Сяло

малы населены пункт

Сяло́ — тып буйнога сельскага пасяленьня, часьцей за ўсё цэнтру воласьці, у цэнтры якога меліся царква, або касьцёл. Азначэньне ўжываецца ў старажытных летапісах і распаўсюджана ва ўсіх славянскіх мовах.

Сяло ў Баўгарыі

Першыя сёлы як прыналежныя ўладальніку вёскі ўзьніклі ў XIIXIII стагодзьдзях у сувязі з запрыгоньваньнем сельскай абшчыны. У летапісных паведамленьнях таго часу шырока згадваюцца княскія, баярскія, царкоўныя сёлы. Першапачаткова тэрмін «сяло» меў значэньне загараднай сядзібы князя, дзе побач з гаспадарскім дваром месьціліся і хаты чэлядзі. У той жа час, у адрозьненьне ад пагосту, яно мела функцыі цэнтру вотчынна-памесных уладаньняў на пэўнай тэрыторыі.

Сяло ў Малайзіі
Аддаленая вёска ў Беніне

Галоўная прыкмета сяла — наяўнасьць абшарніцкага маёнтку. У астатнім структура нагадвала забудову пагосту-цэнтру: царкоўны двор, карчма, грамадзкая крама, вуліцы-канцы зь сялянскімі дварамі. На працягу існаваньня фэадальна-прыгонная сыстэмы сёлы захоўвалі сваё значэньне тэрытарыяльна-ўладальніцкіх цэнтраў. З канца XVII ст. у сувязі з дыфэрэнцыяцыяй адміністрацыйных правінцыяў (ваяводзтваў, старостваў, дзяржаваў) сёлы таксама набываюць значэньне мясцовых адміністрацыйна-тэрытарыяльных цэнтраў. Пасьля далучэньня земляў Беларусі да Расейскай імпэрыі сёлы, як правіла, робяцца цэнтрамі валасьцей у складзе паветаў. Пазьней, у ХІХ ст. абавязковымі атрыбутамі сяла сталі царква, або касьцёл, вучэльня і валасное праўленьне. У ХХ ст. сёлы робяцца цэнтрамі сельскіх саветаў, калгасаў і саўгасаў, трапляюць у пералік пэрспэктыўных паселішчаў, многія зь якіх ў 19701980-я былі перабудаваныя паводле ўзорных генплянаў і сталі адметнымі аграпрамысловымі цэнтрамі.[1]

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства/ А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. С. 19—21

Літаратура рэдагаваць

  • Сабаленка, Э.Р., Гуркоў, У.С., Іваноў, У.М., Супрун, Дз.Д. Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973.
  • Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства/ А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. — 391 с.: іл. ISBN 985-6234-28-X

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Сялосховішча мультымэдыйных матэрыялаў