Скіргайла Альгердавіч
Скіргайла Альгердавіч (у праваслаўі Іван; каля 1354 — 23 сьнежня 1394?[а 1], Кіеў) — князь троцкі (1382—1392), полацкі (1377—1381 і ад 1387) і кіеўскі (ад 1393)[2]. У 1386—1392 быў намесьнікам Ягайлы ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Скіргайла | |
![]() | |
Скіргайла (уяўны партрэт). З хронікі А. Гваньіні «Апісаньне эўрапейскай Сарматыі», 1578 | |
Князь полацкі | |
1377 — 1381 | |
Князь троцкі | |
1382 — 1392 | |
Князь кіеўскі | |
1395 — 1397 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 1354 , |
Памёр | 1397 , |
Дынастыя | Гедзімінавічы |
Бацька | Альгерд |
Маці | Іўліянія Аляксандраўна |
БіяграфіяРэдагаваць
Сын Альгерда й Ульляны Цьвярской. Быў найбольш адданым паплечнікам свайго роднага брата Ягайлы.
У 1374—1375 гадах ваяваў з крыжакамі. Па выгнаньні з Полацку Андрэя Альгердавіча (1377) — князь полацкі. У 1379 езьдзіў зь місіяй у некаторыя краіны Эўропы, дзе абмяркоўваў умовы хрышчэньня Літвы. Падчас перамоваў з Тэўтонскім Ордэнам, імаверна, спрычыніўся да складаньня Давыдзіскае дамовы. У 1381 палачане, незадаволеныя паганствам Скіргайлы, выгналі яго з княжаньня. На чале войска Ягайлы й з дапамогай Інфлянцкага Ордэну атачыў Полацак, але ўзяць ня здолеў. Тады ж прыняў праваслаўе зь імем Іван.
Па захопе ўлады Кейстутам у канцы 1381 і пераходу да таго войска Скіргайлы ўцёк у Інфлянты. Улетку 1382 удзельнічаў у аблозе Кейстута ў Троках, зьняволіў таго ў часе перамоваў, перавёз у Крэўскі замак, дзе й забіў. За гэта, пэўна, атрымаў Троцкае княства. Зрабіўся такім чынам другой асобай у дзяржаве.
У 1384 падчас вайны з Ордэнам адваяваў Трокі. У 1385 узначальваў дыпляматычную місію ў Польшчу, вынікам якой было складаньне шлюбу паміж Ягайлам і польскай каралевай Ядзьвігай і каранацыя Ягайлы на польскае каралеўства. У часе падпісаньня акту Крэўскае уніі (1385) дамогся за сабой права застацца праваслаўным. На думку некаторых гісторыкаў (Ежы Ахманскі й іншыя), у 1386—1392 быў вялікім князем літоўскім, на думку ж іншых (М. Дучмаль, іншыя) выконваў функцыі намесьніка Ягайлы ў ВКЛ.
У 1386 разьбіў у Мсьціслаўскай бітве смаленскага князя Сьвятаслава Іванавіча, падначаліўшы такім чынам ВКЛ Смаленскае княства. Увесну 1387 захапіў Полацак і выгнаў адтуль Андрэя Альгердавіча. 28 красавіка 1387 атрымаў прывілей на валоданьне Полацкім, а таксама Менскім і Сьвіслацкім княствамі з гарадамі Бабруйск, Ігумен, Лагойск, Любашаны, Любеч, Менск, Прапойск, Рэчыца, Сьвіслач. Ад 1388 году ваяваў зь Вітаўтам.
З падпісаньнем у 1392 Востраўскага пагадненьня паміж Вітаўтам і Ягайлам перастаў кіраваць ВКЛ і страціў Троцкае княства (у знак кампэнсацыі яму было паабяцанае Кіеўскае княства). Напачатку 1393 разам зь Вітаўтам захапіў Віцебск, паланіўшы Сьвідрыгайлу, які гаспадарыў там. Увесну й увосень 1393 яму былі нададзеныя адабраныя ў Уладзімера Альгердавіча адпаведна Жытомір з Оўручам і Кіеў. У кастрычніку-лістападзе 1393 удзельнічаў у паходзе Вітаўта на Падольле, захапіў Чаркасы й Зьвянігарад.
Паводле некаторых зьвестак, Скіргайлу атруціў мітрапальнічы намесьнік Фама. Пахавалі князя ў Кіева-Пячэрскай лаўры[3].
ЗаўвагіРэдагаваць
- ^ паводле іншых зьвестак, 11 студзеня 1397
КрыніцыРэдагаваць
- ^ а б в г Скиргайлло // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1900. — Т. XXX. — С. 199.
- ^ Скіргайла // ЭГБ. Т. 6. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 321.
- ^ Валеры Пазднякоў. Скіргайла // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 582.
ЛітаратураРэдагаваць
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.