Асобны аддзел войскаў БНР у Балтыі

Асо́бны аддзел во́йскаў БНР у Ба́лтыі, таксама вядомы як Асо́бны атра́д БНР, Асо́бны атра́д Балахо́віча — атрад войскаў БНР, які дзейнічаў на тэрыторыі Эстоніі й Латвіі пад камандаваньнем Станіслава Булак-Балаховіча ў канцы 1919 — пачатку 1920 году.

Атрад меў уласныя знакі адрозьненьня, узнагародную сыстэму й палявую пошту (для яе быў створаны наклад марак «Асобны атрад БНР»). Празь недахоп фінансаваньня атрад праіснаваў нядоўга, перайшоўшы на польскі бок, пасьля чаго займеў назву Расейскай дабраахвотнай арміі.

Перадумовы стварэньня атраду

рэдагаваць

Да пераходу на бок Беларускай Народнай Рэспублікі атрад пад камандаваньнем Станіслава Булак-Балаховіча ўваходзіў у склад расейскай (белай) Паўночна-Заходняй арміі, якая сумесна з эстонцамі вяла барацьбу з бальшавікамі ў раёне Пскову. Пасьля паражэньня Паўночна-Заходняй арміі пад Петраградам у лістападзе 1919 году сярод яе камандаваньня ўзмацніліся рознагалосьсі. Яны абвастрыліся пасьля адыходу Паўночна-Заходняй арміі на тэрыторыю Эстоніі і пачатку мірных перамоваў паміж Савецкай Расеяй і Эстоніяй. Расейская Паўночна-Заходняя армія павінная была быць інтэрнаваная і падлягала ліквідацыі[1]. У сувязі з гэтым Балаховіч шукаў магчымасьць пераходу на іншы бок.

Стварэньне атраду

рэдагаваць
 
Клаўдзі Дуж-Душэўскі (зьлева) і Кастусь Езавітаў (справа), 25 сьнежня 1919 г.
 
Конны атрад Станіслава Булак-Балаховіча, кастрычнік-лістапад 1919
 
Атрад Станіслава Булак-Балаховіча ля сьценаў Ізборскай крэпасьці, кастрычнік-лістапад 1919

Рада БНР зьвярнула ўвагу на Булак-Балаховіча яшчэ восеньню 1918 году, адразу пасьля ягонага пераходу на бок белых. Усталяваньне кантакту было немагчымым праз адсутнасьць беларускага прадстаўніцтва ў Эстоніі. Акрамя гэтага, нямецкія акупацыйныя ўлады не пагаджаліся на арганізацыю беларускага войска[2]. Праз год, 18 кастрычніка 1919 году, шэф Беларускай вайскова-дыпляматычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі палкоўнік Кастусь Езавітаў устанавіў кантакт з Балаховічам. «Бачыўся з прадстаўнікамі Атрада Ген. Балаховіча. Балаховіч цяперака зусім вольны чалавек... Хацеў бы быць бліжэ да Бацькаўшчыны (Вільня). Лічыў адзін раз сябе літвіном, але цяпер даведаўся аб беларусах і сам ня ведае хто ён. Трэба, кажэ, добра пазнаёміцца з картай, рухам і гісторыяй.» — так адзначыў першую завочную сустрэчу Кастусь Езавітаў. Далей Езавітаў зазначыў: «Я прапанаваў запытаць яго: Ці ведае ён беларускую (простую) мову; ці ведае мову літоўскую; ці ведае што фамілія его зусім беларуская; па літоўску была б Балаховічунас; як ён адносіцца да нацыянальных пытаньняў і ці прызнае ён незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі»[3]. Празь некалькі дзён прадстаўнікі генэрала ізноў сустрэліся зь Езавітавым. «Яны прыйшлі да мяне і паведамілі, што Балаховіч беларускую мову ведае і Беларускую Народную Рэспубліку прызнае і гатоў бараніць». Для свайго пераходу Балаховіч запрасіў 400 тысячаў марак, якія была патрэбныя на ўтрыманьне атраду[3].

7 лістапада 1919 году Кастусь Езавітаў накіраваў запыт міністру фінансаў БНР Васілю Закарку аб выдзяленьні неабходнай сумы на ўтрыманьне атраду генэрала Булак-Балаховіча да пачатку 1920 году. Дзяржаўны кантралёр БНР Леанард Заяц паставіў сваю рэзалюцыю 17 лістапада 1919 году, у якой пазначаецца: «Нічога німаючы проці ассыгновак на беларускія нацыянальныя атрады, лічу аднак абавязкова патрэбным назначэньне пры такіх атрадах спэцыяльного урадоўца Дзяржаўнага Кантролю дзеля ніадкладнай фактычнай праверкі і кантролю выдаткаў».[4]

14 лістапада 1919 году Балаховіч падаў афіцыйную дэклярацыю аб беларускім грамадзянстве і прыняцьці яго на беларускую службу[2]. Кастусь Езавітаў, не дачакаўшыся адказу ад ураду БНР, узяў адказнасьць на сябе і 15 лістапада 1919 году ў адказ на заяву Балаховіча паведаміў яму: «З гэтаго часу Вы з Вашым войскам лічыцесь на службе ў Арміі Беларускай Народнай Рэспублікі, як Камандзер Асобнага Атрада Беларускай Народнай Рэспублікі ў Эстіі»[4]. Атрад атрымаў афіцыйную назву «Асобны аддзел войскаў БНР у Балтыі». Не пазьней за 24 лістапада Балаховіч атрымаў ад Клаўдзія Дуж-Душэўскага й Кастуся Езавітава беларускую форму, пячаткі й штамп Асобнага атраду[5].

Дзейнасьць атраду

рэдагаваць
 
Станіслаў Булак-Балаховіч са сваім сабакам Райтам, кастрычнік-лістапад 1919 году

26 лістапада — «Асобны аддзел», паводле дамовы беларускіх дыпляматаў Клаўдзія Дуж-Душэўскага і Езавітава з урадам Эстоніі, прыняты на часовае ўтрыманьне Эстоніі, фінансавыя выдаткі залічаныя ў якасьці дзяржаўнай пазыкі БНР[2]. Не ўдалося дабіцца згоды эстонцаў на павялічэньне атрады шляхам мабілізацыі беларусаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Эстоніі, а таксама атрымаць дапамогу з боку дзяржаваў Антанты. Амэрыканская місія перадала балахоўцам палявы шпіталь і мэдыкамэнты[6].

У лістападзе, пасьля адступленьня эстонцаў ад Пскову і паражэньня Паўночнай-Заходняй арміі пад Петраградам эстонская армія, а разам зь ёй Асобны атрад БНР у Балтыі перайшла да абарончых баёў у раёне паміж Пыталавам і Ізборскам, а штам атраду быў пераведзены ў Марыенбург. Асобны аддзел знаходзіўся ў Латгаліі на стыку апэратыўнага дзеяньня 2-й і 3-й дывізіяў эстонскай арміі на поўначы былой Віцебскай губэрні. 3-я дывізія займала пераважна Паўднёвы фронт эстонскай арміі, паступова перадавала пазыцыі латышам[7].

14 сьнежня Асобны аддзел БНР захапіў вёскі Паўлава, Тульцава і ўзяў у палон 10 чырвонаармейцаў. 19—20 сьнежня бальшавікі перайшлі ў наступленьне на вёскі Паўлава, Тульцава і Вуглавыя. Паўлава было страчанае Асобным атрадам у няроўным баі, каманда атраду ў 14 чалавек загінула, за выключэньнем трох жаўнераў, якія прарваліся праз аблогу чырвоных разам з кулямётам. Асобны атрад перайшоў у контрнаступленьне і 20 сьнежня вызваліў вёску Паўлава, захапіў 1 кулямёт. 23 чырвонаармейцы загінулі ў баі[7].

20 сьнежня 1919 году Булак-Балаховіч сам знаходзіўся на перадавой лініі фронту. 19 сьнежня атрад адбіў 4 атакі чырвоных, было захоплена 17 палонных. Асобны атрад меў страты: было забіта 6 байцоў атраду, зьніклі бязь вестак 5 жаўнераў, паранена 11, захварэла ад холаду 16 чалавек. Быў забіты прапаршчык Паўлаў, цяжка паранены прапаршчык Голубеў і Сердзеў, лёгка паранены карнэт Шастакоў[7].

29 сьнежня 1919 году кіраўнік штабу Асобнага атраду рапартаваў генэралу Булак-Балаховічу ў Рэвель, што пры нападзе на вёску Ўнціна было захоплена 74 чалавекі палонных, спраўны кулямёт і 48 вінтовак, вайсковы рыштунак. Гэта была апошняя ваенная апэрацыя Асобнага аддзелу БНР на эстонска-савецкім фронце, бо ўжо 31 сьнежня 1919 году паміж Эстоніяй і Савецкай Расеяй падпісанае пагадненьне аб перамір’і[8].

З прычыны эстонска-савецкіх перамоваў Езавітаў зрабіў у Рызе прапанову прыняць атрад Балаховіча пад латыскае камандаваньне, на што атрымаў адмову. Магчыма, адной з прычынаў адмовы сталі беларускія прэтэнзіі на Дзьвінск[6].

У пачатку студзеня 1920 году Латвія выказала згоду прыняць частку атраду на сваёй тэрыторыі, у населеным пункце Марыенбург, аднак адмовілася прыняць яго пад сваё камандаваньне[6].

На 19 студзеня атрад месьціўся паміж вёскамі Бліны й Бярозкі, штаб месьціўся ў вёсцы Кудзеп. За пэрыяд з 12 па 19 студзеня параненых, забітых ці зьніклых не было[8].

22 студзеня 1920 году «Асобны аддзел» юрыдычна ўключаны Радаю БНР (урад А. Луцкевіча) у склад беларускага войска[9].

У ноч на з 27 на 28 студзеня 1920 году Балаховіч арыштаваў галоўнакамандуючага Паўночна-Заходняй арміі Мікалая Юдзеніча. Арышт Юдзеніча быў зьдзейсьнены Булак-Балаховічам нібыта для «разьлікаў» на ўтрыманьне рэшткаў Паўночна-заходняга войска. Юдзеніч быў вызвалены эстонскімі ўладамі[9].

У пачатку лютага 1920 году ў сувязі з адсутнасьці сродкаў фінансаваньня атраду, новы старшыня Рады БНР Вацлаў Ластоўскі ў прысутнасьці Езавітава пагадзіўся на пераход Балаховіча пад польскае камандаваньне.

8 лютага 1920 году Езавітаў зьвярнуўся зь лістом да Пілсудзкага, у якім, спасылаючыся на ягоны дэкрэт аб фармаваньні беларускага войска, прасіў выдзеліць атраду генэрала Булак-Балаховіча ўчастак фронту на левым флянгу польскіх войскаў. Гэты ліст прадстаўніку Польскай рэспублікі ў Рызе, Б. Боўфалу ўручыў сакратар беларускай місіі Янка Чарапук. Боўфал адмовіўся рабіць нейкія крокі ў гэтай справе, сьцьвярджаючы што Езавітава й Душэўскага адклікаў іхны ўласны ўрад, якога Польшча не прызнае[9].

Пераход на польскі бок

рэдагаваць
 
Станіслаў Булак-Балаховіч з польскімі афіцэрамі ў Берасьці, 1920

Палякамі былі распачатыя сакрэтныя перамовы з Балаховічам пры пасярэдніцтве ягонага брата Язэпа ў канцы студзеня 1920 году.

17 лютага 1920 году Балаховіч выказаў згоду на пераход пад польскае камандаваньне (у дзень прыняцьця ў склад беларускага войска ўрадам Антона Луцкевіча), адпаведнае пагадненьне было падпісанае ў Рызе 23 лютага[10]. Пад польскім камандаваньнем Булак-Балаховіч назваў сваю групу Расейскай народнай дабраахвотніцкай арміяй, а над ягоным штабам лунаў расейскі сьцяг[11]. Паводле ўспамінаў Зінаіды Гіпіюс, сам Булак-Балаховіч у канцы сакавіка 1920 году так тлумачыў абставіны пераходу свайго атраду з Эстоніі ў Польшчу[12]:


  Эстонія выпусьціла толькі адзін мой атрад узброеным. Мае людзі ў гэтым атрадзе адмовіліся раззброіцца. У красавіку я павінен зь імі ізноў ісьці супраць бальшавікоў […] Палякі прымуць мяне. Мой атрад ужо у Брэст-Літоўску. Я сустрэнуся зь Пілсудзкім і пакіну яго неадкладна, каб узьяднацца з атрадам […] Я беларус і каталік, але я змагаўся за Расею і буду падтрымліваць расейскую справу.  

26 лютага польскае камандаваньне прыняло рашэньне аб перадысьлякацыі атраду Балаховіча ў Берасьце. Атрад быў падзелены на 2 часткі: першая група выйшла з Марыенбургу 5 сакавіка, другая на дзень пазьней. Латвійцы прадаставілі для першай часткі 17 крытых вагонаў для жаўнераў, 5 плятформаў для рыштунку, 6 вагонаў для коняў і адзін для афіцэраў, для другой 17 вагонаў для жаўнераў, 7 для коней, 4 плятформы і вагон для афіцэраў. 5 красавіка першы транспарт прыбыў у Дзьвінск, адкуль рушыў у Вільню, праз 14 дзён падарожжа атрад прыбыў у Берасьце[13].

21 сакавіка 1920 году Езавітаў прапануе падпалкоўніку Мінгрэльскаму ў сувязі зь пераходам Асобнага атраду пад польскае камандаваньне ліквідаваць прадстаўніцтва пры місіі і здаць пячатку й блянкі ААБ. У Марыенбургу на гэты час заставаўся лязарэт Асобнага аддзелу, а таксама некалькі камандаў атраду. 29 красавіка Даніла Кадоўба, Юры Гладкі (пазьней заменены на Мікалая Муратава) і падпалкоўнік Мінгрэльскі былі прызначаныя ў склад ліквідацыйнай камісіі Асобнага атраду. Эвакуацыя жаўнераў у Польшчу павінная была праходзіць пад кіраўніцтвам і наглядам камісіі[14].

Езавітаў пісаў настаяцелю Траецкай праваслаўнай царквы Марыенбургу ліст з просьбай усталяваць крыж на брацкай магіле жаўнераў Булак-Балаховіча і, па магчымасьці, высьветліць імёны беларускіх дабраахвотнікаў. На гэта ён прасіў у міністра замежных справаў БНР 150 рублёў[15].

9 траўня 1920 году былы агітатар пры Асобным аддзеле М. Сарока па даручэньні Булак-Балаховіча вярнуў у Вайскова-дыпляматычную місію БНР у Рызе каўчукавую гербавую пячатку Асобнага атраду БНР у Балтыі[15].

Арганізацыя атраду, нацыянальны склад

рэдагаваць

Ад 15 лістапада 1919 году Асобны атрад БНР у Балтыі складаўся з чатырох ротаў, коннай брыгады, кулямётнай і працоўнай каманды, 2 камандаў штабу, камандаў пешай і коннай выведкі, сувязі, мэдычнага пункту. Усяго Асобны атрад налічваў 764 жаўнеры[16]. У коннай батарэі атамана Булак-Балаховіча апроч іншых былі наступныя пасады: выведнік, мэдычны фэльчар, вэтэрынар, лябарант, арцельшчык, фурансір, назіральнік, тэлефаніст, прыбіральнік, абозны, пісар, кананір, шорнік, фаервэркер. У штаб атраду таксама ўваходзіў справавод суду карнэт Фартунатаў і скарбін-квартмістар Сакалоўскі. Аналіз сьпісаў Асобнага атраду БНР за лістапад і сьнежань 1919 паказвае, што дадзенае вайсковае фармаваньне мела добра арганізаваную структуру з кавалерыяй, ротамі пяхоты і дапаможнымі адзінкамі[17].

У лютым 1920 году Балаховіч паведаміў польскай інспэкцыі колькасны стан атраду ў 898 чалавек. Ён наступным чынам паказаў нацыянальны склад жаўнераў: расейцы (41%), украінцы (23%), беларусы (21%), палякі (8%), швэды й фіны (4%), прадстаўнікі народаў Каўказу (3%). Можна дапусьціць завышэньне колькасьці ўкраінцаў пэўным разьлікам Балаховіча ў сувязі з плянамі польскага камандаваньня выкарыстаць атрад на Падольлі[17].

Форма й знакі адрозьненьня, узнагароды

рэдагаваць

Подле рапарту Кастуся Езавітава форма была распрацаваная ў лютым 1919 году і зацьверджаная Антонам Луцкевічам ужо 20 красавіка 1919 году. Праект формы быў перададзены генэралу Булак-Балаховічу, які ўвёў яе ў Асобным атрадзе. Афіцыйна форма была ізноў зацьверджаная старшынём Рады народных міністраў БНР Антонам Луцкевічам толькі 26 студзеня 1920 году, але была даведзеная да ведама супрацоўнікаў місіі значна пазьней — 16 лютага 1920[18].

Наплечныя знакі былі агульнымі як для афіцэраў, так і для вайсковых чыноў, без адрозьненьняў. Форма жаўнераў Асобнага аддзелу войскаў БНР у Балтыі мела фуражкі звычайнага ўзору з брылём, на якім разьмешчаная Пагоня (на чырвоным полі скача вершнік у срэбраных дасьпехах), на аколышках была кукарда ў форме роўнабаковага трохкутніка з нацыянальнымі колерамі: белым, чырвоным і белым[18]. Шапка афіцэра артылерыі была зь дзьвюма кукардамі, афіцэры насілі замест шаблі цясак зь цемляком у беларускіх колерах[19].

Роды войскаў у Асобным аддзеле адрозьніваліся колерамі аколышка фуражкі. Зялёны колер азначаў пяхоту, сіні — коньніцу, чорны — артылерыю, чырвоны — інжынэрныя часткі, белы быў выдзелены для штабу[20].

Спачатку была прапанова прыбраць чыны. Аднак чыны былі пакінутыя на ўзор старой расейскай арміі, бо ўсе чыны Асобнага атраду раней служылі ў расейскай арміі і мелі расейскія чыны. Дзеля адрозьненьня на вушах каўнера чыноў былі ўсталяваныя трохкутнікі адпаведнага колеру з нашытымі зорачкамі на чынах. 1 трохкутнік з 1 зорачкай — прапаршчык, з 2-м — падпаручнік, з 3-ма — паручнік, 4-ма — штабс-капітан. Для штаб-афіцэраў і генэралаў былі прадугледжаныя два трохкутнікі: адзін — як у капітана, другі — з адной зорачкай — падпалкоўнік, з 2-ма — палкоўнік, з 3-ма — генэрал-маёр[20].

Кастусь Езавітаў прапанаваў надзвычайнаму паслу БНР у Балтыі К. Дуж-Душэўскаму зацьвердзіць палажэньне аб «Полацкім Беларускім Крыжы», як адзіным ордэне БНР, які «выдаецца як у вайсковыя, там і ў мірныя часы за асобыя заслугі грамадзянам БНР перад Бацькаўшчынаю». Полацкі Беларускі Крыж меў пяць ступеняў зь дзяленьнем на дзьве катэгорыі — вайсковую й мірную. Ордэн меў шасьціканцовую форму і быў пакрыты белай эмальлю з пазалочанымі кантамі[20].

У 1920-я гады форма й ордэн былі перададзеныя ў Беларускі дзяржаўны музэй, дырэктарам якога на той час быў Вацлаў Ластоўскі[19].

Маркі й палявая пошта

рэдагаваць

У пошуках забесьпячэньня магчымасьці грашовага ўтрыманьня Кастусь Езавітаў прасіў дазволу ўраду БНР на выпуск у Рызе Беларускай пазыкі для грамадзянаў БНР і прыхільных да Беларусі дзяржаваў, а таксама крэдытных білетаў — паштовых марак. Вядома таксама пра падрыхтаваны праект грашовых асыгнацыяў БНР[21].

Для забесьпячэньня сувязі асобных частак Асобнага атраду на тэрыторыі Латвіі і Эстоніі паміж сабою і з вайсковымі ці ўрадавымі структурамі гэтых краінаў была створаная вайскова-палявая пошта. 19 студзеня 1920 году Езавітаў зьвярнуўся да міністра фінансаў Латвіі з просьбай даць дазвол на друк пяці наміналаў маркі (5 кап., 10 кап., 15 кап., 50 кап., 1 рубель) у колькасьці 500 000 экзэмпляраў. Для дзейнасьці палявой пошты не была патрэбная такая колькасьць, але яна магла прынесьці вялікі даход[22].

Праект маркі быў выкананы мастаком Рыхардам Зарыньшам, паводле меркаваньня гісторыкаў прататыпам была выкарыстаная гравюра У. дэ Гарнэка[23].

Першая партыя марак (500 000 штук па 15 кап.) была дастаўленая ў Вайскова-дыпляматычную місію БНР 14 лютага. Наступным днём Езавітаў прасіў міністра транспарту Латвіі выдаць загады, каб лісты, што былі аплачаныя маркай Асобнага атраду, прымаліся й перасылаліся латвійскай дзяржаўнай поштай, на што атрымаў станоўчы адказ. Другая партыя была надрукаваная ў канцы лютага, ужо пасьля пераходу Балаховіча на бок палякаў[22].

Маркі Асобнага атраду выкарыстоўваліся палявой поштай, якая засталася на тэрыторыі Латвіі да красавіка 1920 году і гасіліся асобным штампам[23].

  1. ^ Анатоль Грыцкевіч Станіслаў Булак-Балаховіч (1883—1940). jivebelarus.net. Праверана 27 кастрычніка 2014 г.
  2. ^ а б в Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 132.
  3. ^ а б Балахоўцы... С. 19.
  4. ^ а б Балахоўцы... С. 104
  5. ^ Балахоўцы... С. 105
  6. ^ а б в Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 133.
  7. ^ а б в Балахоўцы... С. 127
  8. ^ а б Балахоўцы... С. 128
  9. ^ а б в Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 134.
  10. ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 135.
  11. ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 142.
  12. ^ Балахоўцы… С. 149
  13. ^ Балахоўцы… С. 151—152
  14. ^ Балахоўцы… С. 153
  15. ^ а б Балахоўцы… С. 154
  16. ^ Балахоўцы... С. 131
  17. ^ а б Балахоўцы… С. 133
  18. ^ а б Балахоўцы... С. 138
  19. ^ а б Балахоўцы... С. 140
  20. ^ а б в Балахоўцы... С. 139
  21. ^ Балахоўцы... С. 144
  22. ^ а б Балахоўцы... С. 145
  23. ^ а б Батиевский В. (2 красавіка 2011) Марки и полевая почта «Асобнага атрада БНР» (рас.) mirmarok.ru Праверана 10 лістапада 2014 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Алег Латышонак Жаўнеры БНР. — 3-е. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 373 с. — 500 ас. — ISBN 978-5-00076-003-1
  • Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні / пераклад, прадмова, каментары А. Вашкевіча, А. Чарнякевіча, Ю. Юркевіча. — 2. — Смаленск: Інбелкульт. — 470 с. — 750 ас. — ISBN 978-5-9904531-9-7

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць