Лучын
Лучы́н[2] — вёска ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі на правым беразе Дняпра каля аўтадарогі Рагачоў—Жлобін за 8 км на поўдзень ад Рагачова.
Лучын | |
трансьліт. Lučyn | |
Дата заснаваньня: | 3 тыс.г. да н.Хр. |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Рагачоўскі |
Сельсавет: | Забалацкі |
Вышыня: | 110[1] м н. у. м. |
Насельніцтва | |
колькасьць: | ▼ 854 чал. (2004) |
нацыянальны склад: | беларусы |
колькасьць двароў: | 350 (2004) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2339 |
Паштовы індэкс: | 247280 |
СААТА: | 3247828043 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 53°0′39.535″ пн. ш. 30°1′17.040″ у. д. / 53.01098194° пн. ш. 30.0214° у. д.Каардынаты: 53°0′39.535″ пн. ш. 30°1′17.040″ у. д. / 53.01098194° пн. ш. 30.0214° у. д. |
± Лучын |
На 2022 год уваходзіў у склад Забалацкага сельсавету. Месьціўся за 2 км на поўнач ад чыгуначнай станцыі Луцкае ў Альсагорцы на чыгунцы Рагачоў—Жлобін і за 113 км на поўнач ад Гомля[3]. У Лучыне месьціліся цэнтар калгасу «Запаветы Ільліча» і 2 крамы, аддзяленьне сувязі і фэльчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад-ясьлі і сярэдняя школа, бібліятэка і клюб. Пляніроўка складалася з 4-х прамалінейных, паралельных між сабой вуліцаў мэрыдыянальнай скіраванасьці, якія злучалі шыротныя вуліцы, што ўтварала квартал. Двухбаковая забудова пераважна складалася з драўляных сядзібаў. Каля вёскі знаходзіліся залежы гліны[4]. У Лучыне было 10 вуліцаў: Дняпроўская і Калгасная, Лугавая і Моладзевая, Наберажная і Палявая, Рагачоўская і Садовая, Савецкая і Школьная.
Насельніцтва
рэдагаваць- ХІХ стагодзьдзе: 1858 год — 569 жыхароў і 102 двары, 1881 год — 662 жыхароў і 118 двары[4], 1886 год — 672 жыхароў і 114 двароў[3], 1897 год — 1383 жыхары і 178 двары[4];
- ХХ стагодзьдзе: 1925 год — 308 двароў, 1940 год — 1413 жыхароў, 1959 год — 1410 жыхароў[4], 1972 год — 1362 жыхары і 227 двароў[4], 1972 год — 1352 жыхары і 387 двароў, 1999 год — 919 жыхароў і 435 двароў[3];
- ХХІ стагодзьдзе: 2004 год — 854 жыхары і 350 гаспадарак[4].
Мясцовасьці
рэдагавацьУ ХХІ стагодзьдзі захавалася 29 мясцовасьцяў Лучына:
- Закотка — затока ад Дняпра, куды вада быццам закочваецца;
- Дзевічак (Гусіны востраў) — вольнае ад хмызьнякоў месца, дзе дзеўкі выбельвалі льняную тканіну і пасьвілі гусей;
- Скала — пакручасты бераг з чорным глеем, які пры высыпаньні рабіўся цьвёрдым падобна да скальных утварэньняў;
- Увічча — паўночная часта лукі, дзе Дняпро ўвіваецца на 95° на поўдзень;
- Жарало — пратока, што злучае Добрае возера і возера Падсёл з Дняпром;
- Глінка — выкапанае шляхам здабычы гліны азярцо каля берага Дняпра;
- Ахвосьце — адыходзячыя з Дняпра затокі ў выглядзе рыбіных хвастоў, куды асётр, якім у ХІІ—ХІІІ стагодзьдзях плацілі даніну смаленскаму япіскапу, перастаў падымаца пасьля ўзьвядзеньня плаціны;
- Прылаконьне (ад Прылуконьне) — сярэдзіна лукі на Дняпры ад павароту на Ўвіччы да павароту на Войстрай, што мела выгляд лука;
- Войстрая — паварот Дняпра на 180° на поўнач пры абыходзе перашкодаў з наступным паваротам на 180° на поўдзень;
- Уступ — рэчышча Дняпра на поўдзень з крыніцамі на паплавах і правым вышэйшым беразе, а таксама азёрамі на левым палогім беразе;
- Разладзістае (Разладзьдзе) — месца падзелу земляў;
- Акошнае — крыніца з палогімі берагамі, дзе была магчымасьць абкасіць траву да самай вады;
- Быстрэц — хуткая працяглая крыніца;
- Выгар — невялікая крыніца;
- Папоў лог — месца папа, бо ў 1172 годзе смаленскі князь узьвёў царкву сьвятога Міхаіла ў гонар нараджэньня сына.
- Брод — першая па дарозе да лугу крыніца каля броду;
- Прорва — глыбокая крыніца на месцы ранейшага рэчышча Дняпра;
- Глыбокі лог — чыстая глыбокая крыніца, дзе вяліся краснапёркі;
- Глухавод — крыніца без злучэньня з Дняпром, дзе вяліся акунь і карась, лінь і плотка, а таксама шчупак;
- Балоньне — частка забалочаных паплавоў Дняпра для выгану жывёлы;
- Чэрня — балацянка з чорным глеем, дзе замочвалі тканіну для фарбаваньня;
- Поплаўныя лугі (Сельскі востраў) — паўвыспа, абкружаная з аднаго боку Дняпром пры павароце на 90°, а зь іншага — лазой, дзе відаць упадзіна і раней была вада;
- Ерышнікава (Ярышнікава) — частку лугу пад ярам, на якім месьціцца Лучын і пасьля якой пачынаюцца паплавы Дняпра;
- Штаны — мэліярацыйныя каналы і лаза на месцы асушанай у 1960-я гады часткі лугоў;
- Сенныя — частка лугу з травастоем, зь якога атрымлівалі сена;
- Ханькі (Ханькаўка) — месца шатроў крымскіх татараў, якія ў 1562 годзе спалілі Лучын;
- Каменнае — чыстае да дна возера на левым беразе Дняпра, на якім стаялі ідалы і да якога ланцугом цягам 4 км з поўначы ад Добрага возера разьмяшчаліся селішчы;
- Валочка — азярцо каля Каменнага ад слова валока;
- Дняпершчына — прылеглыя да Дняпра вуліцы ў Лучыне, дзе ваду і рыбу называлі дняпровай[5].
Мінуўшчына
рэдагавацьКаля сучаснага Лучына раскапалі 6 паселішчаў, гарадзішча з 5 курганнымі могільнікамі-насыпамі і селішча часоў нэаліту, бронзавага[4] і жалезнага вякоў. Паселішчы належалі плямёнам верхне- і сярэднедняпроўскай культураў. Выявілі рэшткі наземнага жытла з вогнішчамі пасярод. Знайшлі крамянёвыя прылады працы і ляпны арнамэнтаваны посуд. Гарадзішча было ўмацавана падковападобным валам. Селішча і гарадзішча належалі носьбітам мілаградзкай і зарубінецкай культураў, а таксама насельніцтву часоў раньняга Сярэднявечча. Знайшлі ляпную і ганчарную кераміку, бронзавыя і жалезныя вырабы, а таксама фрагмэнты шкляных бранзалетаў. На селішчы знайшлі фрагмэнты ляпных і ганчарных гаршкоў[6].
У 1136 годзе[4] Лучын упершыню згадваў смаленскі князь Расьціслаў Мсьціславіч у сваім Статуце. У 1173 годзе Іпацьеўскі летапіс згадвае Лучын у якасьці месца народзінаў сына князя Расьціслава Мсьціславіча, у гонар чаго ўзьвялі храм сьвятога Міхаіла. Пад 1211—1218 гадамі ў Грамаце «Аб пагародзьдзі і пачэсьці» Лучын згадваўся ў ліку гарадоў, якія плацілі даніну смаленскаму япіскапу[7].
Пры канцы XIV стагодзьдзя Лучын згадваўся ў «Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх». З XIV стагодзьдзя ў складзе Рагачоўскай воласьці Вялікага Княства Літоўскага[3]. 15 траўня 1480 году вялікі князь літоўскі Казімер Ягайлавіч згадаў Лучын у Грамаце менскаму купцу Л. Цярэшкавічу аб дазволе на бязмытны гандаль у местах Вялікага Княства Літоўскага. У 1548 годзе вялікая княгіня літоўская Бона Сфорца згадвала пра скаргі лучынцаў у лісьце рагачоўскаму дзяржаўцу[4]. З 1566 году месьціўся ў Рагачоўскім старостве. З XVI стагодзьдзя быў вядомы як сяло[3]. У 1593 годзе згадваўся ў якасьці сяла з царквой сьвятога Мікалая і могілкамі Качыцкіх[4]. У 1756 годзе знаходзіўся ў складзе Задруцкага войтаўства Рагачоўскага староства (Менскае ваяводзтва).
У 1793 годзе ў выніку Другога падзелу Рэчы Паспалітай апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Уваходзіў у Рагачоўскі павет Магілёўскага намесьніцтва. З 1796 году ў Беларускай губэрні з цэнтрам у Віцебску. З 1802 году ў Магілёўскай губэрні. У 1886 годзе дзейнічалі царква і 2 ветракі[3]. Паводле рэвізіі 1858 году Лучын быў у складзе маёнтка Забалацьце памешчыка Д.П. Турчанінава. З 1871 году дзейнічала цукраварня. З 1880 году працавала хлебазапасная крама. У 1881 годзе ўзьвялі народную вучэльню, дзе ў 1889 годзе было 89 вучняў. Паводле перапісу насельніцтва 1897 году ў Лучыне было 5 ветракоў і 2 крупарушкі, цагельня і 4 крамы, а таксама піцейны дом. Лучын месьціўся ў Лукаўскай воласьці Рагачоўскага павету. Памешчык забараніў сялянам карыстацца агульнай пашай, што выклікала сутычкі. На 1909 год была бібліятэка пры школе і 605 дзесяцінаў зямлі[4].
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лучын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году вёска абвяшчалася часткай Беларускай ССР. 26 красавіка 1919 году трапіў у склад Гомельскай губэрні Расейскай СФСР. У сакавіку 1924 году ў ходзе ўзбуйненьня Беларускай ССР вернуты ў склад БССР. Ад 17 ліпеня 1924 году ў складзе Рагачоўскага раёну Бабруйскай акругі. 20 жніўня 1924 году стаў цэнтрам Лучынскага сельсавету[3]. У 1930 годзе стварылі калектыўную гаспадарку «Шлях селяніна»[4]. Ад 20 лютага 1938 году ў Гомельскай вобласьці. У 1941 годзе падчас Нямецка-савецкай вайны нямецкія захопнікі спалілі частку дамоў у Лучыне[3]. У 1944 годзе нямецкія захопнікі забілі 15 лучынцаў і спалілі 282 двары. Цягам Нямецка-савецкай вайны на фронце загінула 125 лучынцаў. У 1975 годзе ў Лучын перасяліліся жыхары пасёлка Шлях Селяніна, які перастаў існаваць[4].
На 1999 год дзейнічалі сярэдняя школа і Дом культуры, бібліятэка і аддзяленьне сувязі. У Лучыне месьціліся брацкая магіла чырвонаармейцаў і помнік загінулым у Нямецка-савецкую вайну землякам. Каля вёскі знаходзілася скапленьне археалягічных помнікаў[3]. 1 сьнежня 2009 году Гомельскі абласны Савет дэпутатаў ухваліў Рашэньне № 287 «Аб зьмяненьні адмністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкаваньня Рагачоўскага раёну Гомельскай вобласьці», якім скасаваў Лучынскі сельсавет і ўлучыў яго разам з Лучынам у Забалацкі сельсавет (Рагачоўскі раён)[8]. 29 сакавіка 2011 году Рагачоўскі раённы Савет дэпутатаў зацьвердзіў Рашэньне № 59 «Аб пераўтварэньні населеных пунктаў Рагачоўскага раёну ў аграгарадкі», паводле якой Лучын пераўтварылі зь вёскі ў аграгарадок[9].
Ураджэнцы
рэдагаваць- Расьціслаў Рурыкавіч (у хрышчэньні Міхаіл, 1172—1218) — вялікі князь кіеўскі (1204—1205);
- Мікіта Брылёў (1896—1955) — генэрал-лейтэнант і начальнік штабоў 50-й і 18-й арміяў;
- Пётар Пілютаў (1906—1960) — лётчык-герой Савецкага Саюзу[4];
- Анатоль Дзядкоў (1944—2016) — лётчык-выпрабавальнік.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Лучын // Надвор’е ў Беларусі, 2022 г. Праверана 6 лістапада 2022 г.
- ^ Натальля Багамольнікава, Ірына Гапоненка. Рагачоўскі раён (Лучынскі сельсавет) // Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь : Гомельская вобласьць / рэд. Валянціна Лемцюгова. — Менск: Тэхналёгія, 2006. — С. 273. — 382 с. — 1320 ас. — ISBN 985-458-131-4
- ^ а б в г д е ё ж з Тацяна Скрыпчанка. Лучын, вёска // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 379—380. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0155-9
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н Станіслаў Марцалеў, Уладзімер Бянько. Рагачоўскі раён (Лучын) // Гарады і вёскі Беларусі / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Н.У. Кузьмянкова. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2005. — Т. 2, кніга 2. Гомельская вобласьць. — С. 262—263. — 520 с. — 4000 ас. — ISBN 985-11-0330-6
- ^ Соф'я Кусянкова. Назвы прыдумаў Днепр // Ігуменскі тракт. — 18 сакавіка 2014. — № 8 (66).
- ^ Алена Калечыц. Лучын, археалягічныя помнікі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 379. — 560 с.
- ^ Андрэй Мяцельскі. Лучын, старажытны горад // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 379. — 560 с.
- ^ Валеры Сяліцкі. Рашэньне Гомельскага абласнога Савету дэпутатаў ад 1 сьнежня 2009 г. № 287 «Аб зьмяненьні адмністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкаваньня Рагачоўскага раёну Гомельскай вобласьці» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 31 сьнежня 2009 г. Праверана 6 лістапада 2022 г.
- ^ Рыма Ястрэмская. Рашэньне Рагачоўскага раённага Савету дэпутатаў ад 29 сакавіка 2011 г. № 59 «Аб пераўтварэньні населеных пунктаў Рагачоўскага раёну ў аграгарадкі» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 23 чэрвеня 2011 г. Праверана 6 лістапада 2022 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |