Вітаўт

вялікі князь літоўскі, князь гарадзенскі і троцкі
(Перанакіравана з «Вітаўт Кейстутавіч»)

Ві́таўт Кейсту́тавіч (у каталіцтве Віганд і Аляксандар, у праваслаўі Аляксандар; 1350 — 27 кастрычніка 1430) — вялікі князь літоўскі (1392—1430, фармальна з 1401), князь гарадзенскі і троцкі.

Вітаўт
лац. Vitaŭt
Вітаўт. Невядомы мастак, XVII—XVIII стст.
Вялікі князь літоўскі
1392 — 1430
Папярэднік Ягайла
Наступнік Сьвідрыгайла Альгердавіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1350(1350), Старыя Трокі
Памёр 27 кастрычніка 1430, Трокі
Пахаваны Касьцёл Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава, Вільня
Нашчадкі Соф'я Вітаўтаўна
Дынастыя Гедзімінавічы
Жонкі 1-я: Марыя Лукомская
2-я: Ганна Сьвятаслаўна
3-я: Юліяна Альшанская
Бацька Кейстут
Маці Бірута

Вітаўт — адзін з найвыдатнейшых гаспадароў Вялікага Княства Літоўскага[2], за сваю дзейнасьць атрымаў найменьне Вялікі[3][4].

Паходжаньне

рэдагаваць
 
Вітаўт у маладыя гады. Невядомы мастак, XVIII ст.[5]

Віталт або Віталд, пазьней Вітаўт або Вітальд (Vitolt, Witolt[6], Witald[7][8], Vitaut[7], Witold[9]) — імя германскага паходжаньня[10]. Іменная аснова -віт- (імёны ліцьвінаў Віцень, Вітарт, Бутавіт; германскія імёны Wittenus, Witard, Botwith) паходзіць ад гоцкага wit 'веда, розум, закон'[11], старасаксонскага witan 'ведаць' або ад асновы -від-[12], а аснова -валд- (-алд, -олт) (імёны ліцьвінаў Геральт, Левалт, Рамвольт; германскія імёны Gerwald, Lewolt, Romuald) — ад гоцкага і германскага waldan 'валодаць, гаспадарыць' або wulþus 'слава, мажнасьць'[11].

Адпаведнасьць імя Вітаўт германскаму імю Witold (упаміналася яшчэ ў 828 годзе) сьцьвердзіў францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[13].

На тоеснасьць імя Вітаўт з германскім імём Witold (Witolt), вядомым за шмат гадоў да зьяўленьня літоўскага вялікага князя, а таксама на сьведчаньне атаясамліваньня гэтых імёнаў — адпаведную германскаму імю лацінізацыю імя Вітаўта (Witoldus) — зьвяртае ўвагу польскі лінгвіст Юзэф Рэчэк(d). Ён жа зазначае, што германскія імёны на -old (або -аld) бытавалі ў Польшчы яшчэ ў XIII—XIV стагодзьдзях[14]. Тым часам летувіскі лінгвіст Ёзас Юркенас(lt) зьвяртае ўвагу на тое, што сярод паноў Малдаўскага княства пашырылася імя Витолтъ (цалкам адпаведнае германскаму Witolt), якое прыйшло ў Малдову не зь Вялікага Княства Літоўскага. Прытым гэтая форма імя ў малдаўскім пісьменстве адзначаецца раней за яе зьяўленьне ва ўкраінскім пісьмовых крыніцах[15].

У гістарычных крыніцах сустракаюцца наступныя варыянты імя вялікага князя: Wytoutd, unsir son (29 верасьня 1379 году)[16]; Витовтъ (1382[17], 1383[18], па 1389[19], 1392—1429[20], 1393[21], 2 ліпеня 1396[22], 1396—1413[23], 1398[24], 6 сакавіка 1399[25], 3 красавіка 1399[26], 20 траўня 1407[27], 1 траўня 1429 году[28]); Alexander alias Witoldus (11 верасьня 1387, 22 верасьня 1421[29], 27 верасьня 1422[30], 28 сьнежня 1429 году[31]); Мы Александръ, або Витовть (1 ліпеня 1388 году)[32]; Witoldus (1388[33], 1400[34], 1401[33], 1402[34], 1403[33], 1409[34], 1416[34], 1421[34] гады); Мы Александръ, або Витолдъ (18 чэрвеня 1389 году)[35]; Витольтъ (1389 год)[36]; Витолт (1393—1430[37], 1411—1422[38], 1440—1492[39], 1463—1476[40], 1477—1484 гады[41]); Allexander alias Witoudus (13 студзеня 1407[42], 18 кастрычніка 1415 году[43]); Allexander alias Wytoud (23 траўня 1409 году)[44]; Witoudus (1409, 1416, 1420)[45]; Witaudus (1409 год)[46]; Сам Александер Витовтъ (10 кастрычніка 1416 году)[47]; Alexander alias Witawdus (1417, 1429, 1430 гады[48]); Alexander alias Witholdus (1 траўня 1425[49], 10 лістапада 1430 году[50]); hertzogk Wytoldt (2 лютага 1427 году)[51]; Wytolth… Wytoldus (De magna strage)[52]; Витовтъ Кестутьевичь (Наўгародзкі чацьверты летапіс)[53]; Витовтъ Кестутіевичь[54] або Витовтъ Кестутьевичь[55] (Сафійскі першы летапіс); при великомъ князи Витолте… Витолта грамота… Витовте (11 сакавіка 1447 году)[56]; великом князи Витолде… Витолда… Витолде (XV ст. паводле выпісу 16 кастрычніка 1624 году)[57]; Witolt… Witowt… woysko Witoldowo (Хроніка Быхаўца)[58]; за великого князя Видовта (1 сакавіка 1571 году)[59]; привилеи… князя Витолта (31 кастрычніка 1593 году)[60]; Витолт… до Витолда (Хроніка літоўская і жамойцкая)[61]; от князя великого Витолъта (9 чэрвеня 1614 году)[62]. Прытым ва ўласных нямецкамоўных дакумэнтах Вітаўта[a] лацінская трансьлітэрацыя яго імя адпавядае старабеларускаму напісаньню: ням. Wir Witowd von gotis gnaden herczog czu Littouwe <...> Wir Witovt von gotes gnaden grosfurste zu Littowen etc. <...> Wir Alexander, andirs Wytowt, von Gots ganden grosfurste zu Littawen etc. — ст.-бел. Мы великии князь Витовт[64].

Біяграфія

рэдагаваць

Раньнія гады

рэдагаваць
 
Ягайла кідае Вітаўта і Кейстута ў вязьніцу. В. Герсан, 1873 г.

Сын вялікага князя Кейстута і Біруты, стрыечны брат Ягайлы. З раньняга веку браў удзел у войнах супраць Масквы і Тэўтонскага ордэна. У 1374 годзе атрымаў у валоданьне Гарадзенскае княства. Па сьмерці вялікага князя Альгерда (1377 год) падтрымаў свайго бацьку ў змаганьні за сталец. У час перамоваў зь Ягайлам у Вільні (1382 год), Вітаўта разам з Кейстутам схапілі і зьмясьцілі ў Крэўскі замак. У замку Кейстута задушылі, аднак Вітаўт пры дапамозе жонкі Ганны Сьвятаслаўны здолеў уцячы. Празь Берасьце і Мазовію прыбыў у Прусію, дзе 21 кастрычніка 1383 году прыняў каталіцтва і імя Віганд. Па вяртаньні на радзіму ў 1384 годзе перайшоў у праваслаўе і атрымаў імя Аляксандар, аднак пазьней вярнуўся ў каталіцтва, захаваўшы другое імя.

Калі польскія фэўдалы, выкарыстоўваючы Крэўскую унію (1385 год) і каранацыю вялікага князя Ягайлы на польскі сталец, наважыліся падпарадкаваць сабе Вялікае Княства Літоўскае ўзначаліў змаганьні супраць іх. З дапамогай рыцараў Лівонскага ордэна ў час вайны (1389—1392) скінуў намесьніка Ягайлы на літоўскім стальцы — свайго стрыечнага брата Скіргайлу і пачаў кіраваць дзяржавай незалежна ад польскага караля. У выніку ўзброенага змаганьня, а потым кампраміснага пагадненьня (1392 год) зь Ягайлам літоўскія фэўдалы абаранілі сваю самастойнасьць, а Вітаўт стаў гаспадаром (вялікім князем) Літоўскай дзяржавы[65].

Унутраная палітыка

рэдагаваць
 
Вітаўт і Ягайла моляцца напярэдадні Грунвальдзкай бітвы. Я. Матэйка, 1855 г.

Праводзіў палітыку цэнтралізацыі дзяржавы і ўмацаваньня велікакняскай улады. Паступова ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, аддаючы родным і стрыечным братам менш значныя ўдзелы. Да дзяржаўнага кіраваньня (удзел у соймах і радзе) далучаў вайскова-служылы стан, за службу раздаваў шляхце землі.

Найвышэйшыя пасады пры Вітаўце займалі баяры, што паходзілі зь беларускай этнічнай тэрыторыі, зь іх складалася і атачэньне вялікага князя. Напрыклад, на Соленскай сустрэчы з крыжацкім пасольствам у 1397 годзе Вітаўта суправаджалі князі Юры Пінскі, Міхал Заслаўскі, Аляксандар Старадубскі, Іван Гальшанскі і Іван Друцкі[66].

За Вітаўтам старабеларуская мова (якая тады называлася «літоўскаю») па-ранейшаму мела статус афіцыйнай; лаціна пачала ўжывацца ў дачыненьнях з Заходняй Эўропай і ў каталіцкім касьцёле[67].

Замежная палітыка

рэдагаваць
 
Вялікая пячаць Вітаўта, 1407 г.

У 1391 годзе выдаў сваю дачку Соф’ю Вітаўтаўну замуж за маскоўскага гаспадара Васіля I. Актыўна падтрымліваў сэпаратысцкія тэндэнцыі Цьвярскога і Разанскага княстваў, што выступалі супраць цэнтралізаванай палітыкі Масквы.

Умешваўся ў справы нямецкага ордэна і неаднаразовымі перамогамі ледзь не ліквідаваў яго. Дзеля дасягненьня палітычных мэтаў і замацаваньня хаўруса з Тэўтонскім ордэнам чатырохразова (у 1384, 1389, 1398 і 1404 гадох[3]) аддаваў ордэну Жамойць. Неаднаразовае выкарыстаньне Жамойці ў шматлікіх палітычных камбінацыях сьведчыць пра тое, што Вітаўт не ставіўся да яе як да роднай зямлі[68].

Вёў бесьперапыннае змаганьне з татарамі, ачысьціў ад іх усю тэрыторыю паміж Дняпром і Азоўскім морам і адтуль некалькі тысячаў татараў перасяліў у Літву. У 1399 годзе пацярпеў паразу ад тамэрланаўскага вайскавода Эдыгея на рацэ Ворскле, у выніку праваліліся яго пляны панаваньня над усімі землямі Русі і Залатой Арды. Нягледзячы на гэта, Вітаўт захаваў кантроль Літоўскай дзяржавы над Паўночным Прычарнамор’ем. Але паразу на Ворскле выкарыстала Польшча, прымусіўшы Вітаўта падпісаць новую унію.

Рэлігійныя справы

рэдагаваць

Падпісаўшы пад націскам польскага кліру Віленска-Радамскую (1401 год) і Гарадзельскую (1413 год) уніі, Вітаўт фактычна даў каталікам перавагі ў дзяржаўным жыцьці краіны, што стала адной з прычынаў працяглага рэлігійнага змаганьня ў Літоўскай дзяржаве і значна аслабляла яе.

Каб дагадзіць праваслаўным жыхаром, Вітаўт у 1415 годзе аднавіў у Вялікім Княстве Літоўскім незалежную ад Масквы Літоўскую мітраполію. Першым мітрапалітам на Наваградзкім саборы абралі Рыгора Цамблака[69].

Вайсковыя здабыткі

рэдагаваць
 
Пахаваньне Вітаўта. Мініятура, 1443 г.

Значна пашырыў тэрытарыяльныя межы Вялікага Княства Літоўскага. У 1395 годзе ўлучыў у склад дзяржавы Смаленск, а ў 1398 годзе дамогся прызнаньня залежнасьці Ноўгарада Вялікага ад Вялікага Княства Літоўскага. У выніку вайны з Маскоўскай дзяржавай у 1408 годзе вызначыў мяжу рэкамі Уграй і Акой. У 1420-я гады падпарадкаваў свайму ўплыву Цьвярское і Пскоўскае княствы.

Маскоўскі гаспадар Васіль I зьвяртаўся да Вітаўта ў граматах «Господин и отец мой», што сьведчыла пра пратэктарат вялікага князя. Сам Вітаўт лічыў зяця сваім васалам. Па сьмерці Васіля I (1425 год) згодна зь ягоным тэстамэнтам Вітаўт лічыўся апекуном малалетняга Васіля II (свайго ўнука) і Маскоўскай дзяржавы[67].

У час Грунвальдзкай бітвы (1410 год) узначальваў літоўскія войскі (Полацкая, Віцебская, Гарадзенская, Пінская, Ваўкавыская, Лідзкая, Новагародзкая, Смаленская, Слонімская, Старадубская, Кіеўская, Амсьціслаўская і інш. харугвы), якія былі асноўнай сілай у разгроме крыжакоў. Па гэтай перамозе паводле Мельнскай дамовы (1422 год) Вялікае Княства Літоўскае вярнула сабе Жамойць.

Вынікі валадараньня

рэдагаваць
 
Вялікае Княства за Вітаўтам

За Вітаўтам Вялікае Княства Літоўскае дасягнула найбольшай магутнасьці і памераў: ад Пскоўскай мяжы да Чорнага мора і ад Акі і Курску да Галічыны. З мэтай узмацніць міжнародны прэстыж дзяржавы і сваё становішча ён двойчы (у 1429 і 1430 гадох) рабіў захады і ўчыняў зьезды наймагутнейшых валадароў Эўропы, каб прыняць каралеўскі тытул і карону. Але польскія магнаты затрымалі імпэратарскіх паслоў, што везьлі карону. Састарэлы Вітаўт ня вытрымаў гэтай дыпляматычнай паразы і памёр у Троках. Спачыў у Віленскім катэдральным касьцёле.

У часе княжаньня Вітаўта самакіраваньне паводле Магдэбурскага права атрымалі Берасьце (1390) і Горадня (1391, няпоўнае).

У 1413 годзе Віцебск, Полацак, Вільню і Горадню у почце Вітаўта наведаў Геранім Праскі (паплечнік Яна Гуса), які пераконваў Вітаўта прыязна ставіцца да гусітаў[70]. У 1422 годзе на дапамогу нацыянальна-вызвольнаму руху гусітаў у Чэхію прыбыў намесьнік Вітаўта, унук Альгерда, Жыгімонт Карыбутавіч з 5-тысячным літоўскім войскам. На чале сваіх гусіцкіх паплечнікаў у 1424 годзе ён заняў Прагу, дзе абвясьціў сябе каралём і пэўны час імкнуўся ўмацаваць сваю ўладу. Але з прычыны ўскладненай сытуацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім вярнуўся на бацькаўшчыну.

Па сьмерці Вітаўта вялікім князем прызначылі Сьвідрыгайлу. У хуткім часе яго скінуў і заняў літоўскі сталец брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч.

Мова і культура

рэдагаваць
 
Ліст вялікага князя Вітаўта рыскаму бурмістру на беларускай мове з подпісам «Сам», 1399 г.

У «Скарзе Вітаўта» (1390 год), складзенай па-нямецку ў Тэўтонскім ордэне з словаў самога Вітаўта, ужываюцца трансьлітараваныя лацінскімі літарамі словы «ваяводы» (woywoden), «баяры» (baiorn), «цямніцы» (temenitczen) і «язы» (jsen)[71]. У 1406 годзе, паводле Хронікі літоўскай і жамойцкай, адзін з баяраў Вітаўта — «Андрэй ліцьвін» — на перамовах, калі вялікі князь важыўся ўкласьці мір зь непрыяцелем, крыкнуў яму: «Не міры, Вітаўце, не міры»[b], адмаўляючы ад некарыснага міру. Дзеля гэтага Вітаўт даў Андрэю прозьвішча «Няміра», і ад яго пайшоў баярскі род Неміровічаў[72]. Як зазначае гісторык Анатоль Астапенка (сьледам за Міколам Ермаловічам), гэты факт ёсьць яскравым сьведчаньнем таго, што вялікі князь і яго набліжаныя размаўлялі між сабой на славянскай беларускай мове[73].

Ва ўласных лацінамоўных дакумэнтах Вітаўт засьведчыў разуменьне пад літоўскай мовай (мовай літоўскага народу) беларускую[74]. У лісьце да імпэратара Жыгімонта Люксэмбурскага ад 1420 году ён ужыў выраз «ловы, у народнай мове менаваныя „гайны“»[c] (indagines, alias in vulgari hayn)[76], там жа ён двойчы ўжыў славянскія тэрміны (Szomoyth, Somoyth — ст.-бел. Жомойть) у называньні Жамойці і жамойтаў (хоць у тагачасных лацінскіх тэкстах да іх дастасоўвалі назвы Samogitia і Samogiti), кажучы, што іх гэтак называлі «ў літоўскай мове» (лац. Sed quod terra Samaytarum est terra inferior ad terram Lythwanie, ideo Szomoyth vocatur, quod in lythwanico terra inferior interpretatur <...> que terra in Lythwanico Somoyth quasi terra inferior appelatur)[77]. У дароўнай грамаце вялікага віленскаму біскупу Мікалаю ад 1411 году Вітаўт ужыў «народныя» словы «ўстаўнае лукно» мёду (alias stawna lukna mellis) і «палюдзьдзе» (stacionis poludze appelato), а ваявода віленскі Войцех Манівід засьведчыў гэтую грамату як voyevoda[78]. У 1423 годзе Вітаўт зацьвердзіў дароўную грамату віленскага ваяводы Войцеха Манівіда капліцы пры Віленскай катэдры, дзе ўпаміналася тром «сем’ям» (familiae vulgariter siemie) Цярэнцевічаў (Terentiewiczy) даваць «лукно пяціпяднае» (lukno petypedne) мёду, а братам Львовічам (Lwowiczy) і Небутовічам (Nebutowiczy) — «лукно шасьціпяднае» (vulgariter lukno szescipedne) мёду на карысьць той капліцы[79]. У наданьні Войцеху Манівіду (Albertus alias Monywid), зробленым Вітаўтам у 1407 годзе, тройчы падавалася народная назва бортнікаў (censuales mellis alias bortnyky), а таксама ўпаміналіся тагачасныя назвы Лаздуноў (Loszduni), Жупранаў (Szuprany) ды іншых паселішчаў[80]. Паводле тэксту граматы ад 1409 году, Вітаўт надаў Войцеху Манівіду «новае паселішча, якое ў народнай мове называецца Новае Сяло» (Novam villam alio nomine in vulgari Nowesyolo nuncupatam)[81]. Гэта адпавядае многім іншым тагачасным лацінскім граматам літоўскіх князёў і баяраў, дзе з азначэньнем «народны» («гутарковы») падаваліся менавіта беларускія словы[82].

На беларускай («рускай») мове вялося асабістае ліставаньне паміж Вітаўтам і яго стрыечным братам Ягайлам[83][84][d]. Апроч таго, захаваліся дзьве славянамоўныя пячаці брата Вітаўта і пазьнейшага вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча, адна зь якіх змацоўвала ліст самога Вітаўта ад 14 кастрычніка 1398 году, адрасаваны крыжацкаму вялікаму магістру[85].

Як і іншыя вялікія князі літоўскія (Гедзімін, Альгерд, Ягайла) падаваў тытулятуру з словамі «Божаю міласьцю» («von Gotis gnaden herczoge czu Tracken», 1384 год)[86].

Графічныя партрэты

рэдагаваць

Творы малярства

рэдагаваць
 
Рэфэрат Адама Станкевіча «Вітаўт Вялікі і беларусы», 1930 г.

Памяць пра вялікага князя Вітаўта ўстойліва замацавалася ў тапаніміі Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стагодзьдзяў. Дасьледнікі адзначаюць, што ў дакумэнтах гэтага пэрыяду фігуруе дастаткова шмат назваў геаграфічных ды іншых аб’ектаў, зьнітаваных зь імем вялікага князя:

  • Вітаў Мост (пад Смалявічамі)
  • Вітаўка (поле каля ракі Бярэзіны, а таксама гістарычная мясцовасьць сучаснага места Мікалаева ва Ўкраіне)
  • Вітаўтава Дарога, Вітаўтаў (Вітаў) Шлях (у розных частках Беларусі)
  • Вітаўтава Студня (пад Барысавам)
  • Вітаўтавы Відэльцы (камень на беразе ракі Вушачы)
  • Вітаўтавы Талеркі (камень з шасьцю адшліфаванымі паглыбленьнямі на Полаччыне)
  • Вітаўтаў Брод (пад Бабруйскам)
  • Вітаўтаў дуб (пад Бешанковічамі)
  • Вітаў Лог (у тым жа рэгіёне)
  • Вітаўтаў Мост (на рацэ Цне пад Менскам, а таксама на рацэ Богу каля Мікалаева)
  • Вітутаў (Мікалаеў)

У 1931 годзе ў Пінскай каталіцкай сэмінарыі прайшла шматмоўная канфэрэнцыя, прысьвечаная вялікаму князю Вітаўту, дзе па летувіскім рэфэраце зачыталі рэфэрат па-беларуску: «Характэрыстыка Вітаўта і яго заслугі для краю». Па беларускім рэфэраце хор адсьпяваў беларускую песьню на чатыры галасы «Дзе чутны мовы нашай гукі», па чым аддэклямавалі верш Якуба Коласа «О край родны, край прыгожы». Адзначаецца, што між многімі сьцягамі ў залі лунаў беларускі нацыянальны Бел-чырвона-белы сьцяг[87].

25 ліпеня 2009 году ў Берасьці адкрылася скульптурная кампазыцыя, прысьвечаная 990-гадовай гісторыі места. Сярод шасьці бронзавых фігураў у кампазыцыі помніка тры скульптуры гістарычных дзеячоў — Вітаўта, Мікалая Радзівіла «Чорнага» і князя Васількавіча[88].

Папярэднік
Ягайла
Вялікі князь літоўскі
1392—1430
Наступнік
Сьвідрыгайла

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Паводле гісторыкаў, Вітаўт ведаў нямецкую мову і, відаць, мог як надыктоўваць, так і ўласнаруч пісаць на гэтай мове[63]
  2. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М.: Наука, 1975. С. 78.
  3. ^ Этымалягічны слоўнік беларускай мовы НАН Беларусі падае: «Гайно — 'бярлога, логава'»[75]
  4. ^ Таксама крыжацкі дыплямат Конрад Кібург, які ачольваў пасольства ў Вільню ў 1397 годзе, засьведчыў у сваіх нататках, пакінутых у форме дзёньніка, што вялікі князь Вітаўт і ўвесь яго двор карысталіся «рускай» мовай (а таксама дадаў, што Вітаўт някепска ведаў нямецкую мову)[85]
  1. ^ а б А. Э. Витовт (рас.) // Энциклопедический словарьСПб: Брокгауз — Ефрон, 1892. — Т. VIа. — С. 574—576.
  2. ^ Ермаловіч М. Вітаўт // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 304.
  3. ^ а б Грыцкевіч А. Вітаўт // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 447.
  4. ^ Vitaŭt // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998. P. 219.
  5. ^ Чаропка В. Великий князь Витовт. — Минск: ФУАинформ, 2010. С. 5.
  6. ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule. T. III: Les noms de personnes contenus dans les noms de lieux. — Paris, 1985. P. 470.
  7. ^ а б Morlet M.-T. Les noms de personne du Crotoy au XIVe siècle // Nouvelle revue d'onomastique. Nr. 5—6, 1985. P. 69.
  8. ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 222.
  9. ^ Gottschald M. Deutsche Namenkunde: Unsere Familiennamen nach ihrer Entstehung und Bedeutung. — Berlin, 1971. S. 608.
  10. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 1573.
  11. ^ а б Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
  12. ^ Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 291.
  13. ^ Schmittlein R. Les noms d’eau de la Lituanie (suite) // Revue internationale d’onomastique. Nr. 3, 1964. P. 168.
  14. ^ Acta Baltico-Slavica. Nr. 8. — Warszawa, 1973. S. 211.
  15. ^ Юркенас Ю. О появлении сочетания al вместо дифтонга au в литовских древних личных именах // Kalbotyra. Vol. XV, 1967. С. 55.
  16. ^ Договор о перемирии на 10 лет между ВКЛ и Тевтонским орденом (1379), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  17. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 61.
  18. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 62.
  19. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 103.
  20. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 110.
  21. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 121.
  22. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 128.
  23. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 130.
  24. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 137.
  25. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 140.
  26. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 141.
  27. ^ Українські грамоти XV ст. — Київ, 1965. С. 35.
  28. ^ Українські грамоти XV ст. — Київ, 1965. С. 36.
  29. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 13, 533.
  30. ^ Liv-, Esth- und Curländisches Urkundenbuch nebst Regesten / Hrsg. von F. G. von Bunge. Bd. 5. — Reval, 1862. S. 877.
  31. ^ Акты литовско-русскаго государства. Вып. 1. — Москва, 1899. С. 9.
  32. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 85.
  33. ^ а б в Codex Diplomaticus Prussicus. Bd. 3. — Königsberg, 1848. S. 66, 155—156, 184.
  34. ^ а б в г д Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 69, 87, 525, 979—980, 982—984, 1022.
  35. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 102.
  36. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 143.
  37. ^ Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в. Т. 1. — М., 2015. С. 92, 94—96.
  38. ^ Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в. Т. 1. — М., 2015. С. 166.
  39. ^ Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в. Т. 1. — М., 2015. С. 192.
  40. ^ Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в. Т. 1. — М., 2015. С. 261.
  41. ^ Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в. Т. 1. — М., 2015. С. 351.
  42. ^ Semkowicz W. Przywileje Witolda dla Moniwida, starosty Wileńskiego, i testament jego syna Jana Moniwidowicza // Ateneum Wileńskie. Nr. 1, 1923. S. 257.
  43. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 333.
  44. ^ Semkowicz W. Przywileje Witolda dla Moniwida, starosty Wileńskiego, i testament jego syna Jana Moniwidowicza // Ateneum Wileńskie. Nr. 1, 1923. S. 259.
  45. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 464, 977—981, 984—989, 993, 996—999, 1030.
  46. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 989
  47. ^ Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie. T. 1, 1366—1506. — Lwów, 1887. S. 24.
  48. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 398, 836, 945
  49. ^ Codex epistolaris saeculi decimi quinti. T. 2: 1382—1445. — Kraków, 1891. S. 187.
  50. ^ Акты литовско-русскаго государства. Вып. 1. — Москва, 1899. С. 10.
  51. ^ Baronas D. Lietuvos didysis kunigaikštis Vytautas – žvejys prie Juodosios jūros 1427 m. // Istorijos šaltinių tyrimai. 8, 2024. P. 43.
  52. ^ Pomniki dziejowe Polski. T. 4. — Lwów, 1884. S. 46—47.
  53. ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 92, 103, 142, 194.
  54. ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 240, 251.
  55. ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 246.
  56. ^ Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 1. — СПб., 1863. С. 19.
  57. ^ Беларускі архіў. Т. 1. — Менск, 1927. С. 110—111.
  58. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 138, 141—147.
  59. ^ Акты, издаваемые Виленской Комиссией для разбора древних актов. Т. 24. — Вильна, 1897. С. 343.
  60. ^ Jablonskis K. Nauji Vytauto laikotarpio aktai // Praeitis. T. 2. — Kaunas, 1933. P. 390.
  61. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 62—68.
  62. ^ Jablonskis K. Nauji Vytauto laikotarpio aktai // Praeitis. T. 2. — Kaunas, 1933. P. 382.
  63. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 9.
  64. ^ Дзярновіч А. Што ўзнікла спачатку — вялікі князь ці Вялікае Княства // Ukraina Lithuanica. Т. 2, 2013. С. 67.
  65. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 59.
  66. ^ Ермаловіч М. Вітаўт // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 305.
  67. ^ а б Грыцкевіч А. Вітаўт // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 448.
  68. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 158.
  69. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 60.
  70. ^ Будилович А. Не был ли православным человеком Иероним Пражский? // Христианское чтение. 1870, ч. I.
  71. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 63.
  72. ^ Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. — Менск, 2000. С. 37.
  73. ^ Остапенко А. В. Етнічні фактори у процесах формування білоруського народу та нації : автореф. дис. … д-ра іст. наук : [спец.] 07.00.05 «Етнологія» / Остапенко Анатолій Володимирович ; Київський нац. ун-т ім. Тараса Шевченка. — Захищена 26.04.2021. — Київ, 2021. С. 217.
  74. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 62—63.
  75. ^ ЭСБМ. Т. 3. — Мн., 1985. С. 18.
  76. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 208.
  77. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 105—106.
  78. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 175.
  79. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 176.
  80. ^ Semkowicz W. Przywileje Witolda dla Moniwida, starosty Wileńskiego, i testament jego syna Jana Moniwidowicza // Ateneum Wileńskie. Nr. 1, 1923. S. 257.
  81. ^ Semkowicz W. Przywileje Witolda dla Moniwida, starosty Wileńskiego, i testament jego syna Jana Moniwidowicza // Ateneum Wileńskie. Nr. 1, 1923. S. 259.
  82. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 39—46.
  83. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 107.
  84. ^ Лицкевич О. В. «Летописец великих князей литовских» и «Повесть о Подолье»: опыт комплексного критического разбора. — СПб., 2019. С. 168.
  85. ^ а б Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 115.
  86. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 78.
  87. ^ Chryścijanskaja Dumka. Nr. 1, 1931.
  88. ^ Вітаўт, Радзівіл Чорны і князь Васількавіч, Наша Ніва, 26 ліпеня 2009 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць