Вітаўт (балет)

беларускі балет 2013 году

«Вітаўт» — беларускі балет 2013 году ў дзьвюх дзеях.

«Вітаўт»
Жанрбалет
Паводлетрагедыі «Князь Вітаўт» (1993) Аляксея Дударава
АўтарАляксей Дудараў (лібрэта), Уладзімер Рылатка[1]
Мастак-пастаноўнікЭрнст Гейдэбрэхт
КампазытарВячаслаў Кузьняцоў
ХарэографЮры Траян
АкторыАнтон Краўчанка, Юры Кавалёў, Людміла Хітрова, Вольга Гайко
КраінаБеларусь
Мовабеларуская
Год прэм’еры2013
ПастаноўкіВялікі тэатар Беларусі
Узнагароды«За духоўнае адраджэньне» (2014), Нацыянальная тэатральная прэмія (2014)

Створаны кампазытарам Вячаславам Кузьняцовым паводле п’есы Аляксея Дударава. Упершыню яго паставілі ў Вялікім тэатры Беларусі[2]. Балетмайстрам пастаноўкі выступіў Юры Траян, а дырыгентам — Вячаслаў Воліч. У 2014 годзе балет уганаравалі прэміяй «За духоўнае адраджэньне». Нацыянальную тэатральную прэмію за найлепшы балет атрымаў Вячаслаў Кузьняцоў, за найлепшую працу балетмайстра ў спэктаклі балета — Юры Траян, а за найлепшую акторскую працу ў ім — Людміла Хітрова за ролю Ганны[3]. У 2016 годзе балет паставілі на сцэне Вялікага тэатру ў Маскве (Расея) ў рамках Дзён культуры Беларусі ў Расеі[4]. 28 студзеня 2018 году балет прадставілі ў Вільні (Летува) на арэне «Сымэнс»[5]. 29 красавіка 2020 году ў Міжнародны дзень танцу пастаноўку трансьлявалі ў Сеціве на старонках Вялікага тэатру Беларусі ў сацыяльных сетках[6].

  Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

У першай дзеі раскрываецца каханьне князя Вітаўта да Ганны, ягоная любоў да бацькоў Кейстута і Біруты, а таксама да стрыечнага брата Ягайлы, зь якім той шукае прымірэньня. Сам балет пачынаецца з купальскіх скокаў праз вогнішча і абраньня Леды. Затым падзеі пераносяцца ў Троцкі замак на паўвысьпе. Ягайла дамагаецца Ганны, аднак тая абірае Вітаўта. Каб адпомсьціць яму, Ягайла забівае свайго дзядзьку Кейстута, які быў бацькам Вітаўта, і замахваецца на жыцьцё самога Вітаўта.

У другой дзеі адбываецца баль каралеўскай пары Ягайлы і Ядвігі ў Кракаве. Вітаўт знаходзіцца за кратамі, адкуль яго вызваляе Ганна. Пасьля перамогі Вітаўт міласэрна прабачае Ягайлу і не прымае карону, якую Ядвіга зрывае з галавы мужа, каб уратаваць яго[7].

Прэм’ера

рэдагаваць

5 верасьня 2013 году Вялікі тэатар Беларусі адкрыў свой 81-ы сэзон прэм’ерай балета «Вітаўт». Напярэдадні кіраўнік тэатру Ўладзімер Грыдзюшка адзначыў, што гэта нацыянальны балет. У аснове дзеі была п’еса «Князь Вітаўт» драматурга Аляксея Дударава, зь якой утварылі лібрэта для балета. Музыку напісаў кампазытар Вячаслаў Кузьняцоў. Харэографам і пастаноўнікам быў Юры Траян. Мастаком-пастаноўнікам выступіў Эрнст Гейдэбрэхт. У спэктаклі сыгралі вядучыя салісты беларускага балету: Вольга Гайко, Ірына Яромкіна, Людміла Хітрова, Антон Краўчанка, Юры Кавалёў, Алег Яромкін і Іван Савянкоў. У пастаноўцы адлюстравалі падзеі XIV—XV стагодзьдзяў у Вялікім Княстве Літоўскім, у якіх бралі ўдзел князі Вітаўт Вялікі і Ягайла, а таксама іх жонкі Ганна і Ядвіга. Дзею склалі барацьба за ўладу і каханьне, палон і ўцёкі, забойствы і каранаваньні, варожасьць і пагадненьне аб міры. Асаблівая ўвага ў творы надавалася любові і вернасьці Вітаўта[8].

Харэограф-пастаноўнік Юры Траян распавёў перад прэм’ерай: «На аснове некаторых рэальных фактаў мы стварылі харэаграфічную легенду пра князя Вітаўта. …мы сканцэнтравалі ўсю ўвагу на яго маладых гадах, часе станаўленьня яго як асобы». На абодва верасьнёўскія прэм’ерныя паказы балета прадалі ўсе квіткі. Сярэдняя цана квітка складала 10 эўра ў эквіваленце. Цэны вагаліся ад 30 000 рублёў на бальконе да 400 000 рублёў[8].

Балет «Вітаўт» стаў першым нацыянальным балетам, пастаўленым у Вялікім тэатры Беларусі з 1996 году, калі адбылася прэм’ера балету «Кругаверць», якую рабілі кампазытар Алег Залётнеў, пісьменьніца Юлія Чурко (лібрэта) і У. Іваноў[8]. Пастаноўка адразу атрымала замежнае прызнаньне, таму трупу Вялікага тэатру Беларусі запрасілі выканаць яе на гастролях у Троках (Летува)[9].

Ушанаваньне

рэдагаваць

У траўні 2014 году кіраўніца Праграмы разьвіцьця ААН Хэлен Кларк наведала Вялікі тэатар Беларусі, каб паглядзець балет «Вітаўт»[2]. 10 студзеня 2015 году балет адзначылі беларускай прэміяй «За духоўнае адраджэньне» па выніках 2014 году[10].

У верасьні 2013 году ў «Настаўніцкай газэце» Кацярына Яроміна адзначыла, што ў балеце «Вітаўт» Ягайла выклікае адчуваньне маніякальнай асобы. Яроміна заўважыла: «Лірычная лінія амаль захінае сабой гераічную», бо супрацьстаяньне Вітаўта і Ягайлы зводзіцца да любоўнага трохкутніка. Яна таксама падкрэсьліла: «Дзьве выразныя лініі, каханьня Вітаўта і Ганны і барацьбы Вітаўта і Ягайлы, акрэсьленыя зь першай сцэны балета, гучаць рэфрэнам у музыцы ды харэаграфіі і застаюцца амаль нязьменнымі ад пачатку да заканчэньня спэктаклю». У выніку, на думку журналісткі, балет нагадвае любоўны рыцарскі раман. Сярод іншага, Кацярына Яроміна згадала моцны бок пастаноўкі: «Рытмічнае чаргаваньне масавых сцэнаў і дуэтаў, лірычных і гераічных эпізодаў». Перадачу нацыянальнага калярыту Яроміна заўважыла ў тым, што балет пачынаецца з маляўнічай карціны сьвяткаваньня Купальля[7].

У першай дзеі балету Яроміна заўважыла нацыянальныя матывы ў сцэнаграфіі мастака Эрнста Гейдэбрэхта: «Паэтычнае афармленьне дапаўняецца ўвядзеньнем вобраза зубра як татэма-ідала, сымбалю беларускіх лясоў. Зубр выклікае ў гэтым кантэксьце асацыяцыі зь «Песьняй пра зубра» М. Гусоўскага і велічным вобразам Вітаўта, які паўстае на яе старонках». Ухвалу журналісткі таксама выклікала праца мастака па сьвятле С. Мартынава: «Мяккія фактуры і мастацкае асьвятленьне перадаюць жывапісную атмасфэру дзікіх лясоў, зь якой кантрастуе графічнасьць штандараў і драповак другога акту з сымбалічнымі выявамі польскага арла і крыжоў. Дамінуючая бела-чырвоная, чорна-шэрая гама сцэнаграфіі і касьцюмаў, у якіх выкарыстаныя гістарычныя формы, адпавядае экспрэсіўнай і эмацыйна-выразнай музыцы В. Кузьняцова, а з другога боку — традыцыйнаму калярыту народнага касьцюма. Пэўная сьціпласьць уласна дэкарацыйнай часткі сцэнаграфіі кампэнсуецца дастаткова цікавай і выразнай работай са сьвятлом, якое робіцца самакаштоўнай дэкарацыяй, здольнай пераўтварыць лясны гушчар у сьцены палаца ці турмы». Урэшце, уражаньне на Кацярыну Яроміну зрабіла пранікнёнасьць адажыё Вітаўта і Ганны[7].

У лістападзе 2013 году ў часопісе «Беларуская думка» музыказнаўца Надзея Бунцэвіч назвала музыку Вячаслава Кузьняцова да балета «Вітаўт» яркай, відовішчнай і надзвычай плястычнай. Бунцэвіч заўважыла, што дырыгент Вячаслаў Воліч чуйна выявіў у партытуры асноўную якасьць яго музыкі — «стылёвую і формаўтваральную еднасьць». Пры гэтым яна згадала, што аркестранты гралі зь вялікай любоўю і дбайнасьцю: «бачна, што музыка ім падабаецца». Сярод іншага, музыказнаўцу ўразіла касьмічнасьць на пачатку балета: «Асьветленае лазэрам, скрозь тумановыя «прывіды», аднекуль зь нетраў ці то зямлі, ці то ўсяго Сусьвету зьяўляецца штосьці падобнае на касьмічную талерку — круглае, «пухнатае», працятае дроцікамі-антэнамі. І толькі праз пэўны час становіцца зразумела, што гэта — галава забітага зубра». Да таго ж, Надзея Бунцэвіч прыгадала, што «Песьня пра Зубра» была адной з папярэдніх «працоўных» назваў балета[1].

Таксама Бунцэвіч заўважыла вобразнасьць у працы кампазытара: «У музыцы паўстаюць сярэднявечныя замкі, палацы, абшары беларускай зямлі, прыгажосьць яе некранутай прыроды». Разам з тым, яна палічыла сцэнаграфію, набліжанай да распаўсюджанага на Захадзе, ва ўмовах панаваньня мадэрну, так званага «чорнага кабінэта» — пустой чорнай прасторы. Сярод іншага, музыказнаўца падкрэсьліла ролевыя асаблівасьці: «Для ганарлівай, уладарнай Ядвігі ўласьцівыя шырокія крокі зь ледзь не вэртыкальным шпагатам. Белы блазан «спэцыялізуецца» на вярчэньнях і акрабатыцы. Чорны чалавек — на мяккіх пліе, што быццам сьцелюцца па зямлі». На яе думку, надаць рухам пачуцьцёвую афарбаванасьць і вобразнасьць атрымалася ў Вольгі Гайко (Ядвіга), Людмілы Хітровай (Ганна), Івана Савенкава (Чорны чалавек) і Канстанціна Героніка (Белы блазан). Найлепшымі харэаграфічнымі Бунцэвіч таксама назвала два адажыё Ганны і Вітаўта ў першай і другой дзеях: «Асабліва другое, дзе дзяўчына прыходзіць да каханага, каб той пераапрануўся ў яе плашч і пакінуў вязьніцу»[1].

Урэшце, музыказнаўца засяродзілася на адрозных рысах балета: «Музычная тэма каханьня прынцыпова пазбаўлена звыклай «рамантызацыі» і нават малейшага налёту сэнтымэнтальнасьці. У харэаграфіі ж — пануе нэарамантыка». Таксама Надзея Бунцэвіч акрэсьліла ў якасьці заслугі Вячаслава Кузьняцова тое, што той спалучыў ляйтматывы з прынцыпамі кінамузыкі і пры гэтым захаваў яе танцавальнасьць[1].

  1. ^ а б в г Надзея Бунцэвіч. Балет «Вітаўт»: вітаміны перамогі ці поўны аўт // Беларуская думка : часопіс. — лістапад 2013. — № 11. — С. 34—40. — ISSN 0023-3102.
  2. ^ а б в «Вітаўт» уражвае замежных жанчын // Зьвязда : газэта. — 31 траўня 2014. — № 100 (27710). — С. 11. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Гісторыя тэатру // Вялікі тэатар Беларусі, 2024 г. Праверана 30 верасьня 2024 г.
  4. ^ Летува. Вільня. «Вітаўт» // Вялікі тэатар Беларусі, 28 студзеня 2018 г. Праверана 30 верасьня 2024 г.
  5. ^ а б БелТА. Вялікі тэатар Беларусі пакажа нацыянальны балет «Вітаўт» у Вільні // Газэта «Зьвязда», 14 студзеня 2018 г. Праверана 30 верасьня 2024 г.
  6. ^ Вялікі тэатар Беларусі запрашае ўсіх паклоньнікаў балета на анлайн-трансьляцыю пастаноўкі «Вітаўт» // Белтэлерадыёкампанія, 29 красавіка 2020 г. Архіўная копія ад 17 лістапада 2023 г. Праверана 30 верасьня 2024 г.
  7. ^ а б в г д Кацярына Яроміна. Пад знакам зубра «Вітаўт» на сцэне Вялікага тэатра // «Настаўніцкая газэта», 14 верасьня 2013 г. Праверана 30 верасьня 2024 г.
  8. ^ а б в Антон Дацэнка. «Вітаўт» на сцэне // Рэспубліка : газэта. — 6 верасьня 2013. — № 5828.
  9. ^ Аўгіня Манцэвіч. Новы балет Вячаслава Кузьняцова раскажа пра каханьне князя Вітаўта // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 5 верасьня 2013 г. Праверана 30 верасьня 2024 г.
  10. ^ Балет «Вітаўт» — ляўрэат прэміі «За духоўнае адраджэньне» // Газэта «Зьвязда», 10 студзеня 2015 г. Праверана 30 верасьня 2024 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць