Беларуска-латвійскія дачыненьні

двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Беларусі і Латвіі

Беларуска-латвійскія дачыненьні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Беларусі і Латвіі.

Беларуска-латвійскія дачыненьні
Беларусь і Латвія

Беларусь

Латвія
Дыпляматычныя місіі
Генэральнае консульства
Беларусі ў Дзьвінску
Консульства Латвіі
ў Віцебску
Амбасадары
Генконсул Ільля Лапуць[1] Консул Клаўс Сьніедзэ

На 2024 год дзейнічала Генэральнае консульства Беларусі ў Дзьвінску, якое месьцілася па вуліцы 18 лістапада, д. 44. Генконсульства працавала з панядзелка па пятніцу ад 8:00 да 12:00 і выдавала дакумэнты ад 10:00 да 12:00[2].

Консульства Латвіі ў Віцебску месьцілася па вуліцы Багдана Хмяльніцкага, д. 27а. Консульства працавала ў будні ад 8:30 да 17:00 і ажыцьцяўляла кансультацыі па тэлефоне ад 15:00 да 17:00. Пры консуле працавала 3 віцэ-консулы і 2 трэція сакратары[3]. Ганаровым консулам Латвіі ў Магілёве быў Аляксей Саўчук[4].

15 красавіка 2022 году ўрад Беларусі ўвёў бязьвізавы ўезд для грамадзянаў Латвіі неабмежаваную колькасьць разоў пры знаходжаньні ў Беларусі да 90 дзён у каляндарным годзе. Для ўезду было дастаткова мець пашпарт і мэдычную страхоўку, а таксама зялёную картку пры руху на сваім самаходзе[5].

Ад 3 студзеня 2024 году візы ў Латвію стала выдаваць эмірацкае прадпрыемства «Сусьветнае візавае садзейнічаньне»(en) праз прадстаўніцтвы ў Менску па Бабруйскай вуліцы, д. 6 і ў Віцебску па вуліцы Янкі Купалы, д. 2-1[6]. Консульскі збор за яе афармленьне складаў 35 эўра згодна з Пагадненьнем 2020 году між Беларусьсю і Эўразьвязам аб спрашчэньні выдачы візаў[7].

Латвія служыла істотным транзытным шляхам для вывазу беларускіх тавараў у трэція краіны морам. У 2015—2020 гады беларускі вываз тавараў у 3—8 разоў перавышаў увоз латвійскіх тавараў. У 2015 годзе ўзаемны таваразварот склаў 675 млн даляраў, зь якіх 598 млн $ прыпала на беларускі экспарт. У 2016 годзе таваразварот 2-кратна да 340 млн $ пераважна праз падзеньне беларускага экспарту да 270 млн $. Да 2018 году двухбаковы таваразварот вырас да 583 млн $, дзе беларускі экспарт склаў 485 млн $. Да 2020 году таваразварот зноў упаў да 394 млн $, у тым ліку экспарт да 310 млн $. Па выніках 2020 году Латвія заняла 16-е месца па таваразвароце і 13-е паводле экспарту сярод гандлёвых партнэраў Беларусі. Аснову паставак беларускіх тавараў у Латвію складалі вырабы дрэваапрацоўкі, нафтапрадукты, нафтахімічныя вырабы, мэталавырабы, угнаеньні, ізаляваныя дроты і кабэлі, будаўнічыя матэрыялы і моцныя сьпіртныя напоі. З Латвіі ў Беларусі пастаўлялі пераважна лекі, абсталяваньне харчаваньне, тэкстыльныя і плястмасавыя вырабы[8].

У 2020 годзе продаж беларускіх паслугаў у Латвію ўпаў на 20 % да 131 млн $, а продаж латвійскіх у Беларусі скараціўся на 14 % да 67 млн $. У гандлі паслугамі пераважалі перавозкі, кампутарныя паслугі, сувязь і падарожніцтва. У 2015—2020 гады латвійскія ўкладаньні ў Беларусі штогод перавышалі 70 млн даляраў, зь якіх звыш паловы складалі наўпроставыя ўкладаньні. За 2015—2017 гады латвійскія ўкладаньні вырасьлі са 101 да 125 млн $, пасьля чаго ўпалі да 70 млн $. Прычым зь 2017 году доля наўпроставых укладаньняў стала перавышаць 80 %. У Беларусі працавала 322 прадпрыемствы з удзелам латвійскага капіталу, сярод якіх пераважалі прадпрыемствы гандлю, паслуг, дрэваапрацоўкі, фармацэўтыкі і харчовай прамысловасьці. Гэтак «Анколс і партнёры» стварылі сетку страўняў, «Нью Юроп Сінэма» стварыла сетку кінатэатраў, а «Рэм Про»(lv) (Дзьвінск) перабудавала сетку кабэльнага тэлебачаньня і сеціва. У 2015 годзе малакаперапрацоўнік «Фуд Юніён»(lv) набыў гомельскі завод «Інгман марозіва». У 2016 годзе «Олайнфарм» набыў гарадзенскі завод харчовых дадаткаў «Біятэст». Латвійскае падразьдзяленьне дацкай сеткі крамаў «Юск» запусьціла раздробную сетку тавараў для дому ў Беларусі. На 2020 год «Беларуская ўнівэрсальная таварная біржа» налічвала ў базе свайго латвійскага прадстаўніцтва каля 400 прадпрыемстваў, якія закупалі тавары[8].

Беларуска-латвійскую міжурадавую камісію гандлёва-эканамічнай і навукова-тэхнічнай супрацы ўзначальвалі міністры транспарту Беларусі і Латвіі. Яе 14-е паседжаньне адбылося ў Менску 2 кастрычніка 2019 году. Раду дзелавой супрацы ўзначальвалі начальнікі Беларускай чыгункі і чыгункі Латвіі. Яе паседжаньне 5 верасьня 2018 году. Таксама дзейнічала Камісія міжнародных аўтамабільнях зносінаў[8]. Па выніках 2022 году Латвія ўзьнялася на 15-е месца паводле таваразвароту і 12-е паводле экспарту сярод гадлёвых партнэраў Беларусі, хоць таваразварот упаў у 1,5 разы з больш як 600 млн $ у 2021 годзе да менш як 400 млн $[9].

Культура

рэдагаваць
 
Генконсульства Беларусі ў Дзьвінску (2009 год)

У лістападзе 1988 году ў Рызе стварылі Беларускае культурнае таварыства «Сьвiтанак». У 1991 годзе ўтварылі Аб'яднаньне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар», якое штогод брало ўдзел у выставах у Беларусі і Латвіі. Карціны мастакоў аб'яднаньня ўключылі ў зборы музэяў Беларусі. У 1994 годзе высілкамі таварыства «Сьвітанак» пры падтрымцы Амбасады Беларусі ў Латвіі адчынілі беларускую школу, якая ў 2011 годзе атрымала імя Янкі Купалы. У школе стварылі музэйную экспазыцыю пра Якуба Коласа, Янку Купалу і Янку Маўра. Таксама пры школе дзейнічаў ансамбль «Вавёрачка», які браў удзел у канцэртах. Вучні школы штогод наведвалі з экскурсіямі Беларусь. У 2003 годзе беларускія таварыствы Вэнтсьпілсу, Дзьвінску, Ліепаі і Рыгі заснавалі Саюз беларусаў Латвіі, які злучыў 13 таварыстваў беларусаў Латвіі і 2 суполкі. Беларускія таварыствы Латвіі штогод ладзілі сьвяты беларускай культуры, беларускія лекцыі і выставы. У большасьці суполак дзейнічалі творчыя гурты. На 2021 год у Латвіі налічвалася каля 66 000 беларускаў, якія складалі каля 3,5 % насельніцтва Латвіі і былі 2-й найбольшай нацыянальнай меншасьцю краіны. Беларусы ў Латвіі пераважна пражывалі ў Рызе, Дзьвінску, Ліепаі, Вэнтсьпілсе, Елгаве і мястэчках Латгаліі[10].

На 2024 год налічвался 24 беларускія суполкі ў Латвіі[11].

  • Саюз беларусаў Латвіі (заснаваны ў чэрвені 2003 году). Кіраўніца ад заснаваньня: Валянціна Піскунова. Заснавальнікамі сталі беларускія таварыствы «Прамень» (Рыга), «Спадчына» (Вэнтсьпілс), «Мара» (Ліепая) і «Ўздым» (Дзьвінск). Пазьней далучылася яшчэ 11 беларускіх таварыстаў: «Вясёлка» (Краслаўка), «Крыніца» (Люцын), «Сузор’е» (Рэжыца), «Спатканьне» (Екабпілс), «Лянок» (Елгава), «Вясёлка» (Прэйліскі край) і «Ўзоры» (Ліваны). Стварылі вэб-бачыну, а ў 2006 годзе перанялі беларускамоўную газэту «Прамень», галоўным рэдактарам якой ад заснаваньня ў 1994 годзе быў Лявон Шакавец. Таксама стварылі бібліятэку[12]. Газэта выходзіла кожныя 2 месяцы накладам 1000 асобнікаў[13].
  • «Уздым» (Дзьвінск). Створаная 6 ліпеня 1993 году. У горадзе і краі пражывала 8000 беларусаў. Кіраўніца: Жанна Раманоўская. Падтрымлівала беларускую нядзельную школу «Вясёлка», якую адчынілі 8 кастрычніка 1995 году. Выдавала штоквартал газэту «Уздым». Пры Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) Дзьвінскага гарадзкога самакіраваньня стварыла 7 творчых гуртоў: сьпеўны «Купалінка» (1992), танцавальны «Лянок» (2000), тэатральны «Паўлінка» (2007), харавы «Спадчына» (2013) і музычны «Пралескі» (2014). У 2017 годзе заснавалі мастацкую студыю «Калярытны сьвет», а ў 2019-м дзіцячую студыю «Скарбніца». Творчыя гурты бралі ўдзел у такіх міжнародных фэстах, Латвійскае сьвята танцу і песьні, Славянскі базар у Віцебску, «Балтыка», «Верхняя Дзьвіна», «Браслаўскія зарніцы», «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю», «Залесьсе зьбірае сяброў» і «Вэнтсьпілскі вянок». У 2018-м адчынілі музэйны пакой «Беларуская хатка». Беларуская бібліятэка налічвала 1750 кніг. У ЦБК ладзілі міжнародны фэст «Беларускі кірмаш у Дзьвінску», Дні беларускай культуры, Купальле і літаратурныя вечарыны зь пісьменьнікамі. Рыхтавалі гульн для дзіцячых садкоў «Нашыя суседзі – беларусы» і экскурсіі для школьнікаў «Беларускі дом»[14].
  • «Вясёлка» (Краслаўка). Заснаваная 18 сакавіка 2005 году. У Краслаўцы пражывала каля 3000 беларусаў. Кіраўніца: Сьвятлана Стэльмачанак, якіа выкладала беларускую мову і літаратуру ў Краслаўскай сярэдняй школе «Варавікснэ» для 5-6 клясаў. Краслаўскі краязнаўчы музэй меў экспазыцыю пра Ягена Ільлінца, які стварыў сьпеўны гурт «Куток». У Доме культуры Краслаўкі працаваў сьпеўны гурт «Накцюрн» пад кіраўніцтвам Рыты Андрэевай[15].
  • Рыская беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы. Заснаваная ў 1994 годзе ў якасьці беларускіх клясаў пры сярэдняй школе № 15 на прапанову старшыні таварыства «Сьвітанак» Вячаслава Целеша і амбсадара Беларусі Валянціна Вялічкі. У Рызе пражывала каля 35 000 беларусаў. Кіраўніца беларускіх клясаў: Ганна Іванэ зь 1995 году, якая загадвала школай у 2002-218 гадох. У 1998 годзе стала асноўнай дзяржаўнай школай, а 17 чэрвеня 2010 году пераехала ў будынай сярэдняй школы № 86 паводле рашэньня Рыскай гарадзкой думы. У 2011 годзе школа атрымала імя Янкі Купалы. У школе дзейнічаў музэй пра творчасьць Янку Купалы, Якуба Коласа і Янкі Маўра. На 2021 год у 1-9 клясах навучалася 150 чалавек і каля 20 чалавек займалася ў падрыхтоўчай клясе. Першы выпуск адбыўся ў 2003 годзе. Ад таго часу выпусьцілі звыш 100 вучняў. У школе выкладалі беларускую мову і літаратуру. У школе стварылі сьпеўны гурт «Вавёрачка», гурт візуальнага мастацтва і гурток мяккай цацкі[16].
    • «Вытокі» (засн. 2009). Кіраўніца: Таісія Бачкарова. Аднайменны сьпеўны гурт браў удзел у фэстах[17].
  • «Спадчына» (Вэнтсьпілс). Створаная ў студзені 1993 году. У Вэнтсьпілсе і ваколіцах пражывала каля 1000 беларусаў. Кіраўніца: Натальля Бальшакова. Дзейнічаў сьпеўны гурт «Журавінка», якім кіравала Анжаліка Зрайчэнка. Гурт браў удзел у такіх міжнародных фэстах, як Рэспубліканскі форум нацыянальных меншасьцяў Латвіі, «Ад Ліга да Купалы», «Маленькія зорачкі», «Залатая пчолка» (Магілёўская вобласьць), «Славянскі базар у Віцебску» і Міжнародны фэст мастацтваў беларусаў сьвету[18].
  • «Вербіца» (Дагда). Створаная 30 сьнежня 2011 году. У Дагдзе пражывала каля 500 беларусаў. Кіраўніца: Тамара Гагалінская. Дзейнічалі гурты: сьпеўныя «Вярба» (засн. 2011), якім кіравала Ларыса Тукіша, і «Ваколіца» (2013), якім кіравала Тамара Старавойтава, а таксама «Нацыянальная студыя» (2017), якім кіравала Віта Вітанэ. Выкарыстоўвалі песьні на вершы Станіслава Валодзькі. Бралі ўдзел у фэстах: «Беларускі кірмаш у Дзьвінску» Фэст сяброўства нацыянальных меншасьцяў, «Залесьсе запрашае сяброў» (Смаргонскі раён), «Славянскі базар», «Беларускі народны фэстын» у Нараўцы (Падляскае ваяводзтва), «Вішнёвы фэстываль» у Глыбокім, «Завалінка» (Сварынцы, Дагдзкі край) і Дні беларускай культуры ў Люцыне[19].
  • «Спатканьне» (Екабпілс). Заснаваная 10 сакавіка 2010 году. У горадзе і ваколіцах пражывала 400 беларусаў. Кіраўніца: Іна Янсане. Ад пачатку дзейнічаў сьпеўны гурт «Завіруха» (кіраўніца Вольга Прановіч), які браў удзел у фэстах народнай песьні (Ліваны), «Беларускі кірмаш» у Дзьвінску і «Балтыка» ў Рэжыцы[20].
  • «Лянок» (Елгава). Створаная 25 лістапада 2006 году. У акрузе каля 4000 беларусаў. Кіраўніца: Алена Грысьле. У сакавіку 2007 году стварылі аднайменны сьпеўны гурт, які пры заснаваньні выступіў на ІІ Міжнародным фэсьце беларускай песьні ў Рызе да 125-годзьдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа. У 2010 годзе выстуіў на 5-м фэсьце нацменшасьцяў у Рэжыцы і 10-м ТБ-фэсьце «Амбэрстар» у Стакгольме. У 2017 годзе выступіў на ХХ фэсьце «Зьвіняць цымбалы і гармонік» у Паставах. У 2013 і 2019 гадоз адбыліся выступы на «Славянскім базары»[21]. Ад 2012 году дзейнічаў гурт «Злата», якім кіравала Зэнта Трацьцяк[22].
  • «Мара» (Ліепая). Створаная 14 траўня 1999 году. У акрузе пражывала 2800 беларусаў. Кіраўнік: Віктар Янцэвіч. У 2000 годзе стварылі сьпеўны гурт «Паўлінка», які выступаў на такіх фэстах, як «Славянскі базар», «Браслаўскія зарніцы», «Смаргонь зьбірае сяброў», песьні і танцу ў Рызе, беларускай песьні ў Клайпедзе (Летува). У 2013 годзе сабралі сродкі, на якія набылы будынак для будучага Беларускага дому ў цэнтры Ліепаі. У 2018 годзе пачалі прыбіраць вайсковыя брацкія могілкі ў Ліекнях (Скрундзкі край), дзе пахаваны яфрэйтар П.І. Купрыянаў з Жодзіна, які атрымаў годнасьць героя Савецкага Саюзу[23].
  • «Крыніца» (Люцын). Створаная 9 траўня 2006 году. У акрузе пражывала 330 беларусаў. Кіраўнік: Ігар Ермакоў. У 2017 годзе стварылі аднайменны сьпеўны гурт, якім кіравала Вера Дарэйка-Сінкевіч. Бралі ўдзел у конкурсе «Пазнай Беларусь»[24].
  • «Пралеска» (Зілупэ). Заснаваная 13 лютага 2012 году. У краі пражывала 500 беларусаў. Кіраўніца: Натальля Мірцхулава. Ладзілі беларускія сьвяты са сьпевамі[25].
  • «Сябры» (Сокалы(lv), Вілянскі край). Заснаваная 6 сьнежня 2010 году. Кіраўнік: Віктар Гардзейка. Ладзілі творчыя вечарыны ў Сокалах і Вілянах[26].
  • «Сузор'е» (Рэжыца). Заснаваная 7 чэрвеня 2007 году ў краі пражывала 400 беларусаў. Кіраўніца: Людміла Стэц. У 2012 годзе стварылі аднайменны сьпеўны гурт, а пазьней моладзевы гурт «Пралескі», якія штогод выступалі на дні горада і фэстах. У Рэжыцы працавала нядзельная кляса з вывучэньнем беларускай мовы[27].
  • «Узоры» (Ліваны). Створаная 14 лютага 2000 году. У ваколіцах пражывала 300 беларусаў. Кіраўніца: Лідзія Знотыня. У 2010 годзе заснавалі аднайменны музычы гурт, які ўзначальвала Яніна Юзэфовіч. Гурт браў удзел у сьвяце песьні і танцу, ўкраінскім фэсьце «Чырвоная каліна»(uk) (Шманькаўцы, Тарнопальская вобласьць) і міжнародным фэсьце «Балтыка»[28].

Мінуўшчына

рэдагаваць

З Раньняга Сярэднявечча крывічы і латгалы мяшана пражывалі ў Латгаліі, што заклала прысутнасьць Полацкага княства ў ніжнім цячэньні Дзьвіны. Пасьля заснаваньня Рыгі ў 1201 годзе і яе ўваходжаньня Ганзейскі саюз пры латвійскіх местах пачалі ўзьнікаць беларускія слабодкі. За часамі Вялікага Княства Літоўскага ў насельніцтве значна вырасла выхадцаў зь земляў Беларусі. У 1650-я гады беларусы складалі значную частку насельніцтва Латгаліі, асабліва Люцынскага, Краслаўскага і Дзьвінскага краёў. Па ўсёй Латвіі існавалі тэрыторыі кампактнага пражываньня беларусаў. У XVIII стагодзьдзі ў Латвіі ўзьнікла некалькі беларускіх праваслаўных цэркваў[10]. Пад Дзьвінскам нарадзіўся натурфілёзаф Станіслаў Шадурскі (1726–1789), які навучаўся ў Віленскім езуіцкім калегіюме, працаваў прафэсарам у Наваградзкім езуіцкім калегіюме ды выдаў творы «Прынцыпы філязофіі мысьленьня і адчуваньняў» (1758) і «Фізыка, або філязофія прыроды»[10].

Пасьля адмены прыгоннага права ў Расейскай імпэрыі ў 1861 годзе павялічылася перасяленьне беларусаў у партовыя гарады Латвіі. Паводле Ўсерасейскага перапісу 1897 году ў Латвіі налічвалася звыш 80 000 беларусаў. У ХІХ – пачатку XX стагодзьдзяў з Латвіі паходзілі, тут навучаліся і працавалі такія беларускія дзеячы, як: Ігнат Буйніцкі, Віктар Вальтар, Ніна Ватацы, Кастусь Езавітаў, Карусь Каганец, Уладзімер Кудрэвіч, Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч і Янка Маўр[10].

 
Шыльда Вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі.

У жніўні 1919 году Беларуская Народная Рэспубліка адчыніла Консульства БНР у Рызе, якое ўзначаліў Кузьма Цярэшчанка. На яго аснове ў 1919—1921 гадох дзейнічала Вайскова-дыпляматычная місія БНР у Латвіі і Эстоніі на чале з Кастусём Езавітавым, якая кіравала Асобным аддзелам войскаў БНР у Балтыі пад загадам генэрала Станіслава Булак-Балаховіча. На пачатку ХХ стагодзьдзя Беларускія настаўніцкія курсы ў Дзьвінску працавалі на вуліцы Страдніеку, дзе цяпер месьціцца Латгальскі транспартны каледж. Сярод 70 навучэнцаў іх скончылі 25 чалавек. У 1922–1939 гадох дзейнічала Дзьвінская дзяржаўная беларуская гімназія, заснаваная дзякуючы намаганьням культурна-асьветніцкага таварыства «Бацькаўшчына». Гімназіяй загадвалі Іван Краскоўскі (1922–1925), Сяргей Сахараў (1925–1932), Я. Чаман (1932–1935) і Я. Плоніс (1935–1939). У ёй выкладалі Паўліна Мядзёлка-Грыб, Андрэй Якубецкі, У. Раткін, І. Фёдараў, У. Відаўскі, Сава Трубіцын і Язэп Гайлевіч. У гімназіі дзейнічалі аркестар і хор, радыётэхнічны і літаратурна-гістарычны гурткі, выдаваўся на гектографе вучнёўскі часопіс «Школьная праца». Гістарычны музэй гімназіі захоўваў частку слуцкага пояса, падараванага Вацлавам Ластоўскім. Вучні ладзілі пастаноўкі па п'есах беларускіх драматургаў. Пры гімназіі існаваў 45-ы скаўцкі атрад. Пры гімназіі працавалі мэханічная сьлясарна-такарная і шавецка-ткацкая майстэрні пад кіраўніцтвам інжынэра Я. Комісара[29].

У 1922 годзе ў Дзьвінску адчынілі беларускую пачатковую школу пад кіраўніцтвам Андрэя Якубецкага, якая спачатку месьцілася ў будынку беларускай гімназіі, а потым працавала на Стараверскай вуліцы, д. 53 пад кіраўніцтвам Кастуся Александровіча, дзе цяпер месьціцца расейскі ліцэй. На 1923 годзе ў пачатковай школе вучылася 175 дзяцей. Пазьней ёй кіраваў А. Барткевіч. Большую частку часу тая школа працавала ў 2-павярховым будынку на Ковенскай вуліцы, д. 98, які зьнесьлі за савецкім часам. Падчас Нямецка-савецкай вайны пачатковая школа працавала ў будынку на Ковенскай вуліцы, д. 8, дзе цяпер таксама дзейнічае Дзьвінская дзяржаўная гарадзкая сярэдняя школа. Таксама падчас вайны каля скрыжаваньня вуліцаў Венібас і Імантас у 2-павярхоўвым цагляным будынку працавала Ўправа беларускіх школаў, якой кіраваў Алесь Махноўскі[29].

У 1920–1930-я гады беларусы таксама стварылі культурна-асьветніцкія таварыствы «Рунь» і «Беларуская хата», Беларускае навуковае таварыства ў Рызе і Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі. Выдавалі часопісы «На чужыне» і «Беларуская школа ў Латвіі». Дзейнічала Таварыства беларускага тэатру. Паводле перапісу насельніцтва СССР 1979 году ў Латвійскай ССР налічвалася 111 500 беларусаў, якія складалі 4,5 % насельніцтва[10].

16 сьнежня 1991 году ўрады Беларусі і Латвіі падпісалі Дэклярацыю аб прынцыпах добрасуседзкіх дачыненьняў. 7 красавіка 1992 году дзяржавы ўсталявалі дыпляматычныя дачыненьні. У 1993 годзе адчыніліся Амбасада Беларусі ў Латвіі і Амбасада Латвіі ў Беларусі. 21 лютага 1994 году ўрады Беларусі і Латвіі заключылі міждзяржаўную дамову аб беларуска-латвійскай граніцы. У 1994 годзе запрацавалі Генэральнае консульства Беларусі ў Дзьвінску і Консульства Латвіі ў Віцебску. У 1994 годзе прэм’ер-міністр Латвіі Валдзіс Біркаўс наведаў Беларусь. У 1995 годзе ў Беларусь прыяжджаў латвійскі прэм'ер Марыс Гайліс. У 1998 годзе старшыня ўраду Беларусі Сяргей Лінг наведаў Латвію. У 2001 годзе ў Латвію прыяжджаў беларускі прэ'мер Уладзімер Ярмошын[30].

 
Сустрэча старшыняў урадаў Беларусі (справа) і Латвіі ў Рызе (2010 год)

У 2008 годзе старшыня ўраду Беларусі Сяргей Сідорскі наведаў Латвію. У 2009 годзе старшыня ўраду Латвіі Іварс Годманіс зрабіў візыт у адказ. У 2010 годзе ў Латвію паўторна прыяжджаў прэм'ер Сідорскі. У красавіку 2013 году міністар замежных справаў Латвіі Эдгарс Рынкевічс наведаў Беларусь. У лютым 2014 годзе міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей наведаў Латвію. У 2015 годзе міністры замежных справаў Макей і Рынкевічс сустракаліся ў Менску і Рызе. У 2016 годзе Латвію наведаў беларускі прэм'ер Андрэй Кабякоў, а ў ліпені 2016 году — паўторна Ўладзімер Макей. У ліпені 2017 году Беларусь наведаў Эдгарс Рынкевічс. 7 лютага 2018 году ў Беларусь прыяжджаў латвійскі прэм'ер Марыс Кучынскіс, які падпісаў Мэмарандум аб узаемаразуменьні па асноўных напрамках эканамічнага супрацоўніцтва на сярэднетэрміновую пэрспэктыву, а ў ліпені 2018-га Латвію наведаў Макей. 16 студзеня 2020 году візыт у Беларусі зрабіў латвійскі прэм'ер Крыш’яніс Карыньш, які таксама завітаў у індустрыяльны парк «Вялікі Камень» (Смалявіцкі раён), а ў ліпені 2020 году ў Латвію прыяжджаў Уладзімер Макей. Да гэтага часу між гарадамі і абласьцямі Беларусі і Латвіі заключылі каля 60 пагадненьняў аб пабрацімскіх сувязях. Таксама падпісалі каля 60 двухбаковых міжнародных дамоваў[30].

 
Канвэрт першага дня Беларусі, прысьвечаны 25-годзьдзю беларуска-латвійскіх дачыненьняў (2017 год)

У жніўні 2020 году Сойм Латвіі ўхваліў Заяву аб непрызнаньні легітымнасьці прэзыдэнта Беларусі[30]. 25 траўня 2021 году Амбасада Латвіі ў Беларусі спыніла працу праз выправаджэньне латвійскіх дыпляматаў зь Беларусі[31]. Напярэдадні, 24 траўня перад адкрыцьцём Чэмпіянату сьвету па хакеі з шайбай 2021 году мэр Рыгі Марціньш Стакіс і міністар замежных справаў Латвіі Эдгарс Рынкевічс замянілі чырвона-зялёны сьцяг і бела-чырвона-белы сьцяг у цэнтры гораду, дзе стаялі сьцягі краінаў-удзельніцваў першынства. У адказ міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей прапанаваў латвійскім дыпляматам пакінуць Беларусь цягам 48 гадзінаў[32]. 26 чэрвеня 2021 году Амбасада Беларусі ў Латвіі прыпыніла працу на патрабаваньне ўраду Латвіі[30]. 16 ліпеня 2024 году ўрад Латвіі забараніў уезд з аўтамабільнымі рэгістрацыйнымі знакамі Беларусі[33].

Беларускія амбасадары

рэдагаваць
  1. Валянцін Вялічка (1993—1997)
  2. Міхаіл Марыніч (1999—2001)
  3. Вадзім Ламкоў (2002—2005)
  4. Аляксандар Герасіменка (2006—2013)
  5. Марына Даўгаполава (2013—2018)
  6. Васіль Марковіч (2018—2020)

Латвійскія амбасадары

рэдагаваць
  1. ^ Генэральны консул // Генэральнае консульства Беларусі ў Дзьвінску, 2024 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  2. ^ Адрас і час працы // Генэральнае консульства Беларусі ў Дзьвінску, 2024 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  3. ^ Консульства Латвіі ў Віцебску // Міністэрства замежных справаў Латвіі, 19 сьнежня 2023 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  4. ^ Ганаровыя консулы Латвіі (лат.) // Міністэрства замежных справаў Латвіі, 18 ліпеня 2024 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  5. ^ Парадак бязьвізавага ўезду для грамадзян Летувы, Латвіі і Польшчы // Міністэрства замежных справаў Беларусі, 2024 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  6. ^ Консульскія зьвесткі // Міністэрства замежных справаў Латвіі, 10 чэрвеня 2024 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  7. ^ Cтаўкі консульскіх збораў // Партал МЗС «Беларусь. Факты», 2024 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  8. ^ а б в Аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  9. ^ Гандлёва-эканамічныя адносіны // Генэральнае консульства Беларусі ў Дзьвінску, 2023 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  10. ^ а б в г д Беларусы Латвіі // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  11. ^ Беларускія суполкі // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  12. ^ Саюз беларусаў Латвіі (Рыга) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  13. ^ Газета беларусаў Латвіі «Прамень» (Рыга) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  14. ^ «Уздым» (Дзьвінск) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  15. ^ «Вясёлка» (Краслава) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  16. ^ Беларуская школа ў Рызе // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  17. ^ «Вытокі» (Рыга) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  18. ^ «Спадчына» (Вэнтсьпілс) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  19. ^ «Вербіца» (Дагда) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  20. ^ «Спатканьне» (Екабпілс) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  21. ^ «Лянок» (Елгава) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  22. ^ «Злата» (Елгава) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  23. ^ «Мара» (Ліепая) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  24. ^ «Крыніца» (Люцын) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  25. ^ «Пралеска» (Зілупэ) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  26. ^ «Сябры» (Струплі) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  27. ^ «Сузор'е» (Рэжыца) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  28. ^ «Узоры» (Ліваны) // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  29. ^ а б Беларускія мясьціны Дзьвінска // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  30. ^ а б в г Палітычныя адносіны // Амбасада Беларусі ў Латвіі, 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  31. ^ Амбасада Латвіі ў Менску спыняе выкананьне консульскіх функцыяў (рас.) // Міністэрства замежных справаў Латвіі, 25 траўня 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  32. ^ Макей: паслу Латвіі прапанавана пакінуць Беларусь на працягу сутак // БелТА, 24 траўня 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  33. ^ Бесчалавечным і антыгуманным назвалі ў МЗС Беларусі рашэньне Латвіі аб забароне на ўезд беларускіх аўтамабіляў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 ліпеня 2024 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  34. ^ Сяргей Гаўрыцкі. Латвія гатова садзейнічаць выхаду беларускіх тавараў на еўрапейскі рынак // БелТА, 20 красавіка 2016 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  35. ^ Беларусь і Латвія маюць добрую аснову для далейшага эфектыўнага ўзаемадзеяньня - Краўчанка // БелТА, 15 лістапада 2018 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  36. ^ Новым паслом Латвіі ў Беларусі прызначаны Эйнарс Семаніс // БелТА, 1 жніўня 2019 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.
  37. ^ Амбасадар // Амбасада Латвіі ў Беларусі, 6 кастрычніка 2021 г. Праверана 21 ліпеня 2024 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць