Рагачоўскі раён
Рагачо́ўскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Гомельскай вобласьці Беларусі. Рагачоўскі раён мяжуе з Буда-Кашалёўскім, Жлобінскім, Кармянскім раёнамі Гомельскай вобласьці і Бабруйскім, Быхаўскім, Качэрыцкім, Прапойскім раёнамі Магілёўскай вобласьці.
Рагачоўскі раён | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Статус | раён Беларусі |
Уваходзіць у | Гомельская вобласьць |
Адміністрацыйны цэнтар | Рагачоў |
Дата ўтварэньня | 17 ліпеня 1924 |
Кіраўнік | Віталь Сушко[d][1] |
Насельніцтва (2018) | 56 768[2] |
Шчыльнасьць | 27,5 чал./км² |
Плошча | 2066,99[3] км² |
Вышыня па-над узр. м. · сярэдняя вышыня | 152 м[4] |
Месцазнаходжаньне Рагачоўскаму раёну | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Насельніцтва
рэдагавацьАсобы
рэдагаваць- Васіль Гроднікаў (1938—2005) — беларускі журналіст, пазаштатны карэспандэнт «Народнай Волі»
- Аўген Калубовіч (1910, мяст. Ціхінічы — 1987) — беларускі пісьменьнік, гісторык, грамадскі і палітычны дзеяч
- Мікола Купрэеў (1937, вёска Ямнае — 2004) — беларускі паэт, пісьменьнік
Славутасьці
рэдагавацьНа 2014 год у Рагачоўскім раёне месьцілася 99 вайсковых пахаваньняў з помнікамі, дзе пахавалі каля 20 000 чалавек, што перавышала даваеннае насельніцтва Рагачова, у якім у 1941 годзе жыло каля 17 000 чалавек. У Рагачове пасярод сасновага бору «Дол сьмерці», што каля старых могілак на беразе Дняпра, месьціўся абэліск памяці пра некалькі сотняў забітых Таемнай дзяржаўнай паліцыяй Нямеччыны падчас акупацыі ў ходзе Нямецка-савецкай вайны[8].
На 2022 год у Рагачоўскім раёне знаходзілася 77 славутасьцяў, якія ўлучылі ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, зь іх 40 помнікаў археалёгіі, 28 помнікаў гісторыі і 9 помнікаў архітэктуры.
Гісторыя
рэдагаваць14 тыс. гадоў таму на землях сучаснага Рагачоўскага раёну зьявіліся першыя людзі з плямёнаў культуры Лінгбі. Археолягі знайшлі паселішча з прадметамі таго пэрыяду. Падчас сярэдняга і новага каменнага веку людзі асвоілі большую частку раёну, дзе знайшлі звыш 25 паселішчаў адпаведнай эпохі, у тым ліку 5 у Рагачове. Пры археалягічных раскопках знайшлі гарадзішчы Збароў і Кісьцяні.
У раньнім Сярэднявеччы землі раёну былі ў складзе Чарнігаўскага, Кіеўскага і Тураўскага княстваў. У XIII стагодзьдзі землі раёну ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У XV стагодзьдзі маскоўскія войскі Івана III часова захапілі Рагачоў, пасьля чаго былі змушаныя сысьці. За часам Рэчы Паспалітай землі раёну былі часткай Рагачоўскага староства.
У 1772 годзе ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай землі раёну на левым беразе Дняпра разам з Рагачовам трапілі ў склад Расейскай імпэрыі. Спачатку расейская імпэратрыца Кацярына II зрабіла Рагачоў цэнтрам Рагачоўскай правінцыі. У 1777 годзе Рагачоў стаў цэнтрам Рагачоўскага павету, часткай якога сталі землі цяперашніх Рагачоўскага і Жлобінскага, Чачэрскага і Кармянскага, а таксама Буда-Кашалёўскага раёнаў, як і палова Качэрыцкага раёну.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай землі Рагачоўскага раёну абвясьцілі часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году іх абвясьцілі часткай Беларускай ССР. 26 красавіка 1919 году землі раёну трапілі ў склад Гомельскай губэрні Расейскай СФСР. У сакавіку 1924 году ў ходзе ўзбуйненьня Беларускай ССР іх вярнулі ў склад БССР. Ад 17 ліпеня 1924 году Рагачоўскі раён утвпрылі ў складзе Бабруйскай акругі. 20 жніўня 1924 года раён падзялілі на 15 сельсаветаў: Азяранскі і Гадзілавіцкі, Дварэцкі і Забалацкі, Запольскі і Збароўскі, Кісьцянёўскі і Крушынаўскі, Лучынскі і Мадорскі, Побалаўскі і Сьвержанскі, Станькаўскі і Старасельскі, а таксама Ціхініцкі. 21 жніўня 1925 году ўтвораны Асаўніцкі сельсавет. 4 жніўня 1927 году да раёну далучылі 8 сельсаветаў скасаванага Гарадзецкага раёну: Вішанскі і Гарадзецкі, Курганскі і Маластралкоўскі, Меркулавіцкі і Прыбарскі, Сьвяцкі і Стаўпнянскі. 26 ліпеня 1930 году раён перайшоў у наўпроставае падпарадкаваньне ўраду Беларускай ССР пасля скасаваньня акруговага падзелу. 8 ліпеня 1931 году да раёну далучылі Доўскі сельсавет скасаванага Журавіцкага раёну. 5 сьнежня 1931 году дадалі Званецкі сельсавет Быхаўскага раёну. 12 лютага 1935 году Доўскі, Званецкі і Курганскі, Маластралкоўскі і Сьвержанскі сельсаветы перадалі новаўтворанаму Доўскаму раёну, а Асаўніцкі сельсавет — Качэрыцкаму раёну. 5 красавіка 1936 году ў склад раёну вярнулі Маластралкоўскі сельсавет Журавіцкага раёну. Пры гэтым, Прыбарскі сельсавет перадалі Буда-Кашалёўскаму раёну, а Меркулавіцкі сельсавет — Чачэрскаму раёну. Ад 20 лютага 1938 году раён у складзе Гомельскай вобласьці. 20 красавіка 1939 году Сьвяцкі сельсавет перайменавалі ў Кіраўскі. На 1941 год у Рагачове дзейнічалі: завод кансэрваванага малака і лесазавод, кардонная фабрыка і льнозавод, сьпіртзавод і хлебазавод, цагельня і 22 прамысловыя арцелі. Таксама працавалі Рагачоўскі настаўніцкі інстытут і рамесная вучэльня, школы трактарных мэханікаў і мэдсясьцёр, 51 школа і 5 дзіцячых дамоў, друкарня і 52 бібліятэкі, а таксама тэатар «Мадэрн». Налічвалася звыш 1230 жылых дамоў[8].
3 ліпеня 1941 году Ўзброеныя сілы Нямецкай дзяржавы занялі Рагачоў у ходзе Нямецка-савецкай вайны. 13 ліпеня 1941 году 63-і стралковы корпус пад загадам генэрал-лейтэнанта Леаніда Пятроўскага перайшоў Дняпро, адбіў Рагачоў са Жлобінам і адкінуў немцаў на 30 км на захад. У наступныя дні на ўсход чыгункай вывезьлі некалькі заводаў Рагачова. 13 жніўня нямецкія войскі абкружылі 63-і стралковы корпус і занялі на наступны дзень. 1 лістапада 1941 году нямецкія захопнікі забілі каля 3000 жыдоў Рагачова ў рове за кардоннай фабрыкай на беразе Друці. Увесну 1942 году з рова ў Друць змыла некалькі сотняў трупаў. Падчас акупацыі ў раёне дзейнічалі 8-я Рагачоўская і 10-я Журавіцкая партызанскія брыгады з агульным лікам удзельнікаў звыш 4000 чалавек. За 3 гады акупацыі нямецкія захопнікі спалілі 12 вёсак Рагачоўскага раёну, у адной зь якіх 28 лістапада 1943 году зажыва спалілі ў хляве каля 200 чалавек. Пасьля нямецкай акупацыі ў Рагачове засталося 2 двухпавярховыя будынкі і некалькі прыватных дамоў на берагах Друці і Дняпра. Да 1947 году ў Рагачове разьбіралі руіны[8].
29 красавіка 1950 году Сьвяцкі сельсавет перадалі Жлобінскаму раёну. 16 ліпеня 1954 году скасавалі Вішанскі, Крушынаўскі і Мадорскі сельсаветы. 17 сьнежня 1956 году да раёна далучылі 7 сельсаветаў скасаванага Журавіцкага раёну: Балатнянскі і Доўскі, Журавіцкі і Званецкі, Курганскі і Рэкценскі, а таксама Серабранскі. 11 чэрвеня 1957 году Рэкценскі сельсавет перадалі Прапойскаму раёну Магілёўскай вобласьці. 12 студзеня 1960 году пасёлак торфапрадпрыемства Беліцкае рэарганізавалі ў работніцкі пасёлак Беліцк. 14 красавіка 1960 году скасавалі Кісцянёўскі і Маластралкоўскі, Серабранскі і Станькаўскі сельсаветы. 25 сьнежня 1962 году да раёну далучылі гарадзкі пасёлак Карма і 13 сельсаветаў скасаванага Кармянскага раёну: Барсукоўскі і Бычанскі, Валынецкі і Ворнаўскі, Кароцькаўскі і Куракаўшчынскі, Курганіцкі і Ліцвінавіцкі, Расохскі і Стараградскі, Струкачоўскі і Струменскі, а таксама Хляўнянскі. 19 верасьня 1963 году ўтварылі Кісьцянёўскі сельсавет і скасавалі Куракаўшчынскі сельсавет. 6 студзеня 1965 году гарадзкі пасёлак Карма і 12 сельсаветаў — Барсукоўскі і Бычанскі, Валынецкі і Ворнаўскі, Кароцькаўскі і Курганіцкі, Ліцвінавіцкі і Расохскі, Стараградскі і Струкачоўскі, Струменскі і Хляўнянскі — перадалі Чачэрскаму раёну. 25 сакавіка 1965 году да раёну далучылі Бычанскі сельсавет Чачэрскага раёну, які 30 ліпеня 1966 года перадалі адноўленаму Кармянскаму раёну. 27 лютага 1978 году Рагачоў атрымаў статус горада абласнога падпарадкаваньня.
У 1993 годзе ў Рагачове заснавалі мескую суполку «Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязьняў фашызму» («БАБНВФ»), лік сябраў якой у 1996 годзе перавысіў 1500 чалавек, што складала звыш 4 % насельніцтва горада. Суполку ўзначаліла Ала Восіпава родам з Лугавой Вірні (Жлобінскі раён), якая выдала кнігу ўспамінаў вязьняў нямецкіх канцлягераў «Плач аб скрадзеным дзяцінстве». У рамках праектаў «Месца сустрэчы — дыялёг» і «Жыцьцё тут і цяпер» Восіпава стала ладзіць рэгулярныя сустрэчы былых вязьняў з моладзьдзю для расповеду пра маленства ў Нямецка-савецкую вайну, як і іх падарожніцтва па Беларусі ў Гомель і Мір, Нясьвіж і Полацак, а таксама Прапойск дзеля наведваньня гістарычных мясьцінаў. Урэшце, штогод сталі езьдзіць у капліцу на месцы Азарыцкага канцлягеру ў Каленкавіцкім раёне, вязьнямі якога былі шматлікія сябры «БАБНВФ». На 2014 год засталося каля 500 сябраў «БАБНВФ»[8]. 1 сьнежня 1998 году Рагачоў і Рагачоўскі раён аб’ядналі ў адну адміністрацыйную адзінку. 1 сьнежня 2009 году скасавалі Лучынскі сельсавет і Беліцкі пасялковы савет.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ http://rogachev.gomel-region.by/ru/committee-ru/
- ^ а б Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Государственный земельный кадастр Республики Беларусь (рас.) (па стане на 1 студзеня 2012 г.)
- ^ GeoNames (анг.) — 2005.
- ^ Перепись населения — 2009. Гомельская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ а б в г Валяр'ян Шкленьнік. Рагачоўскі фронт // Зьвязда : газэта. — 18 сакавіка 2014. — № 49 (27659). — С. 5. — ISSN 1990-763x.