Язэп Гайлевіч
Язэп (Юзэф) Казімеравіч Гайлевіч (26 лютага 1893, в. Дразды, Дзісенскі павет Віленскай губэрні — 18 кастрычніка 1971, в. Бальбінава, Краслаўскі раён, ЛатССР) — беларускі рыма-каталіцкі сьвятар, грамадзкі і культурны дзеяч, пэдагог, прыхільнік беларусізацыі каталіцкай царквы, дзеяч беларускага руху ў Латвіі.
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся 26 лютага 1893 году ў в. Дразды Дзісенскага павету Віленскай губэрні. У 1913 годзе паступіў у Магілёўскую духоўную каталіцкую сэмінарыю ў Пецярбурзе. З-за падзеяў 1917—1918 гадоў у Расеі быў вымушаны перапыніць вучобу. Заняткі прадоўжыў у Менскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. 29 лютага 1920 году пасьвечаны ў сьвятары. У 1920—1921 гадах — вікарыяў у мястэчку Друя Браслаўскага павету.
У 1921—1934 гадах — адміністратар у Бальбінаве Дзісенскага павету. У 1934—1935 гадах — вікарый у касьцёле Сэрца Ісуса ў Рэжыцы (Латвія). У 1935—1943 гадах — вікарыяў у касьцёле Панны Марыі ў Дзьвінску (Даўгаўпілс, Латвія), адначасова выкладаў Закон Божы ў беларускіх школах. Прымаў удзел у культурным і грамадзкім жыцьці беларусаў Латвіі. Выступаў з казаньнямі на беларускай мове. Перасьледаваўся латыскімі ўладамі. Абвінавачваўся ў плянах далучыць Латгалію да Польшчы.
Падчас 2-й Сусьветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі, служыў у адноўленым вернікамі касьцёле Найсьвяцейшай Тройцы ў мяст. Росіца (цяпер Дрысенскі раён Віцебскай вобласьці). З 1943 году зноў у Бальбінаве. Арыштаваны органамі МДБ 10 верасьня 1949 году. Абвінавачваўся ў «правядзеньні антысавецкай агітацыі». Асуджаны 8 красавіка 1950 году да 10 гадоў ППЛ. Этапаваны 4 чэрвеня 1950 году ў Мінэральны лягер МДБ Комі АССР. 5 студзеня 1956 году пераведзены ў Дубраўны лягер МДБ Мардоўскай АССР. Вызвалены 22 чэрвеня[1] 1956 году. Служыў у касьцёле ў мястэчку Рундак (Латвія). З 1959 году зноў у Бальбінаве, пазьней у касьцёле ў вёсцы Індра (Латвія). Памёр 18 кастрычніка 1971 году ў в. Бальбінава Краслаўскага раёну Латвійскай ССР.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Паводле іншых зьвестак 24 чэрвеня
Літаратура
рэдагаваць- Календарыюм // Czasopis № 10/2006 [1]
- ГАЙЛЕВІЧ Язэп // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.