Аляксандар Гваньіні
Алякса́ндар (Аляса́ндра) Гваньі́ні (па-лацінску: Alexander Gwagninus, па-італьянску: Alessandro Guagnini, па-польску: Aleksander Gwagnin; 1538, Вэрона — 1614, Кракаў) — выдавец, гісторык, вайсковец італьянскага паходжаньня. Большую частку жыцьця правёў у Вялікім Княстве Літоўскім, пасьля ў Рэчы Паспалітай.
Аляксандар Гваньіні | |
італ. Alessandro Guagnini, польск. Aleksander Gwagnin | |
XVII стагодзьдзе | |
Род дзейнасьці | выдавец |
---|---|
Дата нараджэньня | 1538 |
Месца нараджэньня | Вэрона |
Дата сьмерці | 1614 |
Месца сьмерці | Кракаў |
Занятак | гісторык |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьПа паходжаньні італійскі шляхціч. З 1550-х служыў ротмістрам у войску Вялікага Княства Літоўскага. У Паўночную сямігадовую вайну служыў наймітам у польскім войску. У 1571 прыняў падданства Рэчы Паспалітае з уласным гербам «Гваньін». Браў удзел у войнах з Масковіяй, быў вайсковым камэндантам Віцебску[1]. Апошнія гады жыцьця правёў у Кракаве — сталіцы Рэчы Паспалітай. Гваньіні вылучаўся высокім узроўнем адукацыі і культуры, валодаў некалькімі мовамі (лацінаю, нямецкай, польскай), што адлюстраванае ў ягоных сачыненьнях.
Творчасьць
рэдагавацьДзейнасьць Гваньіні ў ВКЛ застаецца не да канца высьветленай ня толькі ў беларускай, але і ў польскай ды летувіскай гістарыяграфіях. Ягонае імя зьвязваюць з лацінамоўнай працай «Апісаньне Эўрапейскай Сарматыі» (лац. Sarmatiae Europeae descriptio, quae Regnum Poloniae, Lituaniam, Samogitiam, Russiam, Masoviam, Prussiam, Pomeraniam… complectitur) ― помнікам гістарыяграфіі XVI стагодзьдзя.
Складзены А. Гваньіні на лацінскай мове ў першай палове 1570-х. Складаецца з чатырох частак, якія зьмяшчаюць зьвесткі па гісторыі, геаграфіі, побыце, звычаях і культуры Літвы, Польшчы, Жамойці, Мазовіі, Інфлянтаў, Прусіі, Памяраніі, Масковіі і татараў. Выкарыстаныя розныя крыніцы, у тым ліку беларуска-літоўскія хронікі, а таксама матэрыялы з «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» М. Стрыйкоўскага, які служыў пад кіраўніцтвам А. Гваньіні[2].
Хроніка была ўпершыню апублікаваная ў 1578 у Кракаве аб’ёмам 203 аркушы, багата ілюстраваная. Яшчэ тады Стрыйкоўскі абвінаваціў Гваньіні ў прысабечваньні рукапісу Стрыйкоўскага і публікацыі пад сваім прозьвішчам. Кароль Сьцяпан Батура 14 ліпеня 1580 выдаў дакумэнт, якім пацьвердзіў уласнасьць Стрыйкоўскага на працу. Аднак «Апісаньне эўрапейскай Сарматыі» працягнула выдавацца ад імя Гваньіні і нават было перакладзенае на польскую мову.
У 1581 хроніка была перавыдадзеная ў Сьпіры (Нямеччына), у 1583 у Італіі. У ВКЛ была вядомая дапоўненым кракаўскім польскамоўным выданьнем 1611. У першай палове XVII ст. перакладзеная на беларускую мову.
Стала крыніцай для беларускіх і ўкраінскіх хронік і хранографаў XVII—XVIII стагодзьдзяў. Першы твор, які пазнаёміў заходнеэўрапейскага чытача з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага і зьместам вялікалітоўскіх агульнадзяржаўных хронік. Упершыню ў гэтым выданьні былі зьмешчаныя партрэты вялікалітоўскіх князёў. Хоць іхнія выявы былі цалкам выдуманыя і ня мелі ніякай сувязі з сапраўдным выглядам князёў (а часам адзін і той самы малюнак ілюстраваў розных людзей), адлюстраваных з анахранічнай вопраткай і зброяй, партрэты вельмі моцна паўплывалі на будучыя выявы князёў. Дагэтуль яны застаюцца найбольш папулярнай крыніцай для ілюстрацыі гістарычных кніг.
Копіі хронікі захоўваюцца, сярод іншага, у бібліятэцы Віленскага ўнівэрсытэту і беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Витебская старина / Сост. А. П. Сапунов. — Т. 4. — Витебск, 1885.
- ^ Улащик Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. — М., 1973.
- ^ A brief history and description of the library and museum (анг.). The Francysk Skaryna Belarusian library and museum (London). Праверана 28 жніўня 2014 г.
Літаратура
рэдагаваць- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік. — Гродна: ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7
- Julia Radziszewska. Maciej Stryjkowski, historyk-poet z epoki Odrodzenia. — Katowice: 1978.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Александр Гваньини (рас.). Восточная литература. Праверана 28 жніўня 2014 г. Архіўная копія ад 2011-08-25 г.
- Сканаваны варыянт арыгіналу «Sarmatiae Europeae desscriprio, Sarmacia Europeae Alexandri Historia praecipue memorabilium» (лац.)