Жыгімонт Карыбутавіч
Жыгімо́нт Карыбу́тавіч (к. 1385[4] — 1 верасьня 1435[5], пад Вількамірам) — літоўскі князь, водца войска Вялікага Княства Літоўскага, прэтэндэнт на карону Чэхіі.
Жыгімонт Карыбутавіч лац. Žygimont Karybutavič | |
князь | |
---|---|
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 1395, |
Памёр | 1435[1][2], |
Дынастыя | Гедымінавічы і Карыбутавічы[2] |
Бацька | Карыбут[3] |
Маці | Настасься Разанская[d][3] |
«Гісторыя гусіцкіх войнаў», 1433 г.
Імя
рэдагавацьЗігімунд, Зігімунт, Зігісмунд або Зігісмонд, пазьней Зыгмунд, Зыгмант або Жыгмант (Sigimund, Sigimunt, Sigismund, Sigismondus[6], Siegmund, Zygmont[7], Żygmont[7]) — імя германскага паходжаньня[8]. Іменная аснова сіг- (зыг-, зег-) (імёны ліцьвінаў Зігібут, Зыгел, Зыгер; германскія імёны Sigibot, Sigel, Siger) паходзіць ад гоцкага і бургундзкага sigus 'перамога'[9], а аснова -мунд- (-мунт-, -монт-) (імёны ліцьвінаў Монтгерд, Валімонт, Скірмунт; германскія імёны Mundgerd, Walmont, Sciremunt) — ад германскага *mundô 'рука, абарона, крэўнасьць'[10] або гоцкага munds 'моц розуму, імкненьне', mundrs 'гарлівы, палкі'[9]. Такім парадкам, імя Жыгімонт азначае «перамога гарлівасьці»[11].
Адпаведнасьць імя Жыгімонт германскаму імю Sigimund сьцьвердзілі францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[12], і амэрыканскі лінгвіст Альфрэд Зэн[13].
Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: dux Sigismund Coributi (1421 год), dux Sigismundus Corybuthy (1424 год), dux Sigismundus Koributhi (1429 год), dux Sigismundus Coributhi (1430 год)[14].
Біяграфія
рэдагавацьСын князя ноўгарад-северскага Карыбута Альгердавіча і Настасьсі Алегаўны, дачкі князя разанскага. Па сьмерці бацькі ў 1404 годзе выхоўваўся пры двары Ягайлы.
Свайго ўдзелу, відаць, ня меў і служыў пры каралеўскім двары. У бітве пры Грунвальдзе (1410 год) узначальваў харугву. У час наступнай вайны Каралеўства Польскага з Тэўтонскі ордэнам вызначыўся як вайсковы водца, узяў ордэнскім Прабут (1414 год).
Па сьмерці чэскага караля Вацлава ў 1419 годзе, гусіты ўзьнялі паўстаньне супраць улады імпэратара Жыгімонта Люксэмбурскага і прапанавалі чэскую карону Ягайлу, але той адмовіўся, тады гусіты зьвярнуліся да Вітаўта. Вітаўт пагадзіўся, бо ў той час вёў спрэчкі за Жамойць і быў ня супраць мець Чэхію для палітычнага гандлю, але заявіў чэхам што сам ня можа паехаць з ВКЛ і таму прызначыць ў Чэхію свайго намесьніка. У 1422 годзе Вітаўт паслаў у Чэхію 5-тысячнае войска на чале з сваім намесьнікам — Жыгімонтам Карыбутавічам.
Жыгімонт Карыбутавіч адразу павёў актыўныя дзеяньні, што вымусіла імпэратара ўцячы з Чэхіі ў Вугоршчыну. Па ўзяцьці замка Нестаў ў Маравіі Карыбутавіч разаслаў па ўсёй Чэхіі грамату, у якой паведамляў, што прыбыў як намесьнік Вітаўта і склікаў ўсе станы на сойм ў Часлаў, на якім афіцыйна быў прызнаны за намесьніка чэскага караля Вітаўта. 16 траўня 1422 году Жыгімонт Карыбутавіч прыбыў у Прагу, дзе распусьціў мескую раду і правёў выбары новай[a]. Галоўнай задачай Жыгімонта Карыбутавіча на першым этапе быў пошук кампрамісу паміж двума крыламі гусітаў — памяркоўнымі чашнікамі і радыкальнымі табарытамі. Нарэшце табарыты на чале з Янам Жыжкам прызналі ўладу Жыгімонта Карыбутавіча, хоць і імкнуліся да самастойнай улады ў Празе. Калі Жыгімонт Карыбутавіч займаўся аблогай імпэратарскага замка Карлштэйн табарыты ўзьнялі мяцеж і хацелі захапіць ўладу ў Празе, але пражане не падтрымалі мяжецнікаў, а меская рада схапіла іх. Вярнуўшыся ў места Жыгімонт Карыбутавіч прысудзіў мяцежнікаў да сьмерці, але памілаваў калі яны ўжо паклалі галовы на плаху, гэтым ён займеў яшчэ большы аўтарытэт сярод гусітаў абодвух плыняў.
Тым часам Вітаўт атрымаў ад імпэратара Жыгімонта Люксэмбурскага пацьверджаньне сваіх правоў на Жамойць і паабяцаў вывесьці свае войскі з Чэхіі. Жыгімонт Карыбутавіч мусіў вярнуцца ў Кракаў, дзе быў на каранацыі Соф’і Гальшанскай. Але чэхі мелі пра яго добрую памяць і ў 1424 годзе чэскія паслы ў Горадні прасілі Вітаўта адпусьціць Жыгімонта Карыбутавіча ў Чэхію, дзе мелі намер каранаваць яго на караля чэскага. Вітаўт жа казаў ім што абяцаў імпэратару не падтрымліваць гусітаў і калі Жыгімонт Карыбутавіч карануецца супраць яго волі, то будзе яму ворагам. Чэхі нягледзячы на гэта сустрэліся ў Кракаве з Жыгімонтам Карыбутавічам і ён прыняў іх прапанову.
29 чэрвеня 1424 году на чале ўласнага 1,5 тыс. войска прыбыў у Прагу, дзе на вачах натоўпа прыняў прычасьце паводле гусіцкага абраду. Ён быў абраны каралём, але не каранаваўся. Папа рымскі Марцін V абвясьціў Жыгімонта Карыбутавіча гератыком, Вітаўт публічна выракся яго, хаця яны вялі ліставаньне паміж сабой, дзе Жыгімонт Карыбутавіч называў сябе слугой Вітаўта. Апроч таго, напачатку абраньне не прызналі табарыты на чале з Жыжкам, які прывёў войска пад Прагу з намерам зруйнаваць яе, але па перамовах усё ж прызнаў Жыгімонта Карыбутавіча за караля. Такім парадкам, Жыгімонту Карыбутавічу ўдалося аб’яднаць абодва крылы гусітаў, па сьмерці Жыжкі ён узначальваў гусіцкае войска і 16 чэрвеня 1426 году разьбіў імпэратарскае войска ў бітве пад Усьцем.
Жыгімонт Карыбутавіч не хацеў далейшае вайны з імпэратарам і ў сваіх лістох да Вітаўта прасіў, каб той быў пасярэднікам у перамовах пра мір. Гэтая таемная перапіска трапіла ў рукі радыкальных табырытаў, якія з амбонаў зачыталі яе пражанам. Усё гэта было палічана за здраду Жыгімонта Карыбутавіча й яго на чатыры месяцы зьняволілі ў замку Вальдштайн. Тымчасова табарыты захапілі ўладу ў Празе, але папулярнасьць Жыгімонта Карытубавіча сярод звычайных абывацеляў была настолькі вялікай, што табарыты ўвесь час пачувалі сябе неўпэўнена і таму надумалі вывезьці яго з Чэхіі. Таму 9 верасьня 1426 году Жыгімонта Карыбутавіча вызвалілі й давезьлі пад вартай да польскае мяжы. Некаторы час ён жыў у Раціборы ў сваёй сястры Алены. Тут Жыгімонт Карыбутавіч зьбіраў сваіх прыхільнікаў гусітаў, наймітаў, сюды з ВКЛ прывёў войска Фёдар Астроскі.
У красавіку 1430 году Жыгімонт Карыбутавіч з войскам пайшоў у Чэхію, дзе заняў Глівіцу і абвясьціў яго сваёй рэзыдэнцыяй. Калі ён езьдзіў у Кракаў на дыспут з каталікамі, які так і не адбыўся, біскуп Зьбігнеў Алясьніцкі, каб унікнуць дыспуту, загадаў зачыніць ў месьце ўсе касьцёлы, Конрад Алясьніцкі напаў на Глівіцу і спаліў яе. Яшчэ некаторы час Жыгімонт Карыбутавіч з сваёй харугвай ваяваў супраць імпэратарскіх войскаў у Чэхіі, але ў 1431 годзе прасіў у новага вялікага князя літоўскага Сьвідрыгайлы прыняць яго на службу. Лісты Жыгімонта Карыбутавіча да Сьвідрыгайлы трапілі ў рукі Ягайлы, што дазволіла таму зьвінаваціць Сьвідрыгайлу перад імпэратарам у зьвязках з гусітамі, а Жыгімонт Карыбутавіч здолеў вярнуцца ў ВКЛ толькі ў 1434 годзе. Прычым ехаў ён акружным шляхам, бо ў той час у ВКЛ ішла фэадальная вайна, у якой Ягайла падтрымліваў Жыгімонта Кейстутавіча супраць Сьвідрыгайлы. Спачатку Жыгімонт Карыбутавіч з Чэхіі праз тэрыторыю Сьвятой Рымскай імпэрыі з дапамогай Ордэна трапіў у яго сталіцу Марыенбург, адкуль немцы пераправілі яго морам у Рыгу, дзе Жыгімонт Карыбутавіч пражыў год да часу пакуль Сьвідрыгайла не прыслаў запросінаў. У ВКЛ Жыгімонт Карыбутавіч узначаліў войска Сьвідрыгайлы.
1 верасьня 1435 году на рацэ Сьвятой пад Вількамірам сустрэліся войскі Сьвідрыгайлы на чале з Жыгімонтам Карыбутавічам і войскі Жыгімонта Кейстутавіча на чале з Якубам з Кабылян[b]. Жыгімонт Карыбутавіч прапанаваў супраціўніку не праліваць братняе крыві, а пачаць перамовы паміж вялікімі князямі праз пасярэдніцтва імпэратара або каго з эўрапейскіх каралёў, але гэтую прапанову не прынялі ні Жыгімонт Кейстутавіч, ні сам Сьвідрыгайла. У час бітвы пад Вількамірам Жыгімонт Карыбутавіч быў паранены ў галаву й шыю, бо спрабаваў зь некалькімі харугвамі затрымаць палякаў і даць магчымасьць войску Сьвідрыгайлы, якое уцякала, перагрупавацца. Параненым ён трапіў у палон. Калі Жыгімонта Карыбутавіча спыталіся, чаму ён не ратаваўся ўцёкамі, той адказаў, што гонар цэніць вышэй за жыцьцё. Хутка Жыгімонт Карыбутавіч памёр, нібыта празь сьмяротныя раны, паводле іншай вэрсіі, яго забілі.
Заўвагі
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Zygmunt Korybutowicz // MAK (пол.)
- ^ а б в г Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 179.
- ^ а б Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 178.
- ^ Насевіч В. Карыбутавічы // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 132.
- ^ Насевіч В. Карыбутавічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 64.
- ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 198.
- ^ а б Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 179.
- ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 1330.
- ^ а б Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
- ^ Kremer D. Die Germanischen Personennamen in Katalonien // Estudis romànics. Nr. 14, 1972. S. 180.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 23.
- ^ Schmittlein R. Toponymes finnois et germaniques en Lituanie // Revue internationale d’onomastique. Nr. 2, 1948. P. 102.
- ^ Senn A. Zur Bildung litauischer Gewässernamen // Annali. Sezione Slava. Istituto Universitario Orientale di Napoli. 2 (1959). P. 46.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 160.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2001. — 216 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-458-050-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Chłędowski K. Zygmunt Korybut: szkic historyczny (1420—1428). — Warszawa, 1864.
- Grygiel J. Życie i działalność Zygmunta Korybutowicza. Studium z dziejów stosunków polsko-czeskich w pierwszej połowie XV wieku // PAN, oddział w Krakowie. — Wrocław: Wydawnictwo Ossolineum, 1988.
- Nikodem J. Polska i Litwa wobec husyckich Czech w latach 1420—1433. Studium o polityce dynastycznej Władysława Jagiełły i Witolda Kiejstutowicza // Instytut Historii UAM. — Poznań, 2004.