Шкло

аморфнае цьвёрдае рэчыва і матэрыял

Шклопераастужаны расплаў, аморфны неарганічны матэрыял, які атрымоўваецца праз астуджэньне і застываньне расплаву шклоўтваральнага рэчыва. Да шклоўтваральных адносяць тыя неарганічныя рэчывы, якія пры досыць хуткім астуджэньні расплаву не крышталізуюцца, а дубянеюць, захоўваючы аморфную будову. Звычайна расплавы шклоўтваральных рэчываў маюць высокую глейкасьць у параўнаньні з расплавамі няшклоўтваральных рэчываў.

Шкляная бутэлька.

Расплаўленае шкло не адразу дубянее пры астуджэньні, а паступова павялічвае сваю глейкасьць, пакуль не ператворыцца ў аднастайнае цьвёрдае рэчыва. Шкло пры цьвярдзеньні ня крышталізуецца, таму яно ня мае рэзка выяўленага пункту плаўленьня. У адрозьненьне ад крышталічных матэрыялаў шкло, пры награваньні ў адпаведным тэмпэратурным інтэрвале памягчаецца паступова, пераходзячы зь цьвёрдага стану ў цягучы высокавязкі і далей — у цякучы стан — шкломасы[1].

Выкарыстаньне

рэдагаваць
 
Шкляныя фасады будынка.

Шыбавае шкло звычайна выкарыстоўваецца як празрысты матэрыял дзеля шкленьня, найчасьцей у якасьці шыбаў, каб усталёўваць іх у вокны будынкаў. Шыбавыя шкляныя вырабы, атрыманыя мэтадам тэрмаглянсаваньня ці пракату, наразаюцца да патрэбнага памеру рознымі спосабамі, як то рэзам і разломам, лазэрным рэзаньнем, вадзяным струменем або піламі з дыямэнтавым лязом. Шкло можа быць тэрмічна або хімічна загартаванае дзеля падвышэньня бясьпекі, а таксама выгнутае або закругленае пры награваньні. На паверхню шкла могуць быць нанесенае пакрыцьцё дзеля пэўных мэтаў, як то дзеля ўстойлівасьці да драпінаў, блякаваньня сьвятла хваляў пэўных даўжыняў, то бок, каб затрымаць інфрачырвонае або ультрафіялетавае выпраменьваньне, а таксама дзеля наданьня воданепрымальнасьці, то бок вырабу самаачышчальнага шкла, або дзеля стварэньня электрахромных пакрыцьцяў, якія зьмяняюць сваю празрыстасьць[2].

Канструкцыйныя сыстэмы шкленьня ёсьць адной з найбольш значных архітэктурных інавацыяў сучаснасьці, і сёньня шкляныя гмахі часта дамінуюць па-над мноствам сучасных гарадоў[3]. У гэтых сыстэмах выкарыстоўваюцца мацаваньні зь няржаўнай сталі, якія ўсталёўваюцца ў паглыбленьні ў кутах шкляных панэляў, што дазваляе ўзмоцненым шкляным лістам выглядаць ненадзейна замацаванымі, але ствараць роўную вонкавую паверхню[3]. Гісторыя канструкцыйных сыстэмаў шкленьня пачынаецца з жалезных і шкляных аранжарэяў XIX стагодзьдзя[4].

Шкло ёсьць важным матэрыялам дзеля стварэньня посуду і звычайна выкарыстоўваецца ў вырабе шклянак для вады, піва і віна[5]. Вінныя шклянкі звычайна вырабляюцца ў выглядзе келіхаў, якія складаюцца з чашы, ножкі і падстаўкі. Для піва звычайна робяць куфлі, якія могуць утрымліваць ажно літар напою. Хрусталь можа быць выразаны і адшліфаваны, каб стварыць дэкаратыўныя шклянкі з бліскучымі кантамі[6][7]. З шкла таксама часам робяць дэкантэры, збанкі, талеркі, паўміскі і міскі[5].

Пакаваньне

рэдагаваць

Праз інэртнасьць і хімічную непранікальнасьць, шкло ўважаецца найлепшым матэрыялам для пакаваньня ежы і напояў. Зь яго робяць шкляныя бутэлькі і слоікі. Большасьць кантэйнернага шкла — гэта натрава-вапнавае шкло, якое вырабляецца мэтадамі выдзіманьня і прэсаваньня. Кантэйнэрнае шкло мае ніжэйшае ўтрыманне аксыду магна і аксыду натра, чым шыбавае шкло, але вышэйшае ўтрыманьне аксыду крэмна, аксыду кальца і аксыду алюміна[8]. Павышанае ўтрыманьне нерашчыняльных у вадзе аксыдаў забясьпечвае яму крыху большую хімічную ўстойлівасьць да вады, што зьяўляецца перавагай дзеля захоўваньня напояў і ежы. Шкляная пакоўка ёсьць устойлівай, лёгка перапрацоўваецца, наварат выкарыстоўваецца і напаўняецца.

Электраізаляцыйнае шкло выкарыстоўваецца дзеля вырабу ізалятараў лініяў электраперадач, гермэтычных уводаў і раздымаў, кандэнсатараў, а таксама шкляной тканкі. Асноўным прызначэньнем шкла ў электроніцы ёсьць стварэньне гермэтычнай зьлітоўкі з мэталамі і керамікай. Кварцавае шкло паводле электрычных парамэтраў адносяць да найлепшых высокачастасных дыэлектрыкаў.

Лябараторыі

рэдагаваць

Шкло ўважаецца важным матэрыял у навуковых лябараторыях, бо зь яго робяць экспэрымэнтальныя прылады з прычыны іхняй адноснай таннасьці. Пры гэтым шкляныя вырабы лёгка робяцца ў патрэбных формах для экспэрымэнтаў, лёгка чысьцяцца, могуць вытрымліваць цеплавую і халодную апрацоўку, звычайна не рэагуюць з многімі рэагентамі, а іхняя празрыстасьць дазваляе назіраць за хімічнымі рэакцыямі і працэсамі[9][10]. Прылады зь лябараторнага шкла ўлучаюць колбы, сподкі Пэтры, пробаўкі, піпэткі, мэнзуркі, мэталічныя кантэйнэры з шкляной абкладкай для хімічнай апрацоўкі, рэктыфікацыйныя калёны, шкляныя трубкі, лініі Шленка, маномэтры і тэрмомэтры[9][11]. Хоць большая частка стандартных лябараторных шкляных вырабаў масава вырабляецца з 1920-х гадоў, навукоўцы ўсё яшчэ зьвяртаюцца да кваліфікаваных майстроў-шкларобаў дзеля вырабу індывідуальных шкляных прыладаў для сваіх экспэрымэнтальных патрэбаў.

Шкло ёсьць паўсюдным матэрыялам у оптыцы дзякуючы сваёй здольнасьці да пераламленьня, адлюстраваньня і прапусканьня сьвятла. Гэтыя і іншыя аптычныя ўласьцівасьці можна кантраляваць шляхам зьмены хімічнага складу, тэрмічнай апрацоўкі і вытворчых тэхналёгіяў. Акуляры прыстасоўваюць дзеля карэкцыі зроку. Лінзы і люстэркі стасуюць у тэлескопы, мікраскопы і кінакамэры, а валаконная оптыка выкарыстоўваецца ў тэхналёгіях тэлекамунікацыяў і інтэграванай оптыцы. Мікралінзы і оптыка з градыентным індэксам пераламленьня, дзе паказьнік пераламленьня няроўнамерны, маюць прыкладаньне, напрыклад, пры счытваньні аптычных дыскаў, у лазэрных друкарках, капіявальных апаратах і лазэрных дыёдах[12].

Сучаснае мастацтва

рэдагаваць

У XIX стагодзьдзі адбылося адраджэньне старажытных тэхнік шкловытворчасьці, улучаючы камэо шкло, якое ўпершыню было адноўленае з часоў Рымскай імпэрыі, галоўным чынам дзеля стварэньня прадметаў у нэаклясычным стылі. Рух мадэрну шырока выкарыстоўваў шкло, гэтак Рэнэ Лялік, Эміль Гале, студыя Домаў ў Нансі, прадстаўнікі першай францускай хвалі мадэрну выраблялі каляровыя вазы і падобныя прадметы, часта ў тэхніках камэо або люстранага шкла[13].

Амэрыканскі майстар Луіс Камфорт Тыфані спэцыялізаваўся на вітражах, як людзкіх, гэтак і рэлігійных, у панэлях і сваіх знакамітых лямпах. У пачатку XX стагодзьдзя буйныя фабрыкі, такія як Waterford Crystal і Lalique, пачалі буйной вытворчасьцю мастацкага шкла. Невялікія майстэрні таксама займаюцца ручной вытворчасьцю шкляных твораў мастацтва. Тэхнікі стварэньня мастацкага шкла ўлучаюць выдзіманьне, ліцьцё ў формах, ф’юзінг, фармоўку, стварэньне шкляной мазаікі, лямпаворк, гарачае ляпеньне і халодную апрацоўку. Халодная апрацоўка ўлучае традыцыйную працу зь вітражамі і іншыя мэтады фармоўкі шкла пры пакаёвай тэмпэратуры. Аб’екты, створаныя з шкла, улучаюць посуд, прэс-пап’е, марблы, пацеркі, скульптуры і інсталяцыі[14].

Беларусь

рэдагаваць

У кастрычніку 2010 году дзяржаўнае аб’яднаньне «Белрэсурсы» замовіла ў аўстрыйскага АТ «Біндэр+Ко» (Гляйсдорф, зямля Штырыя) пастаўку завода сартаваньня зьмешанага шклабою за 5,5 млн эўра. Гадавая магутнасьць завода склала 120 000 тонаў пры 3-зьменнай працы. Патрэба адной зьмены ў сыравіне складала 4000 тоны за месяц (65 вагонаў), 200 тонаў за содні (3 вагоны) і 25 тонаў за гадзіну. За 2011 год у Беларусі ўтварылася каля 200 000 тонаў адкідаў шкла. Пагатоў шклозаводы ўвезьлі ў краіну 24,7 тыс. тонаў шклабою на $2,6 млн[15].

На чэрвень 2012 году падразьдзяленьнях ДА «Белрэсурсы» з доступам да чыгункі стварылі назапашвальныя пляцоўкі для збору зьмешанага тарнага шклабою ў Гомелі, Магілёве і Бабруйску, яшчэ 18 пляцовак у Віцебскай вобласьці і 17 у Берасьцейскай (Баранавічы, Берасьце, Івацэвічы, Кобрынь, Лунінец, Пінск). Таксама ДА «Белрэсурсы» замовіла ў 20 прадпрыемстваў Беларусі пастаўку 10 000 тонаў зьмешанага шклабою. Зборам шклотары і адкідаў шкла займаліся каля 1000 прыёмных пунктаў нарыхтоўкі шклотары і другаснай сыравіны, дзе за 1 кг шклотары (3 пляшкі) плацілі 200 рублёў (2,4 цэнты). Таксама станцыі сартаваньня камунальных адкідаў дасартоўвалі адкіды шкла пасьля збору праз адмысловыя кантэйнэры. Асноўнымі спажыўцамі шклабою ў краіне былі шклозавод Ялізава (Асіповіцкі раён, Магілёўская вобласьць), ЗАТ «Белэўратара» (Ліда, Гарадзенская вобласьць), Гомельскі шклатарны завод, Гарадзенскі шклозавод і УП «Белшклопрам» (Гомель)[15].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Скло неорганічне. Українська радянська енциклопедія: У 12 т. 2-е вид. – К.: Головна редакція Української радянської енциклопедії. т.10. 1983. – 543с.
  2. ^ Weller, Bernhard; Unnewehr, Stefan; Tasche, Silke; Härth, Kristina (2012). «Glass in Building: Principles, Applications, Examples». Walter de Gruyter. — С. 1—19. — ISBN 978-3-0346-1571-6.
  3. ^ а б «The rise of glass buildings». Glass Times.
  4. ^ Patterson, Mic (2011). «Structural Glass Facades and Enclosures». Jon Wiley & Sons. — С. 29. — ISBN 978-0-470-93185-1.
  5. ^ а б «Glass Applications». Glass Alliance Europe.
  6. ^ Hynes, Michael; Jonson, Bo (1997). «Lead, glass and the environment». Chemical Society Reviews. 26 (2): 145. — doi:10.1039/CS9972600133.
  7. ^ «Cut glass | decorative arts». Encyclopedia Britannica.
  8. ^ «High temperature glass melt property database for process modeling»; Eds.: Thomas P. Seward III and Terese Vascott; The American Ceramic Society, Westerville, Ohio, 2005. — ISBN 1-57498-225-7.
  9. ^ а б Zumdahl, Steven (2013). «Lab Manual». Cengage Learning. — С. ix–xv. — ISBN 978-1-285-69235-7.
  10. ^ «Science Under Glass». National Museum of American History.
  11. ^ Basudeb, Karmakar (2017). «Functional Glasses and Glass-Ceramics: Processing, Properties and Applications». Butterworth-Heinemann. — С. 3—5. — ISBN 978-0-12-805207-5.
  12. ^ Bach, Hans; Neuroth, Norbert (2012). «The Properties of Optical Glass». Springer. — С. 1—11. — ISBN 978-3-642-57769-7.
  13. ^ Arwas, Victor (1996). «The Art of Glass: Art Nouveau to Art Deco». Papadakis Publisher. — С. 1—54. — ISBN 978-1-901092-00-4.
  14. ^ «A—Z of glass». Victoria and Albert Museum.
  15. ^ а б Надзея Нікалаева. Штрафныя санкцыі — лепшы аргумэнт на карысьць разьдзельнага збору сьмецця // Зьвязда : газэта. — 12 чэрвеня 2012. — № 110 (27225). — С. 4. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць