Хор
Хор (па-старажытнагрэцку: χορός — натоўп) — пеўчы гурт, прынамсі два сьпевакі якога выконваюць адну й тую ж партыю; сугучча чалавечых галасоў. Працаю сьвецкага хору кіруе дырыжор або хормайстар, а царкоўнага — рэгент. Паводле відаў галасоў харавыя партыі выконваюць сапрана, альты, тэнары ды басы. Сьпеў без інструмэнтальнага суправаджэньня называецца каплічным («як у капліцы»; па-італьянску: a cappella). Пры развучваньні харавых твораў у якасьці дапаможнага інструмэнту выкарыстоўваюць фартэпіяна.
Віды
рэдагавацьПаводле роду ды ўзросту:
- Дзіцячы. Складаецца з двух партыяў: сапрана (дыскантаў) і альтоў. Прычым сапрана можа падзяляцца на два галасы.
- Жаночы. Складаецца з сапрана і альтоў, з падзелам кожнай партыі на два галасы: першыя і другія.
- Мужчынскі. Складаецца з тэнараў і басоў, з падзелам кожнай партыі на два галасы: першыя (высокія) і другія (нізкія). У партыю першых тэнараў дапускаюцца контратэнары, якія сьпяваюць фальцэтам, што вышэй за мужчынскі галасавы дыяпазон.
- Мяшаны. Складаецца з жаночых і мужчынскіх галасоў. Жаночыя галасы складаюць партыі сапрана ды альтоў, а мужчынскія — партыі тэнароў і басоў. Унутры кожнай партыі больш высокія ды больш нізкія галасы падзяляюцца на першыя ды другія адпаведна.
- Хлапеча-юнацкі. Партыю сапрана выконваюць хлопчыкі — дысканты, партыю альтоў — контратэнары — юнакі, якія спяваюць фальцэтам. Партыі тэнараў і басоў ў такім хоры выконваюцца мужчынамі.
Паводле манэры сьпеву:
- Акадэмічны. Выкананьне грунтуецца на эўрапейскім опэрна-канцэртным сьпеўным тоне.
- Народны. Сьпеў у народнай манеры.
Паводле колькаснага складу:
- Камэрны. 12-50 сьпевакоў.
- Вялікі. 50-120 удзельнікаў.
- Зводны. Налічвае да 1000 удзельнікаў з некалькіх калектываў, што часова зьбіраюцца для выкананьня ў адзін хор.
Паводле статусу:
- Аматарскі. Зьяўляецца спосабам супольнага правядзеньня вольнага часу, хобі.
- Навучальны. Існуюць пры музычных навучальных установах.
- Прафэсійны. Складаецца з прафэсійных сьпевакоў, якія рэгулярна выступаюць з канцэртамі.
- Царкоўны. Бяруць удзел у царкоўных службах.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |