Гісторыя Летувы — гісторыя Летувіскай Рэспублікі, цяперашняя тэрыторыя якой на працягу стагодзьдзяў уваходзіла ў склад розных дзяржаваў.

Старажытнасьць

рэдагаваць

Зьяўленьне на тэрыторыі сучаснай Летувы першых людзей адбылося напачатку сучаснага пэрыяду галацэну кайназойскай эры (10—8 тыс. гадоў да н. э.). Гэта было зьвязана з канчатковым пацяпленьнем клімату і адносным ростам папуляцыі позьняга палеаліту. Амаль да 8 тысячагодзьдзя да н. э. тут працягвалася культура эпіпалеаліту, якая адносіцца да тыпу Мадленскай культуры. З поўдня тэрыторыю Летувы пачалі асвойваць прадстаўнікі Сьвідэрскай культуры (X—IX тыс. гадоў да н. э.). На сёньняшні дзень у Летуве дасьледавана некалькі дзясяткаў стаянак, якія належаць гэтым культурам. У VII—VI тысячагодзьдзях да н. э. на большай частцы сучаснай Летувы сфармавалася культура мэзаліту, так званая Нёманская культура. У эпоху позьняга мэзаліту клімат пацяплеў (ён стаў нават цяплейшым за сёньняшні). Гэта, а таксама ўдасканаленьне тэхнікі апрацоўкі крэменю і косьці, палепшыла побыт. Прыкладна 9 тысячаў гадоў таму сувязь Балтыйскага мора з акіянам зьнікла, надоўга ўтварыўшы Анцільскае возера. Нягледзячы на тое, што рэгіён Прыбалтыкі тэктанічна ўстойлівы, усё ж перамены зямнога рэльефу ўплывалі на рэгіён балтыйскага басэйну. Каля 5500—5000 гадоў да н. э. Анцільскае возера зноў злучылася з акіянам і стала Літарынскім морам. У пэрыяд існаваньня гэтага мора на дне сучаснай Курскай затокі ўтварыліся бурштынавыя пласты другаснага ўтварэньня. Нэаліт на тэрыторыі Летувы пачаўся пазьней, чым ён скончыўся на тэрыторыі цывілізацыяў паўднёвай Мэсапатаміі (IV ст. да н. э.). У гэты час пачалі вырабляць кераміку з апаленай гліны, прыручаць валоў, распачалося матыжнае земляробства (вырошчвалі проса). На тэрыторыі Паўднёвай Летувы Нёманская культура мэзаліту зьмянілася на раньнюю культуру нэаліту. У паўночна-заходняй частцы Летувы панавала Наварская культура нэаліту. Вугра-фіны, якія ўтварылі невялікія групы культуры грабенчатай керамікі ў другой палове III тысячагодзьдзя да н. э. на землях, абжытых эўрапеоідамі, значнага ўплыву ня мелі. У паселішчах культуры Нарвы знойдзеныя клады і рэшткі майстэрняў па вырабе ўпрыгажэньняў з бурштыну.

Індаэўрапейцы на тэрыторыі Летувы

рэдагаваць

Індаэўрапейцы прыйшлі на тэрыторыю Летувы з поўдня і паўднёвага захаду. Індаэўрапейцы асацыююцца з культурай нэаліту — культуры шнуравой керамікі і лодачных баявых тапароў. Верагодна, прадстаўнікі гэтай культуры прыйшлі сюды не раптоўна. У III тысячагодзьдзі да н. э. гэта былі толькі асобныя групы, якія не заставаліся надоўга. У пачатку ж II тысячагодзьдзя да н. э. прадстаўнікі шнуравой керамікі складалі большасьць насельніцтва. Вылучаюць тры археалягічныя культурныя арэалы балтаў: Прыморскі (басэйны Нёману і ніжняй пляні Дзьвіны), Верхне-Падняпроўскі, Фацьянаўскі (вярхоўі Волгі). Храналягічна культура Дняпроўскага арэалу была крыху пазьнейшай за Прыморскую, а Фацьянаўская — пазьнейшая за Дняпроўскую. Прыморская культура захавала найбольш выразныя рысы шнуравой культуры. На ўсходзе Летувы яна не адразу стала панаваць: тут яшчэ ў II тысячагодзьдзі да н. э. панавала культура Нарвы. Каля XX ст. да н. э. у арэалах Прыморскай і Верхне-Падняпроўскай шнуравой культуры выявіўся этнас, які размаўляў на дыялектах балцкай прамовы. Існуе альтэрнатыўная «чыстым» балтам гіпотэза вэнэдычнага інстрату, якая грунтуецца на шэрагу характэрных тапонімаў. Бронзавыя вырабы на тэрыторыі Летувы зьявіліся ў другой чвэрці II тысячагодзьдзя да н. э., аднак іх мясцовая вытворчасьць пачалася толькі каля 1500 году да н. э. З адсутнасьці радовішчаў медзі зьяўленьне бронзавых вырабаў істотна не зьмяніла лад жыцьця, які быў характэрным для нэаліту. Але ў гэты час ужо існавала група мясцовых рамесьнікаў, якія займаліся вырабам прадметаў раскошы. З прыдунайскіх краёў у Летуву прывозілі бронзу, адтуль жа распаўсюдзіўся абрад спаленьня памерлых. Бронзавы век працягваўся на Летуве прыкладна да сярэдзіны I тысячагодзьдзя да н. э.

Падчас раньняга жалезнага веку ў прыморскім арэале завяршылася фармаваньне заходняга і ўсходняга балцкіх этнасаў (адпаведна курганная археалягічная культура і культура гарадзішчаў). З апошняй яшчэ ў бронзавым веку вырасла культура штрыхавой керамікі.

Племянны этнас летувісаў

рэдагаваць

Напачатку нашай эры балты пачалі гандляваць з Рымскай імпэрыяй. У выніку Вялікага перасяленьня народаў гэтая сувязь перарвалася. Жалезны век у Летуве працягваўся да сярэдзіны I тысячагодзьдзя н. э. Варта адзначыць, што балты самі навучыліся здабываць крычнае жалеза з балотнай руды. Першай вядомай крыніцай, у якой апісваліся балты, была «Германія» рымскага гісторыка Тацыта. Ён адзначыў перавагу ва ўзбраеньні драўлянай дубінай і адсутнасьць інтарэсу да рымскіх грошаў. Разам з тым ён лічыў балтаў добрымі земляробамі.

Першыя балцкія племянныя ўтварэньні ўзьніклі ў II—III стагодзьдзях. Гэта галінды, судувы (судавы), селы. Яны ўваходзілі ў арэал курганнай культуры. Пра арэал культуры штрыхавой керамікі пісьмовыя крыніцы I тысячагодзьдзя не паведамляюць. У V—VI стагодзьдзях з поўдня на землі Дняпроўскіх балтаў уварваліся славяне. Усходнія балты былі продкамі летувісаў і латгалаў. Летувіская і латыская мовы выдзяліліся з прабалцкай мовы прыкладна ў VI—VII стагодзьдзях н. э.

У IX і X стагодзьдзях продкі летувісаў займаліся пераважна паляваньнем, рыбалоўствам, зрэдку земляробствам; ёсьць згадкі пра бортніцтва і жывёлагадоўлю, асабліва на гадоўлю коняў, якіх ужывалі ў ежу. Гандлёвыя зносіны ў летувісаў былі зь местамі славяна-балтыйскага памор’я і зь зямлёй крывічоў: яны мянялі шкуры, мяхі, воск на мэталічныя вырабы і зброю. Сярод летувісаў рана сустракаюцца зародкі станаў: існавалі роды, якія валодалі шматлікай нявольнай чэлядзьдзю; з гэтых родаў абіраліся мясцовыя князі (кунігасы). Рабамі (нявольная чэлядзь) былі галоўным чынам ваеннапалонныя. Жрэцкі стан не складаў асобай касты, ён меў велічэзнае значэньне ў народзе і быў даволі шматлікім. Жрацы ў летувісаў зваліся вайдэлотамі (па-летувіску: Vaidila), былі і жрыцы вайдэлоткі. Багам сваім летувісы ахвяравалі жывёлаў, а ва ўрачыстых выпадках — і людзей. Пры пахаваньні знаць спальвалі разам з улюбёнымі прадметамі і рабамі. Замагільнае жыцьцё летувісы ўяўлялі працягам сапраўднага[1].

Да XIII стагодзьдзя ў продкаў летувісаў не было аб’яднаўчай палітычнай улады, як не было і аб’яднаўчых цэнтраў-местаў. У другой палове 13 ст. у крыніцах згадваюцца асобныя правадыры, але ўлада іх распаўсюджвалася толькі на малаважную тэрыторыю, на сельскія акругі[1].

Нямецкі рух на ўсход

рэдагаваць

У 1180-я гады была заснаваная факторыя любецкіх купцоў у вусьці Заходняй Дзьвіны. Неўзабаве ёй падпарадкаваліся лівы, якія жылі навокал. А ў 1186 годзе ў Ікескюлі (Ніжняе Падзьвіньне) манахі заснавалі місіянэрскую япархію. Ад імені ліваў гэтая нямецкая калёнія атрымала назву Лівонія. Ні балты, ні палачане, якія зьбіралі даніну на Заходняй Дзьвіне, не маглі спыніць росту Лівоніі.

У 1205 годзе адзін з князёў Упітэ Жвялгайціс (па-летувіску: Žvelgaitis, Сьвялгатас) на чале войска старэйшага князя разрабаваў землі эстаў. На адваротным шляху ён быў забіты раскімі немцамі. У тым жа годзе раскаму біскупу падпарадкаваўся полацкі князь з Кукенойса Вячка. Паход аднаго са старэйшых князёў пад Рыгу ў 1207 быў адбіты немцамі, а напачатку 1208 зь Селпіліса яны выгналі летувіскую залогу. У тым жа годзе летувісам удалося адбіць паход зэмгалаў і рыжан на Ўціпэ, хоць летувіскі напад у адказ і не прынёс удачы. Неўзабаве васалам рыскага біскупа зрабіўся князь Герцыке Усевалад, у 1210 Альбэрт заключыў з полацкім князем Уладзімерам мір. Такі імклівы рух нямецкай экспансіі тлумачыцца, у першую чаргу, тэхнічнай перавагай нямецкіх узбраеньняў над летувіскімі і беларускімі.

22 верасьня 1236 адбылася гістарычная перамога жамойцкіх войскаў над мечаносцамі пад Шаўлямі, але праз год рашэньнем папы Грыгорыюса IX мечаносцы аб’ядналіся з Тэўтонскім ордэнам і ўтварылі Лівонскі ордэн — аўтаномную галіну Тэўтонскага ордэна. Такім чынам, нямецкія калёніі ў Балтыцы былі аб’яднаныя. Разам з тым нямецкі ціск з поўначы быў спынены больш чым на дзесяцігодзьдзе, што давала этнічным летувіскім землям магчымасьць аб’яднацца.

Працэс уваходжаньня этнічных летувіскіх зямель у склад Вялікага Княства Літоўскага

рэдагаваць
 
Рост Вялікага Княства Літоўскага

Аб’яднаньне зямель продкаў сучасных летувісаў у складзе Вялікага Княства Літоўскага расьцягнулася на пэрыяд з другой чвэрці XIII і да першай чвэрці XIV стагодзьдзя. Значную ролю ў гэтым працэсе адыграла неабходнасьць супрацьстаяць крыжацкай агрэсіі.

Утварэньне Вялікага Княства Літоўскага зьвязана з імём Міндоўга, які ўпамінаецца ў 1230-я гг. як князь старажытнай Літвы. Цэнтрам дзяржавы зрабіўся беларускі Новагародак, у які яго запрасілі на княжаньне мясцовыя баяры. 6 ліпеня 1253 году Міндоўг быў каранаваны ў Наваградку і здабыў тытул «Кароль Літоўскі». Ужо ў 1255 годзе ён атрымаў дазвол папы Аляксандра IV на каранацыю сына, што надавала Літве статус спадчыннага каралеўства. Хаўрус Літвы зь Лівонскім ордэнам на падставе прыняцьця каталіцтва дазволіў ордэну патрабаваць у Міндоўга «мірнай» перадачы яшчэ не ахрышчаных зямель. Так, у 1255 годзе Міндоўг напісаў грамату дарэньня Лівонскаму ордэну Селы, у 1259 — Скалвы, Нардувы, Паўночнай Судувы і Жамойці (гэта было пацьвярджэньне — Жамойць перайшла да Лівоніі яшчэ пры каранацыі Міндоўга) — большай часткі тэрыторыі сучаснай Летувы.

Новы намесьнік магістра Лівонскага ордэна Эбэрхардт Зэйн быў накіраваны кіраўніцтвам Тэўтонскага ордэна, каб паправіць незвычайныя дзеяньні Андрэаса Шцірлянда. Акрамя гэтага, перад ім стаяла задача ўзначаліць барацьбу супраць жамойтаў. Увосень 1252 году ў вусьці ракі Даны лівонцамі быў пабудаваны Клайпедзкі замак. У гэтым месцы сутыкаліся інтарэсы жамойтаў ды самбаў. Улетку 1253 году іхнія войскі асадзілі Клайпеду, але ўзяць не змаглі. У гэтым жа годзе на Самбію пачалі нападаць крыжакі. Але іхняе войска, якое напала на навакольлі Гірмавы ўзімку 1253—1254 гадоў, было разьбіта. Нарэшце ў студзені 1255 году Самбія была захопленая чэскім войскам на чале з каралём Чэхіі Пжэмыслам II. Яна была перададзеная Тэўтонскаму ордэну. У гэты час Жамойцкія князі зьбіралі сілы для далейшай барацьбы зь Лівонскім ордэнам. У 1255 годзе рада абрала вайскавода — князя Альгміна, які прапаноўваў замацаваньне агульных пазыцыяў у Куроніі. Напачатку 1256 году жамойты разрабавалі Куронію, а праз год асадзілі Клайпеду. Праз адсутнасьць перавагі на чыю-небудзь карысьць быў заключаны мір тэрмінам на паўтара году. Тымчасам Рымскі папа распачаў чарговую праграму Крыжовых паходаў. У ягоных булах сярод непакораных паганцаў былі і продкі летувісаў.

Вайна паміж канфэдэрацыяй жамойцкіх зямель і Лівонскім ордэнам зноў пачалася ўвосень 1258 году. З боку Канфэдэрацыі выступіла 3000 воінаў. Адразу ж лівонскае войска было разьбіта каля Скуодаса. Напрыканцы году жамойты зноў зьявіліся ў Курляндыі, але былі вымушаныя бегчы ад Лівонскага войска блізу Вартаняй. Паўстаньне зэмгалаў напрыканцы 1258 году прымусіла Лівонскае войска аб’яднацца з датчанамі з Паўночнай Эстоніі. На некалькі год вайна прыняла пазыцыйны характар, пакуль 13 ліпеня 1260 году не адбылася страшнае пабоішча пры Дурбе, у якім загінула 130 рыцараў і магістар Лівонскага ордэна Бургхард Горнгузэн. У адказ на такую балючую паразу папа Аляксандар IV хутка арганізаваў падмогу Тэўтонскаму ордэну. На мяжы 1260—1261 гадоў лівонцы занялі два замкі ў Куроніі, але 3 лютага 1261 году жамойты разьбілі лівонцаў ля Лелвардэ. Напрыканцы лета гэтага ж году дэлегацыя жамойтаў прыбыла да Міндоўга з просьбай прыняць Жамойцію пад уладу Літвы і пачаць вайну супраць Тэўтонскага ордэна. Пад націскам Трайняты Міндоўг прыняў просьбу жамойтаў.

На працягу стагодзьдзя большая частка Жамойці знаходзілася ў складзе Вялікага Княства, аднак па сьмерці вялікага князя літоўскага Кейстута, у 1382, ягоны наступнік Ягайла аддаў Жамойць лівонцам. Жамойты неўзабаве паўсталі й зрынулі гэтую залежнасьць. У 1398 вялікі князь Вітаўт зноў перадаў гэтыя тэрыторыі лівонцам, другасна жамойцкія землі перайшлі пад уладу немцаў пасьля паўстаньня 1400—1401. Вядома, што Вітаўт чатырохразова (у 1384, 1390, 1398 і 1404 гг.) аддаваў Жамойць Тэўтонскаму ордэну. Гэтая тэрыторыя хоць і была важнай, аднак выкарыстоўвалася вялікімі князямі літоўскімі ў якасьці разьменнай манэты ў іхняй тагачаснай зьнешняй палітыцы.

Канчатковае далучэньне Жамойці да ВКЛ адбылося толькі пасьля Бітвы пад Грунвальдам (1410), да якой большая частка цяперашняй Летувы знаходзілася пад акупацыяй крыжакоў і нават юрыдычна ўваходзіла ў склад крыжацкай дзяржавы.[2]

Жамойцкія староства й біскупства

рэдагаваць
 
Гістарычны герб Жамойці

Пад Жамойцю гістарычнай звычайна разумеюць дзьве адзінкі — адміністрацыйную (Жамойцкае староства), якая зьяўлялася асобнай палітычнай адзінкай Вялікага Княства Літоўскага, і касьцёльную (Жамойцкае біскупства).

Як вядома, канчаткова стаўшы часткай Вялікага Княства толькі ў 1411 годзе, Жамойць у 1413 годзе на падставе прывілею вялікага князя Вітаўта атрымала статус аўтаноміі, што было пацьверджана ў 1441 г. Казімерам Ягайлавічам. Такім чынам, Жамойць зрабілася самакіравальнай тэрыторыяй, пазьней вядомай як Жамойцкае староства, а ейны статус сёньня б значыў сувэрэнітэт у межах Вялікага Княства Літоўскага. Жамойцкае староства заставалася асобнай адміністрацыйнай адзінкай з дакладна акрэсьленымі межамі цягам усяго далейшага існаваньня Вялікага Княства аж да 1795 г.

Аднак Жамойць гістарычная ў рэлігійным, а г. зн. і ў культурным, кантэксьце выходзіла па-за межы Жамойцкага староства, у прыватнасьці ўсходняя мяжа Жамойцкай дыяцэзіі ня цалкам адпавядала палітычнай мяжы Літвы і Жамойці, ахопліваючы, сярод іншага, частку суседняга з Жамойцкім староствам Упіцкага павету Троцкага ваяводзтва.[3]

 
«Коўна — цяперашняя сталіца Жамойці» (аўтар — Антоні Аляшчынскі, 1850)

Сёньняшняя Жамойць зьяўляецца адным з этнаграфічных рэгіёнаў Летувы, які ня ёсьць ані палітычнай, ані адміністрацыйнай адзінкай. Аднак, нягледзячы на гэткі статус, межы Жамойці былі зацьверджаныя летувіскімі ўладамі на афіцыйным узроўні.[4] Пры гэтым летувіскі этнаграфічны рэгіён займае нашмат меншую тэрыторыю за Жамойць гістарычную.[3]

Летувіская мова ў Вялікім Княстве Літоўскім

рэдагаваць

Цяперашняя летувіская мова зьяўляецца працягам старой жамойцкай пісьмовай мовы, якая называлася «літоўскай» (у значэньні летувіскай) толькі паводле імя.[3]

Як падкрэсьлівае амэрыканскі гісторык Т. Снайдэр, «летувіская мова цягам стагодзьдзяў не была мовай палітыкі».[5] Насамрэч, палітычная, эканамічная, сацыяльная і культурная сытуацыя ў ВКЛ не была прыхільнай да летувіскай мовы, якая паводле летувіскага гісторыка З. Зінкявічуса была загнаная «ў ніжэйшую клясу ва ўласнай айчыне».[6] Напрыклад, «вялікія князі літоўскія ніколі не друкавалі кнігаў на летувіскай мове».[5] Больш за тое, паводле З. Зінкявічуса, «для летувіскай мовы сытуацыя была катастрафічнай, ёй не давалі разьвівацца, выштурхоўвалі з агульнага ўжытку ды й друкаваць пісьмовыя тэксты па-летувіску было цяжка». Пэўна таму летувіскія навукоўцы стала падкрэсьліваюць «адзінства арэалу летувіскай мовы праз палітычную мяжу паміж ВКЛ і Прусіяй». Сапраўды, «летувіскія граматыкі і слоўнікі доўгі час (аж да канца 18 ст.) друкаваліся выключна ў Прусіі» (выняткам быў слоўнік Канстанціна Шырвіда, які выйшаў каля 1620 г., некалькі разоў перавыдаваўся і быў адзіным слоўнікам летувіскай мовы, выдадзеным на тэрыторыі ВКЛ да канца 18 ст.[7]). У сваю чаргу, «перасьледаваная стагодзьдзямі летувіская мова ўпершыню за сваю гісторыю атрымала статус дзяржаўнай» толькі ў першай Летувіскай Рэспубліцы (то бок у 1918 годзе).[8]

Такім чынам, выкарыстаньне летувіскай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім абмяжоўвалася максымум рэгіянальным узроўнем, у тым ліку асобнымі натарыяльна засьведчанымі перакладамі дзяржаўных актаў (як прыклад, летувіскі пераклад тэксту Канстытуцыі 3 траўня 1791).[3]

У складзе Расейскай імпэрыі і Прусіі

рэдагаваць
 
Губэрні Расейскай імпэрыі на тэрыторыя сучаснай ЛР

У 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэч Паспалітая была ліквідаваная, а рэшту яе тэрыторыі ўлучылі ў склад Расейскай імпэрыі, Аўстра-Вугоршчыны ды Прусіі. Большая частка тэрыторыі сучаснай Летувы апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ўвайшла ў Ковенскую і часткова ў Віленскую, Сувальскую і Гарадзенскую губэрні.

Пасьля нацыянальна-вызвольнага паўстаньне 1863—1864 гадоў расейскія ўлады вырашылі падтрымаць летувіскі нацыянальны рух у супрацьвагу моцным пазыцыям палякаў.[9] Царскі ўрад пачаў заахвочваў летувіскія асьвету і друк[10], летувіскую мову зрабілі мовай навучаньня ў Мар'ямпальскай дзяржаўнай вышэйшай вучэльні, якая стала цэнтрам падрыхтоўкі летувіскай эліты. Тым часам беларуская мова як мова аьветы і друку апынулася пад забаронай.[9] Апроч гэтага, у час знаходжаньня пад расейскай уладай летувісы мелі нацыянальны касьцёл, тады як беларусы па зьнішчэньні ў 1839 годзе ўніяцкай царквы згубілі сваю канфэсійную нішу.[10]

Невялікая частка этнічных летувіскіх зямель (г.зв. «Малая Летува») засталася ў складзе Прусіі, дзе ў спрыяльных для разьвіцьця ўласнай культуры ўмовах пражывала каля 100 000 балтаў. Менавіта нямецкі (прускі) фактар быў вырашальным у справе дасягненьня Летувой незалежнасьці ў 1918 годзе і вырваў краіну з сфэры расейскага ўплыву.[10]

У другой палове XIX стагодзьдзя пачаў фармавацца летувіскі нацыянальны рух.

За часамі Першай сусьветнай вайны тэрыторыю сучаснай Летувы занялі нямецкія войскі (лета 1915).

Першая Летувіская Рэспубліка

рэдагаваць
 
Тэрыторыя Летувіскай Рэспублікі

16 лютага 1918 году Летувіская Рада (Летувіская Тарыба, па-летувіску: Letuvos Taryba) абвясьціла незалежнасьць Летувы[11]. 23 сакавіка яе незалежнасьць прызнаў нямецкі кайзэр[11]. 11 ліпеня 1918 году Летувіская Тарыба зьмяніла сваю назву на Раду Летувіскай дзяржавы, чым падкрэсьліла міжнароднае прызнаньне краіны[11]. 13 ліпеня 1918 году Тарыба абвясьціла каралём Летувы — Мэндагам II — герцага віртэмбэрскага Вільгельма фон Ураха[11], але ўжо 2 лістапада таго ж году прыняла часовую канстытуцыю, дзе абвясьціла Летуву рэспублікай і пазбавіла герцага прастолу[11].

23 лістапада 1918 году прэм’ер-міністар Аўгусьцінас Вальдэмарас выдаў загад утварыць 1-ы летувіскі полк, што стала пачаткам арганізацыі летувіскага войска[11]. Існаваньню маладой дзяржавы пагражалі бальшавікі. 22 сьнежня 1918 году савецкія ўлады прызналі ўрад Капсукаса і савецкую дзяржаўнасьць Летувы[12]. 31 сьнежня 1918 году нямецкая армія пакінула Вільню. Наступнага дня места захапіла польская самаахова. 5 студзеня 1919 году места занялі бальшавікі [13][14]. У лютым супраць пранікаючых у глыб краіны бальшавікоў выступіла летувіская самаахова. 8 лютага загінуў за бацькаўшчыну першы летувіскі жаўнер — Павіляс Люкшыс[14]. 4 красавіка 1919 году Тарыба прыняла новаю (другою) часаваю канстытуцыю, якая ўтварыла функцыю прэзыдэнта. 19 красавіка Вільня зноў была занятая польскімі войскамі [14]. 26 ліпеня была вызначана Вышэйшым саветам Антанты дэмаркацыйная лінія з Польшчаю на Сувальшчыне. Летувісы не прызналі лініі й захапілі частку Сувальшчыны да ракі Чорная Ганча, што стала прычынай паўстаньня палякаў [15]. 25 жніўня летувіскае войска выціснула савецкія атрады, якія ўтрымлівалі апошні пункт апоры на тэрыторыі Летувы — места Езяросы[14]. 20—21 лістапада 1919 году каля Радзівілішкаў летувіскае войска перамагло бэрмонтчыкаў — расейскіх і нямецкіх белагвардзейцаў, якія атакавалі з тэрыторыі Латвіі [14].

27 студзеня 1920 году адкрыліся вышэйшыя курсы ў Коўні, што было пачаткам летувіскай вышэйшай адукацыі[14]. 14—15 красавіка 1920 году адбыліся дэмакратычныя выбары ў Сойм (сабраўся празь месяц)[14].

Другой пасьля Нямеччыны істотнай сілай, што de jure прызнала незалежнасьць Летувы, быў бальшавіцкі ўрад Леніна, які 12 ліпеня 1920 падпісаў зь ёй Маскоўскую дамову. Гэтая дамова істотна падмацавала пазыцыю Летувы на міжнароднай арэне, што было асабліва важным ва ўмовах адсутнасьці прызнаньня з боку дзяржаваў-хаўрусьніцаў. Згодна з дамовай, Савецкая Расея пакідала за летувісамі ня толькі Вільню, але і Горадню, Шчучын, Ліду, Ашмяны, Смаргонь, Паставы і Браслаў, адначасова дэкляравалася адмова ад далейшых прэтэнзіяў на летувіскую тэрыторыю[14]. У сваю чаргу Летува мусіла прытрымлівацца нэўтралітэту ў ходзе польска-савецкай вайны, што гарантавала бясьпеку правага флангу войскаў Заходняга фронту ў яго наступленьні на Варшаву. Апроч таго, летувіскі бок абавязваўся спыніць на сваёй тэрыторыі дзейнасьць «антысавецкіх арганізацыяў і груп», у тым ліку органаў БНР.

Тэрыторыя Віленшчыны зрабілася прадметам спрэчак паміж Летувой і Польскай Рэспублікай, якая катэгарычна адвергла летувіска-бальшавіцкую дамову. Пад націскам краінаў Антанты 7 кастрычніка 1920 году польская дэлегацыя мусіла падпісаць зь летувісамі Сувальскую дамову[14], якая рэгулявала мяжу паміж дзьвюма дзяржавамі на Сувальшчыне, Гарадзеншыне й Лідчыне да Бастунаў; мяжа ў іншых месцах мела быць вызначанай наступнай дамовай або рашэньнем Вышэйшай Рады Антанты. Аднак у выніку «бунту» дывізіі Люцыяна Жалігоўскага, які адбыўся 8 кастрычніка 1920 году, Вільню занялі польскія войскі[14]. Места на пэўны час зрабілася цэнтрам Сярэдняй Літвы.

22 верасьня 1921 году Летува зрабілася чальцом Лігі Нацыяў, не зьяўляючыся дэ-юрэ прызнанай дзяржавамі-хаўрусьніцамі, такое прызнаньне краіна атрымала толькі 20 сьнежня 1922 году.

 
Мапа «Летувіская тэрыторыя», на якой у склад ЛР улучаныя Горадня, Шчучын, Ліда, Ашмяны, Смаргонь, Паставы і Браслаў

У 1926 годзе ў Летуве адбыўся дзяржаўны пераварот, які ператварыў краіну ў аўтарытарную дыктатуру. 28 верасьня 1926 году паміж СССР і Летувой была заключаная дамова аб ненападзе і нэўтралітэце, у якой «СССР пацьвердзіў, што ўсе палажэньні Маскоўскай мірнай дамовы 1920 г. зь Летувой застаюцца дзейнымі».[16]

У 1928 годзе Летува прыняла чарговую Канстытуцыю, у якой абвясьціла пра свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Віленшчыну. Згодна з гэтым і наступнымі дзяржаўнымі актамі, Вільня абвяшчалася сталіцай Летувы, а да атрыманьня летувісамі кантролю над местам, ролю «часовай сталіцы» выконвала Коўна. Увогуле, у пытаньні Віленскага краю палітыкі тагачаснай Летувіскай Рэспублікі наўпростава зьвярталіся да гісторыі, сьцьвярджаючы, што «гістарычныя правы і гістарычная прыналежнасьць мусяць вызначаць цяперашнюю прыналежнасьць».[17] Яшчэ ў 1929 годзе гэта паказаў галяндзкі юрыст Райнэр Флаэс, адцеміўшы, што «летувіскі ўрад падкрэсьліваў, што калі горад Вільня быў сталіцай старога Вялікага Княства Літоўскага, ён мусіць стаць ядром новай (летувіскай) дзяржавы. Адзін ужо гэты факт мусіць быць вырашальным».[18] Такім чынам, летувіская гістарычная школа часоў першай Летувіскай Рэспублікі цалкам абслугоўвала інтарэсы недэмакратычнай дзяржавы зь ейнымі экспансіянісцкімі памкненьнямі датычна ўсталяваньня кантролю над Віленскім краем.[3]

Дыскусіі пра дзяржаўны герб

рэдагаваць

У 1918 годзе летувісы ўзялі за герб уласнай незалежнай дзяржавы варыянт гербу Вялікага Княства Літоўскага «Пагоня». Такім чынам, прысваеньне літоўскага гербу мусіла падмацаваць прэтэнзіі маладой Летувіскай Рэспублікі на гістарычную пераемнасьць зь Вялікім Княствам Літоўскім.

Аднак у 1920—1930-я гг. шмат якія дзяржаўныя дзеячы Летувы паказвалі на неадпаведнасьць гербу менавіта летувіскай гістарычнай традыцыі. У 1935 г. прэм’ер-міністар Летувіскай Рэспублікі пан Тубаліс афіцыйна прызнаў не-летувіскае паходжаньне «Пагоні» і паведаміў пра тое, што ідзе праца па стварэньні новага дзяржаўнага гербу. Відавочна, гэтая праца была спыненая падзеямі 1939—1940 гг.[19][20]

У Савецкай зоне ўзьдзеяньня

рэдагаваць

Пасьля задушэньня супраціву з боку войска Польскай Рэспублікі і адпраўленьня ў выгнаньне польскага ўраду, 28 верасьня 1939 году Трэці рэйх ды СССР падпісалі дамову аб дружбе і супольнай мяжы. Частку Польшчы, якая знаходзілася паміж Віслай і Бугам і паводле пакту Молатава-Рыбэнтропа мусіла перайсьці пад савецкую ўладу, кіраўніцтва СССР саступіла немцам ўзамен за дазвол захопу Летувы.

Нягледзячы на тое, што галава савецкай адміністрацыі Заходняй Беларусі яшчэ на пачатку верасьня 1939 году атрымаў паўнамоцтвы абвясьціць Вільню сталіцай Заходнебеларускай ССР[21], а летувіскае насельніцтва места складала ўсяго каля 1,5%[9], 10 кастрычніка была заключаная летувіска-савецкая дамова, згодна зь якой места Вільня зь Віленскаю вобласьцю, якія саветы занялі за часам агрэсіі на Польшчу, былі перададзеныя Летуве. Апошняя павінная была, аднак, пагадзіцца на ўвядзеньне савецкіх войскаў і будаўніцтва іхных базаў[22], што дэ-факта азначала пачатак канца летувіскай незалежнасьці.

27 кастрычніка летувіскія адборныя войскі ўрачыста ўвайшлі ў Вільню.[22] Польскаму ўраду ў выгнаньні летувіскія ўлады заявілі, што ўвесь міжваенны час Вільня з праўнага гледзішча належала Летуве. Паводле галавы новай віленскай адміністрацыі Антанаса Мяркіса мэтай летувіскіх уладаў было «прымусіць усіх думаць, як летувісы» і «вывесьці зь Віленскага краю ўсялякі чужынскі элемэнт». Так, нязгодных мясцовых беларусаў з тэрыторыі незалежнай Летувы дэпартаваў яшчэ савецкі НКУС, а многім беларусам[23], палякам і габрэям, нават тым, якія нарадзіліся ў Вільні, было адмоўлена ў летувіскім грамадзянстве.[21]

 
Увод савецкіх войскаў (чэрвень 1940)

21 лістапада прэзыдэнт Летувы Антанас Сьмятона зацьвердзіў апошні ў міжваенныя часы летувіскі ўрад на чале з А. Мяркісам. 30 траўня 1940 году саветы неапраўдана абвінавацілі летувіскі ўрад ў падрыхтоўцы замахаў на савецкіх вайскоўцаў і шпіёнстве[22]. 14 чэрвеня саветы ўручылі ўльтыматум, у якім яны запатрабавалі стварэньня новага летувіскага ўраду, асуджэньня высокіх летувіскіх урадоўцаў і дазволу ўвядзеньня большай колькасьці савецкіх войскаў. Летува мусіла прыняць гэтыя ўмовы[24].

15 чэрвеня савецкія войскі пачалі яўную акупацыю краю, прэзыдэнт Сьмятона ўцёк за граніцу. На наступны дзень у Летуву прыбыў намесьнік народнага камісара замежных справаў, пачалася саветызацыя. 17 чэрвеня быў створаны прамаскоўскі ўрад Юстаса Палецкіса, які 27 чэрвеня распусьціў Сойм 4-ага скліканьня[25]. У ліпені прайшлі арышты найбольш вядомых летувіскіх палітычных дзеячаў[25]. 14—15 ліпеня адбыліся сфабрыкаваныя паводле ранейшых савецкіх схемаў «выбары» ў парлямэнт[25], да ўдзелу ў якіх быў дапушчаны толькі адзін партыйны сьпіс: прасавецкі «Блёк працоўнага народу». Паводле афіцыйных зьвестак у выбарах удзельнічала 1 386 569 чалавек, г.зн. 95,51% ад агульнай колькасьці выбарнікаў. За кандыдатаў «Блёку працоўнага народу» Летувы галасавала 1 375 349 выбарнікаў, г.зн. 99,19% ад тых, што бралі ўдзел у галасаваньні.[26]

Летувіская ССР

рэдагаваць
 
Сьцяг Летувіскай ССР

21 ліпеня 1940 кантраляваны камуністамі парлямэнт Летувы абвясьціў утварэньне Летувіскай ССР і пастанавіў прасіць Вярхоўны Савет СССР прыняць ЛССР у склад СССР. 3 жніўня 1940 году Вярхоўны Савет СССР задаволіў гэтую просьбу. 25 жніўня была зьмененая канстытуцыя[25]. 11 лістапада ў Бэрліне стварылі Фронт Актыўных Летувісаў, які згуртаваў дзеячаў антысавецкага падпольля[25].

10 студзеня 1941 году Трэці Райх ды СССР падпісалі дамову аб перасяленьні насельніцтва. З Райху перасялілі ў Летуву ня толькі летувісаў, але й 9,3 тыс. расейцаў ды беларусаў[27]. 14 красавіка 1941 году на летувіскіх сялянаў наклалі высокія падаткі. 14 чэрвеня пачаліся масавыя дэпартацыі[27].

У 1941—1944 гадох Летува знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Нацысты дазволілі летувісам стварыць паліцэйскія атрады самааховы Saugumas, якія ўзаконілі ў Вільні напады летувісаў на палякаў (апалячаных беларусаў). Пад прыкрыцьцём нямецкае ўлады летувіскія нацыянал-экстрэмісты заклікалі нацыстаў ачысьціць Вільню ад спаланізаванага насельніцтва і былі расчараваныя, калі выявілася, што немцы маюць іншыя пляны. Змаганьне паміж летувісамі й палякамі за Вільню перайшло на ўзровень грамадзянскай вайны мясцовага маштабу. З восені 1943 году падпольная польская Армія Краёва ў месьце і прылеглых раёнах нападала на падразьдзяленьні летувіскіх паліцыянтаў-калябарантаў і раззбройвала іх. У адказь летувіскія паліцыянты каралі сьмерцю цывільнае польскае насельніцтва. Каб адпомсьціць, палякі нападалі на летувіскія вёскі.[21] У 1941—1944 гадох Летува знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Нацысты дазволілі летувісам стварыць паліцэйскія атрады самааховы Saugumas, якія ўзаконілі ў Вільні напады летувісаў на палякаў (апалячаных беларусаў). Пад прыкрыцьцём нямецкае ўлады летувіскія нацыянал-экстрэмісты заклікалі нацыстаў ачысьціць Вільню ад спаланізаванага насельніцтва і былі расчараваныя, калі выявілася, што немцы маюць іншыя пляны. Змаганьне паміж летувісамі й палякамі за Вільню перайшло на ўзровень грамадзянскай вайны мясцовага маштабу. З восені 1943 году падпольная польская Армія Краёва ў месьце і прылеглых раёнах нападала на падразьдзяленьні летувіскіх паліцыянтаў-калябарантаў і раззбройвала іх. У адказ летувіскія паліцыянты каралі сьмерцю цывільнае польскае насельніцтва. Каб адпомсьціць, палякі нападалі на летувіскія вёскі.[21]Па заняцьці Віленшчыны савецкімі войскамі Лаўрэнці Берыя, які тады ачольваў НКУС, пісаў І. Сталіну:

  Стаўленьне насельніцтва да вызваленьня Вільні з-пад нямецкай улады станоўчае. Насельніцтва выказвае задавальненьне, што імша ў касьцёлах будзе цяпер служыцца па-польску, а не па-летувіску. Насельніцтва таксама спадзяецца, што Вільня будзе далучаная да Заходняй Беларусі — абы не да Летувы.  

Аднак нягледзячы на меркаваньне віленчукоў, Сталін пакінуў места за Летувіскай СССР. 30 траўня 1945 году, палітбюро ЦК Кампартыі Летувы вырашыла скіраваць усе сілы рэспублікі на тое, каб выселіць зь Вільні большасьць тытульнага насельніцтва.[21] Летувіскі ўрад у асобе міністра асьветы Ю. Жугжды не дазволіў адчыніць у Вільні ніводнай беларускай школы, чаго дамагаліся А. Станкевіч ды іншыя беларускія дзеячы. Былі ліквідаваныя беларуская гімназія, настаўніцкая сэмінарыя, славуты музэй імя І. Луцкевіча. Усё гэта адбывалася адначасна з новай хваляй рэпрэсіяў супраць інтэлігенцыі. Практычна ўсе беларускія нацыянальныя дзеячы і іх сем’і падпалі пад арышты і дэпартацыю.[23] Тым часам у 1944—1948 гадох каля 100 000 віленчукоў прымусілі запісацца палякамі і дэпартавалі ў камуністычную Польшчу.[21] Замест дэпартаваных месьцічаў на працягу толькі 1944—1946 гадоў у Вільню прыбыло блізу 100 000 новых жыхароў з этнічна летувіскіх тэрыторыяў.[23]

22—23 траўня 1948 году была праведзеная Апэрацыя Вясна, накіраваная на ліквідацыю антысавецкага падпольля, але ахвярамі дэпартацыі зрабіліся таксама заможныя гаспадары.

Па вайне, у адрозьненьне ад БССР і УССР савецкае кіраўніцтва дазволіла Летуве, як і Латвіі з Эстоніяй, мець унівэрсытэт на мове тытульнай нацыі. Гэты летувіскамоўны Віленскі ўнівэрсытэт хутка стаў «раем для балцкіх дасьледаваньняў».[28] Аднак, у адрозьненьне ад сталіцаў іншых рэспублік, Масква дазволіла Летуве летуанізацыю Вільні (калі Талін ці Рыгу хутка апанавала расейскамоўная працоўная сіла, Вільню павольна засяляла жамойцкая вёска[10]), у выніку чаго места пачало набываць летувіскае аблічча.[3]

Такім чынам, у савецкія часы Летува займала выключнае становішча сярод усіх эўрапейскіх саюзных рэспублікаў, маючы больш магчымасьцяў дзеля разьвіцьця нацыянальнага жыцьця, чым якая-кольвек зь іх. Амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр тлумачыць гэта кампрамісамі паміж з аднаго боку Масквой і летувіскімі камуністамі, а з другога боку — летувіскай кампартыяй і інтэлігенцыяй.[29]

3 чэрвеня 1988 году ўтварыўся Саюдзіс — летувіскі грамадзка-палітычны рух, які спрыяў працэсу аднаўленьня незалежнасьці Летувы. Ініцыятыўную групу склалі 35 дзяячоў летувіскай культуры, у тым ліку музыказнавец Вітаўтас Ландсбергіс, які пазьней узначаліў рух. 23 жніўня 1989 году адбыўся Балтыйскі шлях, калі жыхары Летувы, Латвіі й Эстоніі зрабілі жывы ланцуг даўжынёй амаль у 600 км (каля двух мільёнаў чалавек). Гэтая падзея была адной з акцый Сьпяваючай рэвалюцыі, якая адбывалася ў Летуве, Латвіі і Эстоніі.

Летувіская Рэспубліка

рэдагаваць
 
Жыхары Шаўляў падчас візыту Міхаіла Гарбачова ў 1990 годзе

11 студзеня 1990 адбыліся масавыя дэманстрацыі за незалежнасьць Летувы, удзел у мерапрыемствах прынялі каля 200 000 чалавек. 11 сакавіка 1990 году Летувіскі сойм абвясьціў незалежнасьць Летувы ад СССР, Вітаўтас Ландсьбергіс заняў пасаду старшыні Вярхоўнага Савету Летувы. 15 сакавіка 1990 году Савецкае кіраўніцтва абвясьціла дэклярацыю аб незалежнасьці Летувы нядзейнаю. 11-13 студзеня 1991 году ў Вільні адбыліся падзеі, у выніку якіх 14 мірных дэманстрантаў загінулі і больш за 700 былі параненыя. 9 лютага 1991 адбыўся рэфэрэндум аб незалежнасьці Летувы, на якім у падтрымку незалежнасьці выказаліся больш за 90% удзельнікаў рэфэрэндума. 17 сакавіка 1991 году адбыўся Ўсесаюзны Рэфэрэндум аб захаваньні Саюзу, які аднак у Летуве не праводзіўся. Уноч з 30 на 31 ліпеня 1991 году адбыўся напад на летувіскіх памежнікаў на граніцы Летувы зь Беларускай ССР, зладжаны савецкімі сіламі, пад час якога загінулі восем летувіскіх мытнікаў і паліцыянтаў. 17 верасьня 1991 году Летува стала сябрам ААН. У 1992 годзе першым прэзыдэнтам Другой рэспублікі быў абраны Альгірдас Бразаўскас.

29 сакавіка 2004 Летува ўвайшла ў NATO, а 1 траўня 2004 — у Эўрапейскі Зьвяз.

Дачыненьні з Рэспублікай Беларусь

рэдагаваць

У 1991 годзе Беларусь і Летува прызналі адно адную ўжо ў 1991 годзе і ўстанавілі дыпляматычныя дачыненьні. Да 1994 году «двухбаковыя дачыненьні не адрозьніваліся вялікай інтэнсіўнасьцю і нейкімі адмысловымі дасягненьнямі».[30]

Летува была адзінай суседняй краінай, да якой незалежная Беларусь высоўвала афіцыйныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Так, 24 лютага 1992 году на сустрэчы з прадстаўнікамі Эўрапейскіх супольнасьцяў тагачасны міністар замежных справаў Пётар Краўчанка заявіў пра неабходнасьць на міжнародным узроўні ўзьняць пытаньне перагляду беларуска-летувіскай мяжы. Пра гэта апэратыўна напісалі вядучыя замежныя СМІ, такія як, напрыклад, The New York Times[31].

Прэтэнзіі афіцыйнага Менску адбіліся на эканамічных дачыненьнях паміж дзьвюма краінамі. Таму, можна зрабіць выснову, што праз тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Віленшчыну і Вільню Беларусь «магла вырашыць адмовіцца ад сьціслых эканамічных стасункаў» зь Летувой, што выявілася ў рашэньні выкарыстоўваць польскі порт Гдыню, замест бліжэйшай летувіскай Клайпэды.[32]

Рэактывацыя двухбаковых дачыненьняў Беларусі і Летувы была нашмат зьвязанай з абраньнем Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам, што праявілася ўжо ва ўдзеле прадстаўнікоў летувіскіх уладаў у ягонай інаўгурацыі, а таксама ў візыце беларускага кіраўніка ў Летуву ў лютым 1995 году.[33] Акурат у часе таго візыту былі падпісаныя дзьве дамовы «Аб супрацы і добрасуседстве» і «Аб дзяржаўнай мяжы паміж Летувой і Беларусьсю», што дазволіла ўпершыню ў гісторыі ўсталяваць паміж дзьвюма дзяржавамі мяжу, якая б юрыдычна прызнавалася абодвума бакамі і зьняць шмат цяжкіх тэрытарыяльных пытаньняў, якія тычыліся савецкіх часоў.[3]

  1. ^ а б Литовско-русское государство // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  2. ^ Улады не заўважаюць перамогі пад Грунвальдам, Анатоль Грыцкевіч // Радыё Свабода, 14 ліпеня 2009
  3. ^ а б в г д е ё Кірыл Касьцян, Ганна Васілевіч. Спадчына ВКЛ вачыма беларускіх і летувіскіх гісторыкаў: поле для роўных магчымасьцяў? // Arche, 10 сьнежня 2009
  4. ^ Рэкамэндацыі Рады аховы этнічнае культуры Летувы № 1 аб усталяваньні межаў этнаграфічных рэгіёнаў ад 17 верасьня 2003 году. (лет.)
  5. ^ а б Snyder, T. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999. — New Haven: Yale Univ. Press, 2003
  6. ^ Zinkevičius, Z. History of the Lithuanian Language. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 1998. P. 244
  7. ^ Schmalstieg, W. R. Early Lithuanian Grammars // Lituanus, Vol. 28, No.1/1982
  8. ^ Zinkevičius, Z. History of the Lithuanian Language. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 1998. P. 297.
  9. ^ а б в Сяргей Навумчык, Уладзімер Каткоўскі. Вільня, Вялікае Княства і Беларусь — поўны тэкст онлайнавай канфэрэнцыі з Уладзімерам Арловым // Радыё Свабода, 8 лютага 2005
  10. ^ а б в г Андрэй Катлярчук. Чаму беларусы не апанавалі літоўскай спадчыны // Arche № 2 (25) — 2003
  11. ^ а б в г д е (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, s. 80.
  12. ^ (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, s. 81.
  13. ^ Kronika powstań polskich 1794—1944, Wydawnictwo Kronika, Warszawa, ISBN 83-86079-02-9, с. 345.  (пол.)
  14. ^ а б в г д е ё ж з і (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, s. 82.
  15. ^ Kronika powstań polskich 1794—1944, Wydawnictwo Kronika, Warszawa, ISBN 83-86079-02-9, ss. 355, 357.
  16. ^ Alfonsas Eidintas and Vytautas Žalys. Lithuania in European Politics: The Years of the First Republic, 1918—1940. Edited by E. Tuskenis with an introduction and afterword by A. E. Senn. — New York: St. Martin’s Press, 1998. P. 109
  17. ^ Flaes, R. Das Problem der Territorialkonflikte. Eine Untersuchung ueber ihre Grundlagen und Eigenschaften am Beispiele der Territorialgeschichte Polens. — Utrecht: Univ., jur. Fak., Diss., 1929. S. 269
  18. ^ Flaes, R. Das Problem der Territorialkonflikte. Eine Untersuchung ueber ihre Grundlagen und Eigenschaften am Beispiele der Territorialgeschichte Polens. — Utrecht: Univ., jur. Fak., Diss., 1929. S. 268—269
  19. ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. С. 155
  20. ^ Міхась Скобла. Анатоль Цітоў: «Гербу „Пагоня“ — 730 гадоў» // Радыё Свабода, 31.01.2008
  21. ^ а б в г д е Тыматы Снайдэр. Частка 1 з кнігі «Рэканструяваньне нацыяў: Польшча, Украіна, Летува, Беларусь (1569—1999 гг.)» // Дзеяслоў №13, 2004-11
  22. ^ а б в (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, s. 87.
  23. ^ а б в 131. Як Вільня сталася жамойцкім горадам? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  24. ^ (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, ss. 87—88.
  25. ^ а б в г д (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, s. 88.
  26. ^ Сообщение главной избирательной комиссии Литвы о результатах выборов в Народный Сейм, 17.07.1940. // Полпреды сообщают… — М., Международные отношения, 1990. С. 473
  27. ^ а б (red.) Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene, Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo, Kraštotvarka, Kaunas, 1999, ISBN 9986-892-34-1, s. 89.
  28. ^ Snyder, T. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999. — New Haven: Yale Univ. Press, 2003. P. 93.
  29. ^ Snyder, T. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999. — New Haven: Yale Univ. Press, 2003. P. 93, 95
  30. ^ Грицюс А. Влияние «белорусского фактора» на внешнюю политику Литвы и стабильность в Балтийском регионе. С. 139—162 // Белоруссия на перепутье. — Москва: Московский центр Карнеги, 1998. С. 153.
  31. ^ Belarus Official Lays Claim To Lithuanian Border Lands // The New York Times, 25/2/1992
  32. ^ Burant, S. R. International Relations in a Regional Context: Poland and its Eastern Neighbours Lithuania, Belarus, Ukraine // Europe-Asia Studies 45 (993), No. 3. P. 407, 417.
  33. ^ Грицюс А. Влияние «белорусского фактора» на внешнюю политику Литвы и стабильность в Балтийском регионе. С. 139—162 // Белоруссия на перепутье. — Москва: Московский центр Карнеги, 1998. С. 154.

Літаратура

рэдагаваць