Эсто́нская мо́ва — мова эстонцаў, адносіцца да прыбалтыйска-фінскай галіны фіна-вугорскай сям’і моваў. Афіцыйная мова Эстоніі і Эўрапейскага Зьвязу. Пісьмовасьць на аснове лацінскага альфабэту.

Эстонская
eesti keel
Ужываецца ў Эстонія
Рэгіён Прыбалтыка
Колькасьць карыстальнікаў 1,1 мільёна
Клясыфікацыя Уральская сям’я

 Фіна-вугорская галіна
  Фіна-волская група
   Прыбалтыйска-фінская падгрупа
    Эстонская

Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Эстоніі, Эўрапейскі Зьвяз
Рэгулюецца Інстытут эстонскай мовы
Пісьмо лацінскае пісьмо і Estonian Braille[d]
Коды мовы
ISO 639-1 et
ISO 639-2(Б) est
ISO 639-2(Т) est
ISO 639-3 est

Гісторыя рэдагаваць

Некалькі протаэстонскіх гаворак пачалі аддзяляцца ад агульнае прыбалтыйска-фінскае моўнае супольнасьці ўжо ў пачатку нашае эры. У пэрыяд з 12 па 13 стагодзьдзі на іх аснове пачала фармавацца стараэстонская мова. Пазьней на эстонскую мову паўплывалі германскія, балцкія мовы і расейская мова. Напрыклад, германізмы можна сустрэць у галіне прафэсійнае лексыкі, русізмы — у словах, якія былі часта ўжывальнымі ў пэрыяд Кіеўскае Русі.

Першыя рукапісныя творы па-эстонску датуюцца 16 стагодзьдзем. Найбольш даўнім рукапісам, які дайшоў да нашага часу, зьяўляецца Куламааскі рукапіс — пераклад на эстонскую мову трох каталіцкіх малітваў: Pater noster, Ave Maria и Credo.

Афармленьне літаратурнага стандарту эстонскае мовы йшло на працягу 19 ст.

Асноўная характарыстыка рэдагаваць

Пісьмовасьць рэдагаваць

Як і іншыя шматлікія фіна-вугорскія мовы, носьбіты эстонскае мовы карыстаюцца лацінскім альфабэтам. Як у іншых прыбалтыйска-фінскіх мовах у эстонскай мове прысутнічаюць літары ä, ö, ü, а таксама літары š, ž, якія ў эстонскай мове зьявіліся пазьней. Літары Cc, Qq, Ww, Xx, Ff, Zz, Šš, Žž ужываюцца толькі ў запазычаньнях і напісаньні ўласных назваў. Літара Õõ у эстонскай была дадана асобна лінгвістам Ота Вільгельмам Мазінгам.

Сучасны выгляд эстонскага альфабэту.

A a B b C c D d E e F f G g H h
I i J j K k L l M m N n O o P p
Q q R r S s Š š Z z Ž ž T t U u
V v W w Õ õ Ä ä Ö ö Ü ü X x Y y

Артаграфія рэдагаваць

Эстонская мова, як і беларуская, у большасьці напісаньні словаў падпарадкоўваецца фанэматычнаму прынцыпу — адна літара адпавядае адной фанэме. Але існуюць некаторыя марфалягічныя й гістарычныя выключэньні. Напрыклад, літара h аглушае на пісьме гукі b, g, d пры скланеньні словаў, калі замест іх вымаўляецца p, k, t. Часам літары š, ž могуць замяняць на спалучэньні sh, zh, хоць гэта й лічыцца няправільным.

Сучасныя эстонскія прынцыпы артаґрафіі былі створаны навукоўцам Эдуардам Ахрэнсам на аснове фінскай артаграфіі ў другой палове 19 ст. Раней ужывалася артаграфія Бэнгта Готфрыда Фарсэліюса і Ягана Горнунга, якая была створана ў 17 ст. Некаторыя прынцыпы нямецкае артаграфічнае мовы захоўваліся ў эстонскай мове і пазьней — напрыклад, літару Ww ужывалі замест Vv да 1930-ых гадоў.

Фанэтыка рэдагаваць

Галосныя рэдагаваць

У эстонскай мове дзевяць галосных гукаў, вялікая колькасьць дыфтонгаў. Адсутнічаюць рэдукаваныя гукі.

Зычныя рэдагаваць

Фанэтычная сыстэма характарызуецца выкарыстаньнем цьвёрдых і мяккіх зычных гукаў, неасьпіраваных выбухных зычных (гукі p, t, k прамаўляюцца без прыдыханьня ў адрозьненьне ад германскіх моваў) і магчымасьцю спалучэньня цьвёрдых зычных з галоснымі пярэдняга шэрагу (напрыклад, у словах tee, täht, töö, tüvi t вымаўляецца цьвёрда, перад галосным i зычныя зьмякчаюцца). Зычныя гукі b, g, d і запазычаны ž вымаўляюцца глуха ці паўзвонка.

Дыялекты рэдагаваць

 
Паўднёваэстонскія дыялекты.

Эстонская мова ў дыялектным пляне падзяляецца на дзьве адметныя і моцна адрозныя адна ад адной гаворкі: паўночную і паўднёвую. Часам з паўночных дыялектаў асобна вылучаюць дыялекты кірдэраніку, якія распаўсюджаныя на паўночным усходзе Эстоніі.

Паўночныя дыялекты зьмяшчаюць у сабе тры групы гаворак. Кескмурэ, альбо сярэдняя група — аснова літаратурнае мовы, распаўсюджаная ў ваколіцах Таліну. Ляэнэмурэ, ці заходняя ґрупа, распаўсюджаная ў Пярнумаа і Ляэнэмаа. Група гаворак Саартэмурэ распаўсюджаная на астравох Саарэмаа і Хіюмаа. Група гаворак ідамурэ, альбо ўсходняя, распаўсюджаная на паўночна-заходнім узьбярэжжы возера Пэйпсі.

Асобна варта вылучыць паўднёвую дыялектную зону. Яна складаецца з чатырох груп гаворак — мулгіская, тартуская, выруская і сэтуская, якія часам вылучаюцца ў асобныя мовы альбо ў адну асобную паўднёваэстонскую мову. Часам гаворка сэту лічыцца не асобнай паўднёваэстонскай гаворкай, а часткай гаворкі выру.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Эстонская мовасховішча мультымэдыйных матэрыялаў