночна-ўсходняй Індыі. Пры гэтым уцекачы імкнуліся захаваць зыходную культуру і рытуалы.

Каб зразумець нэпальскія каставыя адносіны, трэба памятаць пра існаваньне розных каставых сыстэмаў.

Каста недатыкальных складае ў Нэпале каля 7 адсоткаў насельніцтва.

Індуісты-нэвары, што засяляюць выключна даліну Катманду, выкарыстоўваюць сваю каставую сыстэму, часткова перанятую ад нэвараў-будыстаў. Аднак каставая сыстэма ў абшчынах нэвары ня мае такога значэньня, як у іншых народаў.

Меркаваньне большасьці з нагоды каставай сыстэмы

Большасьць, у якую ўваходзяць лібэральныя бахуны і чхетры і народы без уласных каставых сыстэмаў, разглядаюць наступную герархію, важную для рэлігійных рытуалаў:

chokho jaat (Чыстыя касты) / pani nachalne jaat (Недатыкальныя касты)

На практыцы здараецца, што прыналежнасьць да кастаў зьвязваюць з матэрыяльным дабрабытам, гэта значыць бедных прылічаюць да недатыкальных, а багатых — да вышэйшых кастаў. Гэта прыводзіць да таго, што замежнікі эўрапейскага паходжаньня, якія ня ёсьць індуістамі, і павінны таму прылічацца да недатыкальных, прылічаюцца да вышэйшых кастаў, аднак, калі ідзецца аб адносінах, зьвязаных з рытуальнымі дзеяньнямі, зь імі абыходзяцца як зь недатыкальнымі. У прыватнасьці, гаворка ідзе аб рытуалах, зьвязаных з вадой і гатаваньнем рысу.

Адміністрацыйны падзел рэдагаваць

Нэпал падзелены на 14 зонаў і 75 раёнаў, згрупаваных у пяць акругаў.

Зона Цэнтар Плошча, км² Насельніцтва (2001), чал.
1 Багмаці Катманду 9428 3 008 487
2 Бхеры Нэпалгандж 10 545 1 417 085
3 Гандакі Покхара 12 275 1 487 954
4 Джанакпур Сіндхулімады 9669 2 557 004
5 Дхавалагіры Баглунг 8148 556 191
6 Карналі Джумла 21 351 309 084
7 Касі Дхаран 9669 2 110 664
8 Лумбіні Бутвал 8975 2 526 868
9 Махакалі Махендранагар 6989 860 475
10 Мячы Ілам 8196 1 307 669
11 Нараяні Хетаўда 8313 2 466 138
12 Рапці Тулсіпур 10 482 1 286 806
13 Сагарматха Раджбірадж 10 591 1 926 143
14 Сетхі Дхангадхі 12 550 1 330 855
 
Акругі: Дальнезаходнія: Махакалі (9), Сетхі (14) Сярэднезаходнія: Карналі (6) Бхеры (2), Рапці (12) Заходнія: Дхавалагіры (3), Гандакі (4), Лумбіні (8) Цэнтральныя: Багмаці (1), Джанакпур (5), Нараяні (11) Усходнія: Сагарматха (13), Касі (7), Мячы (10)

Гарады рэдагаваць

Значную частку насельніцтва Нэпалу складаюць сяляне, якія пражываюць у горах і сельскай мясцовасьці. Гарадзкое насельніцтва Нэпалу складае толькі 14 %, доля гарадзкога насельніцтва сярод самых нізкіх у сьвеце. У апошнія гады колькасьць гарадзкіх жыхароў стала расьці, прыкладна на 3,5 % у год.

Да пачатку 1990-х гадоў Нэпал кіраваўся выключна з цэнтру. Па меры разьвіцьця дэмакратыі і дэцэнтралізацыі камуны атрымалі самакіраваньне.

Ва ўсіх гарадах за выключэньнем Катманду адсутнічаюць рэсурсы, таму актывізацыя мясцовага самакіраваньня ёсьць праблематычнай справай.

У залежнасьці ад эканамічнага стану, існуюць тры ўзроўні самакіраваньня камунаў. У найвышэйшай кампэтэнцыі ляжыць Maha-Nagarpalika, да гэтай катэгорыі належыць толькі Катманду. Наступны ўзровень — Up-Maha-Nagarpalika, да якой належаць такія гарады, як Лалітпур або Похара; на ніжнім узроўні знаходзіцца Nagarpalika.

Тры самыя буйныя месты знаходзяцца ў горах, але большасьць камунаў знаходзяцца ў цераях. Астатнія камуны ў горах групуюцца вакол невялікіх горных гарадоў, якія за кошт уключэньня ў сваю рысу бліжэйшых вёсак маюць насельніцтва 20 000 чалавек.

Значная частка насельніцтва Нэпала засяроджаная на поўдні, унізе, на мяжы зь Індыяй, у цераях. Дзеля таго, што ў гэтай зоне шмат роўнай зямлі, менавіта тамака вырастаюць новыя гарады і паселішчы.

У даліне Катманду разьмешчаны канглямэрат Катманду-Лалітпур (Патан), непадалёку яшчэ адзін меншы горад Бхактапур, а вакол невялікія гарады, якія таксама нясуць традыцыйную нэварскую культуру — Цімі, Кірціпур, і ў невялікім аддаленьні Банэпа, Дулікель і Панаўці. У цэлым даліна населеная вельмі бязладна і шчыльна, агульнае насельніцтва даліны складае больш за паўтары мільёна чалавек.

Другі па населенасьці горны канглямэрат, насельніцтва якога стала расьце — гэта даліна Похара з гарадамі Похара і Лекнат, насельніцтва якіх ужо перасягнула дзьвесьце тысячаў.

Акрамя гэтых дзьвюх далінаў, у горах існуе яшчэ нямала гарадоў паменш, вось іх пералік (з усходу на захад):

Ілам, Дханкута, Бхімэсвар, Тансэн, Путалібазар, Трыбхуванагар, Тулсіпур, Birendranagar і Дыпаял-Сілгадхі. У зоне тэраяў знаходзяцца наступныя буйнейшыя гарады (з усходу на захад): Мэхінагар, Біратнагар, Дхаран, Ітахары, Раджбірадж, Трыюга, Джанакпур, Біргандж, Хетаўда, Бхаратпур, Рамгар, Бутвал, Сідхартханагар, Нэпалгандж, Гуларыя, Цікапур, Дхангадхі і Махендранагар.

Варта мець на ўвазе, што ў апошні час многія гарады памянялі назвы. Так, знакаміты горад Горкха афіцыйна называецца Прытхівінараян, а стары горад-каралеўства Патан стаў афіцыйна звацца Лалітпур. Старымі імёнамі працягваюць актыўна карыстацца.

Гісторыя рэдагаваць

Асноўны артыкул: Гісторыя Нэпалу

Некалі даліна Катманду ляжала на дне велізарнага горнага возера. Пасьля землятрусу вада возера сышла (па легендзе — бадхісатва Манджушры расьсёк ваду магічным мячом, па іншай легендзе гэта быў Крышна, які з дапамогай кія стварыў Чабарскую цясьніну, празь якую сышла вада), і даліна была заселеная шматлікімі людзьмі з ваколіцаў, што ўтварылі народ нэвары. Даліна адрозьнівалася высокай урадлівасьцю, а насельніцтва — здольнасьцямі ў мастацтве і рамёствах, і стала знакамітая ва ўсёй усходняй Азіі.

Яшчэ да нашай эры ў Нэпал прыйшоў будызм, і Нэпал зьяўляўся апорай будызму ва ўсім гімалайскім рэгіёне, а таксама важным перавалачным пунктам на гандлёвых шляхах паміж Індыяй, Тыбэтам і Кітаем.

Росквіт Нэпала меў месца за часы нэварскай дынастыі Мала, якая пакінула найбольш прыкметны сьлед у гісторыі Нэпалу ў выглядзе яшчэ існуючых пышных архітэктурных помнікаў, якія ў значнай ступені сфармавалі аблічча краіны ў вачах астатняга сьвету. Эпоха кіраваньня Мала лічыцца «Залатой эрай».

У 1768 кароль царства Горкха Прытві Нараян Шах заваяваў даліну Катманду і перанёс сваю сталіцу ў места Катманду. Такім чынам быў пакладзены пачатак кіраваньню ў Нэпале дынастыі Шах, якое працягваецца па прамой лініі дагэтуль.

15 верасьня 1846 змоўшчыкі на чале з Джанг Бахадурам — маладым амбітным і лютым арыстакратам з касты Чхетры на захадзе Нэпала — зьдзейсьнілі крывавы палацавы пераварот, названы «Разьнёй у Кот».

На працягу больш чым стагодзьдзя дынастыя прэм’ер-міністраў Рана кіравала краінай, і хоць гэты час характарызуецца ізаляцыяй краіны і стагнацыяй амаль ва ўсіх абласьцях жыцьця, Нэпал здолеў захаваць сваю незалежнасьць у той час, як эўрапейскія каляніяльныя дзяржавы падпарадкавалі сабе практычна ўвесь сьвет.

У канцы 1950 году кароль Трыбхуван пакінуў свой палац, схаваўшыся ў пасольстве Індыі, адкуль ён пасьля ўцёк у Індыю. У гэты час прыхільнікі БП Койралы захапілі ўладу ў большай частцы тэраяў і сфармавалі Часовы ўрад у памежным зь Індыяй мястэчку Бірганж. У Нэпале пачаліся сутыкненьні прыхільнікаў ННК і дынастыі Рана, падчас якіх ніводная сіла не дасягнула вырашальнай перавагі. Тады ўмяшалася Індыя, і прапанаваны ёю плян урэгуляваньня быў прыняты абодвума бакамі. У адпаведнасьці з гэтым плянам, кароль Трыбхуван вярнуўся ў сталіцу ў 1951 і сфармаваў новы ўрад, які ўключыў як прыхільнікаў Рана, так і прадстаўнікоў ННК. Зь векавой ізаляцыяй краіны было пакончана, Нэпал усталяваў адносіны з шматлікімі дзяржавамі сьвету.

У 1955 кароль Трыбхуван памёр (яго іменем названы, у прыватнасьці, сталічны аэрапорт), і на пасад уступіў яго сын Махендра. Ён абвесьціў новую канстытуцыю, у адпаведнасьці зь якой у 1959 у Нэпале ўсталёўвалася парлямэнцкая сыстэма. У 1972 кароль Махендра памёр, і на пасад уступіў яго сын Бірэндра, што атрымаў бліскучую адукацыю ў Ітане і Гарвардзе. 17 студзеня 1987 году ў Катманду запрацавала Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы[1].

Разам з тым, насельніцтва, якое ў большасьці сваёй чакала неадкладнага паляпшэньня жыцьця пасьля ўвядзеньня дэмакратыі, хутка расчаравалася ў кіруючай партыі, у краіне ізноў пачаліся масавыя беспарадкі, і ўрад быў вымушаны прызначыць датэрміновыя выбары ў 1994 годзе. На гэтых выбарах перамогу атрымала Аб’яднаная Камуністычная партыя (марксісцка-ленінская) пад кіраўніцтвам Ман Мохан Адхікары. Узьнікла ўнікальная палітычная сытуацыя: камуністычны ўрад пры тэакратычнай манархіі (Нэпал — адзіная тады краіна, дзе індуізм быў абвешчаны дзяржаўнай рэлігіяй). Аднак, гэтая сытуацыя існавала нядоўга: ужо ў верасьні 1995 урад камуністаў атрымаў вотум недаверу і змушаны быў сыйсьці ў адстаўку, і да ўлады прыйшла трохпартыйная кааліцыя з ННК, правай партыі Растрыя Праджатантра і праіндыйскай партыі Нэпал Сабдхавана.

Сучасны Нэпал рэдагаваць

З 1996 году мааісцкая апазыцыя Нэпалу прыступіла да актыўных дзеяньняў, і ў Нэпале пачалася грамадзянская вайна. Урад ня даў рады з ростам эканамічных праблемаў, высокай карупцыяй службоўцаў, і час ад часу краіна скаланалася ад крызісаў, зьвязаных з разрухай і голадам на аддаленых тэрыторыях. Высокі наплыў замежных турыстаў, які меў месца ў сярэдзіне 1990-х гадоў, стаў скарачацца, і да 2005 году зьменшыўся ў дзесяць разоў, што яшчэ больш ударыла па эканоміцы Нэпалу.

1 чэрвеня 2001 году спадчынны прынц Дыпэндра на традыцыйным абедзе, прысьвечаным сустрэчы ўсёй каралеўскай сям’і, расстраляў усіх прысутных, а потым застрэліўся сам. Пры гэтым загінуў кароль Бірэндра і амаль усе чальцы каралеўскай сям’і. На трон уступіў яго дзядзька Г’янэндра.

Спрабуючы стабілізаваць становішча, Г’янэндра пайшоў на шэраг непапулярных захадаў, да забароны палітычных партыяў і роспуску ўраду, перамяжоўваючы актыўныя ваенныя дзеяньні супраць мааістаў зь перамовамі. У той самы час мааісты ўзялі пад свой кантроль значную частку тэрыторыі Нэпалу, тады як урадавыя войскі ўтрымлівалі даліну Катманду, навакольлі Покхары, найбольш населеную частку тэраяў і раёны асноўных турысцкіх маршрутаў у навакольлях Эвэрэсту і Анапурны.

У 2005 годзе кароль фактычна распусьціў парлямэнт.

Выступаючы супраць аўтарытарных захадаў з боку караля, кіруючыя палітычныя партыі ўступілі ў хаўрус з мааістамі. 11 ліпеня 2006 году парлямэнт Нэпалу пазбавіў караля Г’янэндру права накладваць вэта на законы і законапраекты. За месяц да гэтага дэпутаты аднадушна адабралі ў караля пасаду вярхоўнага галоўнакамандуючага войскам, пазбавілі імунітэту (з гэтага часу яго можна аддаць пад суд), а таксама абавязалі плаціць падаткі. Акрамя таго, дэпутаты пастанавілі з гэтага часу лічыць Нэпал — адзінае ў міры цалкам індуісцкае каралеўства — «сьвецкай дзяржавай», адабраўшы такім чынам у Г’янендры тытул інкарнацыі Вішну. Быў сфармаваны кааліцыйны ўрад.

21 лістапада 2006 году ўрад зь сямі партыяў заключыў мір з мааістамі, абвесьціўшы аб завяршэньні грамадзянскай вайны. Па ўмовах гэтай угоды мааісты пагадзіліся скласьці зброю. За гэта прэм’ер-міністар Гірыджа Прасад Койрала, яі ў траўні 2006 году стаў кіраўніком краіны, паабяцаў аддаць мааістам 73 з 330 дэпутацкіх месцаў у новым парлямэнце.

14 студзеня 2007 году парлямэнт прыняў часовую канстытуцыю, па якой кароль пазбаўляецца статусу ачольніка дзяржавы і ўладныя функцыі перадаюцца прэм’ер-міністру. Пры гэтым мааісты дамагліся павелічэньні прадстаўніцтва ў парлямэнце да 83 месцаў, сталі самай буйной апазыцыйнай партыяй і атрымалі месцы ў кабінэце міністраў[2]. Нэпальскі нацыянальны кангрэс на чале з прэм’ер-міністрам атрымаў 85 месцаў.

Былі прызначаныя выбары ў Канстытуцыйную асамблею. Адначасова на поўначы Нэпалу ўзброеныя атрады мааістаў пачалі здаваць зброю ў адмысловыя сховішчы, якія будуць кантралявацца міжнароднымі назіральнікамі. Прыём зброі ажыцьцяўляе адмысловая камісія з супрацоўнікаў ААН і вэтэранаў брытанскіх каляніяльных войскаў зь ліку нэпальскіх горцаў-гуркхаў.

Пазьней аднак выбары былі перанесены на больш позьні тэрмін.

28 сьнежня 2007 году часовы парлямэнт абвесьціў Нэпал дэмакратычнай фэдэратыўнай рэспублікай[3]. Рашэньне падлягае зацьвярджэньню Канстытуцыйнай асамблеяй пасьля выбараў.

Эканоміка рэдагаваць

Аснова нэпальскай эканомікі — турызм, унутраны гандаль, сельская гаспадарка. На поўдні краіны існуюць мясцовыя прадпрыемствы індыйскіх прамысловых кампаніяў.

Грашовая адзінка — нэпальская рупія. Курс рупіі складае прыкладна 70 рупіяў за адзін даляр ЗША. Абмен валюты — вольны. Грошы можна абмяняць як у банках, так і ў шматлікіх абменных пунктах.


Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Пра ПААРС (анг.) // Паўднёваазіяцкае аб’яднаньне рэгіянальнай супрацы, 12 ліпеня 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2022 г.
  2. ^ https://web.archive.org/web/20070927033814/http://www.vzglyad.ru/news/2007/1/14/64357.html
  3. ^ https://web.archive.org/web/20071230030644/http://www.kantipuronline.com/kolnews.php?&nid=132620

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Нэпалсховішча мультымэдыйных матэрыялаў