Вялікі Камень (індустрыяльны парк)

Вялікі Камень (індустрыяльны парк)

Каардынаты: 53°53′59″ пн. ш. 27°59′20″ у. д. / 53.89972° пн. ш. 27.98889° у. д. / 53.89972; 27.98889

«Вялі́кі ка́мень» — індустрыяльны парк, створаны ў адпаведнасьці з указам прэзыдэнта Беларусі А.Лукашэнкі ад 5 чэрвеня 2012 году згодна зь міжурадавай дамоўленнасьцю паміж Кітайскай Народнай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь.

«Вялікі камень»
Дата ўтварэньня 5 чэрвеня 2012 (10 гадоў таму)[1]
Тып прамысловая
Юрыдычны статус свабодная эканамічная зона
Мэта прыцягненьне кітайскіх укладаньняў для стварэньня спабораздольных вытворчасьцяў[2]
Штаб-кватэра вёска Станок-Вадзіца
Месцазнаходжаньне Менская вобласьць
Дзейнічае ў рэгіёнах Смалявіцкі раён
Сяброўства 68 прадпрыемстваў з 14 краінаў (2021 г.)
Старшыня Аляксандар Ярашэнка
Намесьнік старшыні Ігар Ляшчонак
Гендырэктар Лі Хайсінь
1-ы намесьнік гендырэктара Кірыл Карацееў
Асноўныя асобы Міхаіл Шчурко, Ігар Адзінцоў[3]
Кіроўны орган Адміністрацыя
Зьвязаныя кампаніі ЗАТ «Кампанія па разьвіцьці індустрыяльнага парка», ТАА «Кампанія па кіраваньні нерухомасьцю індустрыяльнага парка»
Сайт industrialpark.by
Колішняя назва Кітайска-беларускі індустрыяльны парк (да 1 ліпеня 2014 г.)[4]

Мае статус асобнай тэрытарыяльнай адзінкі са спэцыяльным прававым рэжымам, тэрмін дзеяньня якога — 50 гадоў[1]. Канцэпцыя індустрыяльнага парка  — стварэньне новага экагорада, у якім спалучаецца вытворчая, жылая, адміністратыўная інфраструктура з экалягічнай накіраванасьцю. У разьвіцьці парка акцэнт робіцца на інавацыі і стварэньне сумесных высокатэхналягічных вытворчасьцяў.

АпісаньнеРэдагаваць

 
Мэмарыяльеы камень, закладзены ля самага парку.

Індустрыяльны парк «Вялікі камень» — гэта тэрытарыяльнае ўтварэньне плошчай 112,5 квадратных кілямэтраў з асаблівым прававым рэжымам, які забясьпечвае камфортныя ўмовы для вядзеньня бізнэсу. Парк знаходзіцца ў 25 кілямэтрах ад сталіцы Рэспублікі Беларусь гораду Менску, у непасрэднай блізкасьці ад міжнароднага аэрапорту «Менск», чыгуначных шляхоў, транснацыянальнай аўтамабільнай магістаралі Е30 Бэрлін—Масква.

На тэрыторыі парка плянуецца разьмясьціць вытворчыя і жылыя зоны, офісныя і гандлёва-забаўляльныя комплексы, фінансавыя і навукова-дасьледчыя цэнтры. Фактычна, будуецца сучасны міжнародны эка-горад з акцэнтам на высокатэхналягічныя і канкурэнтаздольныя інавацыйныя вытворчасьці з высокім экспартным патэнцыялам.

У якасьці рэзыдэнтаў індустрыяльнага парку могуць выступаць любыя кампаніі незалежна ад краіны паходжаньня капіталу. Прыярытэтныя напрамкі: электроніка і тэлекамунікацыі, біямэдыцына, тонкая хімія, машынабудаваньне, электронная камэрцыя, захаваньне і апрацоўка вялікіх аб’ёмаў зьвестак, новыя матэрыялы, лягістыка[3], а таксама сацыяльна-культурная дзейнасьць і навукова-дасьледчыя працы.

Структура кіраваньняРэдагаваць

Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» мае трохузроўневую структуру кіраваньня:

  • Міжурадавы каардынацыйны савет;
  • Адміністрацыя парка (кіраўнік — Аляксандар Ярашэнка);
  • СЗАТ «Кампанія па разьвіцьці індустрыяльнага парку» (генеральны дырэктар — Лі Хайсінь).

Міжурадавы каардынацыйны савет ажыцьцяўляе пастаноўку стратэгічных задачаў, каардынацыйную падтрымку працы парка, вырашэнне пытаньняў, якія патрабуюць удзелу ўрадаў абедзьвюх краінаў. Адміністрацыя парку ажыцьцяўляе кіраваньне паркам, прыцягненьне рэзыдэнтаў і інвэстараў, рэгістрацыю рэзыдэнтаў і іхнае комплекснае абслугоўваньне па прынцыпе «адная станцыя».

СЗАТ «Кампанія па разьвіцьці індустрыяльнага парку» вядзе будаўніцтва інфраструктуры і іншых аб’ектаў на тэрыторыі парку, а таксама пошук інвэстараў.

Падатковыя ільготыРэдагаваць

 
Гандлёва-выставачны цэнтар.

У адпаведнасьці з указам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі №166 ад 12.05.2015 Аб удаскаленьні спэцыяльнага прававога рэжыму Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» для рэзыдэнтаў парка дзейнічае спэцыяльны прававы і падатковы рэжым. Сярод асноўных ільгот:

  • вызваленьне ад падатку на нерухомасьць і зямельнага падатку (на ўвесь тэрмін дзеяньня спэцыяльнага прававога рэжыму, да 14 чэрвеня 2062 году);
  • вызваленьне ад падатку на прыбытак на 10 гадоў з моманту атрыманьня прыбытку, пасьля аплата падатку ажыцьцяўляецца па стаўцы, паменшаннай на 50% ад той, што дзейнічае ў Рэспубліцы Беларусь;
  • стаўка падаходнага падатку для супрацоўнікаў кампаніяў-рэзыдэнтаў складае 9% замест 13%;
  • вызваленьне ад ПДВ.

Акрамя гэтага, рэзыдэнты парка маюць магчамасьць арэндаваць зямельны ўчастак на тэрмін да 99 гадоў або набыць яго ў прыватную ўласнасьць.

У адпаведнасці з указам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі А.Лукашэнкі №490 ад 22 студзеня 2018 году індустрыяльнаму парку нададзены статус «тэрытарыяльнай асобай эканамічнай зоны» і такім чынам, «Вялікі камень» атрымаў максімальны аб’ём ільготаў адпаведна Мытнаму кодэксу ЕАЭС.

«Адна станцыя»Рэдагаваць

З 10 верасьня 2018 году на тэрыторыі індустрыяльнага парку працуе «Адна станцыя» (onestation.by) — сыстэма комплекснага абслугоўваньня кампаніяў, якія ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць у індустрыяльным парку. Усе неабходныя працэдуры і паслугі можна атрымаць у парку.

«Адна станцыя» абслугоўвае рэзыдэнтаў і інвэстараў, СЗАТ «Кампанія па разьвіцьці індустрыяльнага парка», удзельнікаў будаўніцтва аб’ектаў парка і іншыя кампаніі, якія знаходзяцца ў «Вялікім камні». Абслугоўваньне ажыцьцяўляюць прадстаўнікі адміністрацыі парка, рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў, а таксама дзяржаўных арганізацыяў, працэдуры і паслугі якіх запатрабаваныя кампаніямі.

Рэзыдэнты індустрыльянага паркаРэдагаваць

На цяперашні час у Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку зарэгістраваны 56 рэзыдэнтаў (25 — з Кітайскай Народнай Рэспублікі, 9 — з Рэспублікі Беларусь, 8 — з Аўстрыі, Нямеччыны, ЗША, Расеі, Ізраіля, Літвы).  Сярод іх:

  • ТАА «Бел Хуавэй Тэхноладжыс»;
  • ТАА «Завод тэлекамунікацыйнага абсталяваньня»;
  • ТАА «Зумліён Бел-Рус»;
  • ТАА «Чэнду Сіньчжу Шоўкавы Шлях Разьвіцьцё»;
  • ТАА «Чайна Мэрчантс СіЭйчЭн-БіЭлАр Камэрцыйная і Лягістычная Кампанія»;
  • ЗАТ «РэкомБел»;
  • ТАА «СІТАМ Інтэліджэнс Эквіпмэнт».

Рэзыдэнтам парка можа стаць юрыдычная асоба, якая створана ў Рэспубліцы Беларусь, знаходзіцца на тэрыторыі парка і ажыцьцяўляе або плянуе ажыцьцявіць у парку інвэстыцыйны праект. Ён павінен адпавядаць асноўным напрамкам дзейнасьці індустрыяльнага парку і патрабаваньням да аб’ёму інвэстыцый.  Сума інвэстыцый павінна складаць ня менш за 500 тысячаў даляраў ЗША для праектаў у галіне навуковых распрацовак і для астатніх праектаў пры ўмове іх рэалізацыі на працягу 3 гадоў, і 5 мільёнаў даляраў ЗША , калі  тэрмін рэалізацыі праекту большы за 3 гады. 

На 1 лютага 2019 году аб’ем заяўленых інвэстыцый склаў больш за  1 млрд даляраў ЗША. 

Будаўніцтва паркаРэдагаваць

 
Выгляд парку ў 2019 годзе.

У 2018 годзе завяршылася інфраструктурнае ўладкаваньне стартавай пляцоўкі плошчай 354 гектараў. Зараз ажжыцяўляецца комплекснае асваеньне тэрыторыі першага этапу плошчай 850 га. Да 2020 году плянуецца яго завяршыць.

У склад парку ўваходзіць 15 вёсак, па назьве адной зь якіх індустрыяльны парк атрымаў сваю назву.

  • Быкачына
  • Бярозавая Гара
  • Лазовы Куст
  • Самсонаўка
  • Загор’е
  • Заямнае (усходняя частка)
  • Чырвоны Лужок
  • Першамайская
  • Дзехань
  • Лукава
  • Зялёны Лужок
  • Дуброва
  • Задвор’е
  • Вялікі Камень
  • Сінія Горы

21 лістапада 2018 году пачалося будаўніцтва першага жылога дома каля вёскі Быкачына, разьлічаннага на 156 кватэраў. 18 сьнежня 2018 году пачалося будаўніцтва Кітайска-Беларускага цэнтру супрацоўніцтва ў галіне трансфармацыі навукова-тэхнічных дасягненьняў.

Ацэнкі праектуРэдагаваць

12 траўня 2015 году падчас візыту ў Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» старшыня КНР Сі Цьзіньпін назваў яго «перлінай Эканамічнага поясу Шаўковага Шляху». У сакавіку 2018 году экспэрты Forbes назвалі «Вялікі камень» «смарагдам эканамічнага росту Беларусі». Амбасадар Рэспублікі Беларусь у КНР назваў «Вялікі камень» беларускім Ганконгам.

Паводле зьвестак брытанскай газэты «Financial Times», Беларусь плянуе прыцягваць замежных інвэстараў праз падатковыя ільготы, лібэральнае заканадаўства адносна замежнай уласнасьці і добра адукаваную працоўную сілу[5].

Згодна з загадам, парк мае самыя вялікія ў краіне падатковыя льготы ў краіне. Так, прыбыткі фізычных асобаў у выглядзе аплаты працы, атрыманых па працоўных дагаварах ад сумеснай кіруючай кампаніі і рэзыдэнтаў індустрыяльнага парку, будуць абкаладацца падаткам на прыбытак фізычных асобаў памерам у 9%. Рэзыдэнты парку вызваляюцца ад трох найбольш важных падаткаў: падатка на зямлю, на прыбытак і маёмасьць. Таксама яны вызваляюцца ад аплаты мыты пры ўвозе абсталяваньня. Для іх будзе дзейнічаць спэцыяльная падатковая палітыка пры імпарце матэрыялаў і па аплаце ПДВ і мыты. Зямельныя ўчасткі на тэрыторыі парку інвэстар можа набыць у маёмасьць альбо атрымаць у арэнду тэрмінам да 99 рокаў.

«Вялікі Камень» зьяўляецца найбуйнешым індустрыяльным паркам у Эўропе зь ліку тых, што былі створаны Кітаем.

ДзейнасьцьРэдагаваць

На 3 студзеня 2019 году на ўліку ў індустрыяльным парку «Вялікі камень» стаялі 42 прадпрыемствы. Зь іх 14 прадпрыемстваў пачалі працу й выпуск прадукцыі. Яшчэ значная колькасьць прадпрыемстваў вядзе праектна-разьведвальную працу[6]. У 2020 годзе выручка прадпрыемстваў «Вялікага каменя» вырасла ў 3,2 разу да 188,9 млн рублёў (76,8 млн $) параўнальна зь 2019 годам. Іх экспарт вырас 8-кратна да 63,6 млн рублёў (25,8 млн $), што склала 33,7 % выручкі. Лік прадпрыемстваў «Вялікага каменя» вырас на 8 да 68 з 14 краінаў, якія працавалі ў 9 галінах: машынабудаваньне, электроніка, сувязь, біятэхналёгія, фармацэўтыка, распрацоўка і хімія новых матэрыялаў, лягістыка, электронны гандаль, захоўваньне і апрацоўка вялікага абсягу зьвестак. Лік іх працаўнікоў павялічыўся з 617 да 1115. Прамыя замежныя ўкладаньні на чыстай аснове зьнізіліся на 61,4 % да 44,3 млн даляраў ЗША, аднак укладаньні ў асноўны капітал узрасьлі на 15,4 % да 104,1 млн рублёў (42,3 млн $). Абсяг вытворчасьці вырас у 4,4 разу да 138,8 млн рублёў (56,4 млн $)[7].

21 студзеня 2022 году кіраўнік адміністрацыі «Вялікага каменя» Аляксандар Ярашэнка паведаміў пра занятасьць на вытворчасьцях індустрыяльнага парку звыш 1760 чалавек з заробкам, які ўдвая перавышаў сярэдні па Беларусі: «Тут людзі атрымліваюць звыш 2600 рублёў». Пры гэтым, Ярашэнка адзначыў: «Больш за 80 % працоўных рэсурсаў — нашае насельніцтва, якое тут працуе»[8].

Па прагнозах кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, ад рэалізацыі гэтага праекту Беларусь можа атрымліваць дадатковыя 50 мільярдаў даляраў ад экспарту кожны рок[9].

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Указ № 253 ад 5 чэрвеня 2012 г. «Аб Кітайска-беларускім індустрыяльным парку» // Belarus.by, 20 чэрвеня 2012 г. Праверана 18 красавіка 2018 г.
  2. ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 чэрвеня 2012 г. № 253 «Аб стварэньні Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень»(рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 25 траўня 2017 г. Праверана 18 красавіка 2018 г.
  3. ^ Кантакты(рас.) // Індустрыяльны парк «Вялікі камень», 2018 г. Праверана 18 красавіка 2018 г.
  4. ^ Арцём Шрайбман. Кітайска-беларускі індустрыяльны парк перайменаваны ў індустрыяльны парк «Вялікі камень» // БелаПАН, 1 ліпеня 2014 г. Праверана 18 красавіка 2018 г.
  5. ^ Кітайскім індустрыяльным паркам пад Смалявічамі зацікавілася Financial Times // Радыё «Свабода», 23 ліпеня 2013 г. Праверана 18 красавіка 2018 г.
  6. ^ Рэзыдэнты «Вялікага каменя» маюць намер інвэставаць у праекты паўмільярда даляраў // БелТА, 12 красавіка 2018 г. Архіўная копія ад 12 красавіка 2018 г. Праверана 18 красавіка 2018 г.
  7. ^ Выручка рэзыдэнтаў «Вялікага каменя» ў 2020 годзе вырасла ў 3,2 раза да Br189 млн // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 лютага 2021 г. Праверана 16 лютага 2021 г.
  8. ^ Колькі беларусаў і на якіх умовах працуюць у «Вялікім камені» // БелТА, 21 студзеня 2022 г. Праверана 23 студзеня 2022 г.
  9. ^ Ян Бабіцкі. Беларусы сталі таннай працоўнай сілай для Кітаю // Тэлеканал «Белсат», 8 траўня 2017 г. Архіўная копія ад 8 траўня 2017 г. Праверана 18 красавіка 2018 г.

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць

  Вялікі Камень (індустрыяльны парк)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў