Марк Ротка

амэрыканскі маляр

Марк Ро́тка (па-ангельску: Mark Rothko, пры нарадж. Маркус Ратковіч; 25 верасьня 1903, Дзьвінск, Віцебская губэрня, Расейская імпэрыя — 25 лютага 1970, Нью-Ёрк, ЗША) — амэрыканскі мастак габрэйскага паходжаньня. Нарадзіўся ў Віцебскай губэрні Расейскай імпэрыі, на тэрыторыі сучаснае Латвіі.

Марк Ротка
Імя пры нараджэньні Маркус Ратковіч
Дата нараджэньня 25 верасьня 1903
Месца нараджэньня Дзьвінск, Віцебская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 22 лютага 1970
Месца сьмерці Нью-Ёрк, ЗША
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак мастак
Навуковая сфэра малярства
Месца працы
Жанры абстракцыянізм[3]
Плынь абстрактны экспрэсіянізм[d][3]

Біяграфічныя зьвесткі рэдагаваць

Выхоўваўся ў вялікай габрэйскай сям’і фармацэўта, дзе размаўлялі на ідышы й па-расейску. У пяцігадовым узросьце Маркус паступіў у Габрэйскую рэлігійную школу — хэдэр. Напярэдадні Першай сусьветнай вайны сям’я зьехала ў ЗША. Празь некалькі месяцаў бацька памёр, і сям’я засталася бяз сродкаў, дзецям давялося працаваць. Маркус дапамагаў дзядзьку, прадаючы газэты й часопісы супрацоўнікам складу адзеньня, і паралельна навучаўся ў агульнаадукацыйнай школе. Ён стаў актыўна ўдзельнічаць у жыцьці мясцовага габрэйскага згуртаваньня. Пасьля школы паступіў у Ельскі ўнівэрсытэт, дзе першы год вучыўся дзякуючы атрыманаму за выдатны школьны атэстат гранту, а пазьней, калі датацыя скончылася, працаваў чорнарабочым, каб аплаціць навучаньне. Але хутка ён кінуў унівэрсытэт, і вярнуўся туды толькі праз 46 гадоў — каб атрымаць ганаровую ступень доктара прыгожых мастацтваў.

У 1929 стаў выкладаць выяўленчае мастацтва ў Цэнтральнай акадэміі, дзе працаваў да 1952 году. Сябраваў з прадстаўнікамі позьняга абстрактнага экспрэсіянізму, як то Джэксанам Полакам, Ўільямам дэ Кунінгам і Аршылам Горкі. У 1938 годзе атрымаў амэрыканскае грамадзянства й зьмяніў сваё імя на творчы псэўданім Марк Ротка. Дэпрэсіўны стан на глебе алькаголю првывёў да таго, што напрыканцы 1969 году мастак пакінуў дом і адасобіўся ў сваёй майстэрні ў Нью-Ёрку, дзе скончыў жыцьцё самагубствам.

Творчасьць рэдагаваць

 
Сучасны графічны партрэт Марка Ротка

На сваёй пэрсанальнай выставе ў 1938 годзе ў портлэндзкім Музэі мастацтваў Ратковіч паказаў гарадзкія ляндшафты, партрэты й цыкль ню. Праз два гады ён зь сябрамі арганізаваў «Групу дзесяці», канцэпцыя якой гучала наступным чынам: «Пратэставаць супраць распаўсюджанага меркаваньня пра роўнасьць амэрыканскага жывапісу й літаральнага жывапісу». Арганічныя, напаўабстрактныя формы, народжаныя фантазіямі й снамі мастака, атрымалі назву біяморфных.

Інавацыі так яго захапілі, што ў 1936 годзе ён нават распачаў працу над кнігай пра падобныя прынцыпы дзіцячага малюнка й твораў сучасных яму мастакоў, дзе параўноўваў уплыў прымітыўных культураў на мадэрністаў зь мімікрычнымі перадумовамі дзіцячай творчасьці. Лічыў, што наватар-мадэрніст як дзіця й чалавек прымітыўнай культуры, якая паўплывала на яго, павінны ў ідэальнай і аптымальнай працы адлюстроўваць унутраныя адчуваньні без умяшальніцтва розуму й інтэлектуальнага вопыту.

Канкрэтных назваў твораў у Ротка, як правіла, няма. Ёсьць толькі нумары: гэта значыць, у кожнага гледача ўзьнікаюць уласныя асацыяцыі, ня зьвязаныя з назвамі карцін. З пачатку 1950-х гадох структура карцінаў Ротка, у якіх прадмет і форма губляюць усялякую сэнсавую нагрузку, мала зьмянілася. Аднак, замест нумароў зьявіліся назвы, як то «Чорнае, фіялетавае й жоўтае на аранжавым», «Зямліста-чырвонае й зялёнае» і г. д. Але творца па-ранейшаму з рэальнасьцю «ажыўляў» прастору непасрэдна праз колер.

Да пачатку 1950-х гадоў ён значна спрасьціў структуру сваіх карцін, ствараючы цыклі гэтак званых мультыформаў — палотнаў, якія складаліся зь некалькіх колеравых плоскасьцяў. Сам мастак фармуляваў сваю задачу як «простае выказваньне складанай думкі». Ротка прымяняў прыглушальны колер на выставах: колеравыя блёкі ў выніку здаваліся «абвіслымі» ў бязьмежнай прасторы, візуальнае ўражаньне ўзмацнялася адсутнасьцю рамаў у карцін. Колеравае поле расьцякалася да самой мяжы палатна такім чынам, што палатно здавалася раствораным у плоскасьці сьцяны. Мастак раіў разглядаць ягоныя карціны зь вельмі блізкай адлегласьці, каб колеравыя палі маглі «паглынуць» гледача.

Напрыканцы 1970-х гадоў Ротка прыйшоў да таго афармленьня карцін, якое зрабіла яго славутым: цягам доўгага часу ён рэдукаваў свае ранішнія формы да гарызантальных прастакутнікаў, што былі размаляваны ў яскравыя насычаныя фарбы й абрысаваны мяккімі расплывістымі межамі. Напрыклад, палатно «№12», на якім жоўта-апэльсінавы калярыт нястрымана, моцна прыцягвае фантастычнай яскаравасьцю й вастрынёй. Апошнімі значнымі творамі Марка Ротка зьявіліся 14 карцін, створаных для капэлы царквы ў Г’юстане.

Крыніцы рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

  • Mark Rothko, 1903—1970: a retrospective/ Diane Waldman, ed. — New York: H.N. Abrams, 1978.
  • Chave A.C. Mark Rothko, subjects in abstraction. — New Haven: Yale UP, 1989.
  • The art of Mark Rothko, into an unknown world/ Marc Glimcher, ed. — London: Barrie & Jenkins, 1992.
  • Breslin J. E. B. Mark Rothko: a biography. — Chicago: University of Chicago Press, 1993.
  • Davis J. Mark Rothko: The Art of Transcendence. — Kidderminster: Crescent Moon, 1995.
  • Golding J. Paths to the absolute: Mondrian, Malevich, Kandinsky, Pollock, Newman, Rothko, and Still. — Princeton: Princeton UP, 2000.
  • Ottmann K. The essential Mark Rothko. — New York: Wonderland Press; Harry N. Abrams, 2003.
  • Бааль-Тешува Я. Марк Ротко. — М.: Арт-Родник, 2006. — ISBN 5-9561-0192-X

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць