Езяро́сы (лет. Zarasai) — места ў Летуве, паміж азёрамі Оса і Асіда. Адміністрацыйны цэнтар Езяроскага раёну Ўцянскага павету. Насельніцтва на 2020 год — 6051 чалавек. Знаходзяцца за 49 км ад Уцяны, за 18 км ад чыгуначнай станцыі Турмонты; на шашы Коўна — Дзьвінск.

Езяросы
лац. Jeziarosy
лет. Zarasai
Панарама места
Панарама места
Герб Езяросаў
Першыя згадкі: 1506
Краіна: Летува
Павет: Уцянскі
Насельніцтва: 6051 чал. (2020)
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Паштовы індэкс: LT-32001
Геаграфічныя каардынаты: 55°43′50″ пн. ш. 26°14′50″ у. д. / 55.73056° пн. ш. 26.24722° у. д. / 55.73056; 26.24722Каардынаты: 55°43′50″ пн. ш. 26°14′50″ у. д. / 55.73056° пн. ш. 26.24722° у. д. / 55.73056; 26.24722
Езяросы на мапе Летувы
Езяросы
Езяросы
Езяросы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.zarasai.lt/

Езяросы — даўняе мястэчка гістарычнай Браслаўшчыны (частка Віленшчыны), побач зь якім праходзіць паўночна-заходняя мяжа этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваліся касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і царква Ўсіх Сьвятых, помнікі архітэктуры XIX ст.

Гісторыя рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае рэдагаваць

Першы пісьмовы ўпамін пра Езяросы як уладаньне Віленскага біскупства датуецца 1522 годам, калі пры тутэйшым касьцёле заснавалі алтарыю. У 1530 годзе біскуп віленскі Ян з княжатаў літоўскіх дадаткова надаў плябаніі ў Езяросах зямлю і сялянаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў яны ўвайшлі ў склад Браслаўскага павету Віленскага ваяводзтва.

У 1610 годзе з фундацыі караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы ў Езяросах збудавалі новы драўляны касьцёл. На Радзівілаўскай мапе 1613 году паселішча значыцца як мястэчка. На 1631 год тут было 22 дымы. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) мястэчка зруйнавалі маскоўскія захопнікі (у 1674 годзе адноўлены касьцёл). На 1669 год у Езяросах было 34 дымы, карчма, 5 вуліцаў. За часамі Вялікай Паўночнай вайны мястэчка зноў значна пацярпела.

З пачатку XVIII стагодзьдзя ў ваколіцах Езяросаў пачалі сяліцца стараверы з Маскоўскай дзяржавы. У 2-й палове XVIII стагодзьдзя ў мястэчку адкрылася школа. На 1721 і 1739 гады ў Езяросах было 17 дымоў, на 1772 год — 21 дым, на 1790 год — 47 дымоў[1].

Пад уладай Расейскай імпэрыі рэдагаваць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Езяросы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. Па адкрыцьці ў 1836 годзе шашы Коўна — Дзьвінск расейскія ўлады зьмянілі назву места на Новааляксандраўск, сюды перанесьлі адміністрацыйны цэнтар Браслаўскага павету. У 1842 годзе ўтварыўся асобны Нова-Аляксандраўскі павет у складзе Ковенскай губэрні. На 1857 год у месьце было 8 мураваных і 155 драўляных будынкаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Езяросы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час рэдагаваць

1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Езяросы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[2]. Па польска-летувіскіх баях і падпісаньні пагадненьня паміж міжваеннай Польскай Рэспублікай і Летувой у 1919 годзе яны апынуліся ў складзе Летувы. Новыя ўлады палічылі традыцыйную назву паселішча за палянізм і сканструявалі новую — лет. Ežerėnai (Эжэрэнай; ад лет. ežeras — возера), якую аднак па працяглых дыскусіях у 1929 годзе зьмянілі на лет. Zarasai (Зарасай).

2 жніўня 1946 году Езяросы атрымалі статус места. У 1996 годзе афіцыйна зацьвердзілі мескі герб.

Насельніцтва рэдагаваць

Дэмаграфія рэдагаваць

  • XIX стагодзьдзе: 1857 год — 3459 чал. (1838 муж. і 1631 жан.), зь іх 2030 каталікоў, 404 праваслаўныя, 119 старавераў, 7 эвангелістаў, 909 юдэяў[3]; 1865 год — 4770 чал.; 1896 год — 7556 чал. (3761 муж. і 3792 жан.), зь іх паводле веры: 2322 каталікі, 512 праваслаўных, 323 стараверы, 28 пратэстантаў, 4277 юдэяў, 44 магамэтаніны, 50 іншай веры; паводле стану: 272 шляхты, 36 духоўнікаў, 64 ганаровых грамадзянаў і купцоў, 6796 мяшчанаў, 265 вайскоўцаў, 82 сялянаў, 41 іншага стану[4]; 1897 год — 6,3 тыс. чал.
  • XX стагодзьдзе: 1923 год — 3785 чал.; 1939 год — 4,5 тыс. чал.; 1959 год — 4,7 тыс. чал.; 1970 год — 6624 чал.; 1976 год — 7,4 тыс. чал.; 1979 год — 7250 чал.; 1989 год — 8916 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 8365 чал.; 2010 год — 7571 чал.; 2020 год — 6051 чал.

Турыстычная інфармацыя рэдагаваць

Славутасьці рэдагаваць

  • Капліца
  • Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1878)
  • Царква Ўсіх Сьвятых (1885)

Страчаная спадчына рэдагаваць

  • Царква Сьвятога Спаса (другая палова XIX ст.; мураўёўка)

Галерэя рэдагаваць

Асобы рэдагаваць

  • Юдэль Пэн (1854—1937) — мастак-маляр, пэдагог, выбітны дзяяч «габрэйскага рэнэсансу» ў беларускім мастацтве пачатку XX стагодзьдзя
  • Леў Рымінскі (1913—1971) — архітэктар

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 213.
  2. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 20.
  3. ^ Krzywicki J. Nowoaleksandrowsk // Słownik geograficzny... T. VII. — Warszawa, 1886. S. 240.
  4. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  • Езяросы, Электронная энцыкляпэдыя «Вялікае Княства Літоўскае»