Вятрак (млын)
машына, якая пераўтварае энэргію ветра ў кручэньне
Вятра́к або ветраны́ млы́н — збудаваньне для памолу зерня, якое прыводзіцца ў дзеяньне сілаю ветру.
Ветраныя млыны, або ветракі распаўсюджваюцца на Беларусі значна пазьней за вадзяныя. Значны рост колькасьці ветракоў фіксуецца ў другой палове ХІХ ст. Найбольш ветракоў было ў паўднёвай Беларусі.
Тыпы ветракоў
рэдагавацьВетраныя млыны падзяляюцца на два тыпы:
- Шатровыя ветракі мелі васьмівугольную або круглую форму. Наверсе мелася вежа (шапка) або шацёр, якая магла рухацца адпаведна кірунку ветру. У ёй усталёўваўся драўляны гарызантальны вал, да якога мацаваліся крылы, што прыводзіліся ў рух ветрам. Зьверху гэтая вежа накрывалася шатровым або двухсхільным дахам. Шацёр паварочваўся на крыжавіне пры дапамозе доўгага дышаля, які спускаўся да зямлі. Падобны дышаль мог складацца зь некалькіх жэрдак і мацавацца з розных бакоў шатра. Вятрак меў 4-6 крылаў даўжынёю да 6 мэтраў, якія абшываліся або тонкаю шчапою, або абцягваліся парусінаю. У асноўным корпусе млына знаходзіліся жорны, перадатачны і іншыя мэханізмы. Дыямэтар асновы шатровага млына складаў ад 7-8 мэтраў. Асноўны корпус млына звычайна абшываўся дошкаю, у тоя час як яго ніжняя частка магла рабіцца зь бярвеньняў.
- Слупавыя (або стрыжнёвыя) млыны звычайна мелі падмурак зь бярвеньняў або каменьня, на якім мацавалася крыжавіна з тоўстага бярвеньня. Апошняя паварочвалася на тоўстым бервяне (таўшчынёю да 80-90 см). Рама з брусоў утварала аснову млына. Крыху меншая рама была і зьверху. Далей увесь гэты каркас абшываўся дошкаю, гонтай або дранкаю. У заходніх і паўднёва-заходніх раёнах Беларусі часта сустракаліся невялікія (дваровыя) слупавыя млыны (казлоўкі) вышынёю да 4-5 мэтраў.
Глядзіце таксама
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў. Мінск, 1974.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Гізун А.Млыне, мой млыне, дзе твае крылы?
- Вятрак (млын) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў