«На чо́рных ля́дах» — апавяданьне Васіля Быкава, прысьвечанае Слуцкаму збройнаму чыну, напісанае ў 1990-х гг. Само апавяданьне зьявілася на сьвет ў 1994 г. У 1995 г., разам з апавяданьнямі «Перад канцом» і «Жоўты пясочак», легла ў аснову аднайменнай кінастужкі.

На Чорных лядах
Жанр: аповесьць
Аўтар: Васіль Быкаў
Мова арыгіналу: беларуская мова
Публікацыя: 1995 год
Папярэдні твор: Сьцюжа
Наступны твор: Перад канцом

У апавяданьні «На чорных лядах» аўтар зьвяртаецца да нядаўняй гісторыі — Слуцкага ўзброенага паўстаньня 1920 г., накіраванага супраць бальшавіцкай акупацыі Беларусі. Восем чалавек, зьнясіленых, бязь ежы й патронаў, адважваюцца на самагубства: яны капаюць сабе агульную магілу й па чарзе кладуцца ў яе. Гэтыя людзі, якія жадалі дабра сабе й свайму народу, сьвядома ідуць на сьмерць не з-за нейкага фанатызму, а кіруюцца гуманістычнай думкай: не «пацягнуць на пакуты іншых, тых, дзеля каго, па сутнасьці, распачалі» паўстаньне. З васьмі чалавек застаўся жыць толькі пятнаццацігадовы Валодзька Сулашчык, якому камандовец даручыў закапаць і зруйнаваць зь зямлёй магілу паўстанцаў. Выратаваньне Валодзькі — надзея на тое, што трагічная самаахвярнасьць паўстанцаў ня згіне бяссьледна ў гісторыі, не забудзецца нашчадкамі. Праз трагедыю герояў твора аўтар паказвае нацыянальную трагедыю, выкрывае зло, што прынёс беларускаму народу бальшавізм.

Цікавосткі

рэдагаваць
  • Прэм’ера аднайменнага фільму павінная была прайсьці празь некаторы час пасьля рэфэрэндуму 1995 року, але так і не адбылася празь зьнікненьне адзінай копіі фільму. Пазьней яна нібы знайшлася, але ў шырокі пракат фільм ужо ня выйшаў. Адбылося толькі некалькі абмежаваных паказаў у Менску й Маскве[1].
  • Нягледзячы на тэматыку, аповесьць (як і згаданыя вышэй) друкуюцца ў шматтомных выданьнях твораў Васіля Быкава.
  • У ліпені 2020 року «Беларусьфільм» выклаў у сацыяльных сетках адлічбаваную поўную версію экранізацыі[2].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць