Шарашоў

мястэчка ў Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці Беларусі
(Перанакіравана з «Шарашэва»)

Шарашо́ў, Шарашэ́ва[3] — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Левай Лясной. Цэнтар сельсавету Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 1720 чалавек[1]. Знаходзіцца за 20 км на захад ад Пружанаў, за 32 км ад чыгуначнай станцыі Аранчыцы (лінія Берасьце — Баранавічы), за 97 км ад Берасьця.

Шарашоў
лац. Šarašoŭ
Званіца на гістарычнай Камянецкай вуліцы
Званіца на гістарычнай Камянецкай вуліцы
Герб Шарашова
Першыя згадкі: 1380
Магдэбурскае права: 1726
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Пружанскі
Сельсавет: Шарашэўскі
Насельніцтва: 1720 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1632
Паштовы індэкс: 225175[2]
СААТА: 1256562000
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 52°33′37″ пн. ш. 24°12′51″ у. д. / 52.56028° пн. ш. 24.21417° у. д. / 52.56028; 24.21417Каардынаты: 52°33′37″ пн. ш. 24°12′51″ у. д. / 52.56028° пн. ш. 24.21417° у. д. / 52.56028; 24.21417
Шарашоў на мапе Беларусі ±
Шарашоў
Шарашоў
Шарашоў
Шарашоў
Шарашоў
Шарашоў
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Шарашоў — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Берасьцейшчыны. Да нашага часу тут захавалася драўляная званіца ў стылі барока, драўляная Петрапаўлаўская царква і мураваны касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі клясыцызму, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася драўляная Прачысьценская царква ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Тапонім Шарашоў, найбольш імаверна, утварыўся ад мясцовага дыялектнага слова шэраш — 'дробны лёд на рацэ ў адлігу'. Паводле некаторых зьвестак, у старажытнасьці паселішча мела назву Шаршнёў — ад слова шэршань. Потым, нібы, назва зьмянілася на Шарашоў, а далей — Шарашова. Аднак, гэтая вэрсія ня мае грунту[4]. На думку географа Вадзіма Жучкевіча, назва мястэчка ўтварылася ад імя Шэраш (значэньне асновы — шэры)[5], што адпавядае мясцоваму паданьню пра паходжаньне назвы і пра заснаваньне самога паселішча.

Традыцыйная гістарычная назва паселішча — Шарашоў[6]. Цяперашняя афіцыйная назва паселішча — Шарашэ́ва[3], таксама сустракаюцца варыянты Шарашо́ва[3] і Шо́рашава[3].

Гісторыя

рэдагаваць

Паданьне

рэдагаваць
 
Шарашоў, з мапы 1579 г.

Паводле паданьня, на месцы Шарашова не было ніякага жытла, апроч невялікай карчмы пасярод пушчы пры гасьцінцу. Пра карчму хадзіла благая слава, быццам там знаходзяць прытулак лясныя злодзеі — за сьпіртное і дробныя грошы гатовыя нават на забойства. І быццам аднойчы тут спыніўся баярын, уночы на яго напалі злодзеі на чале з гаспадаром карчмы. На дапамогу баярыну прыйшоў пастаялец з шнарам праз твар, і разам ім удалося ўцячы. Невядомага звалі Шэрашам (імя цюрскае паводле паходжаньня), і ён быў галоўным разбойнікам у пушчы. Згодна з паданьнем, пра Шэраша хадзілі чуткі, што менавіта ён скраў каралеўскую карону вялікага князя Вітаўта, якую везьлі ад кракаўскіх ювэліраў, быццам у Шэраша бачылі вялікі дыямэнт з гэтай кароны. Баярын і Шэраш склалі дамову, паводле якой першы абяцаў выпрасіць ад вялікага князя дазвол на будову паселішча ў пушчы, тым часам другі будзе забясьпечваць бясьпеку паселішча. Такім чынам, паводле паданьня, і ўзьнік Шарашоў, першымі яго жыхарамі сталі разбойнікі Шэраша, а потым — рамесьнікі і гандляры. Шэраш абараняў паселішча і нават вяршыў справядлівы суд, ды наогул быў шчодрым чалавекам, за што шарашоўцы паважалі і любілі яго. Празь некаторы час баярына забіў абражаны муж ягонай палюбоўніцы, за што Шэраш забіў і яго. Па гэтым зьнік і сам Шэраш. Паданьне сьцьвярджае, што на гербе Шарашова (нададзены ў 1792 годзе) выяўлены не арханёл Гаўрыіл, а Шэраш.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Шарашоў, з мапы 1656 г.

Першы пісьмовы ўпамін пра Шарашоў зьмяшчаецца ў грамаце пра яго наданьне камянецкаму намесьніку Мікалаю Насуце Шампарту і датуецца 26 студзеня 1380 году. З XV ст. Шарашоў уваходзіў у склад Камянецкага павету і знаходзіўся ў валоданьні ваяводы троцкага Яна Забярэзінскага як пасаг праз шлюб з Ганнай Ядвігай Насутаўнай. Па гібелі Забярэзінскага ў пачатку XVI ст. Шарашоў у якасьці пасагу ягонай дачкі перайшоў да старосты берасьцейскага Юрыя Ільлініча (памёр у 1526 годзе). У 1536 годзе ягоны зяць, берасьцейскі войт Ян Абрамовіч[7] прадаў маёмасьць вялікай княгіне Боне Сфорцы, якая надала паселішчу права на самакіраваньне[8].

 
Шарашоў, з мапы 1613 г.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Шарашоў увайшоў у склад Берасьцейскага павету Берасьцейскага ваяводзтва. Кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Шарашову статус мястэчка, спасылаючыся на папярэднюю грамату Боны Сфорцы. У Інфлянцкую вайну тут знаходзіўся адзін з пунктаў збору войскаў Рэчы Паспалітай у часе паходу супраць Маскоўскай дзяржавы. У канцы XVI ст. мястэчка стала цэнтрам войтаўства Кобрынскага староства. У 1595 годзе Жыгімонт Ваза надаў Шарашову прывілей на таргі і кірмашы. Празь мястэчка праходзіў шлях паміж дзьвюма сталіцамі — Кракавам і Вільняй, а таксама Вялікі галоўны гасьцінец або «вялікая дарога», што ішоў да Любліна.

 
Местачковы герб, 1792 г.

У XVII стагодзьдзі ў Шарашове працавалі шынкі, саладоўня, піваварня; разьвівалася смалакурэньне. Значную частку насельніцтва складалі жыды, што жылі тут сваім асабістым аб’яднаньнем — кагалам, які, у сваю чаргу, падпарадкоўваўся больш высокай установе — Берасьцейскаму вааду. У сярэдзіне XVII ст. паселішча прыйшло ў заняпад у зьвязку зь пераносам сталіцы Рэчы Паспалітай з Кракава ў Варшаву. З гэтай прычыны кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза скасаваў местачковыя прывілеі на кірмашы і таргі. Па вайне Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1661) з прычыны разбурэньня Шарашова маскоўскімі захопнікамі Вальны сойм Рэчы Паспалітай у 1664 годзе вызваліў яго ад падаткаў на чатырохрочны тэрмін[8]. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) мястэчка зноў значна пацярпела.

У 1739 годзе Шарашоў стаў цэнтрам нягродавага староства, якое ўваходзіла ў адміністрацыйнае і гаспадарчае кіраваньне каралеўскага скарбу. У XVIII ст. з дазволу караля мястэчка знаходзілася ў трыманьні графаў Флемінгаў. У 1776 годзе Шарашоў страціў Магдэбурскае права і перайшоў у дзяржаўныя маёнткі. 27 лютага 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі аднавіў мястэчку правы на самакіраваньне і надаў яму герб: «у срэбным полі арханёл Гаўрыіл зь лілеямі ў руцэ»[9]. У гэты час тут было 616 будынкаў і 61 рамесьнік. Да канца XVIII ст. у Шарашове не было мураваных будынкаў. У інвэнтары за 1793 год паведамлялася, што ў мястэчку былі незабрукаваныя вуліцы — Камянецкая, Віленская, Астравецкая, Новая і два Рынкі. Вуліца Ліпавая, на якой разьмяшчаўся дом гаспадара мястэчка, мела драўляны брук, а грэблі — каменны. На мяжы XVIII—XIХ стагодзьдзяў пасярод Рынку збудавалі мураваную ратушу і драўляныя гандлёвыя рады на 16 крамаў.

У Шарашове таксама існаваў невялікі палац мясцовага старосты Адама Казімера Чартарыйскага, які атрымаў мястэчка ў пасаг за Ізабэлай Даротай Балдыні — дачкой Яна Юрыя Флемінга, якую ведалі ў Рэчы Паспалітай як пісьменьніцу і лічылі адной з найпрыгажэйшых жанчын. Іхны сын Адам Ежы Чартарыскі займаў высокія пасады ў Расейскай імпэрыі, быў сябрам Аляксандра I, браў удзел у стварэньні аўтаномнага Царства Польскага. У час паўстаньня 1830—1831 рокаў узначаліў Польскі нацыянальны ўрад, за што пасьля здушэньня паўстаньня вымушаны быў эміграваць, а маёмасьць Чартарыскіх (у тым ліку і Шарашоў) была канфіскаваная.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Шарашоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, на мяжы з Прусіяй. Паселішча атрымала статус валаснога мястэчка Пружанскага павету Слонімскай, з 1797 году Літоўскай, з 1801 году — Гарадзенскай губэрняў. Праз Шарашоў праходзілі гандлёвыя шляхі Берасьце — Горадня і Пружана — Беласток. Тут квітнелі рамяство і гандаль, у тым ліку і дзякуючы кантрабандзе на расейска-прускай граніцы. У пачатку XIХ ст. у мястэчку заснавалі 3 гарбарныя заводы і 2 суконныя мануфактуры, якія працавалі на мясцовай сыравіне; колькасьць працоўных складала 57 чалавек. У 1845 годзе адкрылася сельская вучэльня, дзеялі юдэйская школа і сынагога.

У другой палове XIХ ст. Шарашоў пачаў паступова прыходзіць у заняпад празь зьмяншэньне гандлю і рамёстваў. У 1852—1890 гадох тут існаваў дробны бровар, на якім працавала да 6 чалавек. У 1863 годзе ваколіцы мястэчка сталі месцам фармаваньня першых паўстанцкіх аддзелаў, аднак да канца року расейскія карныя войскі амаль поўнасьцю іх ліквідавалі. На канец XIХ ст. у Шарашове працавалі 9 дробных прадпрыемстваў; валасная ўправа, пошта, расейская пачатковая народная вучэльня. Дзеялі Прачысьценская, Петрапаўлаўская, Мікалаеўская цэрквы, званіца, Траецкі касьцёл і сынагога.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Шарашоў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шарашоў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[10]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Шарашоў увайшоў у склад Беларускай ССР[11]. У 1919 годзе мястэчка занялі польскія войскі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Шарашоў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Пружанскага павету Палескага ваяводзтва[12].

У 1939 годзе Шарашоў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе атрымаў афіцыйны статус гарадзкога пасёлку і стаў цэнтрам раёну Берасьцейскай вобласьці. У 1940 годзе ў мястэчку працавалі электрастанцыя, млын, лазьня, пошта, тэлеграф, клюб, амбуляторыя, аптэка, 2 школы. У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 17 ліпеня 1944 году[13] Шарашоў знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. З 17 сьнежня 1956 году — у Пружанскім раёне. 29 траўня 2015 году Шарашоўскі пасялковы савет пераўтварылі ў сельсавет[14].

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XVIII стагодзьдзе: 1790-я гады — 3360 чал.[15]
  • XIX стагодзьдзе: 1830 год — 2912 муж., зь іх шляхты 8, духоўнага стану 3, мяшчанаў-юдэяў 1532, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 1355, жабракоў 24[16]; 1860 год — 9196 чал.[17]; 1886 год — 2132 чал.[18]; 1890 год — 5485 чал.[19]; 1897 год — 5274 чал.[18]
  • XX стагодзьдзе: 1900-я — 2325 чал.[18]; 1935 год — 3570 чал.[18]; 1940 год — 3486 чал.[18]; 1959 год — 3431 чал.[18]
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 2281 чал.; 2003 год — 2200 чал.[18]; 2005 год — 2143 чал.[20]; 2006 год — 2,1 тыс. чал.[21]; 2008 год — 2,1 тыс. чал.; 2009 год — 1889 чал.[22] (перапіс); 2016 год — 1782 чал.[23]; 2017 год — 1759 чал.[24]; 2018 год — 1720 чал.[1]

Інфраструктура

рэдагаваць

У Шарашове працуюць сярэдняя школа, філія Пружанскай музычнай школы, ясьлі-садок, навучальны вытворны камбінат, лякарня, бібліятэка, дом культуры, камбінат побытавага абслугоўваньня насельніцтва.

Забудова

рэдагаваць

Рака падзяляе тэрыторыю Шарашова на паўднёвы і паўночны раёны, злучаныя паміж сабой асноўнай кампазыцыйнай восьсю — галоўнай вуліцай. У паўднёвым раёне месьціцца асноўны масіў жылой забудовы з адміністрацыйна-грамадзкім і культурным цэнтрам, які склаўся на пляцы на рагу цэнтральных вуліцаў. Тут знаходзяцца адміністрацыя мястэчка, дом культуры, унівэрмаг, паліклініка, аддзяленьне сувязі, дом побыту. У цэнтральнай частцы Шарашова разьмяшчаецца мэблевы цэх Ружанскай мэблевай фабрыкі і ўправа мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства. Асноўныя вуліцы паўночнага раёну — 1 траўня і Пружанская. Пераважае індывідуальная забудова сядзібнага тыпу.

Вуліцы і пляцы

рэдагаваць
Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
8 сакавіка завулак Школьны завулак[25]
Кастрычніцкая вуліца Старавольская вуліца[26]
Леніна вуліца Маставая вуліца Перацкага вуліца[26]
Пружанская вуліца Віленская вуліца[27]
Савецкая вуліца Камянецкая вуліца[28]
Урыцкага завулак Капліцкая вуліца[25][29]
Фіміна плошча Рынак пляц

У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаецца Закасьцельная вуліца[30].

Сьпіс вуліцаў Шарашова: 1 Траўня, 8 Сакавіка, 17 Верасьня, М. Баброўскага, Бараньнікава, Гастэлы, Зарэцкая, Камсамольская, Кастрычніцкая, Кірава, Леніна, Лугавая, Новая, Палявая, Перамогі, Піянэрская, Пружанская, Пушкіна, Савецкая, Урыцкага, В. Харужай, Чкалава, Чырвонаармейская, Юбілейная.

Сьпіс завулкаў Шарашова: 8 Сакавіка, Бараньнікава, Леніна, Палявы, Пружанскі, Урыцкага.

Эканоміка

рэдагаваць

Прадпрыемствы: мэблевы цэх, смолзавод, пякарня, лясьніцтва.

Транспарт

рэдагаваць

Аўтамабільныя дарогі Н525 Шчарчова — Шарашоў[31] і Н540 Купічы — Шарашоў — Вялікае Сяло[32].

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Славутасьці

рэдагаваць

У XVII і XIX стагодзьдзях у Прачысьценскай царкве (не захавалася) знаходзілася ў якасьці напрастольнага Шарашоўскае Эвангельле, помнік беларускай рукапіснай пісьмовасьці. Цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі.

У мястэчку таксама знаходзіцца братэрская магіла (1941—1944).

Страчаная спадчына

рэдагаваць
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Алфавитный список улиц по Шерешево (рас.) Пружанский район. БелпоштаПраверана 28 кастрычніка 2011 г.
  3. ^ а б в г Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 242—243.
  4. ^ Пракаповіч Н. Паселішча ў пушчы.(недаступная спасылка) // Газета для вас. № 15 (641), 11—18 красавіка 2008.
  5. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 409—410.
  6. ^ Вячорка В. (19.03.2016) "Бабёнка – это я понимаю!". Як русіфікавалі тапонімы.. Радыё СвабодаПраверана 23 чэрвеня 2017 г.
  7. ^ Жыгамонт Ю. (22 ліпеня 2011) Деревня Шерешево (Беловежская пуща): После восстания Кастуся Калиновского здесь вешали арестованных повстанцев (рас.) Новыя падарожжы дылетанта. СТБПраверана 27 студзеня 2012 г.
  8. ^ а б ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 751.
  9. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  10. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  11. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  12. ^ гміна вясковая Шарашоў. Radzima.net. Праверана 10 красавіка 2012 г.
  13. ^ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 378.
  14. ^ «Об изменениях в административно-территориальном устройстве Пружанского района Брестской области». Решение Брестского областного Совета депутатов от 29 мая 2015 г. № 94(недаступная спасылка) (рас.)
  15. ^ Шерешево (Шарашова Shereshevo), Гербы Брестской области
  16. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 414.
  17. ^ Krzywicki J. Szereszów // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 902.
  18. ^ а б в г д е ё Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 4. Кн. 2. — Менск, 2007. С. 545.
  19. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  20. ^ Шарашова // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 4. Кн. 2. — Менск, 2007. С. 544.
  21. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  22. ^ Перепись населения — 2009. Брестская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  23. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  24. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  25. ^ а б Shershev Compendium / Ed. L. W. Rochester. New York, 2006. P. 645.
  26. ^ а б Shershev Compendium / Ed. L. W. Rochester. New York, 2006. P. 586.
  27. ^ Lickiewicz E. Szereszów // ECHA Polesia №4 (48), 2015. S. 34.
  28. ^ Lickiewicz E. Szereszów // ECHA Polesia №4 (48), 2015. S. 33.
  29. ^ Shershev Compendium / Ed. L. W. Rochester. New York, 2006. P. 583.
  30. ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 52.
  31. ^ Решение Брестского областного исполнительного комитета от 22 декабря 2007 г. №1094 «Об утверждении перечня местных автомобильных дорог Брестской области» (рас.) Банк законаў Праверана 13 студзеня 2012 г.
  32. ^ Решение Брестского областного исполнительного комитета от 22 декабря 2007 г. №1094 «Об утверждении перечня местных автомобильных дорог Брестской области» (рас.) Банк законаў Праверана 13 студзеня 2012 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць