Герцыцкае княства, або Герцыке (па-латыску: Jersika; каля 1190 — каля 1239) — удзельнае княства з цэнтрам у горадзе Герцыке (цяпер Ерсіка, пасёлак Ерсіцкае воласьці Ліванскага краю Латвіі), існавала ў пачатку XIII стагодзьдзя.

Варыяцыі тэрыторыі Герцыке паводле розных мапаў XII і XIII стагодзьдзяў

Герцыке займала тэрыторыю на поўдні Латгале і паўднёвым усходзе Відзэмэ на правым беразе Дзьвіны. На поўначы княства межавала з Талавай і Атзэлі, на ўсходзе — з Полацкім княствам, на поўдні — зь летувісамі і сэламі, на захадзе — зь лівамі і Кукенойскім княствам. Асноўнымі ўмацаванымі паселішчамі княства зьяўляліся Варка, Асотэ, Аленэ, Лепенэ, Марцыена, Гердэнэ (або Зердэнэ), Цэсвайнэ, Нігастэ, Аўтынэ.

Асноўнай з крыніцаў па гісторыі княства княства зьяўляецца «Хроніка Лівоніі» Генрыха Латвійскага. Паводле Хронікі, княствам кіраваў Усевалад (па-лацінску: Vissevalde, Wiscewolodus), які знаходзіўся ў васальнай залежнасьці ад полацкага князя, затым ад рыскага біскупу. Усевалад паходзіў з полацкай галіны Рурыкавічаў, аднак дакладнае яго паходжаньне ня высьветленае[a].

Паводле Генрыха Латвійскага, Усевалад вёў барацьбу зь Лівонскім ордэнам і ў саюзе зь літвою часьцяком зьдзяйсьняў напады на ордэнскія ўладаньні. У 1209 годзе Ўсевалад трапіў у палон да рыскага біскупа і быў вымушаны прызнаць сябе яго васалам. Трохі пазьней ён забыўся на дадзеныя абяцаньні і да 1215 року ваяваў супраць войскаў Ордэну. Апошнія зьвесткі аб княстве захаваліся з 1215 году. У 1239 яго землі былі занятыя крыжакамі.

Паводле паданьня, ацалелыя жыхары цьвердзі Герцыке пераправіліся на левы бераг Дзьвіны і пасяліліся сярод сэлаў. Менавіта ад гэтых уцекачоў нібыта бярэ свой ​​пачатак Руская слабада, якая згодна з загадам Курляндзкага герцагу Якаба (1670) стала горадам, названым у яго гонар Якабштатам (цяпер г. Екабпілс). Тут ў 1675 годзе ўзьвялі праваслаўную Сьвята-Духаўскую царкву, дзе захоўвалася старажытная плашчаніца XIV—XV стагодзьдзяў.

  1. ^ Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня Усевалада. Часьцей за ўсё яго лічаць адным чалавекам з сынам згаданага ў аповесьці пра Сьвятохну, пераказанай Тацішчавым, полацкага князя Барыса Давыдавіча.

Літаратура

рэдагаваць
  • Славянская энциклопедия. Киевская Русь — Московия: в 2 т. / Автор-составитель В. В. Богуславский — М.: ОЛМА-ПРЕСС, 2001. — Т. 1. — 784 с. — 5000 экз. — ISBN 5-224-02249-5.
  • Генрих Латвийский. Хроника Ливонии / Введение, перевод и комментарии С. А. Аннинского — 2-е изд. — М.—Л.: Издательство Академии Наук СССР, 1938. — 185 с.
  • Švābe A. Jersikas karaļvalsts. — Senatne un Māksla, 1936. p. 1, 5-31. (In Latvian, original documents in Latin included)
  • Balodis F. Jersika un tanī 1939.gadā izdarītie izrakumi. — R., 1940. — 103 lpp., 22 tab.
  • Vilcāne A. Senā Jersika. — R., 2004. — 115 lpp.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Герцыкесховішча мультымэдыйных матэрыялаў