Дзьвінская фартэцыя

фартыфікацыйнае збудаваньне ў Дзьвінску (Латвія)
(Перанакіравана з «Дзьвінская крэпасьць»)

Дзьві́нская, або Дынабу́рская фартэ́цыя (па-латыску: Daugavpils cietoksnis, Dinaburgas cietoksnis) — фартыфікацыйнае збудаваньне пачатку XIX стагодзьдзя ў Дзьвінску (Латвія). Будаўніцтва цалкам скончылася ў 1878 року праз пастаянныя перашкоды. Помнік местабудаўніцтва і архітэктуры дзяржаўнага значэньня Латвіі.

Дзьвінская фартэцыя
Daugavpils cietoksnis
Від з вышыні птушынага палёту
Месцазнаходжаньне Дзьвінск
Тып фартэцыя
Пабудаваная 1810—1878
Стан падлягае рэстаўрацыі
Адкрыты для наведваньня так
Каардынаты 55° пн. ш. 26° у. д. / 55° пн. ш. 26° у. д. / 55; 26Каардынаты: 55° пн. ш. 26° у. д. / 55° пн. ш. 26° у. д. / 55; 26
Дзьвінская фартэцыя на мапе Латвіі
Дзьвінская фартэцыя
Дзьвінская фартэцыя
Дзьвінская фартэцыя

У былым арсэнале цьвердзі цяпер дзейнічае Мастацкі цэнтар Марка Ротка.

Мінуўшчына

рэдагаваць

У 1810 року расейскі імпэратар Аляксандар I напярэдадні вайны з Францыяй загадаў пачаць будову цьвердзі з мэтай умацаваньня мяжы. Кіраваў працамі вайсковы інжынэр генэрал Я. Ф. Гекель(ru). Будаўніцтва вялося ў дзьве зьмены, працавалі 10 000 работнікаў.

У 1812 францускае падразьдзяленьне лікам 24 000 пад даводзтвам маршала Нікаля Удыно захапіла крэпасьць.

Далейшыя працы пасьля адваёвы фартэцыі адбываліся пад кіраўніцтвам спэцыялістаў Інжынэрнага дэпартамэнту Вайсковага міністэрства.

У 1830 року фартэцыя з сувязі з пачаткам вызвольнага польскага паўстаньня была пераведзеная на ваенны стан. 24 сакавіка [ст. ст. 4 красавіка] 1831 на здушэньне паўстанцаў выйшлі батальёны егерскіх палкоў. У другой палове 1831 року ў фартэцыю перанесены артылерыйскі арсэнал зь Вільні.

21 траўня [ст. ст. 2 чэрвеня] 1833 ў прысутнасьці імпэратара Мікалай I і найвышэйшага духавенства Расеі адбылося асьвячэньне фартэцыі.

У 1863 року ў сувязі з чарговым паўстаньнем Дынабурская фартэцыя зноў пераведзеная на ваенны стан, з Рэвельскай (цяпер Талін) фартэцыі дзеля ўмацаваньня ў яе перавезеныя 258 гарматаў розных калібраў і відаў.

У 1860-я — 1870-я рокі былі выкананыя працы па пракладцы вадаправоду, будаўніцтве водапад’ёмнай вежы з паравой машынай і помпай, забрукаваньні ўсіх вуліцаў і асобных унутраных двароў. Будаўнічыя працы працягваліся да 1878 року.

6 сьнежня [ст. ст. 18 сьнежня] 1869 ў фартэцыі быў заснаваны дзіцячы прытулак імя вялікага князя Мікалая Аляксандравіча для сіротаў і салдацкіх дзяцей, якія ў працоўны час заставаліся без бацькоўскага нагляду. З 1875 пачаў дзейнасьць Дынабурскі мясцовы камітэт Расейскага таварыства Чырвонага Крыжа. У 1881 у фартэцыі створаная дзяржаўная тэлеграфная станцыя.

У 1887 року створаная крэпасная пажарная каманда і крэпасная жандарская каманда. Абедзьве скасаваныя ў 1914 року.

12 красавіка [ст. ст. 24 красавіка] 1897 фартэцыя стала фартэцыяй-складам. У 1912 року ўведзенае электрычнае асьвятленьне.

У 1914 року пераведзеная на вайсковы стан. 23 ліпеня [ст. ст. 4 жніўня] 1914 створаная Дзьвінская вайсковая акруга.

Пасьля атрыманьня Латвіяй незалежнасьці ў 1920 року ў фартэцыі разьмясьціліся палкі латвійскай Зэмгальскай дывізіі ды «Вікерсы» танкавай роты.

У Другую сусьветную вайну нямецкія ўлады стварылі тут лягер для савецкіх ваеннапалонных Шталяг 340.

У 1948—1993 ў фартэцыі дзейнічала Дзьвінская вышэйшая авіяцыйная інжынэрная вучэльня. У 1998 фартэцыя была перададзеная ва ўпраўленьне Дзяржаўнага агенцтва нерухомасьці Латвіі.

Архітэктура

рэдагаваць
 
Артылерыйскі арсэнал

Крэпасьць разьмешчаная па абодва берагі ракі Дзьвіны. Манумэнтальная фартыфікацыйная сыстэма з абшытымі рваным і часаным камянём эскарпамі галоўнага валу, васьмю бастыёнамі, равэлінамі, казэматамі з магутнымі цаглянымі скляпеньнямі вылучаецца строгасьцю і дбайнасьцю выкананьня.

Крэпасьць мае выгляд умацаванага места: авальная ў пляне тэрыторыя падзеленая рэгулярнымі кварталамі. Пасярод кварталаў разьмешчаная квадратная (150×150 м) пляцпарадная плошча. Паводле дэтальнага праекту забудовы 1816 року былі пракладеныя галоўныя (шырынёй 21 м) і другасныя (шырынёй 10 м) вуліцы, унутры якіх разьмяшчаліся вайсковыя і цывільныя пабудовы, вылучаныя ў зоны. Галоўная вэртыкальная дамінанта — 60-мэтровы касьцёл з барочным дэкорам, дзе набажэнствы ладзіліся таксама і для лютэранаў, і для праваслаўных — у 1944 року быў узарваны.

Асноўныя двух- і трохпавярховыя будынкі камэнданцкага дому, штаба, арсэналаў, шпіталю, кашараў і афіцэрскіх дамоў стэрэатыпныя, з рысамі позьняга клясыцызму. У аздабленьні паўднёвай Міхайлаўскай і заходняй Мікалаеўскай брамы выкарыстаныя матывы эгіпецкай архітэктуры і готыкі. Усходняя Аляксандраўская і паўночная Канстанцінаўская брама былі падобныя архітэктурай. Апошняя была разбураная ў 1962 року дзеля ўвозу на тэрыторыю вучэльні буйнагабарытнага абсталяваньня.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць