Беларуска-латвійскія дачыненьні
Беларуска-латвійскія дачыненьні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Беларусі і Латвіі.
Беларусь |
Латвія |
---|---|
Дыпляматычныя місіі | |
Генэральнае консульства Беларусі ў Дзьвінску |
Консульства Латвіі ў Віцебску |
Амбасадары | |
Генконсул Ільля Лапуць[1] | Консул Клаўс Сьніедзэ |
На 2024 год дзейнічала Генэральнае консульства Беларусі ў Дзьвінску, якое месьцілася па вуліцы 18 лістапада, д. 44. Генконсульства працавала з панядзелка па пятніцу ад 8:00 да 12:00 і выдавала дакумэнты ад 10:00 да 12:00[2].
Консульства Латвіі ў Віцебску месьцілася па вуліцы Багдана Хмяльніцкага, д. 27а. Консульства працавала ў будні ад 8:30 да 17:00 і ажыцьцяўляла кансультацыі па тэлефоне ад 15:00 да 17:00. Пры консуле працавала 3 віцэ-консулы і 2 трэція сакратары[3]. Ганаровым консулам Латвіі ў Магілёве быў Аляксей Саўчук[4].
Візы
рэдагаваць15 красавіка 2022 году ўрад Беларусі ўвёў бязьвізавы ўезд для грамадзянаў Латвіі неабмежаваную колькасьць разоў пры знаходжаньні ў Беларусі да 90 дзён у каляндарным годзе. Для ўезду было дастаткова мець пашпарт і мэдычную страхоўку, а таксама зялёную картку пры руху на сваім самаходзе[5].
Ад 3 студзеня 2024 году візы ў Латвію стала выдаваць эмірацкае прадпрыемства «Сусьветнае візавае садзейнічаньне»(en) праз прадстаўніцтвы ў Менску па Бабруйскай вуліцы, д. 6 і ў Віцебску па вуліцы Янкі Купалы, д. 2-1[6]. Консульскі збор за яе афармленьне складаў 35 эўра згодна з Пагадненьнем 2020 году між Беларусьсю і Эўразьвязам аб спрашчэньні выдачы візаў[7].
Гандаль
рэдагавацьЛатвія служыла істотным транзытным шляхам для вывазу беларускіх тавараў у трэція краіны морам. У 2015—2020 гады беларускі вываз тавараў у 3—8 разоў перавышаў увоз латвійскіх тавараў. У 2015 годзе ўзаемны таваразварот склаў 675 млн даляраў, зь якіх 598 млн $ прыпала на беларускі экспарт. У 2016 годзе таваразварот 2-кратна да 340 млн $ пераважна праз падзеньне беларускага экспарту да 270 млн $. Да 2018 году двухбаковы таваразварот вырас да 583 млн $, дзе беларускі экспарт склаў 485 млн $. Да 2020 году таваразварот зноў упаў да 394 млн $, у тым ліку экспарт да 310 млн $. Па выніках 2020 году Латвія заняла 16-е месца па таваразвароце і 13-е паводле экспарту сярод гандлёвых партнэраў Беларусі. Аснову паставак беларускіх тавараў у Латвію складалі вырабы дрэваапрацоўкі, нафтапрадукты, нафтахімічныя вырабы, мэталавырабы, угнаеньні, ізаляваныя дроты і кабэлі, будаўнічыя матэрыялы і моцныя сьпіртныя напоі. З Латвіі ў Беларусі пастаўлялі пераважна лекі, абсталяваньне харчаваньне, тэкстыльныя і плястмасавыя вырабы[8].
У 2020 годзе продаж беларускіх паслугаў у Латвію ўпаў на 20% да 131 млн $, а продаж латвійскіх у Беларусі скараціўся на 14% да 67 млн $. У гандлі паслугамі пераважалі перавозкі, кампутарныя паслугі, сувязь і падарожніцтва. У 2015—2020 гады латвійскія ўкладаньні ў Беларусі штогод перавышалі 70 млн даляраў, зь якіх звыш паловы складалі наўпроставыя ўкладаньні. За 2015—2017 гады латвійскія ўкладаньні вырасьлі са 101 да 125 млн $, пасьля чаго ўпалі да 70 млн $. Прычым зь 2017 году доля наўпроставых укладаньняў стала перавышаць 80%. У Беларусі працавала 322 прадпрыемствы з удзелам латвійскага капіталу, сярод якіх пераважалі прадпрыемствы гандлю, паслуг, дрэваапрацоўкі, фармацэўтыкі і харчовай прамысловасьці. Гэтак «Анколс і партнёры» стварылі сетку страўняў, «Нью Юроп Сінэма» стварыла сетку кінатэатраў, а «Рэм Про»(lv) (Дзьвінск) перабудавала сетку кабэльнага тэлебачаньня і сеціва. У 2015 годзе малакаперапрацоўнік «Фуд Юніён»(lv) набыў гомельскі завод «Інгман марозіва». У 2016 годзе «Олайнфарм» набыў гарадзенскі завод харчовых дадаткаў «Біятэст». Латвійскае падразьдзяленьне дацкай сеткі крамаў «Юск» запусьціла раздробную сетку тавараў для дому ў Беларусі. На 2020 год «Беларуская ўнівэрсальная таварная біржа» налічвала ў базе свайго латвійскага прадстаўніцтва каля 400 прадпрыемстваў, якія закупалі тавары[8].
Беларуска-латвійскую міжурадавую камісію гандлёва-эканамічнай і навукова-тэхнічнай супрацы ўзначальвалі міністры транспарту Беларусі і Латвіі. Яе 14-е паседжаньне адбылося ў Менску 2 кастрычніка 2019 году. Раду дзелавой супрацы ўзначальвалі начальнікі Беларускай чыгункі і чыгункі Латвіі. Яе паседжаньне 5 верасьня 2018 году. Таксама дзейнічала Камісія міжнародных аўтамабільнях зносінаў[8]. Па выніках 2022 году Латвія ўзьнялася на 15-е месца паводле таваразвароту і 12-е паводле экспарту сярод гадлёвых партнэраў Беларусі, хоць таваразварот упаў у 1,5 разы з больш як 600 млн $ у 2021 годзе да менш як 400 млн $[9].
Культура
рэдагавацьУ лістападзе 1988 году ў Рызе стварылі Беларускае культурнае таварыства «Сьвітанак». У 1991 годзе ўтварылі Аб’яднаньне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар», якое штогод брало ўдзел у выставах у Беларусі і Латвіі. Карціны мастакоў аб’яднаньня ўключылі ў зборы музэяў Беларусі. У 1994 годзе высілкамі таварыства «Сьвітанак» пры падтрымцы Амбасады Беларусі ў Латвіі адчынілі беларускую школу, якая ў 2011 годзе атрымала імя Янкі Купалы. У школе стварылі музэйную экспазыцыю пра Якуба Коласа, Янку Купалу і Янку Маўра. Таксама пры школе дзейнічаў ансамбль «Вавёрачка», які браў удзел у канцэртах. Вучні школы штогод наведвалі з экскурсіямі Беларусь. У 2003 годзе беларускія таварыствы Вэнтсьпілсу, Дзьвінску, Ліепаі і Рыгі заснавалі Саюз беларусаў Латвіі, які злучыў 13 таварыстваў беларусаў Латвіі і 2 суполкі. Беларускія таварыствы Латвіі штогод ладзілі сьвяты беларускай культуры, беларускія лекцыі і выставы. У большасьці суполак дзейнічалі творчыя гурты. На 2021 год у Латвіі налічвалася каля 66 000 беларускаў, якія складалі каля 3,5% насельніцтва Латвіі і былі 2-й найбольшай нацыянальнай меншасьцю краіны. Беларусы ў Латвіі пераважна пражывалі ў Рызе, Дзьвінску, Ліепаі, Вэнтсьпілсе, Елгаве і мястэчках Латгаліі[10].
На 2024 год налічвался 24 беларускія суполкі ў Латвіі[11].
- Саюз беларусаў Латвіі (заснаваны ў чэрвені 2003 году). Кіраўніца ад заснаваньня: Валянціна Піскунова. Заснавальнікамі сталі беларускія таварыствы «Прамень» (Рыга), «Спадчына» (Вэнтсьпілс), «Мара» (Ліепая) і «Ўздым» (Дзьвінск). Пазьней далучылася яшчэ 11 беларускіх таварыстаў: «Вясёлка» (Краслаўка), «Крыніца» (Люцын), «Сузор’е» (Рэжыца), «Спатканьне» (Екабпілс), «Лянок» (Елгава), «Вясёлка» (Прэйліскі край) і «Ўзоры» (Ліваны). Стварылі вэб-бачыну, а ў 2006 годзе перанялі беларускамоўную газэту «Прамень», галоўным рэдактарам якой ад заснаваньня ў 1994 годзе быў Лявон Шакавец. Таксама стварылі бібліятэку[12]. Газэта выходзіла кожныя 2 месяцы накладам 1000 асобнікаў[13].
- «Уздым» (Дзьвінск). Створаная 6 ліпеня 1993 году. У горадзе і краі пражывала 8000 беларусаў. Кіраўніца: Жанна Раманоўская. Падтрымлівала беларускую нядзельную школу «Вясёлка», якую адчынілі 8 кастрычніка 1995 году. Выдавала штоквартал газэту «Уздым». Пры Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) Дзьвінскага гарадзкога самакіраваньня стварыла 7 творчых гуртоў: сьпеўны «Купалінка» (1992), танцавальны «Лянок» (2000), тэатральны «Паўлінка» (2007), харавы «Спадчына» (2013) і музычны «Пралескі» (2014). У 2017 годзе заснавалі мастацкую студыю «Калярытны сьвет», а ў 2019-м дзіцячую студыю «Скарбніца». Творчыя гурты бралі ўдзел у такіх міжнародных фэстах, Латвійскае сьвята танцу і песьні, Славянскі базар у Віцебску, «Балтыка», «Верхняя Дзьвіна», «Браслаўскія зарніцы», «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю», «Залесьсе зьбірае сяброў» і «Вэнтсьпілскі вянок». У 2018-м адчынілі музэйны пакой «Беларуская хатка». Беларуская бібліятэка налічвала 1750 кніг. У ЦБК ладзілі міжнародны фэст «Беларускі кірмаш у Дзьвінску», Дні беларускай культуры, Купальле і літаратурныя вечарыны зь пісьменьнікамі. Рыхтавалі гульн для дзіцячых садкоў «Нашыя суседзі — беларусы» і экскурсіі для школьнікаў «Беларускі дом»[14].
- «Вясёлка» (Краслаўка). Заснаваная 18 сакавіка 2005 году. У Краслаўцы пражывала каля 3000 беларусаў. Кіраўніца: Сьвятлана Стэльмачанак, якіа выкладала беларускую мову і літаратуру ў Краслаўскай сярэдняй школе «Варавікснэ» для 5-6 клясаў. Краслаўскі краязнаўчы музэй меў экспазыцыю пра Ягена Ільлінца, які стварыў сьпеўны гурт «Куток». У Доме культуры Краслаўкі працаваў сьпеўны гурт «Накцюрн» пад кіраўніцтвам Рыты Андрэевай[15].
- Рыская беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы. Заснаваная ў 1994 годзе ў якасьці беларускіх клясаў пры сярэдняй школе № 15 на прапанову старшыні таварыства «Сьвітанак» Вячаслава Целеша і амбсадара Беларусі Валянціна Вялічкі. У Рызе пражывала каля 35 000 беларусаў. Кіраўніца беларускіх клясаў: Ганна Іванэ зь 1995 году, якая загадвала школай у 2002—218 гадох. У 1998 годзе стала асноўнай дзяржаўнай школай, а 17 чэрвеня 2010 году пераехала ў будынай сярэдняй школы № 86 паводле рашэньня Рыскай гарадзкой думы. У 2011 годзе школа атрымала імя Янкі Купалы. У школе дзейнічаў музэй пра творчасьць Янку Купалы, Якуба Коласа і Янкі Маўра. На 2021 год у 1-9 клясах навучалася 150 чалавек і каля 20 чалавек займалася ў падрыхтоўчай клясе. Першы выпуск адбыўся ў 2003 годзе. Ад таго часу выпусьцілі звыш 100 вучняў. У школе выкладалі беларускую мову і літаратуру. У школе стварылі сьпеўны гурт «Вавёрачка», гурт візуальнага мастацтва і гурток мяккай цацкі[16].
- «Вытокі» (засн. 2009). Кіраўніца: Таісія Бачкарова. Аднайменны сьпеўны гурт браў удзел у фэстах[17].
- «Спадчына» (Вэнтсьпілс). Створаная ў студзені 1993 году. У Вэнтсьпілсе і ваколіцах пражывала каля 1000 беларусаў. Кіраўніца: Натальля Бальшакова. Дзейнічаў сьпеўны гурт «Журавінка», якім кіравала Анжаліка Зрайчэнка. Гурт браў удзел у такіх міжнародных фэстах, як Рэспубліканскі форум нацыянальных меншасьцяў Латвіі, «Ад Ліга да Купалы», «Маленькія зорачкі», «Залатая пчолка» (Магілёўская вобласьць), «Славянскі базар у Віцебску» і Міжнародны фэст мастацтваў беларусаў сьвету[18].
- «Вербіца» (Дагда). Створаная 30 сьнежня 2011 году. У Дагдзе пражывала каля 500 беларусаў. Кіраўніца: Тамара Гагалінская. Дзейнічалі гурты: сьпеўныя «Вярба» (засн. 2011), якім кіравала Ларыса Тукіша, і «Ваколіца» (2013), якім кіравала Тамара Старавойтава, а таксама «Нацыянальная студыя» (2017), якім кіравала Віта Вітанэ. Выкарыстоўвалі песьні на вершы Станіслава Валодзькі. Бралі ўдзел у фэстах: «Беларускі кірмаш у Дзьвінску» Фэст сяброўства нацыянальных меншасьцяў, «Залесьсе запрашае сяброў» (Смаргонскі раён), «Славянскі базар», «Беларускі народны фэстын» у Нараўцы (Падляскае ваяводзтва), «Вішнёвы фэстываль» у Глыбокім, «Завалінка» (Сварынцы, Дагдзкі край) і Дні беларускай культуры ў Люцыне[19].
- «Спатканьне» (Екабпілс). Заснаваная 10 сакавіка 2010 году. У горадзе і ваколіцах пражывала 400 беларусаў. Кіраўніца: Іна Янсане. Ад пачатку дзейнічаў сьпеўны гурт «Завіруха» (кіраўніца Вольга Прановіч), які браў удзел у фэстах народнай песьні (Ліваны), «Беларускі кірмаш» у Дзьвінску і «Балтыка» ў Рэжыцы[20].
- «Лянок» (Елгава). Створаная 25 лістапада 2006 году. У акрузе каля 4000 беларусаў. Кіраўніца: Алена Грысьле. У сакавіку 2007 году стварылі аднайменны сьпеўны гурт, які пры заснаваньні выступіў на ІІ Міжнародным фэсьце беларускай песьні ў Рызе да 125-годзьдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа. У 2010 годзе выстуіў на 5-м фэсьце нацменшасьцяў у Рэжыцы і 10-м ТБ-фэсьце «Амбэрстар» у Стакгольме. У 2017 годзе выступіў на ХХ фэсьце «Зьвіняць цымбалы і гармонік» у Паставах. У 2013 і 2019 гадоз адбыліся выступы на «Славянскім базары»[21]. Ад 2012 году дзейнічаў гурт «Злата», якім кіравала Зэнта Трацьцяк[22].
- «Мара» (Ліепая). Створаная 14 траўня 1999 году. У акрузе пражывала 2800 беларусаў. Кіраўнік: Віктар Янцэвіч. У 2000 годзе стварылі сьпеўны гурт «Паўлінка», які выступаў на такіх фэстах, як «Славянскі базар», «Браслаўскія зарніцы», «Смаргонь зьбірае сяброў», песьні і танцу ў Рызе, беларускай песьні ў Клайпедзе (Летува). У 2013 годзе сабралі сродкі, на якія набылы будынак для будучага Беларускага дому ў цэнтры Ліепаі. У 2018 годзе пачалі прыбіраць вайсковыя брацкія могілкі ў Ліекнях (Скрундзкі край), дзе пахаваны яфрэйтар П. І. Купрыянаў з Жодзіна, які атрымаў годнасьць героя Савецкага Саюзу[23].
- «Крыніца» (Люцын). Створаная 9 траўня 2006 году. У акрузе пражывала 330 беларусаў. Кіраўнік: Ігар Ермакоў. У 2017 годзе стварылі аднайменны сьпеўны гурт, якім кіравала Вера Дарэйка-Сінкевіч. Бралі ўдзел у конкурсе «Пазнай Беларусь»[24].
- «Пралеска» (Зілупэ). Заснаваная 13 лютага 2012 году. У краі пражывала 500 беларусаў. Кіраўніца: Натальля Мірцхулава. Ладзілі беларускія сьвяты са сьпевамі[25].
- «Сябры» (Сокалы(lv), Вілянскі край). Заснаваная 6 сьнежня 2010 году. Кіраўнік: Віктар Гардзейка. Ладзілі творчыя вечарыны ў Сокалах і Вілянах[26].
- «Сузор’е» (Рэжыца). Заснаваная 7 чэрвеня 2007 году ў краі пражывала 400 беларусаў. Кіраўніца: Людміла Стэц. У 2012 годзе стварылі аднайменны сьпеўны гурт, а пазьней моладзевы гурт «Пралескі», якія штогод выступалі на дні горада і фэстах. У Рэжыцы працавала нядзельная кляса з вывучэньнем беларускай мовы[27].
- «Узоры» (Ліваны). Створаная 14 лютага 2000 году. У ваколіцах пражывала 300 беларусаў. Кіраўніца: Лідзія Знотыня. У 2010 годзе заснавалі аднайменны музычы гурт, які ўзначальвала Яніна Юзэфовіч. Гурт браў удзел у сьвяце песьні і танцу, ўкраінскім фэсьце «Чырвоная каліна»(uk) (Шманькаўцы, Тарнопальская вобласьць) і міжнародным фэсьце «Балтыка»[28].
Мінуўшчына
рэдагавацьЗ Раньняга Сярэднявечча крывічы і латгалы мяшана пражывалі ў Латгаліі, што заклала прысутнасьць Полацкага княства ў ніжнім цячэньні Дзьвіны. Пасьля заснаваньня Рыгі ў 1201 годзе і яе ўваходжаньня Ганзейскі саюз пры латвійскіх местах пачалі ўзьнікаць беларускія слабодкі. За часамі Вялікага Княства Літоўскага ў насельніцтве значна вырасла выхадцаў зь земляў Беларусі. У 1650-я гады беларусы складалі значную частку насельніцтва Латгаліі, асабліва Люцынскага, Краслаўскага і Дзьвінскага краёў. Па ўсёй Латвіі існавалі тэрыторыі кампактнага пражываньня беларусаў. У XVIII стагодзьдзі ў Латвіі ўзьнікла некалькі беларускіх праваслаўных цэркваў[10]. Пад Дзьвінскам нарадзіўся натурфілёзаф Станіслаў Шадурскі (1726—1789), які навучаўся ў Віленскім езуіцкім калегіюме, працаваў прафэсарам у Наваградзкім езуіцкім калегіюме ды выдаў творы «Прынцыпы філязофіі мысьленьня і адчуваньняў» (1758) і «Фізыка, або філязофія прыроды»[10].
Пасьля адмены прыгоннага права ў Расейскай імпэрыі ў 1861 годзе павялічылася перасяленьне беларусаў у партовыя гарады Латвіі. Паводле Ўсерасейскага перапісу 1897 году ў Латвіі налічвалася звыш 80 000 беларусаў. У ХІХ — пачатку XX стагодзьдзяў з Латвіі паходзілі, тут навучаліся і працавалі такія беларускія дзеячы, як: Ігнат Буйніцкі, Віктар Вальтар, Ніна Ватацы, Кастусь Езавітаў, Карусь Каганец, Уладзімер Кудрэвіч, Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч і Янка Маўр[10].
У жніўні 1919 году Беларуская Народная Рэспубліка адчыніла Консульства БНР у Рызе, якое ўзначаліў Кузьма Цярэшчанка. На яго аснове ў 1919—1921 гадох дзейнічала Вайскова-дыпляматычная місія БНР у Латвіі і Эстоніі на чале з Кастусём Езавітавым, якая кіравала Асобным аддзелам войскаў БНР у Балтыі пад загадам генэрала Станіслава Булак-Балаховіча. На пачатку ХХ стагодзьдзя Беларускія настаўніцкія курсы ў Дзьвінску працавалі на вуліцы Страдніеку, дзе цяпер месьціцца Латгальскі транспартны каледж. Сярод 70 навучэнцаў іх скончылі 25 чалавек. У 1922—1939 гадох дзейнічала Дзьвінская дзяржаўная беларуская гімназія, заснаваная дзякуючы намаганьням культурна-асьветніцкага таварыства «Бацькаўшчына». Гімназіяй загадвалі Іван Краскоўскі (1922—1925), Сяргей Сахараў (1925—1932), Я. Чаман (1932—1935) і Я. Плоніс (1935—1939). У ёй выкладалі Паўліна Мядзёлка-Грыб, Андрэй Якубецкі, У. Раткін, І. Фёдараў, У. Відаўскі, Сава Трубіцын і Язэп Гайлевіч. У гімназіі дзейнічалі аркестар і хор, радыётэхнічны і літаратурна-гістарычны гурткі, выдаваўся на гектографе вучнёўскі часопіс «Школьная праца». Гістарычны музэй гімназіі захоўваў частку слуцкага пояса, падараванага Вацлавам Ластоўскім. Вучні ладзілі пастаноўкі па п’есах беларускіх драматургаў. Пры гімназіі існаваў 45-ы скаўцкі атрад. Пры гімназіі працавалі мэханічная сьлясарна-такарная і шавецка-ткацкая майстэрні пад кіраўніцтвам інжынэра Я. Комісара[29].
У 1922 годзе ў Дзьвінску адчынілі беларускую пачатковую школу пад кіраўніцтвам Андрэя Якубецкага, якая спачатку месьцілася ў будынку беларускай гімназіі, а потым працавала на Стараверскай вуліцы, д. 53 пад кіраўніцтвам Кастуся Александровіча, дзе цяпер месьціцца расейскі ліцэй. На 1923 годзе ў пачатковай школе вучылася 175 дзяцей. Пазьней ёй кіраваў Аляксей Барткевіч. Большую частку часу тая школа працавала ў 2-павярховым будынку на Ковенскай вуліцы, д. 98, які зьнесьлі за савецкім часам. Падчас Нямецка-савецкай вайны пачатковая школа працавала ў будынку на Ковенскай вуліцы, д. 8, дзе цяпер таксама дзейнічае Дзьвінская дзяржаўная гарадзкая сярэдняя школа. Таксама падчас вайны каля скрыжаваньня вуліцаў Венібас і Імантас у 2-павярхоўвым цагляным будынку працавала Ўправа беларускіх школаў, якой кіраваў Алесь Махноўскі[29].
У 1920—1930-я гады беларусы таксама стварылі культурна-асьветніцкія таварыствы «Рунь» і «Беларуская хата», Беларускае навуковае таварыства ў Рызе і Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі. Выдавалі часопісы «На чужыне» і «Беларуская школа ў Латвіі». Дзейнічала Таварыства беларускага тэатру. Паводле перапісу насельніцтва СССР 1979 году ў Латвійскай ССР налічвалася 111 500 беларусаў, якія складалі 4,5% насельніцтва[10].
16 сьнежня 1991 году ўрады Беларусі і Латвіі падпісалі Дэклярацыю аб прынцыпах добрасуседзкіх дачыненьняў. 7 красавіка 1992 году дзяржавы ўсталявалі дыпляматычныя дачыненьні. У 1993 годзе адчыніліся Амбасада Беларусі ў Латвіі і Амбасада Латвіі ў Беларусі. 21 лютага 1994 году ўрады Беларусі і Латвіі заключылі міждзяржаўную дамову аб беларуска-латвійскай граніцы. У 1994 годзе запрацавалі Генэральнае консульства Беларусі ў Дзьвінску і Консульства Латвіі ў Віцебску. У 1994 годзе прэм’ер-міністр Латвіі Валдзіс Біркаўс наведаў Беларусь. У 1995 годзе ў Беларусь прыяжджаў латвійскі прэм’ер Марыс Гайліс. У 1998 годзе старшыня ўраду Беларусі Сяргей Лінг наведаў Латвію. У 2001 годзе ў Латвію прыяжджаў беларускі прэ’мер Уладзімер Ярмошын[30].
У 2008 годзе старшыня ўраду Беларусі Сяргей Сідорскі наведаў Латвію. У 2009 годзе старшыня ўраду Латвіі Іварс Годманіс зрабіў візыт у адказ. У 2010 годзе ў Латвію паўторна прыяжджаў прэм’ер Сідорскі. У красавіку 2013 году міністар замежных справаў Латвіі Эдгарс Рынкевічс наведаў Беларусь. У лютым 2014 годзе міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей наведаў Латвію. У 2015 годзе міністры замежных справаў Макей і Рынкевічс сустракаліся ў Менску і Рызе. У 2016 годзе Латвію наведаў беларускі прэм’ер Андрэй Кабякоў, а ў ліпені 2016 году — паўторна Ўладзімер Макей. У ліпені 2017 году Беларусь наведаў Эдгарс Рынкевічс. 7 лютага 2018 году ў Беларусь прыяжджаў латвійскі прэм’ер Марыс Кучынскіс, які падпісаў Мэмарандум аб узаемаразуменьні па асноўных напрамках эканамічнага супрацоўніцтва на сярэднетэрміновую пэрспэктыву, а ў ліпені 2018-га Латвію наведаў Макей. 16 студзеня 2020 году візыт у Беларусі зрабіў латвійскі прэм’ер Крыш’яніс Карыньш, які таксама завітаў у індустрыяльны парк «Вялікі Камень» (Смалявіцкі раён), а ў ліпені 2020 году ў Латвію прыяжджаў Уладзімер Макей. Да гэтага часу між гарадамі і абласьцямі Беларусі і Латвіі заключылі каля 60 пагадненьняў аб пабрацімскіх сувязях. Таксама падпісалі каля 60 двухбаковых міжнародных дамоваў[30].
У жніўні 2020 году Сойм Латвіі ўхваліў Заяву аб непрызнаньні легітымнасьці прэзыдэнта Беларусі[30]. 25 траўня 2021 году Амбасада Латвіі ў Беларусі спыніла працу праз выправаджэньне латвійскіх дыпляматаў зь Беларусі[31]. Напярэдадні, 24 траўня перад адкрыцьцём Чэмпіянату сьвету па хакеі з шайбай 2021 году мэр Рыгі Мартыньш Стакіс і міністар замежных справаў Латвіі Эдгарс Рынкевічс замянілі чырвона-зялёны сьцяг і бела-чырвона-белы сьцяг у цэнтры гораду, дзе стаялі сьцягі краінаў-удзельніцваў першынства. У адказ міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей прапанаваў латвійскім дыпляматам пакінуць Беларусь цягам 48 гадзінаў[32]. 26 чэрвеня 2021 году Амбасада Беларусі ў Латвіі прыпыніла працу на патрабаваньне ўраду Латвіі[30]. 16 ліпеня 2024 году ўрад Латвіі забараніў уезд з аўтамабільнымі рэгістрацыйнымі знакамі Беларусі[33].
Беларускія амбасадары
рэдагаваць- Валянцін Вялічка (1993—1997)
- Міхаіл Марыніч (1999—2001)
- Вадзім Ламкоў (2002—2005)
- Аляксандар Герасіменка (2006—2013)
- Марына Даўгаполава (2013—2018)
- Васіль Марковіч (2018—2020)
Латвійскія амбасадары
рэдагаваць- Агніс Томас (часовы павераны, 1992—1993)
- Яніс Лоўнікс (1993—1997)
- Інгрыда Леўрэнцэ (часовая павераная, 1997—2000)
- Эган Нейманіс (часовы павераны, 2000—2004)
- Майра Мора (2004—2010)
- Міхаіл Папкоў (2010—2015)
- Марціньш Вірсіс (2015[34] — 2019[35])
- Эйнарс Семаніс (1 жніўня 2019[36] — 25 траўня 2021)[37]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Генэральны консул // Генэральнае консульства Беларусі ў Дзьвінску, 2024 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ Адрас і час працы // Генэральнае консульства Беларусі ў Дзьвінску, 2024 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ Консульства Латвіі ў Віцебску // Міністэрства замежных справаў Латвіі, 19 сьнежня 2023 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ Ганаровыя консулы Латвіі (лат.) // Міністэрства замежных справаў Латвіі, 18 ліпеня 2024 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ Парадак бязьвізавага ўезду для грамадзян Летувы, Латвіі і Польшчы // Міністэрства замежных справаў Беларусі, 2024 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ Консульскія зьвесткі // Міністэрства замежных справаў Латвіі, 10 чэрвеня 2024 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ Стаўкі консульскіх збораў // Партал МЗС «Беларусь. Факты», 2024 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ а б в Аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ Гандлёва-эканамічныя адносіны // Генэральнае консульства Беларусі ў Дзьвінску, 2023 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ а б в г д Беларусы Латвіі // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ Беларускія суполкі // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ Саюз беларусаў Латвіі (Рыга) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ Газета беларусаў Латвіі «Прамень» (Рыга) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ «Уздым» (Дзьвінск) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ «Вясёлка» (Краслава) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ Беларуская школа ў Рызе // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ «Вытокі» (Рыга) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ «Спадчына» (Вэнтсьпілс) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ «Вербіца» (Дагда) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ «Спатканьне» (Екабпілс) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ «Лянок» (Елгава) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ «Злата» (Елгава) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ «Мара» (Ліепая) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ «Крыніца» (Люцын) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ «Пралеска» (Зілупэ) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ «Сябры» (Струплі) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ «Сузор'е» (Рэжыца) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ «Узоры» (Ліваны) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ а б Беларускія мясьціны Дзьвінска // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ а б в г Палітычныя адносіны // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ Амбасада Латвіі ў Менску спыняе выкананьне консульскіх функцыяў (рас.) // Міністэрства замежных справаў Латвіі, 25 траўня 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ Макей: паслу Латвіі прапанавана пакінуць Беларусь на працягу сутак // БелТА, 24 траўня 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ Бесчалавечным і антыгуманным назвалі ў МЗС Беларусі рашэньне Латвіі аб забароне на ўезд беларускіх аўтамабіляў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 ліпеня 2024 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ Сяргей Гаўрыцкі. Латвія гатова садзейнічаць выхаду беларускіх тавараў на еўрапейскі рынак // БелТА, 20 красавіка 2016 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ Беларусь і Латвія маюць добрую аснову для далейшага эфектыўнага ўзаемадзеяньня - Краўчанка // БелТА, 15 лістапада 2018 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ Новым паслом Латвіі ў Беларусі прызначаны Эйнарс Семаніс // БелТА, 1 жніўня 2019 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- ^ Амбасадар // Амбасада Латвіі ў Беларусі, 6 кастрычніка 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Навіны // Генэральнае консульства Беларусі ў Дзьвінску, 17 ліпеня 2024 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- Навіны // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 7 чэрвеня 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
- Навіны (лат.) // Консульства Латвіі ў Віцебску, 3 траўня 2024 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.